21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жанчына, якая ўсмiхаецца толькi вуснамi...

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ала МАЧАЛАВА

Аўтобус вось-вось адправiцца, пасажыры, як водзiцца, мiтусяцца: адны спяшаюцца сесцi, другiя — больш зручна ўладкавацца на ўжо занятым месцы, трэцiя — усё яшчэ тоўпяцца ля ўваходу. У агульнай мiтуснi мала хто звярнуў увагу, калi да вадзiцеля падышоў нязграбны мужычок, якi церабiў у руках паперку i нешта мямлiў, апусцiўшы галаву. Ледзь чутныя былi ўрыўкi яго слоў: «...вось, толькi з бальнiцы выпiсалi...», «...мне б дадому, ды грошай няма...», i тут ён раптам падняў вочы i неяк жаласлiва, зусiм па-дзiцячы папрасiў: «Падвязiце мяне, калi ласка». Вадзiцель адмовiў, але небарака працягваў упрошваць, усё менш спадзеючыся на цуд...«Я за яго заплачу!» — прагучаў жаночы голас.

Гэта было так нечакана, што ўсе азiрнулiся — цi то з-за цiкаўнасцi, цi то з-за павагi: што за незвычайная жанчына, якая ўзяла на сябе груз чужой праблемы? Яна ўсмiхнулася аднымi вуснамi (гэта не тая бесклапотная ўсмешка, ад якой увесь твар азараецца, а вочы гараць, гэта калi ўсмiхаюцца толькi вусны, а ў вачах — бясконцая журба) нейкай цьмянай усмешкай, як быццам перажыла нешта такое, аб чым многiя i не здагадваюцца...

Напэўна, чужая бяда не пакiдае абыякавым толькi таго, у каго ёсць свая... У гэтым учынку ўся яна — Вакiла Шэкла, бежанка з Афганiстана. Сэрца ў яе добрае, яно не агрубела ад перажытага болю, а наадварот, стала яшчэ больш чуйна адклiкацца на чужое няшчасце. Жыццярадасная, усмешлiвая, спагадлiвая жанчына, а вочы — сумныя, нiбы ў iх застылi слёзы...

— Нам з мужам i дзецьмi давялося ўцячы з Кабула ноччу, апранутымi ў тое, у чым спалi. Сабралося каля 20 сем’яў i мы паехалi ў Мазар-Шарыф, дзе прабылi тыдзень. Брат майго мужа жыў у Беларусi, ён да таго часу ўжо ажанiўся з беларускай дзяўчынай. Яны аформiлi нашай сям’i запрашэнне, i цераз Узбекiстан мы прыехалi ў Беларусь. Аднак кожную хвiлiну ў кожным месцы iншай краiны адчуваеш нешта, звязанае з домам: часам заплюшчыш вочы — i перанясешся далёка-далёка, туды, дзе радзiма. У Кабуле ў нас быў прыгожы двухпавярховы дом, на святы мы збiралiся ўсёй сям’ёй — вялiкай i вельмi дружнай. Апошнi раз я была ў Афганiстане 14 гадоў таму, але адчуваю сябе так, нiбы гэта было ўчора.

У 92-м у Афганiстане талiбы скiнулi рэжым Мухамада Наджыбулы, i краiна лiтаральна затрашчала па швох: варожыя групоўкi дзялiлi ўладу i тэрыторыю. Эпiцэнтрам баявых дзеянняў стаў Кабул, бо менавiта сталiца — ключ да ўсяго. Аб гэтым вядома з гiсторыi. Агульная канва падзей — нi для каго не сакрэт, а вось лёсы асобных людзей застаюцца невядомымi. Што перажылi яны? Як гэта — адчуваць смяротную небяспеку?

— Быў звычайны дзень, — успамiнае Вакiла. — Муж збiраўся ў магазiн, i дзецям надта хацелася пайсцi з iм. Памятаю, яны так доўга i так шчыра ўпрошвалi яго ўзяць iх з сабой... Азiз Ахмед пагадзiўся. Я засталася дома адна. Раптам побач з нашым домам прагрымеў выбух — на нейкi час стала цёмна, як ноччу. Я вельмi спужалася тады... Не за сябе — за родных. У той момант усе беглi дадому, каб схавацца, а я выскачыла на вулiцу ў чым была: босая, з непакрытай галавой. Мы размiнулiся: муж з сынамi вярнуўся дадому, зачынiў iх у пакоi i пайшоў шукаць мяне, а я спрабавала знайсцi iх... Жудасна. Калi мы сустрэлiся, то без слоў зразумелi адно аднаго: трэба ад’язджаць як мага хутчэй, бегчы адсюль, каб уратаваць дзяцей. У нас чатыры сыны: Амед, Рашэд, Умiд i Масуд. Самаму малому, Масуду, тады было 5 гадоў, а самаму старэйшаму, Амеду, — 13. Безумоўна, для кожнага чалавека той час, калi ён памрэ, вызначае Бог...

Дзякуй богу, не суджана было загiнуць тады сям’i Шэкла — наканавана было выжыць i прыехаць у Беларусь.

— Адзiны бар’ер для зносiнаў з беларусамi — моўны, — прызнаецца Вакiла, — бо амаль усе яны — прыязныя, мяккiя, памяркоўныя людзi. Нам было лягчэй, чым многiм iншым сем’ям, якiя прыехалi ў нiкуды: нашай сям’i дапамагаў брат майго мужа, акрамя таго тут жылi нашы знаёмыя — афганскiя дзяўчаты, якiя яшчэ да вайны атрымлiвалi тут адукацыю. Сыны вельмi хутка вывучылi мову. Увогуле асноўныя праблемы напачатку — жыллё i мова. Калi другую я сяк-так вырашыла (два гады наведвала курсы рускай мовы, арганiзаваныя Прадстаўнiцтвам Упраўлення Вярхоўнага камiсара па справах бежанцаў ААН у Рэспублiцы Беларусь i Беларускiм таварыствам Чырвонага Крыжа), то з жыллём па-ранейшаму цяжка: мы жывём у Лагойску, а на працу штодзень даводзiцца ездзiць у Мiнск, гэта адымае шмат часу i грошай (амаль 10 тысяч кожны дзень на усе пераезды). У Мiнску мы не здолелi атрымаць прапiску, гэта нават не ва ўсiх беларусаў атрымлiваецца, а вось у Лагойску нам на шасцярых выдзелiлi блок (два пакоi) у iнтэрнаце.

Муж Вакiлы не працуе — здароўе не дазваляе, яна адна забяспечвае сям’ю: за настаўнiцтва на валанцёрскай аснове атрымлiвае грашовую дапамогу праз Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (дапамога вызначаецца ў адпаведнасцi з колькасцю адпрацаваных гадзiн).

Сёння Вакiла Шэкла — памочнiк старшынi Мiжнароднага грамадскага аб’яднання «Афганская суполка, зямляцтва i бежанцы», старшыня Афганскага жаночага клуба, валанцёр-настаўнiк у школе № 136 i ў Цэнтры творчасцi дзяцей i моладзi «Эўрыка». У сябе на радзiме яна была дырэктарам школы — насуперак стэрэатыпу ўсходняй жанчыны — хатняй гаспадынi:

— У некаторых вёсках, там, дзе няма школ, жанчыны непiсьменныя i займаюцца толькi працай па дому, а ў сталiцы большасць дзяўчат вучыцца ва ўнiверсiтэтах, — тлумачыць Вакiла. — Праўда, не ўсiм адукаваным жанчынам iх мужы дазвалялi працаваць, мне муж дазволiў (усмiхаецца). У Азiза Ахмеда была вельмi iнтэлiгентная сям’я, яго бацька калiсьцi вучыўся ў Францыi. За выдатную працу мяне некалькi разоў узнагароджвалi, так я даслужылася да дырэктара. Трэба было ў 6 гадзiн ранiцы сыходзiць з дому i ў 6 гадзiн вечара вяртацца. Я жыла ў сям’i мужа i выхоўваць дзяцей дапамагалi яго мацi, бабуля, сястра. Калi сыны падраслi, мы сталi вадзiць iх у дзiцячы садок. Зараз я гляджу на iх i радуюся, што яны ўжо зусiм дарослыя. Многае ў iх — ад афганскiх хлопцаў, яны прытрымлiваюцца нашых звычаяў i традыцый (напрыклад, таго, што датычыцца павагi да старэйшых: недапушчальна непаслухацца бацьку, часам даводзiцца нават ахвяраваць сабой — так прынята ў нашай рэлiгii; гэтаму не пашкодзiла б павучыцца i нам, беларусам. — Заўв. аўт.), але... выраслi яны не ў Афганiстане, яны беларускiя мужчыны i сустракаюцца з беларускiмi дзяўчатамi, якiя называюць мяне мамай! У мяне няма дачок, таму асаблiва прыемна чуць слова «мама» ад дзяўчат, тым больш беларускiх!

Працаваць настаўнiцай у Беларусi Вакiла пачала ў 98-м, калi адкрылiся два класы ў Цэнтры творчасцi дзяцей i моладзi «Эўрыка», дзе афганскiя дзецi вывучалi родную мову (дары) i наведвалi гурткi. З цягам часу дзяцей станавiлася ўсё больш, i праз два гады з’явiлiся класы на базе 136-й школы. Тут Вакiла вучыць дзяцей мове, гiсторыi Афганiстана, геаграфii i бiялогii на дары.

— Гэта вельмi важна, таму што дзецi ўспрымальныя i нярэдка многiя з iх ведаюць рускую мову нават лепш за дары. Для таго, каб яны не забывалi родную мову, i праводзяцца гэтыя заняткi. Ёсць тры групы (малодшая — 8—10-гадовыя дзецi, сярэдняя — 10—12-гадовыя, старэйшая — 13—16- гадовыя), я выкладаю ў самых старэйшых. У першую змену яны вучацца ў звычайных класах, а з 13 гадзiн у iх яшчэ дадатковыя заняткi на дары. Часам беларускiя дзяўчаты, якiм падабаюцца хлопцы-афганцы, выказваюць жаданне вывучаць дары. Такiя вучанiцы засвойваюць усё вельмi хутка: лiтаральна за 10 заняткаў яны больш-менш авалодваюць гутарковымi навыкамi. Маўляў, цяпер разумеюць, аб чым iх хлопцы размаўляюць па тэлефону!

Для таго, каб настаўнiчаць, Вакiла праходзiла конкурсны адбор, прычым неаднаразова, i кожны раз пацвярджала свае прафесiйныя здольнасцi. Аднак яе грамадская актыўнасць не абмяжоўваецца выкладаннем дысцыплiн на дары — яна яшчэ займаецца арганiзатарскай дзейнасцю ў грамадскiм аб’яднаннi «Афганская суполка, зямляцтва i бежанцы» i ў Клубе афганскiх жанчын:

— У суполцы мы вырашаем сямейныя праблемы, ладзiм сумесныя святы. Для жанчын нашага клуба я нiбы другая мацi: жыву тут даўно, усе звяртаюцца да мяне па дапамогу, параду i я iм у гэтым не адмаўляю. Два разы на тыдзень мы сустракаемся — пагутарым, падзелiмся сваiмi праблемамi, на душы становiцца неяк лягчэй. Усяго нас там 40 жанчын. Мы шмат чаго робiм разам: разам знаёмiмся з Беларуссю, ездзiм на экскурсii, разам шыем! Калi для нашых жанчын арганiзавалi курсы шытва, нiхто з iх нават уяўлення аб гэтым не меў, а зараз, я гляджу, яны прыходзяць у абноўках, якiя сшылi самi!

Як бачыце, бежанцам патрэбна не так шмат: мiр, спакой i простыя жыццёвыя радасцi. Гасцiнная гаспадыня Вакiла любiць гатаваць, яе каронныя стравы — манты (нешта накшталт знаёмых нам пельменяў) i плоў.

— Час лечыць, калi жывеш на радзiме, — кажа Вакiла. — Я вельмi хачу дамоў, але дзецi не хочуць, iх жыццё — тут, а мая душа — там, у Афганiстане, дзе жыве мая родная сястрычка... Тут, у Беларусi, мы плануем будаваць кааператыўны дом, толькi не ведаю, праз колькi гадоў гэта атрымаецца, — працягвае яна, i нават пры гэтым у яе голасе не чуецца песiмiзму.

Цiкава, аднойчы гэта жанчына пакiнула радзiму дзеля дзяцей, а зараз дзеля iх жа застаецца на чужыне...

У Афганiстане па-ранейшаму небяспечна, улiчваючы антыталiбскiя ваенныя акцыi, якiя працягваюцца i сёння. Там пастаянна гiнуць людзi. А нядаўна ў Рызе на сустрэчы кiраўнiкоў дзяржаў НАТО было вырашана павялiчыць колькасць войскаў альянсу ў Афганiстане...

Не ад бесклапотнага жыцця людзi мяняюць прасторны двухпавярховы дом на двухпакаёвы блок ў iнтэрнаце, а пасаду дырэктара — на месца настаўнiка-валанцёра. Бежанцы — гэта людзi, якiя жывуць па-за часам i прасторай, у iх адабралi i тое, i другое: страцiўшы радзiму, яны жывуць успамiнамi i надзеяй вярнуцца ў краiну, якая ўжо нiколi не будзе ранейшай... Iм прыходзiцца нялёгка, але нягледзячы на гэта, яны, як бачыце, гатовы дапамагчы нам, а мы?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтобус вось-вось адправiцца, пасажыры, як водзiцца, мiтусяцца: адны спяшаюцца сесцi, другiя — больш зручна ўладкавацца на ўжо занятым месцы, трэцiя —
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика