"Вось так проста падысці да бабра не рызыкну"
12.04.2013
—
Новости Общества
|
Учора мы расказвалі жудасную гісторыю пра тое, як у Камянецкім раёне бабёр укусіў чалавека і той памёр ад страты крыві. Рыбакі, якія ўбачылі жывёліну на ўзбочыне дарогі, вырашылі сфатаграфавацца на памяць, і ў нейкі момант тая ўпілася аднаму з іх ззаду вышэй калена, пашкодзіўшы артэрыю сцягна... Выпадак неардынарны, таму мы звярнуліся па каментарый да навуковага супрацоўніка сектара паляўніцтвазнаўства і рэсурсаў паляўнічай фаўны навукова-практычнага аб'яднання "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах" Яўгена ВАСТОКАВА. Суразмоўца піша кнігу пра баброў, больш за тры дзясяткі гадоў займаецца адловам і ўлікам гэтых жывёл. — Увесну бабрыныя сем'і дзеляцца і маладыя асобіны рассяляюцца па новых вадаёмах. Трэба ведаць, ці была паблізу якая-небудзь рэчка. Бо пры наяўнасці побач вады бабры ў выпадку небяспекі звычайна ў некалькі скачкоў імкнуцца нырнуць у яе. Такім чынам яны ратуюцца ад драпежнікаў, якія палююць на іх. На дарослых асобін могуць напасці ваўкі, рысі, паспрабаваць дабрацца ў хатцы да звера можа мядзведзь. На малых бабранят могуць спакусіцца лісы, драпежныя птушкі — совы і філіны, а таксама шчупакі і самы. Напэўна, жывёліна напала на чалавека ад безвыходнасці. Такім чынам абараняцца можа нават пацук, не кажучы пра больш буйнога звера, — расказаў Яўген Кіравіч. — Чалавек на зямлі са спіны можа прыціснуць гэтую непаваротлівую жывёліну з масіўнай шыяй. Я лаўлю баброў кожны год, але вось так проста падысці да звера не рызыкну. Былі выпадкі, калі ідзеш правяраць капкан — а таго няма. Бабёр сарве той капкан і разам з ім закруціцца ў траве. Ты брыдзеш па калена ў вадзе і адчуваеш, што звер знаходзіцца за спінай. Падыходзіш да яго з асцярогай. Паведамлялася, што бабёр, які ўкусіў рыбака, — быў буйным, на выгляд, кілаграмаў пад 40. На гэта Яўген Кіравіч заўважыў, што ў літаратуры звычайна згадваюцца экзэмпляры пад 30 кілаграмаў. Вага некаторых дасягае і 36-37 кілаграмаў. — Раней я браў з сабой бязмен на 23 кілаграмы, і ў палявых умовах пры ўзважванні заўсёды было перавышэнне гэтай лічбы. Наколькі, не скажу, бо бабра ж не будзеш узважваць па частках! Цяпер набыў бязмен на 60 кілаграмаў, але яшчэ не карыстаўся ім. Навуковец заўважыў, што добра было б адшукаць таго самага бабра і адправіць на экспертызу яго галаву: праверыць, ці не хварэў ён на шаленства і ад чаго мог стаць агрэсіўным. Паколькі натуральныя ворагі бабра ў прыродзе — ваўкі, лісы, рысі, якія хварэюць на яго, менавіта ад гэтых драпежнікаў паранены бабёр мог заразіцца. Бо сама жывёла спажывае выключна раслінную ежу, нейкія часцінкі мяса могуць толькі выпадкова патрапіць да яе з асноўным кормам. Дарэчы, па гэтай прычыне прафілактыка шаленства сярод баброў немагчымая, у адрозненне ад драпежнікаў, якіх вакцынуюць праз мясныя прынады. — Працэнт захварэўшых на шаленства баброў вельмі невялікі: рэгіструецца адзін-два выпадкі ў год. Прычым такое здараецца не кожны год запар. Падкрэсліваю, гэта выпадкі, якія рэгіструюцца. Колькі насамрэч іх, сказаць цяжка, паколькі захварэўшая асобіна можа памерці ў прыродзе і пра гэта не будзе вядома. Сяргей РАСОЛЬКА
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора мы расказвалі жудасную гісторыю пра тое, як у Камянецкім раёне бабёр укусіў чалавека і той памёр ад страты крыві. Рыбакі, якія ўбачылі жывёліну на ўзбочыне...
|
|