Пільнуй гаспадарку — будуць у гаршку скваркі. 21.by

Пільнуй гаспадарку — будуць у гаршку скваркі

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Народная газета

Рэцэпты шчаслівага сямейнага жыцця ад “Лоцвінскіх удалух”

Ёсць на Міншчыне Капыльскі раён, а ў ім — прыгожая вёска Лоцвіны. Завіталі мы ў гэты край напрыканцы лета, каб пазнаёміцца з дбайнымі гаспадынямі і мудрымі жанчынамі з аматарскага аб’яднання “Лоцвінскія ўдалухі”. Аматарскі клуб, у якім удзельнічаюць дванаццаць чалавек, праслаўляе свой край на шматлікіх святах у розных кутках Беларусі, пастаянна ўдзельнічае ў “Зажынках”, “Дажынках”, кірмашах. І мы не пашкадавалі аб гэтай вандроўцы: ужо з парога нас сустракалі песнямі, танцамі і смачнымі пачастункамі. Гаспадыні беражліва захоўваюць даўнія рэцэпты і з ахвотай дзеляцца сакрэтамі беларускай кухні. А заадно і жаночую мудрасць моладзі перадаюць. 

Чарка са скваркай

З чаго звычайна пачынаецца казка? З “накарміць і напаіць”. “Удалухі” могуць такія стравы прыгатаваць, што пальчыкі абліжаш. У кожнай гаспадыні свае сакрэты. Як лічыць кіраўнік аб’яднання Галіна Дрожжа (на фота), гатаваць  трэба  з  душой: “Без Бога не да парога. Няма добрага настрою — лепш не падыходзь да печы”. І яшчэ адна парада — гатаваць свае традыцыйныя стравы, а не замежныя прысмакі.

— Спрабавалі мы па рэцэптах вырабляць розныя складаныя салаты, напрыклад, з арэхамі, чарнаслівам, але не прыйшліся яны даспадобы, — распавядае суразмоўца. — Таму мы вырашылі ўзнаўляць традыцыйную беларускую кухню. Проста, але смачна. Бульба, шкварка, сальцісон, кравянка, агурок — што яшчэ патрэбна? Бывае, калі за сталом збіраюцца дзеці і ўнукі, нават не змяшчаемся ўсе ў нашым клубе. Гаспадыні нашы дбайныя, трымаюць каровак, а з дамашнім малаком, сыраквашай, смятанкай любая страва смачнейшая, чым з магазіна.

Многія з рэцэптаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нашы бабулі і прабабулі гатавалі розныя стравы ў залежнасці ад пары года. Вясной часцей за ўсё на стол ставілі зацірку або яешню, улетку — грыбны квас ці герас, увосень капалі бульбу і актыўна яе спажывалі, зімой даходзіла чарга і да каўбас. Некаторыя рэцэпты ў Лоцвінскіх удалух — не агульнавядомыя, а з мясцовым каларытам.

Самая летняя страва ў Лоцвінах — герас. Гэта мясцовы халаднік. Галоўная мясцовая “фішка” — кветкі агурка (пустацвет). Для герасу трэба ўзяць паўлітра смятаны, агурок, часначок і... бярозавы сок. Можна выкарыстаць і кефір, а таксама кіслы бярозавы сок.  Звычайна герас ужываюць з варанай бульбай. Смаката!
— Аднойчы нашы стравы пакаштавалі в’етнамцы на адным з мерапрыемстваў і былі проста ў захапленні, — успамінаюць члены клуба. — Для іх гэта была сапраўдная экзотыка.

Жаночая мудрасць

У клубным пакоі “Лоцвінскіх удалух” сабрана шмат кніг і часопісаў, прысвечаных народнай кулінарыі, і нават рэцэпты прыгатавання самагону. Напэўна, парупілася пра гэта загадчык мясцовай бібліятэкі Валянціна Шыманская. Яна сапраўдная артыстка гумарыстычнага жанру — такую гумарэску расказала, што слухачы за жываты хапаліся ад смеху.  Тэма вечная — узаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Якога ж погляду на сямейнае жыццё прытрымліваецца мастацкі кіраўнік Лоцвінскага сельскага Дома культуры Галіна Дрожжа, муж якой — адзіны мужчына ў аматарскім аб’яднанні і дырэктар клуба?

— З мужам мы пражылі ўжо дваццаць пяць гадоў. Ён музыка, дырэктар клуба. Зразумела, дзе музыка, там і чарка, — дзеліцца вопытам Галіна Віктараўна. — Але мужчына галава, а жанчына — шыя. Трэба “галавой” варочаць так, каб муж быў упэўнены, што ён у сям’і галоўны. Жанчына павінна быць мудрай.

— А ў чым мудрасць?

— Разумны не паўторыць сваю памылку, а мудры яе не дапусціць. На нешта можна і заплюшчыць вочы, каб захаваць сям’ю.

— Зараз многія дзяўчаты не ўмеюць смачна гатаваць. Гэта важна, каб захаваць шлюб?

— Яно, вядома ж, важна, але, дзяўчаты, не паказвайце, што ўмееце ўсё рабіць. Сёння геросік, заўтра — бульбачку, а ўжо калі тры стравы адразу на стол паставіш — муж будзе самы шчаслівы. Жанчына павінна заставацца загадкавай: мужу паказвай адну нагу да калена, кажа народная мудрасць. А мужчына ў сваю чаргу павінен паважаць сваю жонку.

Хлебны дар

Адна з адметных мясцовых вясельных традыцый — пераставы. Вясельнаму поезду перакрываюць дарогу сталом і, пакуль сват не паставіць па бутэльцы гарэлкі на кожны рог стала, далей ехаць не пускаюць.

У гэтыя выхадныя ў Лоцвінах будуць адзначаць свята вёскі. Мерапрыемства гэтае заўсёды збірае шмат гасцей і праходзіць вельмі цікава. Напрыклад, у гэтым годзе  Галіна Віктараўна прапанавала ўвесці новую традыцыю — уручаць караваі хлеба самым старэйшым жыхарам Лоцвінаў.

— Людзі, якім далёка за 80, памятаюць вайну, і адносіны да хлеба ў іх зусім іншыя, чым у нас, — тлумачыць суразмоўца. — Яны памятаюць галодныя гады і ставяцца да хлеба з найвялікшай павагай. Быў адзін выпадак, калі сацыяльны работнік захварэла і папрасіла мяне адвезці хлеб адной бабулі замест яе. Так атрымалася, што на некалькі дзён старая засталася зусім адна і нават была вымушана пячы бліны на расоле. Калі ўручаюць хлеб на “Дажынках” сучаснаму маладому чалавеку, ён ставіцца да каравая спакойна, а для пажылога чалавека гэта сапраўдная жыццёвая каштоўнасць, першааснова.

Вось такая філасофія ў Лоцвінах — праўдзівая, жыццёвая і па-сапраўднаму наша, беларуская. А на развітанне я запісала яшчэ адно трапнае выслоўе ад “Лоцвінскіх удалух” — “Гаспадарку весці — не рукавом трэсці”.

Суп “грыбны квас”

 Звычайна для яго прыгатавання выкарыстоўваюць сухія грыбы, высушаныя ў печы. Асабліва смачны “квас” атрымліваецца з баравічкоў. Гаспадыні дабаўляюць у мясны булён на костачцы грыбы, цыбулю, бульбу, ячныя крупы — і ў печы гатуюць суп.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэцэпты шчаслівага сямейнага жыцця ад “Лоцвінскіх удалух”
 
 
 


Архив (Новости Общества)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика