Літаратура і рынак
Таццяна ПАДАЛЯК
На скрыжаванні думак «Сучасная беларуская лiтаратура: жыццёвыя i творчыя праблемы» — «круглы стол» на гэту тэму прайшоў учора ў Грамадскiм прэс-цэнтры Дома прэсы.Удзел у размове прынялi вядомыя пiсьменнiкi i паэты, крытыкi, лiтаратуразнаўцы, кiраўнiкi лiтаратурных часопiсаў. Узнiмалiся многiя вострыя, балючыя праблемы — жыццёвыя i творчыя. Вёў «круглы стол» загадчык аддзела сучаснай беларускай лiтаратуры Iнстытута лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук, член-карэспандэнт Сцяпан ЛАЎШУК. Ён адзначыў, што сучасная беларуская лiтаратура не нейкi фантом, не эфемернае паняцце i не нейкае збудаванне, якое можна зачынiць, павесiўшы вялiкi амбарны замок. Лiтаратура — гэта творы пiсьменнiкаў. I лёсы пiсьменнiкаў. «Кажуць, у Беларусi выспела новая лiтаратурная сiтуацыя. Прычым некаторымi жвавымi людзьмi ўсе ранейшыя набыткi i традыцыi закрэслiваюцца, i гэта не можа не турбаваць... Але ж у кожную эпоху iснуе СВАЯ новая лiтаратурная сiтуацыя. I зараз, на падставе традыцый, вядуцца пошукi новых сродкаў мастацкай вобразнасцi», — сказаў Сцяпан Сцяпанавiч. Ён звярнуў увагу i на досыць распаўсюджанае меркаванне, што сучасная беларуская лiтаратура страцiла вагу ў грамадскiм жыццi, не з’яўляецца цэнтрам грамадскага жыцця. «Мы, лiтаратурная грамадскасць, павiнны больш актыўна ставiць надзённыя пытаннi перад грамадствам: кропля камень точыць». Тым больш што з’яўляецца нямала цiкавых маладых аўтараў i ў драматургii, i ў прозе, i ў паэзii — дастаткова пагартаць часопiсы «Полымя», «Маладосць»... Сцяпан Лаўшук абазначыў асноўныя тэмы для абмеркавання: пытаннi сучаснай лiтаратуры i праблемы выдання кнiг, выплаты ганарараў, стварэння камфортных умоў для работы пiсьменнiкаў, а таксама ацэнкi лiтаратурных твораў у перыёдыцы. Мiкола МЯТЛIЦКI, галоўны рэдактар часопiса «Полымя»: — Лiтаратура губляе сацыяльную iнiцыятыву. Побач з фiлалагiчным пакаленнем вырасла «тэхналагiчнае» пакаленне, якое абыходзiцца без лiтаратуры. Але ж чытанне лiтаратуры — цi не адзiная магчымасць навучыць чалавека мыслiць, суперажываць, спачуваць... На жаль, больш за год не плацiм аўтарам ганарар... Раiса БАРАВIКОВА, галоўны рэдактар часопiса «Маладосць»: — I сапраўды, ганарар — гэта заробак пiсьменнiка, iнакш як ён зможа жыць? Калi дырэктар завода не выплачвае работнiкам зарплату, яго здымаюць з пасады... Хто сказаў, што пiсьменнiк павiнен быць жабраком? Жыць, як Дыяген у бочцы?.. Нават ганарар за выдадзеную кнiжку даюць не грашамi, а... кнiжкамi. Але ж у пiсьменнiка няма лiцэнзii на продаж хай сабе нават сваёй кнiжкi. Дый як гэта будзе выглядаць?.. Раiса Баравiкова ўзняла яшчэ адно надзвычай важнае пытанне: усе бiблiятэкi навучальных устаноў павiнны быць укамплектаваныя кнiгамi, «iнакш мы можам страцiць пакаленне, якое iдзе». Школьнiкi, студэнты пазбаўленыя выбару: кнiгi вельмi дарагiя, бацькi не заўсёды маюць магчымасць набываць iх за 12—18 тыс. рублёў. «Кнiгi трэба вяртаць у школы. I самiм пiсьменнiкам трэба часцей бываць у школах». Серафiм АНДРАЮК, старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута лiтаратуры НАНБ: — Сучасная беларуская лiтаратура развiваецца па ўсiх накiрунках. Цiкавая дэталь: агульная тэндэнцыя (прычым для лiтаратараў усiх пакаленняў) — пiльная ўвага да гiсторыi. Людзi шукаюць апоры, устойлiвасцi ў жыццi... I ўсё ж не дастаткова вострага адчування сучаснасцi, няма цiкавых сучасных вобразаў. Але гэта не вiна, а бяда лiтаратуры. Лiтаратура такая ж, як i жыццё, таму прычыны трэба шукаць у сённяшняй рэчаiснасцi... У савецкi час лiтаратура разумелася як справа дзяржаўная, а зараз лiтаратура кiнутая ў «рынак»... I яшчэ: лiтаратура i мова — паняццi ўзаемазалежныя. Нядаўна «Звязда» апублiкавала iнфармацыю аб выдадзенай у гэтым годзе лiтаратуры. На беларускай мове — зусiм нязначны працэнт тыражоў... Генадзь БУРАЎКIН, паэт: — Як у жыццi кожнага чалавека, так i ў жыццi кожнай лiтаратуры бываюць розныя перыяды, розныя этапы... Да лiтаратуры нельга падыходзiць з чыста палiтызаваных пазiцый: да якой пiсьменнiцкай арганiзацыi ты належыш?.. Давайце не паўтараць памылак. Хто сёння дакладна помнiць, цi ў «Маладняку», цi ва «Узвышшы», цi ў якiх iншых арганiзацыях былi Кандрат Крапiва, Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, iншыя?.. Тое, што беларуская лiтаратура жыве, пацвярджаюць творы. Хачу назваць дзве паэтычныя кнiжкi — «Ксты» Рыгора Барадулiна i «Так» Уладзiмiра Някляева. Для мяне непрыемна дзiўна, што гэтыя дзве вышынныя з’явы апошняга часу ў паэзii абыдзены ўвагай нашай крытыкi... Тым больш, крытыка «штодзённая» — перш за ўсё маю на ўвазе газету «Лiтаратура i мастацтва» — не абыходзiць увагай паэтычныя кнiжкi. Можа быць, вiна i крытыкi ў тым, што апошнiм часам у грамадстве знiзiўся крытэрый ацэнкi канкрэтных лiтаратурных з’яў... Леанiд ГАЛУБОВIЧ, загадчык аддзела Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Лiтаратура i мастацтва»: — Не ўсе пiсьменнiкi хочуць супрацоўнiчаць з холдынгам. Вельмi ахвотна падыходзiце да сiтуацыi, калi холдынг ухваляе цi рэкламуе вашы творы, а самi творы, матэрыялы некаторыя аўтары не хочуць даваць. Я прыкладваю столькi намаганняў, але часта не атрымлiваецца... Спрэчкi, палемiка, дыскусii — без гэтага, мабыць, немагчыма ўявiць зацiкаўленую размову за «круглым сталом». Але ўсе былi аднадушнымi: сучасная беларуская лiтаратура жыве i развiваецца. I крытэрый адбору ў лiтаратуры павiнен быць нязменным: творы i талент.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Сучасная беларуская лiтаратура: жыццёвыя i творчыя праблемы» — «круглы стол» на гэту тэму прайшоў учора ў Грамадскiм прэс-цэнтры Дома прэсы
|
|