Яўген КАСПЯРОВIЧ: «Сацыяльная рэформа — гэта не спроба дзяржавы нешта адняць»
Сяргей ГРЫБ
Шматлiкiя даследаваннi сведчаць, што, нягледзячы на стабiльна высокую долю сацыяльных расходаў у бюджэце, значная частка грамадзян па-ранейшаму не адзначае прыкметнага паляпшэння ўзроўню ўласнага дабрабыту. Таму не выпадкова цi не самымi «папулярнымi» тэмамi апошняга часу сталi пенсiйная рэформа i ўпарадкаванне льгот. Аб магчымых зменах — наша гутарка з начальнiкам упраўлення комплекснага аналiзу i прагназiравання сацыяльна-працоўнай сферы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Яўгенам КАСПЯРОВIЧАМ.
— Пенсii невялiкiя, выплачваюцца яны з цяжкасцямi — гэта адзначаюць усе. На ваш погляд, у чым тут справа? — Не сакрэт, што зараз пенсiйная сiстэма падышла да той рысы, калi неабходны сур’ёзныя яе змены. На працягу некалькiх гадоў у краiне не ўдаецца вырашыць праблему запазычанасцi па заробках. Адпаведна, павялiчваюцца даўгi суб’ектаў гаспадарання па ўзносах у Фонд сацыяльнай абароны, сродкi якога ў асноўным накiроўваюцца на выплату пенсiй. Паводле стандартаў, становiшча Фонду можа лiчыцца стабiльным пры ўмове, што ён мае запас грошай прынамсi на 2-3 месяцы. На жаль, такiх рэзерваў няма — усе сабраныя ў Фондзе сацыяльнай абароны сродкi адразу ж iдуць «у справу». Ёсць i шэраг iншых момантаў, якiя дазваляюць канстатаваць нерацыянальную арганiзацыю непасрэдна пенсiйнай сiстэмы ў цэлым. Напрыклад, iснуе каля 20 падстаў для прадастаўлення пенсiйных iльгот, кожны пяты работнiк выходзiць на пенсiю на 5—10 гадоў раней за агульнаўсталяваны ўзрост. Цi яшчэ. Узгадаем, што ў працоўны стаж залiчваюцца так званыя «крэдытныя перыяды» — час догляду за дзiцем, служба ў армii, навучанне i г.д. Безумоўна, i датэрмiновыя пенсii, i крэдытныя перыяды выключаць нельга. Але звярнiце ўвагу, што яны аплачваюцца з агульнага фонду, кажучы iнакш, за кошт астатнiх пенсiянераў. — Фактычна вы кажаце аб неабходнасцi «разгрузiць» Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва. Але наколькi гэта можа палепшыць яго фiнансавае становiшча? — Ва ўмовах салiдарнага прынцыпу пабудовы пенсiйнай сiстэмы, калi працуючыя праз адлiчэннi з заробкаў забяспечваюць цяперашнiх пенсiянераў, паляпшэнне будзе вельмi ўмоўнае. Як вядома, салiдарная сiстэма аказваецца цалкам залежнай не толькi ад ваганняў узроўню заробкаў, але таксама ад суадносiнаў працуючых i пенсiянераў. На працягу вось ужо 10—15 гадоў назiраецца актыўны працэс старэння насельнiцтва — павелiчэнне долi пенсiянераў i скарачэнне долi працуючых. Калi ў 1990 годзе на 100 працуючых прыпадала 46 пенсiянераў, то сёлета — ужо 60. I сiтуацыя будзе абвастрацца надалей. Уласцiвы салiдарнай сiстэме i такi вельмi iстотны недахоп, як залiшняе пераразмеркаванне пенсiй. Суадносiны пенсiй i зарплаты для асобных катэгорый пенсiянераў аказваюцца вельмi рознымi. Сярэднi паказчык тут 45 працэнтаў, але пры гэтым для нiзкааплатных у мiнулым пенсiянераў ён складае 284 працэнты, а для высокааплатных — усяго 16. Натуральна, падобная акалiчнасць нiякiм чынам не стварае стымулаў для ўдзелу ў пенсiйнай сiстэме высокааплатных работнiкаў. — У такiм разе, вырашэнне «пенсiйнага пытання» — гэта... — Трэба разлiчваць адначасова на два накiрункi. Па-першае, гэта аптымiзацыя цяперашняй салiдарнай мадэлi. Гаворка iдзе аб вывадзе льгот i крэдытных перыядаў за межы агульнай пенсiйнай сiстэмы. У дадзеным выпадку нам не трэба вынаходзiць веласiпед. У прыватнасцi, фiнансаванне датэрмiновых пенсiй варта ўскласцi на галiновыя пенсiйныя фонды, якiя будуць фармiравацца за кошт павышаных страхавых тарыфаў для шкодных прадпрыемстваў. А фiнансаванне крэдытных перыядаў павiнен узяць на сябе бюджэт: калi дзяржава лiчыць неабходным прадастаўляць пэўныя гарантыi, то яна павiнна падмацаваць гэтыя гарантыi сродкамi. I другi накiрунак. Жадаем мы таго цi не, але паступова давядзецца ўводзiць накапляльны элемент фiнансавання пенсiй. Маецца на ўвазе, што на кожнага работнiка заводзiцца iндывiдуальны пенсiйны рахунак, на якi пералiчваюцца i на якiм накоплiваюцца сродкi. Такая практыка вельмi адпавядае самому паняццю пенсii: пенсiя па сутнасцi з’яўляецца адкладзенай да пэўнага ўзросту часткай зарплаты. Прычым не трэба забывацца, што пры належным iнвесцiраваннi сродкаў пенсiйныя накапленнi могуць прыносiць дадатковы даход. Але цi не самае адметнае. Накапляльная сiстэма наогул не залежыць ад суадносiнаў «працуючыя-пенсiянеры» i ў нашмат меншай ступенi «прывязана» да бягучага фiнансавага становiшча плацельшчыкаў узносаў. — Усе размовы аб прывабнасцi ўвядзення пенсiйных накапленняў натыкаюцца на адно пытанне: як ажыццявiць такi пераход? Ужо зараз у дзяржавы ёсць абавязкi па забеспячэнню пенсiянераў. Таму, калi пачаць пералiчэнне ўзносаў працуючых на iндывiдуальныя рахункi, гэта непазбежна прывядзе да знiжэння цяперашнiх пенсiйных выплат. — Заўвага слушная. Тым больш што вырашаць праблему давядзецца не толькi для цяперашнiх пенсiянераў, але i для працуючых асоб ва ўзросце больш за 50 гадоў, якiя проста не паспеюць назапасiць дастатковыя сродкi на сваiх накапляльных рахунках. Таму варыянт тут адзiн. Паколькi грошы нельга ўзяць з iснуючых страхавых узносаў i тым самым прыкметна «абрэзаць» пенсii, трэба звяртацца да дадатковых крынiц. Што гэта могуць быць за крынiцы? Скажу адразу, што ў кожнай дзяржаве яны былi розныя. Дваццаць гадоў таму падчас пераходу на накапленнi ў Чылi выкарыстоўвалiся сродкi прафiцыту бюджэту. У Польшчы i некаторых iншых краiнах Усходняй Еўропы для стварэння накапляльнага кампанента ў пенсiйную сiстэму мэтава ўкладвалiся даходы ад прыватызацыi. Трэцяй крынiцай могуць быць рэзервы, што ўтвараюцца ў вынiку ўпарадкавання iснуючай салiдарнай пенсiйнай сiстэмы. Дарэчы, падаецца, што менавiта трэцi шлях найбольш прыдатны для нас. I яшчэ. Трэба памятаць, што перайсцi на накапленнi немагчыма ў адзiн момант. У сувязi з гэтым вельмi карысны можа быць вопыт Расii, дзе ўзносы на працоўныя пенсii падзялiлi на дзве часткi: з 28 працэнтаў адлiчэнняў ад фонду зарплаты на накапленнi iдуць толькi 2 працэнты, а астатняе застаецца ў салiдарнай сiстэме. Надалей накапляльная частка будзе павялiчвацца. Але гэта ўжо не будзе так адчувальна з той прычыны, што на пенсiю пачнуць выходзiць асобы, якiя маюць накапляльную долю пенсii. — Таксама важкi аргумент. Накапляльная сiстэма разлiчана на адлiчэнне грошай на працягу дзесяцiгоддзяў. Дзе гарантыя, што назапашаныя за гэты час сродкi захаваюцца? — Гэта праблема актуальная для ўсiх краiн, але ў мiжнароднай практыцы ўжо адпрацаваныя механiзмы захаванння накопленых пенсiйных сродкаў. Так, нацыянальнымi заканадаўствамi акрэслiваецца пералiк арганiзацый, якiя могуць выконваць функцыi кiравання накапленнямi, а таксама вызначаюцца дакладныя патрабаваннi да iх дзейнасцi — гэта выключае з’яўленне на «пенсiйным» рынку выпадковых кампанiй. Апроч таго, заканадаўствы зноў-такi дакладна вызначаюць сферы iнвестыцый назапашаных пенсiйных сродкаў. I ў большасцi выпадкаў справа тут абмяжоўваецца толькi дзяржаўнымi абавязацельствамi — няхай сабе гэта менш даходная, затое больш надзейная форма ўкладання пенсiйных сродкаў. Далей. Паўсюль iснуе разгалiнаваная сiстэма назiрання i кантролю за выкарыстаннем сродкаў, робiцца iх iндэксацыя ў залежнасцi ад iнфляцыi. Такiм чынам, рызыка зводзiцца да мiнiмуму. Прынамсi, у дадзеным выпадку ступень рызыкi нiколi не бывае большай, чым у цэлым для эканомiкi. — Падчас усiх размоў аб увядзеннi накапленняў нi разу не выпадала пачуць: за якi перыяд магла б перайсцi на iх наша краiна? — Адкажу так. Калi будзе прынята адпаведнае рашэнне, пераход можа адбыцца не раней чым праз тры гады. Гэта «адтэрмiноўка» спатрэбiцца для таго, каб задзейнiчаць у поўнай меры праграму персанiфiкацыi застрахаваных, прыстасаваць персанiфiкаваную сiстэму пад накапляльныя фонды, унесцi змены ў заканадаўства для ўпарадкавання салiдарнай сiстэмы, што дасць магчымасць атрымаць рэзервы для ўвядзення невялiкага накапляльнага кампанента. Да таго ж патрэбна стварыць структуры па кiраванню накапляльнымi пенсiйнымi сродкамi. Што да тэарэтычнага пераходу цалкам на накапленнi, то ён будзе вымярацца дзесяцiгоддзямi: тут неабходна стварыць велiзарнейшы прафiцыт сродкаў. Зрэшты, наконт мэтазгоднасцi ўвядзення «чыстых накапленняў» увогуле iснуюць сумненнi. Сёння шмат спецыялiстаў аддаюць перавагу «змешанаму» варыянту — спалучэнню салiдарнага i накапляльнага фiнансавання пенсiй. — Звернемся да другой не менш «вострай» тэмы — iльгот. Цi так ужо неабходна iх упарадкаванне? — Давайце паспрабуем разабрацца. Вядома, што сацыяльная абарона, у тым лiку льготы, распаўсюджваецца на пэўную частку насельнiцтва, якая па тых цi iншых прычынах не можа вырашыць свае матэрыяльныя цяжкасцi самастойна. У такiх варунках патрэбна дапамога дзяржавы. Але ў нас гэтая падтрымка набыла цiкавыя формы. Iльготамi (па транспарту, леках, камунальных паслугах i г.д) у Беларусi карыстаецца больш за 60 працэнтаў насельнiцтва. А гэта ўжо сiтуацыя ненармальная. Бо кожная льгота вылiваецца ў затраты як для бюджэту, так i для арганiзацый, што такiя льготы прадастаўляюць. Так, жыллёва-камунальныя паслугi акупляюцца менш чым на 40 працэнтаў, транспартныя паслугi — прыкладна на 30 працэнтаў. Па сутнасцi ж атрымлiваецца, што людзi, якiя не карыстаюцца нiякiмi льготамi, павiнны аплачваць завышаныя тарыфы — як кажуць, «за сябе i за таго хлопца». Але нават гэта не робiць галiны бясстратнымi, а таму церпiць якасць паслуг. Рэальны стан грамадскага транспарту i медыцынскага абсталявання, думаю, вядомы ўсiм. Сапраўды, iльготы з’яўляюцца механiзмам падтрымкi малазабяспечанага насельнiцтва. I ў значнай колькасцi выпадкаў гэта так. Аднак далёка не заўсёды. Бо льготы ў нас вызначаюцца не ў залежнасцi ад узроўню даходаў, а ад фармальнай прыналежнасцi да той цi iншай катэгорыi. Прычым часта льготы таксама распаўсюджваюцца i на членаў сям’i. У вынiку мы маем парадаксальную сiтуацыю. Сукупная сума льгот 20 працэнтаў грамадзян з самымi высокiмi даходамi атрымлiваецца ў паўтара раза большая, чым сума льгот 20 працэнтаў насельнiцтва з самымi нiзкiмi даходамi. Адсюль напрошваецца выснова: парадак прадастаўлення льгот у цяперашнiм выглядзе не вырашае задач, уласцiвых для сiстэмы сацыяльнай абароны. — Па прыкладу некаторых постсацыялiстычных краiн iльготы плануецца адмянiць? — Я разумею, наколькi неадназначна гэта можа быць успрынята, але частку льгот на самай справе трэба скасаваць. А другую частку льгот трэба прадастаўляць не па катэгарыяльнаму прынцыпу, а ў залежнасцi ад рэальнай патрэбы. I мяркуецца, што скасаванне льгот не павiнна закрануць ветэранаў вайны, непрацаздольных iнвалiдаў i iншых асоб з абмежаванымi здольнасцямi для самазабеспячэння. Пры гэтым усiм маючым патрэбу ў падтрымцы будзе аказвацца больш адчувальная адрасная сацыяльная дапамога. Праўда, дзеля гэтага саму сiстэму сацыяльнай падтрымкi таксама трэба рэфармаваць. — Сацыяльных праграм стане менш? — Не сакрэт, што зараз сiстэма сацыяльнай дапамогi распыленая, нескаардынаваная, а таму i малаадчувальная. Iснуе шмат вiдаў гэтай дапамогi, шмат крынiц фiнансавання. Апроч таго, з мiнулага года ўведзена адрасная сацыяльная дапамога, разлiчаная на падтрымку асобных найменш забяспечаных грамадзян. Разам з тым у нашым грамадстве замацавалася яе разуменне як асобнага «дадатковага» вiду падтрымкi. Аднак давайце ўдакладнiм: гэты вiд якраз i павiнен быў рэалiзаваць прынцып адраснасцi, «кропачнай» падтрымкi. I, у рэшце рэшт, стаць стрыжнем усёй сацыяльнай сiстэмы. Ёсць вельмi просты, прызнаны ў шматлiкiх краiнах падыход да аказання сацыяльнай дапамогi. Гэты падыход грунтуецца на эканамiчных магчымасцях краiны ў цэлым цi канкрэтнага рэгiёна. Адпаведна, дапамога прызначаецца толькi тым, хто мае найбольшую патрэбу. I, як паказвае вопыт, колькасць такiх грамадзян нiколi не перавышае 10 працэнтаў. У нас жа па завядзёнцы стаўка робiцца на колькасныя паказчыкi: падтрымка робiцца па прынцыпу «пакрыху, але ўсiм». Таму сама гэта падтрымка нязначная. Я ўжо не кажу пра тое, што цяперашнi прынцып стымулюе ўтрыманскiя настроi. У кожным раёне склалася кола асоб, якiя замест працы ходзяць па iнстанцыях з разлiкам атрымаць сацыяльныя даброты. Вось чаму задача на сёння — скаардынаваць розныя вiды сацыяльнай дапамогi, адпрацаваць крытэрыi ўлiку як грашовых i натуральных даходаў, так i маёмаснага стану патэнцыяльных прэтэндэнтаў. Гэта ў немалай ступенi ўдалося зрабiць падчас эксперыменту на тэрыторыi Асiповiцкага раёна. Вынiкi гэтай работы павiнны быць замацаваны ў канкрэтных нарматыўных актах, у прыватнасцi, у новым Законе «Аб сацыяльнай дапамозе». — Тым не менш, любыя сацыяльныя пераўтварэннi заўсёды ўспрымалiся негатыўна. I, мяркуючы па ўсiм, Беларусь не стане выключэннем. — Перш-наперш хацелася б заўважыць наступнае. Сацыяльная сфера — гэта сiстэма пераразмеркавання матэрыяльных каштоўнасцяў, якая цалкам залежыць ад эканомiкi. Таму размеркавальныя механiзмы не могуць быць дадзеныя раз i назаўсёды. Калi даход змяняецца — змяняюцца i памеры расходаў. Мы павiнны памятаць, што жывём у iншай краiне, iншай эканамiчнай i геапалiтычнай сiтуацыi, i ўжо не маем магчымасцяў накiроўваць на сацыяльныя праграмы сродкi ад рэалiзацыi сыравiнных рэсурсаў. Апроч таго, у Беларусi паступова ўкараняюцца рынкавыя механiзмы, а значыць, трэба прывесцi сацыяльныя механiзмы ў адпаведнасць з новымi рэалiямi. Разам з тым я не згодзен з разуменнем рэформаў як спробы дзяржавы нешта адняць, абмежаваць бясплатныя паслугi, пашырыць платнасць i г.д. Сэнс змяненняў у iншым — забяспечыць эканамiчную эфектыўнасць функцыянавання сацыяльнай сферы i гарантаваць сацыяльную справядлiвасць. У рэшце рэшт, у вынiку пераўтварэнняў выйграе большасць нашага грамадства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шматлiкiя даследаваннi сведчаць, што, нягледзячы на стабiльна высокую долю сацыяльных расходаў у бюджэце, значная частка грамадзян па-ранейшаму не адз
|
|