«Адкуль бы я ведала пра гэту патрыятычную акцыю, калi б не выпiсвала газету «Звязда»?»
Таццяна ПАДАЛЯК
Нашчадкi вогненных вёсак: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
Як i абяцалi — крыху падрабязней пра сустрэчу 22 чэрвеня ў Хатынi людзей, якiм пашчасцiла застацца жывымi, калi нямецка-фашысцкiя акупанты разам з жыхарамi палiлi iх родныя вёскi. Вельмi часта гучала: гiстарычная сустрэча. Нiколi не збiралiся разам людзi «вогненнага» лёсу... Рэма Стахоўская засталася адна з вёскi Копанка Ельскага раёна. Вёска так i не адрадзiлася пасля вайны... А зараз сям’я жанчыны складаецца з 24 чалавек! — У Хатынь разам са мной прыехалi дочкi Лiля, Ларыса, Лiна, зяцi Мiхаiл i Аляксандр, унукi Кiрыл (10 гадоў) i Уладзiк (4 гады), — расказвае Рэма Вячаславаўна. I ўсе дзецi, унукi, праўнукi ведаюць: хоць бацькоўскi дом — у вёсцы Даманавiчы Калiнкавiцкага раёна, але знiшчаная вёска Копанка — таксама i iх радзiма. «Мы вельмi ўдзячны газеце «Звязда», якую наша сям’я з задавальненнем выпiсвае ўжо 15 гадоў. Калi б не газета — адкуль бы мы даведалiся пра акцыю?..» На старонках «Звязды» мы расказвалi пра многiх удзельнiкаў акцыi «Нашчадкi вогненных вёсак». Сёння прадстаўляем Антона Паўлавiча Коўцiка з вёскi Вялiчкавiчы Салiгорскага раёна. — 17-гадовым юнаком ён быў сведкам трагедыi вёсак Новыя Вялiчкавiчы i Старыя Вялiчкавiчы 15 лютага 1943 года. Цудам уцалеў, быў паранены, — расказвае настаўнiца Вялічкавіцкай сярэд-няй школы Галiна Аляхновiч. — У Новых Вялiчкавiчах спалена 222 жыхары, у Старых — 127, гэта вёска не адрадзiлася. Але па афiцыйных звестках лiчыцца адноўленай, бо некалькi гадоў пасля вайны там пражывала адна сям’я (у вёсцы ўцалела адна хата). Антон Коўцiк пасля знiшчэння вёскi быў у партызанскiм атрадзе iмя Пархоменкi на Салiгоршчыне. — У 1944 годзе мяне прызвалi ў армiю. Праз Старобiнскi ваенкамат спачатку быў узяты на шахты па бронi. Накладзена была бронь, а мне хацелася помсцiць... Дабiўся, каб накiравалi на фронт, на перадавую. — Ваявалi — памятаючы пра спаленую родную вёску? — Так. Прайшоў праз Германiю, Чэхаславакiю. Вайну скончыў недалёка ад Прагi. — Якая самая дарагая ўзнагарода? — Медаль «За адвагу». ...Як блiзкiх людзей прымалi ўдзельнiкаў сустрэчы Соф’я Антонаўна i Уладзiмiр Антонавiч Яскевiчы — iм удалося выратавацца з вогнiшча вёскi Хатынь. Нашчадкi вогненных вёсак пакiнулi запiс у Кнiзе ганаровых наведвальнiкаў, дзе ёсць водгукi прэзiдэнтаў Беларусi i Расii Аляксандра Лукашэнкi i Уладзiмiра Пуцiна, а таксама вядомых дзяржаўных, палiтычных, культурных дзеячаў розных краiн свету... «Мы, сведкi той жудаснай трагедыi, выступаем супраць тых, хто iмкнецца перапiсаць гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны — гiсторыю народнай трагедыi, народнай барацьбы i народнай Перамогi. Мы верым у мiрную, шчаслiвую будучыню нашай роднай Беларусi. Мы верым, што новыя пакаленнi ў ХХI стагоддзi не дапусцяць вайны, паўтарэння болю i трагедый, што спаўна зведаны нашай Радзiмай». ...22 чэрвеня стаяла неверагодная спёка, таму позна ўвечары я патэлефанавала ўдзельнiкам акцыi справiцца, як дабралiся дадому, як здароўе. «Памянулi загiнулых землякоў — i лягчэй на сэрцы стала... Сустрэча сагрэла нашы душы. Незабыўны дзень»...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашчадкi вогненных вёсак: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь» |
|