Вышэй за аблокі . 21.by

Вышэй за аблокі

19.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Неба. Самалёт. Ванда Сабурава. Рэйсы Мінск—Масква, Мінск—Прага, Мінск—Кіеў. Вылет строга па раскладзе. І так у яе жыцці ўжо два гады. З таго самага моманту, як стала працаваць бортправадніком «Белавія».

— Конкурс у час уладкавання на працу быў крыху больш чым два чалавекі на месца: з 50 прэтэндэнтаў адабралі 20, — расказвае Ванда. — У першую чаргу ўлічвалі здароўе, знешні выгляд, добрае веданне англійскай мовы, а таксама знаходлівасць. Памятаю, члены камісіі спыталі ў мяне: «Што вы будзеце рабіць, калі ў палёце нехта страціць прытомнасць?» Я тады адказала: «Пакуль не ведаю, але хацела б даведацца і навучыцца».

І навучылася. Але, на шчасце, на зменах дзяўчыны такіх надзвычайных здарэнняў не было. Асноўная праблема пасажыраў — павышаны ціск у час палёту. У такіх выпадках бортправаднік прапаноўвае людзям кіслародную маску.

— А яшчэ многія баяцца вышыні, — распавядае Ванда. — Такіх пасажыраў прыходзіцца супакойваць. Неяк у Мінск з Еўропы ляцела дзяўчына, у якой, здавалася, ад жаху трэсліся каленкі. І, магчыма, таму яна ўвесь час пытала, то на якой мы вышыні, то ці хутка мы прыляцім.

Сама ж Ванда вышыні не баіцца, бо лятае з дзяцінства: маці таксама бортправаднік, а тата — лётчык.

— Неяк мы прыляцелі ў Бейрут, — успамінае дзяўчына. — Я выйшла на тэлетрап і ўбачыла мноства мужчын з аўтаматамі. Вось тады было сапраўды страшна. А потым даведалася, што людзі са зброяй у аэрапорце тут норма.

Але наведваць экзатычныя краіны Вандзе даводзіцца адносна рэдка. Часцей яна лятае ў Маскву.

— У расійскай сталіцы бываю 2—3 разы на тыдзень, — расказвае субяседніца. — На гэтых рэйсах часта сустракаю нашых зорак. Напрыклад, Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігу Паплаўскую, Вадзіма Галыгіна, Георгія Калдуна... Дарэчы, яны зусім не патрабавальныя. Часта нават ляцяць не бізнес-, а эканом-класам. У асноўным у дарозе чытаюць.

Пакуль большасць дзяўчын лунае ў марах, бортправадніца лятае наяве. Жыццё «на чамаданах» яе не палохае. А значыць, зноў рэйс, самалёт, неба.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль іншыя лунаюць ў марах, Ванда Сабурава лятае наяве
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика