Сакрэт іх шчасця. 21.by

Сакрэт іх шчасця

13.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Некалькі гадоў назад гэта прыгожая сямейная пара адсвяткавала залатое вяселле. За час сумеснага жыцця Таццяна Пятроўна і Іван Іванавіч Грыбоўскія нажылі неацэнны скарб – яны выгадавалі пяцёра дзяцей, тыя ж падарылі ім восем унукаў.

Нарадзіліся і жывуць нашы героі ў вёсцы Узбалаць. Яны наведвалі адну школу, часта сустракаліся, але асаблівай сімпатыі адзін да аднаго не адчувалі, таму дарогі маладых людзей амаль не перасякаліся.

Іван Іванавіч з маленства спазнаў цяжкасці сялянскага жыцця, яго працоўны шлях пачаўся з 14 гадоў. Хлопец пасля заканчэння 7-і класаў паступіў у школу ветэрынарных фельчараў, стаў спецыялістам, якога і цяпер успамінаюць добрым словам. Мужчына быў апантаны сваёй прафесіяй, для многіх стаў настаўнікам у гэтай справе.

Таццяна Пятроўна, у якой цудоўны каліграфічны почырк, яшчэ школьніцай дапамагала мясцоваму бібліятэкару: запаўняла фармуляры, складала спісы. Пасля вучобы ўладкавалася сюды на працу. Дзяўчына мела актыўную жыццёвую пазіцыю, была першым сакратаром камсамольскай арганізацыі мясцовага калгаса. Прырода надзяліла нашу гераіню і прыгажосцю, і талентам. Яна добра спявае, у яе абсалютны слых, з ходу трапляе ў любую танальнасць. Як бібліятэкар Таццяна Пятроўна адказвала за мастацкую самадзейнасць усяго сельсавета. Падрыхтаваныя ёй выступленні заўсёды праходзілі на ўра, на аглядах мастацкай самадзейнасці займалі высокія прызавыя месцы.

Бібліятэка, дзе працавала дзяўчына, знаходзілася побач з бацькоўскай хатай Івана Іванавіча, таму, калі той вярнуўся пасля вучобы дадому, ім часта здаралася сустракацца. Паступова да маладых людзей прыйшло каханне, і праз нейкі час яны пажаніліся. Цікава, што нашай гераіні не прыйшлося пасля вяселля нават прозвішча мяняць, бо ў дзявоцтве яна была таксама Грыбоўская. Маладыя сталі наладжваць свой быт. Пачалі нараджацца дзеці. Таццяна Пятроўна, якая паступіла ў педінстытут на аддзяленне бібліятэчнай справы, з гэтай прычыны так яго і не закончыла. А калі адпрацавала 10 гадоў, мясцовы “храм мудрасці” закрылі і перанеслі ў Дубіну. Маючы двух малых дзяцей, жанчына не змагла перайсці туды, таму звольнілася і ўладкавалася справаводам у мясцовую школу.

Затым адно за адным у сям’і нарадзіліся яшчэ дзяўчынка і два хлопчыкі. Маладой маці пра работу не было калі думаць, трэба было падымаць на ногі дзяцей. 13 гадоў яна вяла хатнюю гаспадарку. Каб забяспечыць сябе прадуктамі, сям’я трымала двух кароў, каня, пяць свіней, розную птушку, садзілі вялікі надзел бульбы, цэлае лета прыходзілася палоць грады. Малыя падрасталі і станавіліся памочнікамі ў хатніх клопатах.

За гэты час муж адвучыўся ў Смальянскім тэхнікуме, што ў Віцебскай вобласці, і набыў спецыяльнасць заатэхніка. Затым закончыў вышэйшую партыйную школу, і яму прапанавалі месца старшыні сельвыканкама. Да цяперашняй пары ў многіх жыхароў Узбалаці захоўваюцца здымкі з урачыстых рэгістрацый нованароджаных і шлюбаў. Падчас рэгістрацый, якія праводзіў Іван Іванавіч, яму заўсёды дапамагала верная спадарожніца жыцця, якая сваім прыгожым почыркам выпісвала пасведчанні.

Калі ў школу пайшоў меншы сын, Таццяна Пятроўна зноў задумалася пра працоўную дзейнасць. Спачатку яна ўладкавалася паштальёнам у мясцовае аддзяленне. А праз 3 гады прапанавалі месца загадчыцы малочна-таварнай фермы, і жанчына згадзілася. За высокія вытворчыя паказчыкі Т. П. Грыбоўская не аднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі і падзякамі. Пасля таго, як выйшла на пенсію, яшчэ 7 гадоў адпрацавала ў гаспадарцы.

Грыбоўскія ўмеюць весяліцца, добра спяваюць, танцуюць, у іх атрымаўся выдатны дуэт.

Усе пяцёра іх дзецей атрымалі добрую адукацыю, сталі дыпламаванымі спецыялістамі. Старэйшыя дачка і сын ужо на пенсіі. Выраслі васьмёра ўнукаў. Радуюцца, гледзячы на іх, бабуля з дзядулем. Тыя ж стараюцца дапамагчы і атуліць клопатам і ўвагай родных людзей.

На пытанне “У чым сакрэт сямейнага шчасця?” нашы героі адказваюць, што патрэбна разумець і паважаць адзін аднаго, умець саступіць, падтрымаць, не ставіць свае інтарэсы вышэй. Тады і будуць у сям’і мір і згода.

А сэнс жыццю нашых герояў надаюць дзеці і ўнукі, вясёлыя галасы якіх не сціхаюць у хаце.

Анжэла РАДЫНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалькі гадоў назад гэта прыгожая сямейная пара адсвяткавала залатое вяселле. За час сумеснага жыцця Таццяна Пятроўна і Іван Іванавіч Грыбоўскія нажылі неацэнны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика