Рэха вайны. 21.by

Рэха вайны

19.01.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Статус удзельніцы партызанскага руху ўстаноўлены праз дзесяцігоддзі мірнага жыцця

Прыемная навіна прыйшла напярэдадні новага года. На пасяджэнні камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь жыхарка Княгініна Варвара Клімовіч прызнана ўдзельніцай партызанскага руху.
Як так здарылася, што гэты статус яна атрымала праз столькі год пасля вайны? Гісторыя доўгая і заблытаная. Больш пра яе ведае краязнаўца Яўген Антановіч. Некалькі год таму ён разам са сваімі вучнямі з пошукавага атрада «Баявы-177» школы № 177 Першамайскага раёна Мінска вывучаў невядомыя раней пахаванні Першай сусветнай вайны ў Княгініне. Яўген Антановіч прыгадвае: «Пасля таго, як баба Варка пераканалася ў нашых добрых намерах па ўвекавечанні памяці салдацікаў «Мікалаеўскай» вайны, за месцам пахавання якіх наглядала, яна запрасіла нас на кубачак гарбаты і нагадала асобныя моманты са сваёй маладосці ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Расказвала пра тую, другую страшную вайну, якая засталася ў яе памяці: «Прывакзальную мясцовасць, дзе знаходзілася і наша хата, немцы аплялі калючым дротам, высеклі дрэвы і кустоўе каля чыгункі, выселілі старэйшых жыхароў з некаторых дамоў, а маладзейшых прымусілі працаваць. Побач, у доме Манькоўскіх, была кухня, дзе мы і працавалі. Немцы выдалі нам пропуск, і мы свабодна перамяшчаліся па добраахоўваемай, агароджанай прыстанцыйнай зоне. І вось дзесьці ў 1943 годзе блізкая радня маёй мачыхі Марыся, якая жыла ў Альсевічах, прапанавала выконваць заданні партызан. Я пагадзілася».
А потым Варвара Клімовіч (да замужжа — Падбярэзская) дадала: «На мяне выйшаў партызан Рабко, які знаходзіўся ў вёсцы Альсевічы. Прапанаваў мне звярнуцца да ўрача Чэха, што служыў у немцаў і жыў на станцыі «Княгінін», каб я забірала ў яго і перадавала лекі партызанам. Я забірала іх і ў кошыку насіла ў Альсевічы. Мы жылі на станцыі «Княгінін», у 200-х метрах ад чыгункі Мінск — Полацк. Мне загадалі лічыць цягнікі-эшалоны, якія ішлі праз станцыю ў абодвух накірунках. Звесткі перадавала з лекамі… Яшчэ атрымлівала і выконвала розныя дыверсійныя заданні: напрыклад, у зваротную дарогу мне давалі вельмі многа масла, папярэдзіўшы, каб не дакраналася да яго рукамі, бо ў ім была закладзена атрута. Задача была — выходзіць на станцыю і прадаваць масла нямецкім салдатам з праходзячых эшалонаў. Мяне запэўнівалі, што атрута пачне дзейнічаць, калі эшалон будзе ўжо далёка. Партызан Рабко выдаў мне паперку-даведку аб тым, што я з’яўлялася сувязной атрада».
— Адразу пасля вайны, — казала Варвара Фёдараўна, — хваліцца тым, што ўдзельнічала ў партызаншчыне, было няёмка. Суседзі перажылі той жахлівы ваенны час па-свойму. Ды яшчэ і даведкі не стала — яе парваў і з’еў маленькі сын Міколка.
Пазней родныя спрабавалі знайсці пацвярджэнне, што яна была сувязной атрада імя Будзённага. Некалькі разоў сын рабіў запыты ў архіў, але адказ заўжды быў адмоўны. Вось адказ на адзін з нядаўніх запытаў ад 2013 года. «У дакументах архіўнага фонду «Беларускі штаб партызанскага руху» звестак аб удзеле Падбярэзскай Варвары Фёдараўны, 1924 года нараджэння, у партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны не знойдзена».
