21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вiртуальны «гарэм» для парсючкоў створаны ў Мiнскай вобласцi

26.08.2009 08:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзмiтрый АЛЬФЕР

Хатнiя гаспадынi, прафесiяналы кухарскай справы i ўсе аматары смачна паесцi, без сумненняў, паважаюць стравы, прыгатаваныя са свiнiны. На любым кiрмашы, у адпаведным аддзеле магазiнаў спрэчкi памiж свiнiнай i ялавiчынай пакупнiк часцей вырашаў на карысць першай. У традыцыйным беларускiм меню смажаны парсючок займае галоўнае месца на святочным стале.

Але размова пойдзе ўсё ж такi не зусiм пра кулiнарыю, хоць i яна таксама заслугоўвае ўвагi, таму што паўнавартаснае харчаванне чалавека — гэта залог i яго здароўя, i здароўя яго дзяцей. А тады, глядзiш, i з дэмаграфiчнай сiтуацыяй, якая пакрысе выпраўляецца, увогуле не ўзнiкне складанасцяў.

Але паразважаем лепш над эканамiчнымi пытаннямi. Добра наладжаныя гандлёвыя сувязi, напрыклад, памiж вытворцамi i закупшчыкамi канкурэнтаздольнай прадукцыi, продаж яе на ўнутраным i знешнiм рынках, забеспячэнне насельнiцтва якаснымi таварамi, стварэнне новых працоўных месцаў, i (неабходнае!) укараненне навукаёмiстых тэхналогiй новага тысячагоддзя, развiццё ўласнага iнтэлектуальнага рэсурсу — вось галоўныя крытэрыi поспеху любой галiны эканомiкi. З гэтымi складовымi i свiнiна на стале стане яшчэ больш смачнай.

Стоп. Прычым тут свiнiна? Ну, напэўна, год Кабана наступiў, вось i клiча карэспандэнта газеты кулiнарны шлях. Але не толькi ў гэтым справа. Магу з пачуццём глыбокага задавальнення паведамiць, што пабываў я, вы не паверыце, на вельмi важным, можна нават сказаць стратэгiчным аб’екце, на якiм вырашаюцца такiя жыццёва неабходныя пытаннi, як харчовая бяспека, прыцягненне мiльярдаў рублёў прыбытку, з’яўленне ўласнага навукова-даследчага комплексу. Аб’ект, якi даў новы подых галiне народнай гаспадаркi, якi па ўсiх мерках з’яўляецца, ў рэспублiцы адным з вядучых i галоўных сярод шэрагу iншых i пачатку работы якога, без сумненняў, чакалi вельмi даўно. I гэта не новы завод цi iншае буйное прадпрыемства. Наадварот, штат супрацоўнiкаў у iм не дасягае i трыццацi чалавек, i нават не яны галоўныя героi.

У гэтым матэрыяле дзеючай асобай выступае, як вы ўжо здагадалiся, свiння. А калi быць зусiм дакладным, то парсюк, альбо, як яго называюць, кныр. Днямi ў Нясвiжскiм раёне пачала працаваць племянная станцыя, дзейнасць якой будзе дапамагаць развядзенню i вырошчванню пагалоўя парсюкоў у вобласцi. Новая арганiзацыя, якая належыць РУСП «Мiнскае племпрадпрыемства», будзе гадаваць 200 кныроў. Але, канешне, не за проста так — парсючкi будуць выконваць, напэўна, адну з галоўных у прыродзе ганаровых задач. Што гэта за задача? Акрамя, вядома, «пасадзiць дрэва i пабудаваць дом» — парсючкi, хоць яны i сiмпатычныя, на такiя подзвiгi няздольныя. Застаецца апошняе — размнажацца. Дык вось, 200 кныроў у стане забяспечыць патрэбы для размнажэння, хоць i нязвыкла гэта гучыць, амаль усяго свiнога статку Мiншчыны. Патомства будзе з’яўляцца на свет шляхам штучнага апладнення. Натуральную прадукцыю з арганiзма кныроў, якая патрэбна для апладнення, работнiкi Нясвiжскай племстанцыi развязуць па ўсiх фермах i сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

— Штучным апладненнем ў Мiнскай вобласцi мы пачалi займацца яшчэ ў 1974 годзе, — узгадвае адзiн з аўтараў iдэi будаўнiцтва племянной станцыi, намеснiк старшынi Камiтэта эканомiкi Мiнскага аблвыканкама Кузьма Дзягiлеў. — Зараз, пры развiццi тэхналогiй i навукi, адкрыццё адпаведнага прадпрыемства ў Нясвiжы — гэта новы вiток у галiне свiнагадоўлi. Ды i не толькi ў ёй. Мы правялi маштабныя генетычныя даследаваннi, пасля якiх высветлiлi, што для таго, каб у нашай краiне i вобласцi жывёлаводства ўзнялося на прынцыпова новы ўзровень, трэба набываць пароды, якiя зараз у свеце з’яўляюцца лепшымi.

Таму ўжо зараз з далёкай Канады на сваю новую радзiму прыляцелi кныры трох самых перспектыўных на сёння парод. Праз некалькi гадоў у цэнтральнай вобласцi парсюкi будуць ужо не беларускага, а часткова замежнага паходжання.

— У краiне iснуе пакуль толькi адно аналагiчнае па ўзроўню i арганiзацыi работы прадпрыемства. Таму можна лiчыць, што мы першапраходцы. З адкрыццём станцыi ў раёне з’явiлiся новыя працоўныя месцы. Усе нашы спецыялiсты самай высокай квалiфiкацыi, — кажа Марыя Федаранчык, начальнiк племяннога аддзела РУСП «Мiнскае племпрадпрыемства». — Зараз мы ўжо ўзялi на работу 18 чалавек. Усе заатэхнiкi, ветэрынары, работнiкi лабараторыi маюць вышэйшую адукацыю. Таму я ўпэўнена, што замежныя «госцi» будуць адчуваць сябе выдатна.

Безумоўна, «канадцам» на беларускай зямлi спадабаецца. Умовы iх пражывання i ўтрымання лепшыя за пяцiзоркавы гатэль. Асноўную частку свайго жыцця пачынальнiкi новага беларускага статка будуць праводзiць у дзвюх залах, у асобных памяшканнях — адзiночных «нумарах» з усiмi магчымымi i нават немагчымымi выгодамi. За кнырамi будуць сачыць iндывiдуальна, камп’ютарная праграма кожны дзень складае для кожнага, у залежнасцi ад узросту i параметраў, рацыён. Сучасная сiстэма высвятляе ўсе зоаветэрынарныя параметры стану здароўя адразу ж у вальеры. Корм падаецца па спецыяльным трубаправодзе ў кожны «нумар» паасобку. А на столi ўсталявана сiстэма кандыцыянераў, якая трымае пэўную тэмпературу i рэжым вiльгацi. Але самы вялiкi гонар для работнiкаў — лабараторыя. У ёй даследуецца якасны i колькасны састаў прадукцыi, якую атрымлiваюць для штучнага апладнення. Па жаданню заказчыкаў германскае абсталяванне можа нават вызначыць, хто канкрэтна з 200 «мужчын» стаў бацькам для пэўнага патомства. I нават калi бiялагiчны прадукт будзе не той якасцi, якая трэба, персанал лабараторыi высветлiць прычыну «недабраякаснага тавару». Кожная з жывёл пазначаецца ў электроннай базе даных, i з гэтага часу знаходзiцца пад пiльным наглядам камп’ютара i чалавека. Пасля таго, як лабараторыя ажыццяўляе «тэхнiчны кантроль» прадукту, ён запакоўваецца ў вадкiм выглядзе ў пластыкавыя флаконы i дастаўляецца на чатырох машынах да заказчыка. Адзiн флакон — адна доза. Можна вызначыць нават вытворчую магутнасць станцыi — 250000-260000 дозаў у год.

— Новае прадпрыемства дазволiць атрымаць дадатковы прыбытак у 19 мiльярдаў рублёў. Укараненне новай пароды дазволiць вырошчваць парсючкоў, якiя найлепш адпавядаюць стандартам мясной прадукцыi i густам спажыўца. Акрамя таго, да апошняга часу гаспадаркi вобласцi трымалi для патрэбаў памнажэння сваiх статкаў больш за дзве тысячы кныроў. Работа новай племстанцыi дазволiць адмовiцца ад «паслуг» гэтых парсюкоў, што зэканомiць 2 мiльярды рублёў. Дзякуючы селекцыйнай рабоце i генетычнаму ўкараненню замежнай пароды адна свiнаматка будзе даваць большы прыплод, — расказаў дырэктар РУСП «Мiнскае племпрадпрыемства» Васiль Казакевiч. — Селекцыйная работа прынясе i iншыя станоўчыя вынiкi — калi зараз прыбаўка вагi ў нованароджанага парсючка за суткi складае каля 600 грамаў, то новая парода дазволiць атрымлiваць за суткi да аднаго кiлаграма прывагi i больш.

Будаўнiцтва бiялагiчнага прадпрыемства каштавала больш за 8 мiльярдаў рублёў. Яно было ўзведзена за кароткi час — за 15 месяцаў, спецыялiстамi «Салiгорскпрамбуда». Паводле падлiкаў, усе выдаткi на ўзвядзенне павiнны хутка акупіцца. Як падкрэслiў старшыня Мiнскага аблвыканкама Мiкалай Дамашкевiч, з’яўленне станцыi даказвае, што цэнтральны рэгiён краiны пераходзiць на новую ступень аграпрамысловай вытворчасцi:

— Час змянiўся, i сёння людзям патрабуецца ўжо iншая, чым два дзесяцiгоддзi таму, якасць прадукцыi. Зараз свiнiна ўжо не павiнна ўтрымлiваць шмат тлушчу i сала, iнакш пакупнiк адмовiцца яе набываць. Менавiта таму мы ўзвялi племянную станцыю — каб задаволiць патрабаваннi людзей у якасным тавары. I не толькi на ўнутраным рынку. З’яўленне прадпрыемства адчыняе нам дзверы на знешнi рынак — мы дасягнем сусветных стандартаў i параметраў, якiя прынятыя ў адносiнах да мясной прадукцыi. Дарэчы, гэта адна з неабходных умоў для ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю, для заваёвы еўрапейскiх рынкаў. Паведамляю, што новая эра жывёлагадоўлi пачалася. I гэта — толькi адзiн з рэзерваў для прыцягнення Мiншчынай прыбыткаў. Мы працягнем асвойваць новыя накiрункi эканомiкi. Прынамсi, мяркуем стварыць на базе нясвiжскай станцыi навукова-вучэбны цэнтр. Ужо ёсць планы па ўзвядзенню каля прадпрыемства невялiкай гасцiнiцы i катэджаў для тых, хто будзе прыязджаць, каб пераняць вопыт.

Зараз у Мiнскай вобласцi больш за 60 тысяч свiнак, якiя могуць даць патомства. Кожнаму канадскаму шчаслiўцу дасталася па 330 «жонак». Нават вiртуальна, на адлегласцi, нават калi яны нiколi не ўбачацца, але ўсё ж гарэм у канадска-беларускiх парсючкоў вялiкi. Хутка нашым гаспадыням не трэба будзе прыдзiрлiва выбiраць на кiрмашы свiнiну — каб было ў ёй менш тлушчу. Якi, дарэчы, на сасуды адмоўна дзейнiчае. Вось такая атрымлiваецца эканомiка. Ад Канады i да кожнага беларускага стала — праз Нясвiжскi раён.

Нясвiжскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хатнiя гаспадынi, прафесiяналы кухарскай справы i ўсе аматары смачна паесцi, без сумненняў, паважаюць стравы, прыгатаваныя са свiнiны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика