Стала слова прызваннемЗ юбiлеем! Былому супрацоўнiку «Чырвонай змены» i «Звязды», пiсьменнiку i журналiсту Алесю ДЗЯТЛАВУ — 70 гадоўУ «Чырвонцы» часоў 60-х—70-х гадоў яго паважалi шчыра i заслужана. Мажны i сур’ёзны, заўсёды дзелавы i заклапочаны, Алесь Мiкалаевiч (а звалi яго менавiта так i не iнакш!) не дазваляў у свой адрас нi «недарэчных» пытанняў, нi, тым больш, падвохаў цi кпiнаў... Наадварот: мог «запусцiць» у чый-небудзь адрас што-кольвечы сам, i ад гэтага былi ў задавальненнi ўсе, хто прысутнiчаў на той час побач... Карацей кажучы, быў ён завадатар i iнiцыятар шмат якiх спраў! I гэта, дарэчы, у тыя гады, калi ў флагмане маладзёжнага друку Саюза ССР (а «Чырвонка» была менавiта такой!) працавалi калi яшчэ i не «зубры», дык добрыя-такi «львы» лiтаратуры i журналiстыкi: Яўген Пушкiн i Васiль Хорсун, Алесь Масарэнка i Валянцiн Мыслiвец, Васiль Макарэвiч i Валянцiн Лукша, Уладзiмiр Кузьмянкоў i Яўген Крупенька, Мiкола Федзюковiч i Мiхась Кацюшэнка... Побач з iмi, у такiм вось насамрэч высокамастацкiм асяродку, сталеў i мужнеў i яго, Дзятлаўскi, журналiсцкi i лiтаратурны голас. У прынцыпе ж i ў «Чырвонцы», i потым, ужо ў «Звяздзе», Алесь Дзятлаў быў i свой чалавек, i, што называецца, на месцы. Нiкога нiколi не крыўдзiў, не даваў у крыўду i сам сябе. Яго цанiлi i шанавалi за галоўнае — творчасць! Умеў i любiў Алесь Мiкалаевiч пiсаць нарысы i дакументальныя апавяданнi, рэпар-тажы i iнтэрв’ю... Пра тое ж, што спрабуе сiлы i ў мастацкай творчасцi, калегi па газетнай справе даведалiся толькi пазней, калi ён выдаў у свет некалькi зборнiкаў аповесцяў i апавяданняў: «Росы на поплаве», «Белы месяц сакавiк», «Сляды», «Вяртанне»... Дзесьцi на пачатку 1980-х Яе вялiкасць Творчасць запаланiла душу i сэрца Алеся Дзятлава спаўна i назаўсёды. Ён пайшоў са «Звязды» ў часопiс «Родная прырода», дзе, вядомая справа, часу было куды больш, каб пашчыраваць на нiве высокага ўзроўню беларускай лiтаратуры. А мы, ранейшыя (i заўсёдныя!) яго калегi-чырваназменаўцы i звяздоўцы штораз радавалiся яго лiтаратурным творам: у часопiсах «Полымя» i «Маладосць», iншых перыядычных выданнях рэспублiкi. Ну а кнiжкам Алеся Мiкалаевiча няма цаны, што называецца, i зараз! З юбiлеем, наш дарагi i паважаны калега! Ведай i памятай: «Чырвоная змена» i «Звязда» былi, ёсць i будуць для цябе, шаноўны Алесь Мiкалаевiч, родным домам! Чырваназменаўцы i звяздоўцы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былому супрацоўнiку «Чырвонай змены» i «Звязды», пiсьменнiку i журналiсту Алесю ДЗЯТЛАВУ — 70 гадоў
|
|