21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Iван Сачук, вёска Буда Казiмiраўская Мазырскага раёна: «I сняцца мне сястрычкi, матуля i вайна...»

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Нашчадкi вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь»




У рэдакцыю патэлефанаваў Анатоль Бароўскi, пiсьменнiк i журналiст з Гомеля. Расказаў пра свайго сябра i духоўнага брата Янку Сачука. Ён родам з Мазыршчыны, з вёскi Казiмiраўская Буда, якую спалiлi фашысты ў сакавiку 1943 года. У жудасным полымi разам з усiмi аднавяскоўцамi згарэлi мацi i сястрычкi. Бацька загiнуў на фронце...

«Жыццё ў яго — ворагу не пажадаеш, але горкi лёс не зламаў душу Iвана Аляксандравiча, ён застаўся шчырым i спагадлiвым чалавекам, добрым выкладчыкам i вучоным», — адзначыў А. Бароўскi. У рэдакцыю ён прыслаў кнiгу Iвана Сачука «Цяплом душэўным падзялюся» — гэтая «дакументальная аповесць пра сябе, пра час i педагогiку» выйшла летась. Аўтар працуе выкладчыкам у Мазырскiм педагагiчным унiверсiтэце — дацэнт кафедры гiсторыi i палiталогii, кандыдат гiстарычных навук.

...Чытала кнiгу Iвана Сачука — i колькi разоў слёзы замiналi, сэрца сцiскалася... Кнiгу ён прысвяцiў сваiм самым родным людзям, якiх адняла вайна, — матулi Тэклi Дзмiтрыеўне, бацьку Аляксандру Мiтрафанавiчу, сястрычкам Любцы, Таццяне, Палiне i Аляксандры.

Давайце разам пагартаем старонкi кнiгi.

«Надараецца тое заўсёды пад ранiцу, калi самы сон...

Я сплю i не сплю, бо яскрава адчуваю, як мяне зноў i зноў нехта штурхае i кiдае ў агонь... Я ведаю, што не вярнуся адтуль, ведаю, але не стараюся абаранiцца ад агню, уцячы, вырвацца з яго абдымкаў, — у мяне толькi адно дзiцячае настойлiвае iмкненне — што б мне нi пагражала, а я павiнен абаранiць мацi i сястрычак, выхапiць iх з абдымкаў смяротнага полымя... Але, на вялiкi жаль, мне тое не ўдаецца зрабiць.

I ад бездапаможнасцi, i ад таго, што не магу ўратаваць iх, — крычу ад страху, злосцi i крыўды, прашу некага памагчы, уратаваць iх жыццi... Але нiхто не прыходзiць мне на дапамогу... Тады чую, як пад бок штурхае мяне жонка, i яна загадным голасам выводзiць з таго пекла сваiм асцярожным голасам: «Iван!.. Iванка!.. Прачнiся, чуеш? Ты дома, табе нiчога не пагражае... Прачнiся, Iванка!..» I я прахоплiваюся, але не адразу прыходзiць да маёй свядомасцi, што няма нiякага пажару, няма вайны, няма немцаў... Я iду на кухню i, не ўключаючы святло, сядаю на табурэцiк — гляджу ў шэрае прасцiрадла ночы, баючыся вяртацца да ложка. Бо там, над падушкаю, яшчэ доўжыцца мой трывожны дзiцячы сон i працягваецца вайна... I будзе яна доўжыцца да самай ранiцы, аж пакуль не праб’юцца праз фiранкi промнi сонца...

Божа, колькi я буду жыць з гэтым болем, няўжо мне такiя пакуты наканаваныя на ўсё жыццё?!».

Ён не апынуўся ў вогнiшчы разам з аднавяскоўцамi па чыстай выпадковасцi. Разам з сястрычкай Таццянкай пайшлi наведаць бабулю ў суседнюю вёску (i ўсю дарогу побач з iмi ляцела-цiўкала сiнiчка, а з кустоў нечакана выскачыў заяц — прыкметы, прыкметы...) Ён загуляўся з хлопцамi, i Таццянка вярнулася дахаты адна. Янка застаўся ў бабулi.

«...Снiлася мне, што я адстаў ад мацi i сясцёр, якiя некуды спяшалiся i не глядзелi ў мой бок, як усё роўна ўцякалi ад мяне, хацелi пакiнуць аднаго... Стараўся бегчы з усiх сiл. Але мае ногi блыталiся цi то ў калючым дроце, цi то ў густым i шорсткiм верасоўнiку... А мацi аддалялася i аддалялася ад мяне, падштурхоўвала ў спiну Таццяну i Шурку, а чатырохгадовую Палiнку несла на руках... I тут наперадзе — зусiм блiзка — нечакана ўспыхнула вялiзнае полымя. Аж да самага неба. Яно раптоўна праглынула мацi i сястрычак, i шугала ўжо вышэй неба, аж сонца засланiў чорны i едкi дым. I дыхаць ужо не было чым — я задыхаўся: мяне душыў смурод... Спалохаўшыся, я закрычаў».

Калi хлопчык ачнуўся ад страшнага сну, убачыў, што ўсе выбягаюць на вулiцу.

«Над лесам, у тым баку, адкуль мы прыйшлi ўчора з сястрою, зырка ўзгаралася полымя. Я не разумеў, што гэта было такое, як i не разумеў, чаму так устрывожылiся вяскоўцы...

— То Буду Казiмiраўскую немцы паляць...

— Баба, дык там жа мая мама! — пачаў крычаць я, i мяне пачала курчыць нервовая лiхаманка — я ўжо не памятаў самога сябе, не ведаў, што крычаў, што гаварыў. — Мама там, сястрычкi там... А-а-ааа!..

Бабуля абхапiла мяне за плечы, зноў прытулiла да сябе, прымусiла адвярнуцца ад полымя, ад чырвонага неба, ад чорнага дыму.

Мяне ўжо не суцешвала баба Марта, у самой, мусiць, заходзiлася сэрца ад болю i трывала з апошнiх сiл, але мяне не адпускала ад сябе... Яе бiў калатун i ўздрыгвала цела — як быццам было ёй холадна, i яна не магла нiяк сагрэцца».

На наступны дзень старэйшыя хлопцы збегалi ў Буду Казiмiраўскую. Расказалi: няма вёскi — толькi камiны тырчаць i галавешкi дымяць. «Паленымi людзьмi пахне, дыхаць няма чым...»

«...Ачуняў, прыйшоў у сябе, i вярнулiся да мяне слых i свядомасць праз некалькi дзён. Але мне не хацелася нi есцi, нi пiць, нi гаварыць — я i не памёр, але i да жывых, здаецца, не належаў... Мне карцела, але i было боязна iсцi ў сваю вёску — нешта не пускала, стрымлiвала. Цi то страх, цi прадчуванне таго, што на свае вочы пераканаюся ў тым, што пачуў — што не iснуе больш на свеце нi вёскi, нi матулi, нi сястрычак...»

Загiнула 127 вяскоўцаў... Пазней людзi даведалiся, што ў тую ж ноч фашысты спалiлi ў другой вёсцы, Казiмiраўцы, 76 хат i расстралялi 358 чалавек. Такi ж лёс напаткаў i iншыя вёскi: Зялёны Мох, Крушнiкi, Спрымачоў.

Пасля вызвалення ён штодня чакаў бацьку. Але прыйшла «пахаванка»: загiнуў смерцю храбрых i пахаваны ў брацкай магiле пад Варонежам... Гадавала-выхоўвала Янку бабуля — Марта Iванаўна Прахарэнка.

«Як выжылi? А мо пра тое i не ўспамiнаць зусiм? Хто ў сваiм жыццi зведаў голад i нястачу, галавакружэнне, i як падкашвалiся ад слабасцi ногi, i калi ад голаду елi траву, i былi на мяжы вар’яцтва, — той i без слоў зразумее мяне. А хто таго не спазнаў i не зведаў, то лепш яму нават не чуць i не ведаць пра тое — не дай Бог прайсцi каму праз такiя пакуты...»

Iван Сачук скончыў Мазырскае педвучылiшча з чырвоным дыпломам, настаўнiчаў у Лельчыцкiм раёне. У 1956 г. стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта.

«Можа, Бог i паслаў мне такое жыццёвае выпрабаванне, каб я выстаяў, не сагнуўся i перад астатнiмi ўдарамi лёсу, загартаваўся, i быў моцным духам у сваiм змаганнi i пры дасягненнi сваёй мэты, сваёй мары... Бо i жыццё, i тыя, хто кiраваў намi, ад каго залежаў мой асабiсты жыццёвы лёс, старалiся сагнуць мяне ў дугу, зламаць маю волю i ўпартасць. Толькi дапамога мацi, дзядоў i астатнiх родных, якiх даўно i няма сярод нас, дапамаглi мне выстаяць, застацца самiм сабой i не чырванець за нейкiя памылкi i пралiкi...»

Мабыць, услед за Iванам Сачуком такое ж прызнанне могуць зрабiць i многiя-многiя «дзецi вайны»...

Таццяна ПАДАЛЯК.



 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Нашчадкi вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика