Васiль ВАРАБ’ЁЎ, дэкан факультэта журналiстыкi БДУ:IНТЭРВ’Ю З НАГОДЫ «Студэнты пазбаўляюцца «ружовых акуляраў» праз год навучання»Журналiстыка — адна з найбольш запатрабаваных апошнiм часам прафесiй. Прынамсi, як i дзесяць гадоў таму, i дваццаць... Кожнае лета сотнi юнакоў i дзяўчат, апантаных жаданнем па-майстэрску валодаць пяром, спрабуюць свае сiлы на ўступных экзаменах. З 1999 года факультэт журналiстыкi Белдзяржунiверсiтэта i рэдакцыя газеты «Чырвоная змена» (сёння — маладзёжны дадатак да газеты «Звязда») праводзяць сумесны творчы конкурс, мэтай якога з’яўляецца пошук таленавiтай моладзi, схiльнай да журналiсцкай дзейнасцi. За гэты час многiя з удзельнiкаў конкурсу — не кажучы пра яго пераможцаў — сталi студэнтамi журфака. У газету яны прыходзяць ужо як практыканты. I — не расчароўваюць. Сёння «стартуе» I тур чарговага творчага выпрабавання. Наколькi сур’ёзным з’яўляецца яно для патэнцыяльных абiтурыентаў? Цi павялiчвае шанцы на паступленне? Пра гэта мы гутарым з дэканам факультэта журналiстыкi Белдзяржунiверсiтэта i адначасова сустаршынёй журы конкурсу «Абiтурыент журфака-2003» Васiлём ВАРАБ’ЁВЫМ. — Конкурс праводзiцца чацвёрты год запар. Цi апраўдвае ён тыя спадзяваннi, якiя на яго ўскладалiся? — Абсалютна апраўдвае. Па сутнасцi мы на працягу года маем магчымасць назiраць за патэнцыяльнымi студэнтамi. I не толькi назiраць, а ацэньваць iх з пункту гледжання працы на «газетным канвееры», звяраючы свае меркаваннi з меркаваннямi журналiстаў-практыкаў. Падобны конкурс праводзiцца не толькi сумесна са «Звяздой», але i са «Знаменем юности», «Переходным возрастом» і часопісам «Репетитор». Такая сур’ёзная экспертыза дазваляе прымаць на першы курс сапраўды таленавiтую i здольную моладзь. I няхай пераможцаў у нас не шмат — ад кожнага выдання па адным — але ж ёсць яшчэ i прызёры, якiх мы таксама бяром на заметку. Згодна з умовамi конкурсу, падчас уступных экзаменаў яны атрымлiваюць дадатковыя балы на творчым тэсцiраваннi. Як паказвае практыка, тыя, хто прайшоў «загартоўку» конкурсам, аказваюцца больш падрыхтаванымi да вучобы на творчым факультэце. — Чаму? Патлумачце вашу думку. — Таму што ў гэтых маладых людзей ёсць пэўная матывiроўка, абгрунтаванасць свайго выбару. Калi гаварыць пра абiтурыентаў у цэлым, то дзесьцi 25 працэнтаў з iх вырашаюць паступаць на факультэт журналiстыкi ў апошнi момант, у сакавiку-красавiку цi нават у маi. Назваць iх выбар прадуманым, абгрунтаваным немагчыма. Хутчэй за ўсё, ён з’яўляецца выпадковым i тлумачыцца толькi жаданнем трапiць на прэстыжны факультэт. Удзельнiкi ж конкурсу на працягу года, а то i двух актыўна i мэтанакiравана супрацоўнiчаюць з газетамi, выпрабоўваюць «пёры», суадносячы свае магчымасцi з патрабаваннямi да прафесii. — А цi не напружвае выкладчыкаў факультэта неабходнасць адрывацца ад працаёмкага адукацыйнага працэсу i пераключаць увагу на нейкiх «жаўтаротых» школьнiкаў? — Дык гэта ж наш хлеб! Каго возьмем на 1-ы курс, з тым i давядзецца працаваць. Як правядзём «селекцыйную» працу на працягу года i падчас уступных экзаменаў, такiя атрымаем i парасткi. Зразумела, кожнаму выкладчыку хочацца, каб да нас прыйшлi самыя здольныя, самыя таленавiтыя студэнты, якiя маюць дакладную накiраванасць на занятак журналiстыкай. А хлеб журналiсцкi вельмi нялёгкi. I калi спачатку нехта з нашых абiтурыентаў глядзiць на будучую прафесiю праз «ружовыя акуляры», то лiтаральна праз год навучання пачынае «празраваць». I разумець, што памылiўся адрасам. Што тады? Кiдаць факультэт? Каб быць сапраўдным журналiстам, мала ўмець пiсаць правiльныя сачыненнi па лiтаратуры i ведаць замежную мову. Гэта прафесiя патрабуе не толькi адукаванасцi, але i пэўных псiхалагiчных якасцяў, напорыстасцi, рашучасцi, накiраванасцi на прафесiю. Тыя студэнты, якiя, атрымаўшы наш дыплом, не здолеюць стаць журналiстамi, канешне, знойдуць сябе ў нейкай iншай сферы. Але ж падчас вучобы яны будуць займаць чужыя месцы. — Кожны год прыкладна 8—10 чалавек з тых, хто ўдзельнiчаў у нашым конкурсе, станавiлiся студэнтамi факультэта журналiстыкi. Падчас паступлення ў iх ёсць нейкiя перавагi ў параўнаннi з iншымi абiтурыентамi? — Ёсць невялiкiя перавагi, сапраўды. Напрыклад, у сёлетнiм палажэннi аб умовах конкурсу мы дакладна вызначылi, колькi дадатковых балаў атрымае кожны з трох прызёраў конкурсу на творчым тэсцiраваннi падчас уступных экзаменаў. Але нават да пераможцы i прызёраў мы ставiмся вельмi патрабавальна. Калi на iншыя факультэты абiтурыенты-пераможцы прадметных алiмпiяд могуць залiчвацца адразу, то мы ставiм пераможцу конкурсу «аўтаматам» вышэйшы бал толькi за адзiн уступны экзамен. Таму што нам трэба паглядзець на будучага студэнта з розных бакоў. Як ён арыентуецца ў грамадскiм жыццi, цi ўмее выказвацца, аналiзаваць, рыхтаваць матэрыялы, цi супрацоўнiчае з якiм-небудзь выданнем, яшчэ лепш — з некалькiмi... А то ведаеце як бывае? Мама з татам, каб выцягнуць «дзiця», напiшуць за яго сачыненне на конкурс, дашлюць у рэдакцыю... А потым мядзвежая паслуга «вылазiць» нашчадку бокам лiтаральна на першым годзе навучання. — А можна вызначыць па сачыненню, хто пiсаў? — Прыкладна можна. Але ж усё гэта будзе толькi на ўзроўнi падазрэнняў, а не факта. Таму сёлета мы змянiлi ўмовы творчага конкурсу, зрабiўшы трэцi яго тур вочным. Самыя вартыя ўдзельнiкi будуць запрошаны ў маi на факультэт журналiстыкi, iх пасадзяць у адной аўдыторыi i прапануюць пэўныя тэмы сачыненняў. I няхай нашы патэнцыяльныя абiтурыенты дэманструюць усё, на што здольныя. — А нам застаецца пажадаць iм удачы. I лёгкiх пёраў. Гутарку вяла Наталля КАРПЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Студэнты пазбаўляюцца «ружовых акуляраў» праз год навучання»
|
|