Свой пачэсны пасад. 21.by

Свой пачэсны пасад

09.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нас. Нарэшце мы можам адчуць сябе першымі сярод роўных. Менавіта такі статус набыла Беларусь, афіцыйна прыняўшы старшынство ў Садружнасці незалежных дзяржаў. Якраз на гэтым тыдні, 4 лютага, у Мінску прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя такой значнай падзеі.

Што канкрэтна дае месца старшыні ў СНД? На першы погляд, нічога істотнага. Але беларусы славяцца тым, што знаходзяць прымяненне любой прыладзе, нават калі іншыя ўжо махнулі на яе рукой.

Садружнасць — гэта вельмі добрая пляцоўка для вырашэння розных дыпламатычных пытанняў, у тым ліку і складаных. Атрымліваецца, што на цэлы год гаспадаром такой пляцоўкі становіцца Мінск. І трэба думаць, будзе гаспадаром ветлівым і гасцінным. А ў міждзяржаўных адносінах г.зв. "добрыя паслугі" граюць вельмі важную ролю і маюць самае канкрэтнае прызначэнне.

Калі паглядзець на праграму беларускага старшынства, то відавочныя тры асноўныя кірункі дзейнасці: эканоміка, экалогія і гуманітарна-культурная сфера. У эканоміцы перад нашай краінай стаіць зусім не простая задача: прымусіць працаваць пагадненне пра стварэнне зоны свабоднага гандлю. На жаль, гісторыя выканання такіх дамоўленасцяў краінамі — удзельніцамі СНД, мякка кажучы, не вельмі добрая.

З экалогіяй таксама ўсё зразумела. 2013-ы афіцыйна абвешчаны ў СНД Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. А тут беларусам ёсць чым пахваліцца. Акрамя таго, з'яўляецца магчымасць накіраваць больш сродкаў з бюджэту Садружнасці на прыродаахоўныя мерапрыемствы.

Цікава, што падчас старшынства нашай краіны ў Беларусі акажуцца не адна, а цэлых дзве сталіцы СНД. Мінск — палітычная і дыпламатычная, а Магілёў — культурная. Таму трэба чакаць, што цяперашні год і сапраўды пройдзе пад знакам супрацоўніцтва з дзяржавамі Садружнасці.

Вакол нас. У Бруселі адбылася вельмі знакавая сустрэча. Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч правёў кароткія перамовы з кіраўніцай г.зв. "Рэспублікі Косава" Аціфетай Ях'ягай. Сербскі лідар потым прызнаўся, што нават паціснуў руку сваёй суразмоўцы.

Косаўскае пытанне — адно з самых складаных і балючых ва ўсім "балканскім клубку". Косава і Метохія — калыска сербскай дзяржаўнасці і культуры. Калі запытаць "Адкуль пайшла сербская зямля?", то адказ будзе адназначны — з Косава. У часы турэцкага панавання сюды мэтанакіравана былі пераселены албанцы, якія прынялі іслам. Потым палітыку падтрымкі албанцаў працягнулі камуністычныя ўлады, што стварылі Аўтаномны край Косава ў межах сацыялістычнай Сербіі. І ўсё было б нічога, калі б албанцы не пачалі адкрыта выціскаць сербаў з Косава, здзекавацца з помнікаў іх культуры. У адказ Бялград скасаваў косаўскую аўтаномію. Канфлікт выкарысталі ЗША і краіны ЕС, каб умяшацца ў справы Сербіі і правесці вайсковую аперацыю. Так Косава стала "незалежным".

Большая частка сербаў выгнана з краю. Астатнія жывуць фактычна ў некалькіх ізаляваных гета. Разбураны дзясяткі ўнікальных цэркваў і манастыроў, што занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І ўсё гэта было зроблена пад наглядам войскаў НАТА і эмісараў ЕС.

Зараз Сербія стаіць перад адным з самых складаных выбараў у сваёй гісторыі. Кіраўніцтва краіны заявіла пра жаданне ўступіць у Еўрасаюз. Кошт усім вядомы — прызнанне албанскага Косава. Гэта будзе азначаць здраду тым сербам, што павінны былі пакінуць свае хаты і збегчы (а таксама і тым, каму хапіла мужнасці застацца), здраду гістарычнай памяці. Іншымі словамі, гэта будзе неверагоднае прыніжэнне сербскай нацыі, якое яна не перажывала з часоў Асманскай імперыі.

Што пераможа: палітычны разлік альбо нацыянальная годнасць? Пакуль прэзідэнт Нікаліч заявіў, што ніколі не прызнае незалежнасці Косава.

З гісторыі. 4 лютага 1933 года польскі суддзя ў Вільні рыхтаваўся вынесці прысуд, якога чакалі тысячы беларусаў. На лаве падсудных былі Фелікс Стацкевіч, Рыгор Шырма, Юльян Саковіч, Яўген Скурко (Максім Танк) ды іншыя — усяго шэсць чалавек, прадстаўнікі Таварыства беларускай школы. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы "камуністычнай змовы" супраць Другой Рэчы Паспалітай.

Таварыства беларускай школы (ТБШ) — незабыўная старонка нацыянальнай гісторыі. Звычайна гісторыкі пішуць, што яно працягнула традыцыі самай вялікай айчыннай партыі першай паловы ХХ стагоддзя — Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якая была ў сакавіку 1927 года забаронена польскімі ўладамі. Фармальна гэта так. Нават кіраўніцтва ў гэтых дзвюх арганізацый было амаль аднолькавае: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла. Аднак, на маю думку, карані той справы, якую рабіла ТБШ, трэба шукаць глыбей. У нашай гісторыі ўжо быў перыяд, калі суцэльная паланізацыя ставіла пад пагрозу само існаванне беларускага народа — ХVІІ стагоддзе. Тады на абарону старабеларускай культуры сталі брацтвы. Калі параўноўваць дзейнасць ТБШ і брацтваў, то яна вельмі падобная: адкрыццё школ, адстойванне роднай мовы, выпуск літаратуры, а галоўнае — гуртаванне вакол сябе лепшых людзей краіны.

ТБШ даводзілася працаваць у зусім неспрыяльных умовах. Тады навата за спробу адправіць тэлеграму на беларускай, украінскай ці рускай мове маглі выкінуць з пошты, арыштаваць. І ўсё ж вынікі яе дзейнасці ўражваюць. За кароткі час удалося стварыць больш за 500 гурткоў, якія аб'ядналі ад 15 да 30 тысяч чалавек. Пададзены ўладам заявы на адкрыццё 1229 школ (дазволілі адкрыць толькі 78 беларускіх і польска-беларускіх). А яшчэ — уласнае выдавецтва, дзясяткі найменняў кніжак, тэатральныя, харавыя гурткі, бібліятэкі. Ды што там казаць! Калі зараз гаворым пра неабходнасць стварэння грамадзянскай супольнасці, то лепшага прыклада, чым ТБШ, цяжка і шукаць.

Зразумела, што ва ўмовах страшэннага палітычнага ціску, які адчуваў беларускі рух у міжваеннай Польшчы, ТБШ не магла заставацца па-за палітыкай. Таварыства актыўна супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Падтрымліваліся сувязі і з БССР. Хоць у тых адносінах не ўсё было гладка, часам даходзіла і да канфліктаў, узаемных абвінавачванняў. А гэта для рэжыму санацыі было тоесна злачынству. І ўсё ж ні пра якую падрыхтоўку паўстання гаворка не ішла.

Нават віленскі суддзя вымушаны быў зняць абвінавачванне ў "камуністычнай змове". Праўда, прыгаварыў да турэмнага зняволення траіх з падсудных, у тым ліку і Максіма Танка.

Рост папулярнасці ТБШ сярод беларускага насельніцтва раздражняў пілсудчыкаў. 2 снежня 1936 года Таварыства было забаронена. А беларусам застаўся прыклад шчырай і палымянай барацьбы за нацыянальную годнасць і спадчыну.

gіgіn@bеltа.bу

іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика