Для дарагіх, любімых, мілых…. 21.by

Для дарагіх, любімых, мілых…

12.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ВІНШАВАННІ, музычныя падарункі і прыемныя сюрпрызы атрымалі жанчыны, якія сабраліся ў гарадскім Доме культуры на святочны канцэрт, прымеркаваны да Дня жанчын — 8 Сакавіка. Добры настрой панаваў ужо ў фае: тут гасцей сустракалі маладыя людзі, якія пры неабходнасці праводзілі жанчын у гардэроб, дапамагалі ім зняць паліто, а затым накіроўвалі ў глядзельную залу.
Святочна ўпрыгожаная сцэна, стыльныя вядучыя Аксана Мельнічэнка і Сяргей Багданаў, дасціпны гумар, цудоўныя песні і танцы ў выкананні самадзейных артыстаў — усё стварала настрой і дарыла жанчынам свята.
Усё самае дарагое на зямлі звязана з жанчынай. Ва ўсе часы прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва былі ўвасабленнем любові, прыгажосці, міласэрнасці. Клопатам і цярпеннем яны робяць свет больш мудрым і добрым. Менавіта таму самыя цёплыя, самыя шчырыя словы гучалі ў іх адрас.



Маці, мамачка, матуля… Гэта самае першае слова ў жыцці кожнага з нас. Калі нараджаецца дзіця, першы чалавек, якога яно бачыць — менавіта мама. Яна ахінае сваіх дзяцей цяплом, клопатам і дабрынёй, дорыць любоў і ласку. І так — на працягу ўсяго жыцця. Разам з мамай мы дзелім хвіліны радасці і адчаю, яна дапамагае нам, калі здараюцца складаныя жыццёвыя абставіны. Бадай, гэта адзіны чалавек, які заўсёды прыйдзе нам на дапамогу, нават калі ёй самой будзе патрэбна падтрымка. Таму можаце ўявіць, як стараліся парадаваць сваёй творчасцю і талентам юныя артысты — выхаванцы Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў. Шчырае замілаванне ў гледачоў выклікалі менавіта дзеці, якія песнямі і танцамі ўслаўлялі сястрычак, матуль, бабуль. І тут нельга не назваць гэтых артыстаў: Віталій Мінкоўскі, Рэнат Кароткін, Станіслаў Сідаровіч, Аляксей Савіцкі, Валерыя Звяруга і Валерыя Шабовіч. Працяглымі апладысментамі ўдзячных гледачоў заканчваліся выступленні юных танцораў, а таксама хораў хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны пакарылі сваім выканаўчым майстэрствам (дзякуй педагогам-кіраўнікам) і непасрэднасцю прысутных у зале, якая,
дарэчы, была запоўнена, прабачце за таўталогію, поўнасцю.



Уважліва слухалі гледачы пранікнёныя словы верша пра лёс жонак афіцэраў, які прадэкламавала Ганна Райчонак. Выступленне вакальнага ансамбля «Квецень» таксама было прынята на «ўра!». А што казаць пра групу «Зорачка», у склад якой уваходзяць юныя артысты?! Песняй «Моднікі» яны прымусілі доўга пляскаць у далоні прысутных.
Пра выступленні Вольгі Буянавай, Пятра Маўчана, Аляксандра Куцько, Яна Рубанюка, Віктара Назаранкі, Вікенція Канецкага і размовы весці не варта. Яны, як заўсёды, былі на вышыні. Іх выклікалі на «біс».
І вось гучаць хвалюючыя заключныя акорды. Атрымалася цудоўнае свята. Арганізатарам канцэрта ўдалося яго стварыць, таму што навокал даносіліся шчырыя прызнанні, ад якіх вочы жанчын ззялі радасцю і ўсмешкамі.


Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: песнямі і танцамі ўслаўляюць сястрычак, матуль, бабуль юныя артысты.
Фота
Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ВІНШАВАННІ, музычныя падарункі і прыемныя сюрпрызы атрымалі жанчыны, якія сабраліся ў гарадскім Доме культуры на святочны канцэрт, прымеркаваны да Дня жанчын — 8...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика