Татка прыедзе...На конкурс апавяданняў «Крыху аб сабе. Я 1941 года нараджэння. 36 гадоў адпрацаваў у школе настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры. Зараз на пенсii, але займаюся грамадскай работай (дэпутат райсавета, стараста вёскi). Не iмкнуся быць пiсьменнiкам, бо, як казаў В. Сухамлiнскi, «сэрца аддаваў дзецям». Друкаваўся ў раённых i абласных выданнях, зрэдку — у рэспублiканскiх. У абласных выдавецтвах выдаў два невялiкiя зборнiкi паэзii: «Дзень добры» i «Сувой жыцця», сатырычны зборнiчак «Парушынкi ў воку», зборнiк пейзажнай прозы «Святло бяроз», маю артыкулы па краязнаўству i фалькларыстыцы».Так прадстаўляе сам сябе Сцяпан Паўлавiч Нефiдовiч. Што ж, нам больш дадаць няма чаго, як толькi пажадаць здароўя i такой жа няўрымслiвасцi. Вiктар КАЗЬКО. Вiталiк зайздросцiў сваiм равеснiкам — у кожнага з iх ёсць бацька. А ў яго няма. Добра быць з мамай, а з бабуляй яшчэ лепей — бабуля любiць i шкадуе яго, нават калi якую шкоду зробiць. Праўда, i мама, калi насварыцца, то пасля прыгорне да сябе i прыгалубiць. Але Вiталiку хочацца, каб быў татка, як i ў дзяцей. Вунь у Толiка бацька працуе на заводзе. У яго i «Жыгулi» ёсць. Часта Толiка бярэ з сабой, а то i ўсёй сям’ёй некуды едуць. Весела iм. А ў Арцёмкавага таты машыны няма, толькi веласiпед. Дзядзька Грыша працуе ў эсвэка, як ён кажа. Грошай мала зарабляе. Нядаўна на рыбалку ездзiў i Арцёма з сабой браў, паабяцаў вудачку купiць. Яшчэ не купiў, а Арцём ужо хвалiўся: бач, у яго будзе хвацкая вудачка. А Дзянiсу бацька гульнявую прыстаўку купiў. Дзянiс пахвалiўся ўсiм, паказаў, як ён гуляе, i больш нiкога не запрашае. Сам гуляе. — А заўтра прыедзе мой татка, — сам не ведаючы чаму, сказаў Вiталiк. — Якi татка? У цябе ж няма... — запярэчыў Толiк. — А вось i ёсць! Яму сапраўды хацелася верыць, што ёсць. Як то няма? Ва ўсiх жа ёсць, i ў яго павiнен быць недзе. А мо якраз заўтра прыедзе? — Ён доўга быў у адлучцы. А заўтра вернецца i камп’ютар прывязе. Навучыць — i я гуляць буду. Толiк зноў не паверыў. А Арцём пазайздросцiў. Вочы яго блiснулi iскаркамi цiкаўнасцi: — А мне можна да цябе заўтра прыйсцi, паглядзець? — I я хачу пабачыць, — не ўстрымаўся Толiк. — Прыходзьце, — неяк няўпэўнена прамовiў Вiталiк. Ён пабег дадому. Увесь вечар гняла трывога: «А цi ж хоць прыедзе татка? От каб прыехаў...». Есцi не хацелася. Ён лёг, згарнуўся ў клубочак на ложку. Доўга не мог заснуць. А калi задрамаў, здалося, што на стале каля акна стаiць камп’ютар, такi, як ён бачыў у цёткi Кацi ў Пiнску, калi з мамай ездзiў да яе ў госцi. Дзiма iхнi гуляў. Гэтак цiкава! Ранкам Вiталiк яшчэ спаў, калi пачуў голас Арцёма. — Спiць? — пытаўся той. — А камп’ютар можна пабачыць? — Якi камп’ютар? — чуўся голас бабы Танi. — Ну, той, што яму тата прывёз. — Чый тата? — Вiталiкаў. Увайшла i мама ў хату: — Якi тата? Якi камп’ютар? Вiталiк хацеў было схавацца пад коўдру. Ды куды дзенешся? У спальню ўбег Арцёмка. Вiталiку горача стала. I ён заплакаў. Моцна, як нiколi. Мама кiнулася да яго, абняла, апавiла рукамi, усяго-ўсяго. — Сыночак... Вiталiк не бачыў — адчуў, што i мацi плача. Цiхенька. Некалькi гарачых слязiнак упала яму на шыю. Сцяпан НЕФIДОВIЧ, в. Любань Лунiнецкага раёна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Крыху аб сабе. Я 1941 года нараджэння. 36 гадоў адпрацаваў у школе настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры. Зараз на пенсii, але займаюся грамадскай
|
|