"Маці спытала, колькі трэба гарэлкі, каб я здох". Гісторыі вылячэння ананімных алкаголікаў. 21.by

"Маці спытала, колькі трэба гарэлкі, каб я здох". Гісторыі вылячэння ананімных алкаголікаў

30.04.2015 14:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Звычайныя людзі - бізнэсоўцы, чыноўнікі, рабочыя. Складана даць веры, што ў мінулым яны стаялі пад крамай, "страляючы" грошы на гарэлку, тыднямі ляжалі ў наркалагічных дыспансэрах. Пра складныя гісторыі ананімных алкаголікаў распавядае выданне "Радыё Свабода".




Лепш быць рабочым - ім прасцей выпіваць

Андрэю 42 гады, ён займаецца аддзелкай як індывідуальны прадпрымальнік. Жанаты і вось-вось чакае нараджэння трэцяга дзіцяці. Аднак яшчэ восем год таму яго лепш ведалі не як будаўніка і сем’яніна, а толькі як заўсёднага "кліента" ў наркадыспансэры і выцвярэзніках.

"Я сядзеў на "хіміі", бамжаваў, харчаваўся на сметніках і рабаваў людзей. У мяне было шэсць спробаў суіцыду. Усё гэта праз алкаголь".

Родам з звычайнай савецкай сям’і, першы раз Андрэй паспрабаваў гарэлку ў 13 гадоў. Як спартовец ён меў добрую фізічную форму, і арганізм успрыняў алкаголь без праблемаў.

"Я злавіў кайф ужо з першага разу. Я меў шмат комплексаў у дзяцінстве: ня мог нармальна камунікаваць з дзяўчатамі, ня мог пастаяць за сябе. А пасля гарэлкі я зразумеў, чаго менавіта мне не хапала ў жыцці".

У 15-гадовым узросьце Андрэй выпіваў прынамсі пару разоў на месяц. Купляць гарэлку не даводзілася - дома часта бывалі госці, на выпадак чаго бацькі трымалі добры запас алкаголю. Маці працавала ў сістэме гандлю, і дэфіцыту выпіўкі ў хаце не было. Андрэй мог выцягнуць бутэльку, і гэтага ніхто не заўважаў.

Пасля вучылішча, якое Андрэй скончыў з чырвоным дыпломам, ён адмовіўся паступаць у інстытут.

"Мне ўжо мала што было цікава, акрамя алкаголю. Вырашыў застацца рабочым, бо ім прасьцей было выпіваць, чым начальнікам".




За заўвагу на вуліцы я ледзь не забіў чалавека

З нейкага часу, напіўшыся, Андрэй пачаў рабіцца надзвычай агрэсіўным. Варта было каму ня так на яго паглядзець, як ён лез у бойку.

"Мне было бяз розніцы, ідзе супраць мяне пяць ці дзесяць чалавек. Мяне часта збівалі, рэзалі і нават стралялі ў мяне. Нішто не магло спыніць маю агрэсію".

Потым аднойчы ён да паўсмерці збіў чалавека, які проста зрабіў яму заўвагу на вуліцы. Нават у войска Андрэя не забралі - за тры дні да адпраўкі яго асудзілі за чарговае збіцьцё. Тры гады ён правёў на вольным пасяленні. Выйшаўшы адтуль, у хуткім часе зноў ледзь ня трапіў за краты.

"А потым я ад кагосьці пачуў: "Жаніся, гэта цябе суцішыць".

І ён ажаніўся, пайшоў да сябра на працу. Нейкі час сябе стрымліваў, але пасля нараджэння сына сарваўся.

"Цэлыя два тыдні я піў так, што проста нічога ня памятаю. Я прыяжджаў да жонкі ў радзільню, нешта рабіў, але пра ўсё гэта мне толькі распавядалі".​

"Алкаголікі - хтосьці іншы, толькі ня я"

Прынамсі дзьве траціны ўсяго заробку Андрэй прапіваў з сябрамі. У выніку жонка падала на развод. Адзіным выйсцем, якое знайшоў для сябе Андрэй, быў суіцыд. Ён напісаў цыдулку, засунуў яе ў кішэню і павесіўся. Гэта было дома. І чамусьці ў гэты час нечакана дахаты прыйшоў ягоны брат.

"Дасталі з пятлі мяне, хуткая выратавала. Павінны былі нават паставіць на ўлік у псіхушку, але неяк "адмазалі"".

Пасля гэтага Андрэй стрымліваў сябе пэўны час, і жонка забрала заяву з ЗАГСу. Ён перайшоў на дзяржпрацу, каб зехаць ад бацькоў. Менавіта ў людзях вакол сябе ён бачыў усе праблемы. Што праблема ў ім самім і ў ягоным спажыванні алькаголю, яму і ў галаву не прыходзіла.

"Я не разумеў, як можна штосьці рабіць бяз выпіўкі. Збіраемся з сябрамі на рыбалку, а першае, пра што я пытаю, - колькі бяром з сабой гарэлкі? Вось што мяне хвалявала".

Хоць Андрэю ўсе казалі, што ён алкаголік, ён не пагаджаўся, лічачы, што алкаголікі - гэта тыя, хто стаіць ля крамы. Але ў хуткім часе, калі заробак пачала забіраць жонка, ля крамы апынуўся і ён.

"Тады я казаў, што алкаголікі - гэты тыя, хто валяецца пад плотам. А я вось сёньня пазычу - заўтра ці праз тыдзень аддам. У мяне ж ёсць сям’я, жыльлё, праца. Які ж я алкаголік?"

Неўзабаве, калі Андрэя сталі забіраць у выцвярэзнік, яму паставілі другую ступень алкагалізму. Ізноў жа, сябе алкаголікам ён не лічыў - думаў, што лекары гэта робяць проста дзеля птушачкі. Ён жа, калі захоча, у любы час можа кінуць піць. Праблема толькі ў людзях, якія яго не разумеюць.

"Калі ты падохнеш, сынку?"

Калі Андрэю было 32 гады, забілі ягонага малодшага брата. Тады за год ён дэградаваў да бамжа. Ад яго сышла жонка, выгналі з інтэрнату, а спаў ён у падвалах і проста на вуліцы.

"Толькі тады я прызнаў, што стаў алкаголікам. Грошы мне патрэбныя былі толькі на выпіўку. Харчаваўся тым, што знаходзіў у баках са смеццем. Стаў рабаваць больш п’яных, чым я".

У наркалагічны дыспансэр Андрэй прыходзіў, толькі каб паправіць здароўе - баяўся, што ня вытрымае сэрца. Але потым напіваўся і сам ужо спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

"Але кожнага разу хтосьці мяне ўратоўваў. Або здараліся цуды, калі я падаў грудзьмі на сталёвы нож, а ён ламаўся".

Апошнім разам Андрэй спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, запіваючы гарэлку бытавой хіміяй. Калі яго зноў уратавала хуткая дапамога, лекары сказалі бацькам, што ён або звар’яцее, або нарэшце давядзе свае суіцыды да канца.

"Гэта і стала пераломным момантам. Маці мне тады сказала: "Колькі табе трэба? Скрыню, дзьве? Каб ты ўпіўся і падох. Мы паплачам апошні раз, але больш ня будзем бачыць усяго гэтага". Яна сказала менавіта "падох", а не "памёр". Вось тады ў мяне ў галаве нешта зварухнулася".​

"Я вучыўся жыць у грамадстве"

Пасля апошняга суіцыду Андрэй ляжаў у рэанімацыі ў наркалогіі, адкуль сышоў проста ў піжаме ў групу ананімных алкаголікаў. Пайшоў з цікаўнасці, спадзяючыся, што там яго навучаць культуры піцця.

"Я хацеў прыручыць свой алкаголь. Адмаўляцца ад яго не было намеру".

Наведванне групы насамрэч дазволіла Андрэю кінуць піць. Але гэтага было недастаткова. Каб вярнуцца ў грамадства, трэба было перагледзець сваё стаўленне да жыцця. Што прапануюць ананімныя алькаголікі - гэта 12-крокавая праграма, пабудаваная на агульных маральных прынцыпах, якія можна знайсці і ў розных рэлігіях, і ў філасофскіх вучэннях. Скіраваная яна на тое, каб дапамагчы чалавеку прызнаць і выправіць свае недахопы.




"Па сутнасці, мы вучымся жыць наноў. Алкаголікі ж ня ўмеюць падтрымліваць нармальныя стасункі з людзьмі, ня ўмеюць сябраваць, ня ўмеюць дараваць і прымаць іншых людзей, якія яны ёсць".

На сустрэчах у групах АА алкаголікі дзеляцца сваім досведам пераадолення хваробы. Апошнім пунктам праграмы значыцца данясенне прынцыпаў АА да іншых алкаголікаў. Так, кожны новы ананімны алкаголік мае свайго "спонсара" - больш дасведчанага куратара, які ўжо змог перамяніцца.

"Пахадзіць на групу, кінуць піць і вярнуцца ў грамадства - гэта так не працуе. Алкагалізм - гэта хвароба, як цукровы дыябэт. Нам пастаянна патрэбны свой "інсулін" - узаемападтрымка і праца над сабой. Бяз гэтага можна сарвацца. Колькі нашых субратоў устрымліваліся ад алкаголю гадамі, а потым паміралі ад аднаго зрыву".

Андрэй кажа, што толькі пасля таго, як ён навучыўся прымаць усіх людзей без агрэсіі, ня крыўдзіцца за адмоўныя адказы на ягоныя просьбы - толькі пасля гэтага ён стаў больш спакойным і адэкватным.

"Я кінуў піць, але жонка мне казала: "Учора ты быў п’яная скаціна, а сёння цвярозы, але ўсё адно скаціна“. Толькі пасля таго, як я гэта зразумеў, мы зноў сышліся. Цяпер у нас добрая сям’я, нават на падвышаных тонах не размаўляем".​

"Снег - ён пахне". Цвярозыя адчуванні ярчэйшыя за п’яныя

У праграме 12 крокаў АА сказана пра "Сілу, больш магутную, чым мы" і пра "Бога, як мы яго разумеем". Андрэй кажа, што АА - не рэлігійная арганізацыя, але яны прызнаюць існаванне Ўсявышняй Сілы.

"Я хрышчаны, але раней царкоўныя святы для мяне былі толькі нагодай, каб выпіць. Цяпер магу быць і ў царкве, і ў касцёле - няважна. Гэтая Сіла - яна па-за рэлігіяй. Вера ў Яе трымае мяне ад алкаголю і ад усяго злога. Я проста веру ў тое, што Яна ёсьць, і малюся да яе сваімі словамі".

Садружнасць АА добрая тым, што там самі алкаголікі вучаць алкаголікаў, кажа Андрэй. Таму што звычайнаму чалавеку не зразумець, як можна не спыніцца пасля пары чарак, а выпіваць за раз некалькі бутэлек.

"Мой алкаголік - унутры мяне, ён ужо нікуды не падзенецца. Алкагалізм невылечны, і трэба навучыцца жыць з ім. Самае складанае - прызнаць гэта і захацець самому адмовіцца ад спіртнога".

Пакуль лячыўся, Андрэю было страшна вяртацца ў грамадства, якое ня п’е. У яго зяўляліся адказнасці, якіх пазбаўлены алкаголік. Аднак, вярнуўшыся ў соцыўм, ён быццам бы пачаў жыць наноў.

"Раней алкаголь дадаваў фарбы да шэрага жыцця. Але ў цвярозым стане, калі прыгледзецца, фарбаў нашмат больш. Памятаю, як на першую зіму пасля маёй цвярозасці я ўпершыню ў жыцці адчуў пах снегу. Вы ведаеце гэты пах? Гэта ж проста неверагодна! Снег, аказваецца, пахне!"




Толькі апынуўшыся на дне грамадства, будучы ўжо амаль на тым сьвеце, Андрэй прыйшоў да разумення каштоўнасці жыцця.

"Нас вучаць прымаць жыццё, якім яно ёсць. Калі ты нешта ці некага ня можаш змяніць, навошта крыўдаваць на гэта? Прымі і жыві далей. Вось надвор’е кепскае. Але што зробіш? Адзін мой знаёмы, таксама ананімны алкаголік, кажа жартам, што існуе тры рэчы, якія ты ня можаш змяніць: надвор’е, жонку з яе характарам і прэзідэнта, якога абраў народ. Прымаючы гэтыя рэчы, мы маем шанец на шчаслівае жыццё".


Даведка

Садружнасць ананімных алкаголікаў у Беларусі была заснаваная ў 1990 годзе. Сёння ў краіне створана больш за 80 групаў, у якія ўваходзіць больш як дзьве тысячы чалавек (паводле прыблізных ацэнак, бо ўлік сяброў садружнасці не вядзецца). Удзел у групах добраахвотны. Яны ўтрымліваюцца выключна на ахвяраванні саміх алкаголікаў. АА супрацоўнічаюць з міністэрствамі аховы здароўя, унутраных спраў, з рэлігійнымі ўстановамі, але пры гэтым заяўляюць пра свой нейтралітэт і не аб’ядноўваюцца з іншымі грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі. У гонар 25-годдзя Садружнасці 2 траўня ў ДК "МАЗ" у Мінску пройдзе вялікі адкрыты сход ГА "Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў".
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звычайныя людзі - бізнэсоўцы, чыноўнікі, рабочыя. Складана даць веры, што ў мінулым яны стаялі пад крамай, "страляючы" грошы на гарэлку, і тыднямі ляжалі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика