“Свята лялькі” творчасцю натхняла. 21.by

“Свята лялькі” творчасцю натхняла

07.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

15.jpg

На абсягах сінявокай Беларусі знойдзецца нямала адметных мясцін. У кожнай з іх, прывабнай і непаўторнай, захоўваюцца і прымнажаюцца лепшыя традыцыі продкаў, уражваючы нечым асаблівым, нечым сваім. Святам агурка вядомы Шклоў, рыцарскім фэстам – Мсціслаў, міжнародным фестывалем дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” – Клімавічы, Дрыбін – фестывалем народнай творчасці “Дрыбінскія таржкі”, а вось на Кругляншчыне ўжо некалькі год запар праводзіцца міжрэгіянальны конкурс “Свята лялькі”.

Упершыню ён убачыў свет у 2016 годзе і быў, як і зараз, прымеркаваны да Дня вызвалення раёна ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў. Акрамя круглянскіх майстроў у ім прынялі ўдзел нашы сябры з Талачынскага і Чавускага раёнаў, а ў 2017 годзе свае работы прывезлі майстры Бялыніцкага, Горацкага і Магілёўскага раёнаў, школы і дзіцячыя сады, клубы і бібліятэкі і, канешне ж, мясцовыя жыхары. Вельмі прыемна, што цікаўнасць да конкурсу з года ў год павялічвае свае маштабы, што “Свята лялькі” набывае ўсё больш больш новых сяброў. Сёлета да нас прыязджалі майстры з Крычаўскага і Магілёўскага раёнаў, а таксама з горада Магілёва. Чарговая сустрэча адбылася 30 чэрвеня. У фае раённага Дома культуры шматлікіх гледачоў і ўдзельнікаў творчага спаборніцтва сустракала вялізная, вышэй чалавечага росту, лялька, побач з якой размясцілася выстава самаробных цацак, а таксама разнастайных, як кажуць, на любы колер і густ, малюнкаў і ўпрыгожванняў. Прычым, упадабаную рэч тут жа можна было і набыць за прымальны кошт.
Але галоўныя сюрпрызы чакалі ўсіх у глядацкай зале РДК, калі распачалося “Свята лялькі”. Пад музыку на сцэне з’явілася Спадчына разам з дзецьмі ў нацыянальных касцюмах, прадставіў-шых вырабы розных відаў рамёстваў Кругляншчыны: ручнікі, паясы, лялькі. Шчырымі апладысментамі сустрэлі госці мерапрыемства сімвал і гаспадыню свята – ляльку-Круглянку, якую шчодра ўсхваляў знакаміты не толькі на Кругляншчыне, але і далёка за яе межамі, народны самадзейны калектыў “Вераснянка” (маст. кіраўнік Л. Галыгіна). Цёпла прывітала шматлікіх гасцей нашага краю галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Мілеўская, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што традыцыі “Свята лялькі” будуць працягнуты і надалей.
Згадзіцеся, што ні адно свята не абыходзіцца без песень. Не стала выключэннем і гэтае. Пакуль удзельнікі рыхтаваліся да выступленяў, свае музычныя падарункі прапанавалі прысутным лепшыя самадзейныя калектывы круглянскай зямлі: народныя самадзейныя калектывы “Крынічанька” , “Калінушка”, “Беларусачка” і іншыя. Падчас конкурснай праграмы сваім лялечным майстэрствам і цікавымі прэзентацыямі радавалі журы і гледачоў прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Кругляншчыны, гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах, РЦТДіМ “Вясёлка”, сельскіх клубаў і Цэнтраў культуры, дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэк і іншых калектываў. Цеплынёй сваёй творчасці сапраўды ўразілі круглянцаў і заезджыя майстры. Да рэчы, кожны з іх за гасцінны прыём, за падораную магчымасць узбагачэння майстэрства і вопыту выразіў падзяку арганізатарам свята. А гэта: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзел па адукацыі, спорту і турызму Круглянскага райвыканкама сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Круглянскага райвыканкама, раённым аб'яднаннем прафсаюзаў і раённай арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Вытокі распаўсюджвання лялечнага мастацтва на круглянскай зямлі зыходзяць і з раённага Дома рамёстваў, слыннага выдатнымі майстрамі творчых спраў. Менавіта яны і былі адказнымі за правядзенне мерапрыемства. Кіруе ўстановай Наталля Аніковіч – чалавек адораны і таленавіты, нераўнадушны да ўсяго прыгожага, асабліва да рукатворнага майстэрства. Працуе ў яе калектыве і сапраўдны народны майстар, член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Ларыса Лямцава. Менавіта яна ўжо шмат гадоў старанна захоўвае і перадае нашчадкам такі традыцыйны від народнай творчасці, як выраб беларускай лялькі і пляценне паясоў. Зацікавіліся і актыўна далучыліся да гэтага занятку і яе калегі, а таксама маленькія наведвальнікі гурткоў, адкрытых у Доме рамёстваў.
Што датычыцца “Свята лялькі-2018”, то яно атрымалася адметным і запамінальным. Напрыклад, майстры з Магілёва па-знаёмілі ўсіх цікаўных з прыгажуняй-Магіляўчанкай, якую назвалі Васілісай. Падзяліліся яны сакрэтамі вырабу Васілісы, стварэння адзення і ўпрыгожванняў для яе, прызнаўшыся, што збіраюцца зрабіць яшчэ і Васіля. Ад іх мы даведаліся і пра цудадзейную ахоўную моц лялькі-Бабы Ягі, наяўнасць якой у хаце служыць гарантам, што за парог не зойдзе чалавек з дрэннымі намерамі. Убор лялькі-Берагіні, прывезенай у Круглае спецыялістамі ЦКС Магілёўскага раёна, быў упрыгожаны рознакаляровамі стужачкамі, на кожнай з якіх замацоўваліся таблічкі з назвамі аграгарадкоў. Гучнай яскравай песняй прадставілі Берагіню таленавітыя аўтары, а група падтрымкі падрыхтавала добразычлівыя крычалкі і плакат з надпісам: “Шле ўсім паклон Магілёўскі наш раён”. Краналі душу пералівы свістулек, зробленых у крычаўскай народнай студыі “Добрасць”, зрэшты, як і ўсе вырабы, прадстаўленыя яе таленавітым кіраўніком Вячаславам Якавенкам. Вельмі прыемна было назіраць за ўсім, што адбывалася на святочнай сцэне, асаб-ліва за тым, як змяняліся на ёй самаробныя красуні-лялькі: Тані, Насці, Мар’яны, Снягуркі, Цыганкі, Дзесяціручкі, Жніцы, Дамавічкі, Беларусачкі, Феечкі і іншыя, усіх не пералічыць. Але кожная, безумоўна, заслугоўвае асаблівай ўвагі, захаплення і шматлікіх цудоўных водгукаў.
Але які ж конкурс без прызёраў і пераможцаў? Сёлета імі сталі: у намінацыі «Традыцыйная лялька» – Л. Яшчанка з Крычава (Дыплом I ступені), Л. Лямцава (Круглае) і Цяцерынскі сельскі Цэнтр культуры (Дыпломы II ступені), М. Сенькоўская з Круглага (III ступені); «Міфы і легенды роднага краю» – АРТ-студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Сувязь часоў» з Магілёва (Дыплом I ступені), другое месца раздзялілі А. Ганчарэнка (Крычаў) і Філатаўскі СДК, на трэцяе выйшаў Шапялевіцкі клуб-бібліятэка. Сярод удзельнікаў намінацыі «Сучасная лялька» лепшымі прызнаныя работы А. Ляўковай (Крычаў) і П. Ганчаровай (СШ №1 г. Круглае), адзначаныя Дыпломамі I ступені, другое месца ў Комсеніцкага СДК сумесна з філіялам Дома рамёстваў аг. Комсенічы, трэцяе – у І. Кароль (Крычаў). “Самымі крэатыўнымі” прызнаныя лялькі, прадстаўленыя Н. Бунтовіч (СШ №2 г. Круглае, Дыплом I ступені), М. Багамаз (СШ № 1 г. Круглае, Дыплом II ступені) і Елькаўшчынскім клубам-бібліятэкай (трэцяе месца). У намінацыі «Лепшая лялька» перамогу атрымалі АРТ-студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Сувязь часоў» і К. Гусцік (СШ №2 г. Круглае), “серабро” данай намінацыі раздзялілі І. Саўкіна (Круглянскі Дом рамёстваў) і раённы Цэнтр культуры ДУК «ЦКС Магілёўскага раёна». Лепшую «Калыску для любімай лялькі» у выглядзе міліцэйскай машыны падрыхтавала сям’я Ярыга з нашага горада, узнагароджаная Дыпломам I ступені. Дыпломамі I, II і III ступеняў у намінацыі для конкурсу малюнкаў «Мая любімая лялька» адпаведна адзначаны ЦТДіМ «Агат» (г. Магілёў), студыя выяўленчага мастацтва «Нюанс» (Круглянская ДШМ), А. Лапо (СШ №1 г. Круглае) і К. Кавалевіч (ЦТДіМ «Вясёлка»).
Традыцыі вырабу лялек маюць доўгую і багатую гісторыю, цікаўнасць да якой вельмі значная і каштоўная. Вобразы беларускай лялькі дазваляюць не толькі кожнаму дзіцяці, але і даросламу дакрануцца да невычэрпнай і шчодрай крыніцы айчынных традыцый, беларускай культуры. Свята лялькі – гэта сапраўднае свята народнай спадчыны, дзівоснага хараства і глыбокага чалавечага роздуму аб жыцці і працы нашых продкаў, якія ад пакалення ў пакаленне неслі традыцыйнае рамяство, што і сення беражліва перадаецца нам з вамі.
Тэкст і фота Марыны ПАДГАЕЦ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На абсягах сінявокай Беларусі знойдзецца нямала адметных мясцін. У кожнай з іх, прывабнай і непаўторнай, захоўваюцца і прымнажаюцца лепшыя традыцыі продкаў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика