Усе ведаюць Мікалая Паўлавіча Бразоўскага – ганаровага жыхара Давыд-Гарадка – як вядомага краязнаўцу, дасведчанага гісторыка і таленавітага кіраўніка. Але ж у кнізе яго жыцця ёсць старонка, прысвечаная мору, шум хваляў якога, здаецца, чуваць і праз дзясяткі гадоў.
…Мікалай яшчэ раз паглядзеў у люстэрка і задаволена ўсміхнуўся. Кашуля, перашытая з бацькавага рабочага касцюма, сядзела на ім, як улітая. А з-пад яе выглядала любімая цяльняшка. Бацька хлопца Павел Андрэевіч – знакаміты на горад цясляр, працаваў на суднаверфі піларамшчыкам: будаваў баржы. Рабочую вопратку атрымлівалі з Гомеля, дзе знаходзілася галоўная кантора Дняпроўскага рачнога параходства.
Мікалай вельмі ганарыўся сваім бацькам. Праўда, у класе не толькі ён фарсіў, бо на суднаверфі, якая была адчынена аж у 1830 годзе, работнікамі з’яўляліся многія жыхары горада.
Тады рака Гарынь звязвала Давыд-Гарадок з абласным цэнтрам – Пінскам. Дарог не было і дабіраліся людзі толькі па вадзе. Хадзілі параходы “За власть Советов”, “Варяг”. На прыстані заўсёды было мнагалюдна. Гарадчукі – майстры на ўсе рукі, спяшаліся ў вялікі горад, каб прадаць тое-сёе і зарабіць капейку. І паўнаводная Гарынь з’яўлялася для іх гандлёвым шляхам.
Пасля заканчэння школы рабочай моладзі Мікалая прызвалі служыць у армію ў інжынерна-сапёрныя войскі. Спачатку ён трапіў у Падмаскоўе. У Падольску закончыў школу малодшых камандзіраў, пасля чаго салдата перавялі ў Ленінград.
Калі падыходзіла да заканчэння служба, адзін з сяброў прапанаваў паступіць у Рыжскую мараходную школу. Але гэта было не так проста, як здавалася. Трэба было здаць сур’ёзны іспыт, да якога былыя салдаты былі не гатовыя. Але ж не адступаць ад мары, калі яна зусім побач! Юнакі просяць пераздаць іспыт, і на гэты раз поспех усміхаецца ім.
У 1960 годзе Мікалай Бразоўскі пачынае свой марскі шлях матарыстам. Амаль цэлы год вывучалі тэорыю, перш чым ступіць на палубу карабля. А другім домам стала “сур’ёзнае” судна — танкер “Ліепая” вода-змяшчэннем 16000 тон. На ім у іншыя краіны дастаўляліся мазут, салярка, сырая нафта.
І вось першы выхад у мора… Колькі разоў уяўляў, а тут чамусьці шалёна б’ецца сэрца. Курс трымаюць на Швецыю, куды трэба было даставіць груз. Паездка была нядоўгай, толькі разгрузіліся і назад.
Але гэта быў толькі пачатак. За пяць гадоў работы Мікалай Паўлавіч пабываў у Нарвегіі, Фінляндыі, Германіі, Бельгіі, Нідэрландах, Даніі, Ісландыі, Бельгіі. Ён хадзіў па знакамітым Лонданскім мосце і быў у музеі мадам Цюсо. Сустракаў світанне каля берагоў Афрыкі і Турцыі. Ён знаходзіўся ў водах Паўночнага Ледавітага і Атлантычнага акіянаў, Чорнага, Балтыйскага, Мрамарнага, Міжземнага, Паўночнага, Саргасава, Эгейскага і іншых мораў. Адной з самых запамінальных стала камандзіроўка на Кубу. Па-першае, яна была самай працяглай – больш за 40 сутак. А па-другое, пабываць на Кубе давялося ў час Карыбскага крызісу. Пры падыходзе да вострава над караблём кружылі амерыканскія самалёты-разведчыкі. Адчувалася напружанне, якое лунала ў паветры.
Служыць на караблі было хоць прэстыжна, але і вельмі адказна. Танкер перавозіў небяспечны груз і не дай Бог што здарыцца – тысячы тон паліва выльецца ў акіян, што прывядзе да экалагічнай і міжнароднай катастрофы.
Зведаў Мікалай Паўлавіч, што такое шторм. У яго яны трапілі, калі падыходзілі да Канады. Вада не толькі на палубе была, вялізная хваля трапіла ў трубу, ад чаго спыніліся асноўныя рухавікі і спрацаваў аварыйны сігнал. Трэба было хутка рэагаваць, інакш селі б на мель і тады судна нельга было б выратаваць. Каманда не разгубілася і за 45 хвілін запусціла рухавікі, праблема была вырашана і “Ліепая” зноў адправілася далей па вызначаным курсу.
Аднойчы ў адным з катлоў перагарэла воданагравальная трубка. Гэта значыць, танкер будзе стаяць, а яго чакаў прастой, які каштаваў на тыя грошы 16 тысяч долараў у суткі. Знайсці яе і закрыць адправілі Мікалая Бразоўскага. Заматалі ў ватнік, надзелі цёплую шапку і аблілі вадой, абвязалі канатам на ўсякі выпадак. І ён справіўся, за што быў узнагароджаны Граматай міністэрства марскога флоту.
Кажуць, што жанчына на караблі – да бяды. Аказваецца, гэта міф. З 47 членаў каманды было дзве жанчыны, якія працавалі буфетчыцамі і стаўленне да іх было такое ж, як усюды.
Але ж сваё каханне Мікалай Паўлавіч сустрэў на сушы. Як і зараз памятае, гэта было 23 кастрычніка. Прагульваючыся разам з сябрамі на рыжскай набярэжнай, заўважылі прыгожых дзяўчат. Адна з іх – Леанціна Бартуш – адразу запала ў сэрца. Сустракаліся пры першай жа магчымасці, гадзіны міналі, а яны не маглі нагаварыцца. Неўзабаве дзяўчына едзе на Палессе знаёміцца з бацькамі жаніха.
А вось само вяселле адбылося ў Рызе. Каманда, з якой хадзіў у мора, падарыла вялізны букет з 43 ружаў ад кожнага члена экіпажа.
Старэйшы сын нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, калі бацька быў у камандзіроўцы на Кубе. І Леанціна, ці, як ласкава называў яе, Лёля, самастойна назвала сына ў гонар мужа. Праз пяць гадоў нарадзіўся малодшы – Сяргей.
Развітацца з морам прымусіў дыягназ дактароў, якія забаранілі па стане здароўя працягваць працаваць на караблі і выходзіць у мора. Была магчымасць застацца ў Рызе, давалі кватэру. Але Мікалай Паўлавіч так засумаваў па родным Давыд-Гарадку, дзе пачаў абжывацца з жонкай. Уладкаваўся працаваць у Пінску – на суднарамонтны-суднабудаўнічы завод памочнікам механіка. Пасля заканчэння школы каманднага складу рачнога флоту стаў механікам, другім памочнікам капітана.
Прапаноўваюць работу бліжэй к дому, да сям’і – і Мікалай зга-джаецца. У 1968 годзе ён пакідае Пінск і становіцца інструктарам райкама партыі.
Пасля ўзначальваў КБА, быў спачатку начальнікам цэха, а потым кіраўніком Давыд-Гарадоцкага электрамеханічнага завода. Усяго хапала ў жыцці – кар’ернага росту, паспяховых дзеянняў, новых пасад. Але кожнае лета імкнуліся ехаць на радзіму жонкі, каб зноў пабачыць мора. Мора, якое дагэтуль жыве ў сэрцы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара і з фотаархіва М. П. Бразоўскага
P.S.: Мікалай Паўлавіч віншуе ўсіх ветэранаў марскога і рачнога флоту са святам, жадае здароўя і сямейнага дабрабыту.