Ціскам кіраваць можна. І трэба
Самае важнае ў барацьбе з артэрыяльнай гiпертэнзiяй — дасягнуць мэтавага ўзроўню цiску. А пад iм кардыёлагi маюць на ўвазе лiчбы 140/90 мм ртутнага слупка. Устаноўлена, што перавышэнне дадзенага «бар’ера» пагражае чалавеку незалежна ад узросту, полу i iншых асаблiвасцяў развiццём ускладненняў. Даказана таксама, што пастаяннае, пажыццёвае ўжыванне лекавых прэпаратаў дазваляе гiпертонiку не толькi дасягнуць мэтавага цiску, але i папярэдзiць новыя праблемы. Здаецца, калi ўсё так проста, то чаму незлiчонай колькасцi людзей не ўдаецца атрымаць станоўчы вынiк? Практыка сведчыць, што хворым часта перашкаджаюць нiзкая iнфармаванасць i адсутнасць самадысцыплiны.
Гэта «прамая лiнiя» — нагода яшчэ раз агучыць «простыя iсцiны». Па-першае, добрае самаадчуванне, у тым лiку адсутнасць галаўных боляў, не азначаюць адсутнасцi хваробы. Таму цiск трэба мераць рэгулярна, незалежна ад узросту, а пасля 40 гадоў кожны чалавек павiнен раз на год не толькi мераць цiск, але i рабiць электракардыяграму, правяраць узровень халестэрыну. Па-другое, гiпертанiя — захворванне, якое з’яўляецца фактарам рызыкi развiцця iншых паталогiй, перш за ўсё iшэмiчнай хваробы сэрца. Па-трэцяе, трэба ведаць, што краiны з высокiмi працэнтамi колькасцi пацыентаў, якiя лечацца эфектыўна, маюць нiзкiя паказчыкi выпадкаў iнфаркту i iнсульту. Магчымасцi для лячэння цiску акрэслiвае Мiжнароднае таварыства па артэрыяльнай гiпертэнзii, паводле класiфiкацыi якога iснуюць пяць асноўных груп гiпатэнзiўных прэпаратаў: дыурэтыкi, цi мачагонныя, бэтаадрэнаблакатары, антаганiсты кальцыю, iнгiбiтары ангiятэнзiнпераўтвараючага ферменту i блакатары рэцэптараў ангiятэнзiну II. Ёсць i дадатковыя групы. Прэпараты апошняга пакалення дзейнiчаюць больш працяглы час, маюць менш пабочных эфектаў i ўплываюць толькi на тыя рэцэптары, на якiя трэба. На пытаннi, якiя паступiлi ў рэдакцыю, адказвала Марыя ЛIВЕНЦАВА, кандыдат медыцынскiх навук, вядучы навуковы супрацоўнiк лабараторыi артэрыяльнай гiпертэнзii Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогiя». — Турбуюць вас з пасёлка Чырвоная Слабада Салiгорскага раёна. Мой сын любiць займацца спортам, а з 8-га класа ў яго ўзняўся цiск. Зараз яму 17 гадоў. Безвынiкова прымалi эналапрыл, глiцын, кардафлекс. На нейкi час цiск знiжаўся, а потым зноў узнiмаўся... — На жаль, зараз i маладым уласцiва захворванне, якое раней назiралася толькi ў старэйшага пакалення. Здараецца, што ў юнакоў падобныя праблемы ўзнiкаюць пад уплывам стрэсавых сiтуацый. З цягам часу сiтуацыя нармалiзуецца i праблема адступае. Каб высветлiць, што менавiта напаткала вашага сына — юнацкая гiпертанiя цi сур’ёзнае захворванне, неабходна грунтоўна абследавацца. Ад вынiку абследавання залежыць i лячэнне. — У яго наперадзе — экзамены, новыя стрэсы, я вельмi перажываю за яго... — Мы не пазбавiм вашага сына ўсiх складаных сiтуацый, а дапамагчы яму можна. Ёсць прэпараты, якiя здымаюць пачуццё напружання, трывогi i спраўляюцца з цiскам, скажам, той жа канкор... Калi ласка, можаце пад’ехаць на кансультацыю да нас, у цэнтр, хоць у вас, на месцы — у Салiгорску, працуюць цудоўныя кардыёлагi... — Нiна Мiхайлаўна, Мiнск. Iнвалiд II групы. Цiск, як правiла, 150/100, верхнi бывае i 180, 190. Прымаю iндэпрэс i карвiтол. — Гэтага недастаткова для барацьбы з вашым цiскам. Вы ўжывалi амладыпiн? — Некалi пiла амладзiн, але ад яго моцна ацякалi ногi. — На жаль, гэта яго пабочнае дзеянне. Ёсць яшчэ нiфедзiпiн, якi рэдка дае падобны вынiк — у прэпараце «Адалат», 30 мг. Ён прымаецца адзiн раз на суткi i валодае моцным эфектам панiжэння цiску. — А з траў што вы параiце? — Яны могуць быць толькi дадатковым момантам, але нiяк не асноўным! Тут падыдуць сушанiца балотная цi тапяная, сардэчнiк, корань валяр’яну, якiя валодаюць эфектам заспакаення i адначасова панiжаюць цiск. З сушанiцы, дарэчы, можна рабiць ванначкi для ног. Апусцiце ногi па шчыкалатку ў цёплую ваду з травой i дыхайце яе парамi. «Прамую лiнiю» правялi Святлана БАРЫСЕНКА i Вольга ШАЎКО. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самае важнае ў барацьбе з артэрыяльнай гiпертэнзiяй — дасягнуць мэтавага ўзроўню цiску. А пад iм кардыёлагi маюць на ўвазе лiчбы 140/90 мм ртутнага сл
|
|