Старшыня і яе камандаПасля пятнаццацi хвiлiн размовы са Святланай Давальцовай прыходзiш да высновы, што перад табой чалавек з тэхнiчнай адукацыяй. Або з эканамiчнай. I з гаспадарчай хваткай. Але нiяк не «пяшчотны гуманiтарый», здольны беспамылкова разбiрацца ў фiнансавых справаздачах i каштарысах, падпiсваць рахункi i заключаць дамоўленасцi. Калi Святлана Уладзiмiраў-на разам са сваiм намеснiкам Аксанай Пунiнскай заязджаюць па мяне на чыгуначную станцыю (за рулём аўто — Аксана Iльiнiчна), лаўлю сябе на думцы, што нашы, беларускiя, жанчыны ўсё ж больш схiльныя да самаахвяравання, чым да самаўзвелiчэння. Па добрай волi ўскласцi на свае кволыя плечы праблемы амаль 8 тысяч жыхароў, 15 населеных пунктаў, ды яшчэ ў такiм неадназначным i складаным раёне, як прысталiчны. I не зламацца, не даць сябе «з’есцi» нi правяраючым, нi мясцовым аматарам скардзiцца з любой нагоды, а даць зразумець, што ты i ёсць «улада», абаронца, першая i апошняя iнстанцыя, здольная вырашаць праблемы. Шчыра кажучы, даючы згоду на гэту пасаду, Давальцова была ўпэўненая, што ёй давядзецца толькi «падтрымлiваць парадак». Аказалася, што яго трэба было ствараць амаль што з нулявой адзнакi. Для пачатку яна амаль на 90 працэнтаў аднавiла «каманду». I кiраўнiчыя капрызы тут былi нi пры чым. Проста з самага першага дня дала ўсiм аднолькавыя шанцы праявiць сябе, а потым з лёгкiм сэрцам адпусцiла скептыкаў i тых, хто прывык ехаць па «накатанаму шляху». (I першыя, i другiя не прымалi нiякiх новых iдэй.) З тымi ж, хто прыйшоў, Давальцова адчувае сябе ў сваёй талерцы. Яна задае «рытм» i «тэмп», заводзiць механiзм, у якiм кожнаму адводзiцца сваё месца i свая роля. Калi хуткасць набрана, спынiць механiзм цяжка, немагчыма. Спыненне для яго раўназначнае падзенню. Магчыма, таму задумкi i планы, якiя спачатку здавалiся неверагоднымi, цяпер асацыiруюцца не iнакш як з «пройдзеным этапам». Давальцова ўпэўнена: няма месца iнтрыгам i «падводным цячэнням» у калектыве, дзе шмат работы. I таму загружае па поўнай праграме i сябе, i сваю маладую (у прамым сэнсе гэтага слова) каманду. — Я не беларучка, не баюся нi капаць, нi грузiць, нi прыбiраць, хоць лiчыцца, што старшыня Савета павiнен толькi арганiзоўваць. Канешне, часам ад мяне больш карысцi менавiта ў кабiнеце — ёсць праблемы, якiя можа вырашыць менавiта кiраўнiк i менавiта на сваiм працоўным месцы. Але падчас суботнiкаў я адпачываю маральна, — прызнаецца Святлана Уладзiмiраўна. Суботнiкi — не данiна модзе i тым больш не дзеяннi па ўказцы «зверху». — У кожным населеным пункце заўсёды можна знайсцi самавольна ўзведзеныя прыбудовы i пасаджаныя агароды... Iду з работы, бачу — бур’ян, малiннiк разросся... Карацей кажучы, безгаспадарнасць. Пытаюся — чыё? Нiчыё? Збiраю сваiх, i ўсiм сельвыканкам выходзiм на суботнiк. Працоўны дзень, гаворыць Давальцова, у сельскiм Савеце ненармаваны. Яна збiлася з лiку i стамiлася адзначаць, колькi адгулаў павiнна сваёй «камандзе». («Набягае кожнаму на два адпачынкi».) — Мiнскi раён — складаны раён. Тут свой уклад, свая псiхалогiя. Напалову вясковая, напалову гарадская. Мая мама, якая жыве на Брэстчыне, у глыбiнцы, здзiўляецца, чаму мы, сельскi Савет, заклапочаны ўборкай тэрыторый ля дамоў грамадзян або побач з iх прысядзiбнымi ўчасткамi. Для яе гэта — нонсенс, каб улада прыбiрала тэрыторыю каля тваёй агароджы. А для нашых жыхароў — норма. Многiя яшчэ i ў позу становяцца: чаму я павiнен тут чысцiць, калi гэта абавязак ДРБУ-735? Пераконваць даводзiцца ўласным прыкладам. I справай. За невялiкi тэр- мiн (амаль два гады) Давальцовай удалося зрабiць тое, чаго не ўдавалася ранейшым кiраўнiкам: вырашыць праблему з асвятленнем, закрыць усе пытаннi з несанкцыянаваным вывазам смецця, зарэгiстраваць камунальнае прадпрыемства па аказанню паслуг насельнiцтву, адкрыць комплексны прыёмны пункт, стварыць два жыллёва-будаўнiчыя кааператывы. — Гэта толькi на першыя погляд я такая «белая i пушыстая», — смяецца Святлана Уладзiмiраўна. — А на справе часта даводзiцца дэманстраваць характар. Напрыклад, да праблемы асвятлення давялося падключыць усё раённае кiраўнiцтва, патрабаваць прыняць на баланс раённых электрасетак «гаспадарку», якая ўвесь час лiчылася «нiчыёй». Дзякуй Богу, у райвыканкаме мяне зразумелi, пайшлi насустрач. I сёння цэнтральная вулiца Мiханавiчаў, якая раней — парадокс! — была самай цёмнай, ужо не адпалохвае людзей. — Ну а з самавывазам смецця як змагалiся? Вартаўнiка ж каля кожнага дрэва не паставiш... — У нас ёсць КУП — заснаванае сельвыканкамам камунальнае прадпрыемства, якое мае шэраг абавязкаў. Сярод iх значыцца вываз цвёрдых бытавых адходаў. КУП заключае дагаворы з усiмi фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi на вываз смецця — зразумела, на платнай аснове. Мы, калi можна так выказацца, гэты парадак «засталбiлi»: калi вы знаходзiцеся на нашай тэрыторыi, то ў вас на руках павiнен быць дагавор на вываз адходаў... Я змагалася з самавывазам не на жарт i вельмi хутка прывучыла ўсiх да парадку: смецце вывозiм або мы, або ЖКГ раёна — трэцяга не дадзена. Калi мяне спрабуюць абвесцi вакол пальца, адчуваю гэта адразу. Калi не дапамагаюць папярэджаннi, уздзейнiчаю элементарна — выкарыстоўваю штрафныя санкцыi. I гэта спрацоўвае. КУП не прыносiць прыбытку i не самаакупляецца. Хоць спачатку Святлана Уладзiмiраўна думала, што грошы «паваляць валам». Хто звяртаецца па дапамогу ў сельскi Савет? Бабуля з пенсiяй у 120 тысяч. Вялiкiя расцэнкi для яе не зробiш. Наадварот, думаеш, як за апрацоўку агарода ўзяць з яе менш. Сама ж тэхнiка — тры трактары — ад таго, што пастаянна мяняюцца i перавешваюцца прычапныя прылады, хутка «ляцiць». А паколькi грошай на рамонт няма, даводзiцца звяртацца па дапамогу да прадпрыемстваў i ўстаноў, якiя знаходзяцца на тэрыторыi сельсавета. Добра, што пакуль нi «Белтрансгаз», нi «Белгазэнергарамонт», нi «Белэлеватарзабеспячэнне» ў дапамозе не адмаўлялi. Ідзём са Святланай Уладзiмi- раўнай па цэнтральнай вулiцы Мiханавiчаў, размаўляем «за жыццё», а яна на кожным кроку паспявае заўважаць, дзе што не так, што трэба падправiць, падняць, прыбiць, пафарбаваць. Вiтаецца, задае сустрэчным пытаннi, па ходу адказвае на пытаннi сама... Гэта яе рытм, i Давальцова не выходзiць з яго, нават пакiнуўшы свой кабiнет i нават за рамкамi працоўнага часу. Справа нават не толькi ў рытме. Гэта яе вёска i яе жыццё, гэта людзi, якiя вераць у магчымасцi старшынi i яе каманды. Выберуць зноў цi не — хто ведае... Значыць, ужо сёння яна павiнна пакiнуць пасля сябе след. I добрую памяць. Каб было што перадаць тым, хто прыйдзе пасля. Напрыклад, дзiцячы парк. Яшчэ нядаўна на яго месцы расло некалькi кволых дрэўцаў, якiя мiрна iснавалi побач з несанкцыянаванымi агародамi i звалкай. Менавiта каманда сельвыканкама загарэлася iдэяй надаць парку, закладзенаму мясцовым таварыствам iнвалiдаў, другое дыханне. Зрабiць яго светлым, празрыстым i ўтульным. Без анiякай агароджы. I максiмальна прыстасаваным пад патрэбы маленькiх. Задача ўскладнялася яшчэ тым, што грошай пад добрую iдэю не знайшлi. Усё рабiлi лiтаральна сваiмi рукамi, з падручных сродкаў, з дапамогай уласнага КУПа iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i прадпрыемстваў, размешчаных на тэраторыi сельсавета. Гэта была сапраўды народная будоўля. ... Стаiм пад вечар са Святланай Уладзiмiраўнай ля ўваходу ў парк (уваход — паняцце ўмоўнае, бо агароджы няма нiдзе) i назiраем, як запаўняецца ён дзятвою. Лавачкi, домiкi, арэлi, лесвiцы, горкi — усё запатрабавана, усё жыве сваiм жыццём. Не верыцца, што ўсяго некалькi месяцаў таму на гэтым месцы была, лiчы, пустэча. — Напэўна, удзячны вам людзi... — Напэўна, — яна пацiскае плячыма. — Людзi лiчаць, што гэта мой абавязак. А некаторыя нават на «гарачую лiнiю» ў аблвыканкам скардзяцца: маўляў, частка пасёлка засталася без вады, а Давальцова дзiцячым паркам захапiлася... — Што, зусiм без вады? — Не, толькi без гарачай. Гэта часовыя нязручнасцi, i звязаны яны з тым, што на тэрыторыi Мiханавiчаў iдзе частковая замена труб цеплатрасы. Людзям неабходна крышачку пацярпець, затое потым аб праблемах з гарачай вадой можна будзе забыць гадоў на 50. Пракладзём трубы — возьмемся за добраўпарадкаванне, бо тэрыторыю моцна перарылi. Хачу дадаць, што пасля адкрыцця дзiцячага парка нашы раённыя ўлады звярнулi на нас увагу i, нарэшце, вырашылi дапамагчы заасфальтаваць тут дарогi. Значыць, не будзем спыняцца на сярэдзiне шляху... Думаю, што iмкненне Давальцовай кожную справу даводзiць да канца дапаможа i ў вырашэннi жыллёвай праблемы. За апошнi год чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, вырасла са 150 да 500 «з хвосцiкам» чалавек — па сельсавету распаўсюдзiлася вестка, што ў Мiханавiчах ствараюцца два жыллёва-будаўнiчыя кааператывы, i людзi кiнулiся станавiцца на ўлiк. Два дамы — на 120 i 80 кватэр — павiнны часткова «закрыць» кватэрнае пытанне. Працу па падрыхтоўцы ўсiх неабходных для будаўнiцтва папер Давальцова называе пякельнай (хоць сёння ў райвыканкаме работа з дакументамi спрошчана па максiмуму). Аднак адмовiцца ад яе не можа — людзям патрэбна жыллё. Ды i дзяржава падтрымлiвае iх iльготнымi крэдытамi — так што не будуецца сёння толькi лянiвы. Яна сама раiць аднавяскоўцам станавiцца на ўлiк — нават калi сёння няма шанцу пабудаваць жыллё, праз 2—3 гады ён можа рэальна з’явiцца. Самае галоўнае, што нi Давальцова, нi яе «каманда» не разупэўнiлiся ў тым, што яны — улада. Не ў сэнсе — новыя «камандзiры», а ў сэнсе пераўтваральнiкi жыцця. — Прыемна, калi чалавек, заходзячы ў сельскi Савет, з парога заяўляе: «Хачу жыць у Мiнскiм раёне». — «Чаму?» — «Таму што тут лепш». А нам, уладзе, трэба дынамiчна iсцi наперад, ажыўляць вёскi, выдзяляць зямельныя ўчасткi тым, хто мае ў гэтым патрэбу, ствараць кааператывы iндывiдуальных забудоўшчыкаў, развiваць iнфраструктуру. Каб улада не стаяла побач з рыдлёўкай i граблямi, а была талковым арганiзатарам i разумнай дарадцай. Наталля КАРПЕНКА. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля пятнаццацi хвiлiн размовы са Святланай Давальцовай прыходзiш да высновы, што перад табой чалавек з тэхнiчнай адукацыяй. Або з эканамiчнай. I з г
|
|