Яўгена Антановіча закранулі словы Варвары Клімовіч: «Я пражыла 73 гады без ушанаванняў і льгот — і зараз мне нічога не трэба. За маімі роднымі — сынам, нявесткай і ўнукам — я ў абароне, яны мяне наведваюць і дапамагаюць. Але гэта праўда! Я рызыкавала сваім маладым жыццём. І вельмі шкада, калі тое, пра што вам зараз паведаміла, дзесьці згубіцца ў часе, згіне ў гісторыі…»
— Але праўда яшчэ і тое, — дадае Яўген Уладзіміравіч, — што ў Варвары Фёдараўны ёсць унукі і праўнукі. Яны павінны ведаць і ганарыцца сваімі продкамі, а сын Мікалай вельмі стараецца выправіць сваю дзіцячую памылку.
Яўген Антановіч вырашыў прадоўжыць пошукі. Удзельнікі атрада звярнуліся з незвычайным запытам у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь — апісанне заданняў, якія выконвала Варвара Фёдараўна па загадзе камандзіра Рабко, — трымалі станоўчы адказ. Удалося даведацца, што Варвара Фёдараўна не значыцца ў спісах з прычыны памылак у справаздачах партызанскага сакратара. Скажам, у баявым данясенні №6 камандзіра атрада І. С. Рабко гаворыцца, што «18 мая 1944 года ў 12 гадзін была праведзена дыверсія ў м-ку Маладзечна: «сувязной Бабровіч Таццянай в. Альсевічы і Падбярэзнай Варкай са ст. Княгінін было прададзена масла, зацкаванае сулемай на станцыі Княгінін нямецкаму афіцэру, якога выклікалі ў Маладзечна, дзе і з’елі гэта масла, і ў выніку чаго загінулі 3 нямецкія афіцэры».
Аказалася, што замест Падбярэзскай Варвары Фёдараўны ў архіўных даведках фігуруе «Падбярэзная Варвара Кір.». Пры гэтым супадаюць год нараджэння, месца жыхарства. А яшчэ — пацвярджаюцца расказы Варвары Клімовіч, прыгаданыя ёй імёны ўдзельнікаў тых падзей.
У пошуках Яўгену Антановічу дапамагалі супрацоўнікі райваенкамата.
— Хацеў бы адзначыць адказныя і добрасумленныя адносіны да справы райваенкама Алега Радкевіча і вядучага спецыяліста па сацыяльнай абароне і пенсіённым забеспячэнні райваенкамата Людмілы Крэміс, — падкрэслівае Яўген Антановіч.
У раённай камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў пры Мядзельскім райвыканкаме звярнуліся ў занальны архіў Маладзечна, папрасілі пацвердзіць або абвергнуць факт пражывання на станцыі «Княгінін» Мядзельскага раёна ў 1943-м і наступных гадах Падбярэзскай Варвары Фёдараўны і Падбярэзнай Варвары Кірылаўны 1924 года нараджэння. Адказ быў такі: у гэтыя гады на станцыі мелася гаспадарка Падбярэзскага Фёдара Усцінавіча, у складзе сям’і якога была Падбярэзская Варвара Фёдараўна. Падбярэзнай там не значылася.
А што было далей?
— Потым раённы суд пацвердзіў факт знаходжання Падбярэзскай Варвары Фёдараўны ў партызанскім атрадзе ў вызначаны перыяд, — расказвае Людміла Крэміс. — Дакументы перадалі ў камісію па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
А вынік яе пасяджэння вы ўжо ведаеце. Зараз застаецца спадзявацца, што жыхарка Княгініна ў хуткім часу атрымае ўсе неабходныя дакументы. Вось тады будзе пастаўлена апошняя кропка ў сумеснай працы пошукавага атрада «Баявы-177» і ўсіх зацікаўленых служб.
— Мае былыя вучні, якія запісалі яе ўспаміны, ужо студэнты, рабочыя, служачыя. Яны згодны яшчэ раз наведаць і абняць гэту цярплівую, мужную, добрасумленную жанчыну і павіншаваць яе з новым статусам, — кажа Яўген Антановіч.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Статус удзельніцы партызанскага руху ўстаноўлены праз дзесяцігоддзі мірнага жыцця Прыемная навіна прыйшла напярэдадні новага года. На пасяджэнні камісіі па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика