21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Навучыцца ўсяму дапамогуць у гуртку!

26.08.2009 08:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ала МАЧАЛАВА

САКРЭТ ПРОСТЫ — ГУРТОК!

Людзям, якiя прагнуць ведаў, у наша шпаркае стагоддзе недастаткова адной толькi вышэйшай адукацыi — сёння ледзь не кожны другi малады чалавек iмкнецца атрымаць дадатковую адукацыю. Выдатна, аднак у жыццi занадта шмат цiкавых сфер, вартых вывучэння... Не паступаць жа ва ўнiверсiтэт кожны раз! Нi часу, нi грошай не назапасiш, а развiвацца хочацца... Можна наведваць курсы, аднак гэта таксама вымагае фiнансавых выдаткаў ды i камунiкацыя аднабаковая: выкладчык — слухач. Цудоўна было б, калi б заняткi праходзiлi ў групе ў форме гутаркi ўдзельнiкаў, атмасфера была б вольнай, натуральнай, а навучанне — бясплатным. А яшчэ больш цудоўна, што ў беларусаў ёсць магчымасць атрымлiваць такую адукацыю, прычым не толькi ў жыхароў сталiцы — вучыцца такiм чынам можна ў Гомелi, Гродне, Заслаўi. Што ж гэта за навучальныя ўстановы, якiя сумяшчаюць усе гэтыя патрабаваннi? Не школы, не ВНУ... гурткi (не блытаць з савецкiмi гурткамi тыпу кройкi i шытва)! Толькi гурткi не звычайныя, а ...

Незвычайнасць першая — адсутнасць настаўнiка. Не хвалюйцеся, у гуртка ёсць лiдар, аднак гэта не азначае, что працэс атрымання iнфармацыi будзе аднанакiрункавы i дагматычны. Лiдар гуртка не выконвае ролю традыцыйнага педагога-кiраўнiка: ён каардынуе працу групы i прыслухоўваецца да ўсiх. Кожны ўдзельнiк даведваецца пра нешта новае i дзелiцца сваiм вопытам з астатнiмi — гэта ж група аднадумцаў, якiя паважаюць адзiн аднаго i цiкавяцца адным i тым жа..

Незвычайнасць другая — нефармальная, сяброўская атмасфера, гутарка адбываецца за чаем/кавай i... круглым сталом.

Незвычайнасць трэцяя — вучэбныя матэрыялы, план заняткаў ствараюцца самiмi ўдзельнiкамi гуртка: на першым занятку адбываецца знаёмства, вызначэнне з тым, пра што хацелася б даведацца.

Незвычайнасць чацвёртая — лiчбавая: 8—10 рэгулярных сустрэч (па адзiн-два разы на тыдзень), 8—15 удзельнiкаў. З меншай колькасцю ўдзельнiкаў дыскусii можа не атрымацца, а калi iх будзе звыш 15, не кожны зможа выказацца ды i памяшканне такое адшукаць нялёгка.

Незвычайнасць пятая —удзельнiкi гурткоў — не пасiўныя слухачы, а сапраўдныя ўдзельнiкi, таму гэта адукацыя выключна для дарослых.

ШВЕДСКАЯ IДЭЯ НА БЕЛАРУСКАЙ ГЛЕБЕ

Iдэю мы пазычылi ў скандынаўскiх краiнах, у прыватнасцi, у Швецыi, дзе першыя гурткi з’явiлiся больш за паўтара стагоддзя таму. Нефармальная адукацыя там вельмi папулярная: пад эгiдай адной толькi «Studieforbundet Vuxenskolan» (арганiзацыi, з якой супрацоўнiчаюць беларускiя грамадскiя аб’яднаннi) працуе звыш 60 тысяч гурткоў, у якiх можна вывучаць практычна любую тэму. Амаль кожны дарослы швед заняты ў некалькiх гуртках. Шведы лiчаць, што менавiта функцыянаванне гурткоў дазволiла iм справiцца з многiмi праблемамi ў грамадстве i наблiзiцца да таго становiшча, якое iх радзiма займае ў Еўропе сёння.

Гадоў пяць таму ў рамках сумеснага праекта «Школа трэнераў» прадстаўнiкi шведскай арганiзацыi правялi для беларусаў майстар-клас па навучальных гуртках. Iнiцыятыву падхапiлi сацыяльна-педагагiчнае грамадскае аб’яднанне «Чазенiя» (Заслаўе), «Сацыяльныя праекты» (з Гомеля), Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВIТ», адукацыйны цэнтр «ПОСТ» i i ншыя. Пакрысе 16 аўтаномных грамадскiх аб’яднанняў утварылi нефармальную сетку арганiзацый грамадзянскай адукацыi (АГА). Дзейнасць iх вiзуалiзавана на сайце www.adukatar.net i ў спецыялiзаваным часопiсе «Адукатар». Большасць арганiзацый — удзельнiц АГА праводзiць або мае ў планах правядзенне навучальных гурткоў. Усе арганiзацыi рознага профiлю, адпаведна з гэтым вызначаецца i кола тэм, па якiх працуюць гурткi: так, грамадскае аб’яднанне «Экадом» спецыялiзуецца на гуртках па экалагiчнай тэматыцы, «Пост» — па адукацыйнай, аб’яднанне «ВIТ» вядомае сваiмi прававымi школамi.

За пяць гадоў у Беларусi было праведзена прыблiзна 350 гурткоў па самых розных тэматыках, падрыхтавана каля 250 новых лiдараў. Першы фестываль нефармальнай адукцыi прайшоў у вераснi мiнулага года — з’ехалася каля 150 удзельнiкаў з усёй краiны. Запрасiлi i карыфеяў — прадстаўнiкоў шведскай арганiзацыi. Сустрэчы кiраўнiкоў беларускiх гурткоў ладзяцца рэгулярна, падчас iх лiдары абменьваюцца адзiн з адным сваiм вопытам.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Якi ён — вопыт беларускiх гурткоў? Паслухаем Алену Вялiчка — трэнера адукацыйнага цэнтра «ПОСТ» i каардынатара Рэсурснай праграмы навучальных гурткоў АГА, што аказвае метадычную i арганiзацыйную дапамогу ў правядзеннi гурткоў.

— У самым пачатку былi досыць разнастайныя гурткi: пачынаючы з фэн-шуй i заканчваючы вязаннем. Паступова мы прыйшлi да высновы, што кола тэм варта звузiць — гэта зробiць магчымым абмен вопытам ды i метадычнымi матэрыяламi памiж лiдарамi. На сёння мы спецыялiзуемся на гуртках, звязаных з вывучэннем культуры краiны ў шырокiм плане — культуры ўзаемаадносiнаў (памiж мужчынай i жанчынай, памiж бацькамi i дзецьмi), культуры харчавання, культуры горада, — варта вывучаць яе i прадумваць шляхi паляпшэння. Нашы гурткi скiраваны не столькi на атрыманне фiзiчных навыкаў, колькi на развiццё асобы, дыскусiю, павышэнне культурнага ўзроўню ўдзельнiкаў, тым самым мы iмкнёмся парушыць стэрэатып, паводле якога на гуртках вучаць выключна маляваць, вышываць цi плесцi з саломкi.

НАВОШТА НАМ ГУРТКI?

— Чым больш у грамадстве такiх суполак (тых, хто цiкавiцца капаэйрай або гарбатай, — няважна, галоўнае, каб гэтых людзей ядналi агульныя iнтарэсы i стасункi на iх аснове), тым яно мацнейшае, — даводзiць Алена Вялiчка. — Людзi, якiя маюць вопыт навучання ў гуртках, становяцца больш актыўнымi, нераўнадушнымi да таго, што адбываецца вакол iх — ва ўласным доме, горадзе. У нас ёсць вельмi цiкавы, аўтарскi гурток «Сакваяж, альбо Казкi горада»: яго ўдзельнiкам трэба сабраць па аднаму слову ад 7 чалавек, якiх яны напаткаюць у горадзе i ўпадабаюць. З прапанаваных варыянтаў трэба скласцi цiкавую казку, каб потым зачытаць усе iх на гуртку i вызначыць самую чароўную, адметную i незвычайную. «Аўтары» слоў — таксама запрашаюцца. Гэта спрыяе i камунiкацыi, i стварэнню нейкага асаблiвага гардскога духу. Ёсць задума яшчэ аднаго «гарадскога» гуртка пад рабочай назвай «Мясцiны не для турыстаў». Кожны з нас без асаблiвых цяжкасцяў назаве выдатныя мясцiны горада, якiя традыцыйна наведваюць замежныя госцi. А колькi няходжаных сцяжынак, нябачаных прыгажосцяў схавалася ў горадзе, па якiх варта прайсцi, якiмi так хочацца палюбавацца! Цудоўна было б наладзiць такую эксклюзiўную экскурсiю. Да таго ж, для многiх людзей гурткi банальна вырашаюць праблему вольнага часу.

«МОЦНАСЦI» I «СЛАБАСЦI» НЕФАРМАЛЬНАЙ АДУКАЦЫI

нефармальная адукацыя бясплатная, шведы называюць яе народнай, тым самым падкрэслiваюць яе агульнадаступнасць (адзiнае, на што трацяцца ўдзельнiкi — гарбата, кава i матэрыялы для гуртка);

 гурткоўцы вучацца выказваць свае думкi, прызвычайваюцца да iншых формаў зносiнаў;

 не менш важны навык — умець не толькi хораша гаварыць самому, але i ўважлiва выслухваць iншых, знаходзiць кампрамiс;

 гурток стымулюе ўменне прымаць рашэннi, браць на сябе адказнасць, удзельнiкi разумеюць: калi я не зраблю свой уклад, гурток ад гэтага прайграе;

 веды засвойваюцца незвычайным чынам, без механiчнага вызубрывання, у актыўнай форме;

 вельмi гiбкi падыход: карэкцiвы ўносяцца на працягу ўсяго курса — удзельнiкi могуць выказваць свае меркаваннi i пажаданнi.

— Тут двухбаковая карысць: лiдар вучыцца працаваць з групай, а кожны ўдзельнiк вучыцца выказваць свае думкi i браць на сябе абавязкi лiдара на адным з заняткаў гуртка, — кажа Алена. — Гэта надзвычай багаты i карысны навык, якому не навучаць нi на адным семiнары цi трэнiнгу. Лiдары прызнаюцца, што iм гэта вельмi шмат дае для асабiстага развiцця, маўляў, пакуль вучыш iншых, сам лепш разумееш (як у тым анекдоце), тут нiбы ўсе вучаць усiх;

 цеснае ўзаемадзеянне з групай, сувязь не «тэма — чалавек», а «тэма — група — чалавек», веды групы сумуюцца i эфект атрымлiваецца большы.

— Для выкладчыкаў гурток — гэта выдатная магчымасць павысiць квалiфiкацыю, — зазначае Алена, — памятаю, у нас быў гурток па вывучэнню беларускай мовы, лiдары праводзiлi яго на сваёй кафедры разам з супрацоўнiкамi суседняй. Да той пары знаёмства iх было шапачным, а на гуртку яны пазнаёмiлiся блiжэй i сапраўды згуртавалiся. У практыцы нашай арганізацыi ёсць некалькi прыкладаў, калi студэнты, што праводзiлi гурткi на базе сваiх унiверсiтэцкiх груп, сталi сапраўднай камандай, калектывам. Нават добра знаёмых табе людзей на гуртку можна ўбачыць з зусiм iншага, нязвыклага боку.

У чым жа слабасць?

— патрэбны час, перш чым людзi навучацца прымаць адказнасць, раскрывацца ў стасунках з iншымi, незнаёмымi людзьмi;

— часта людзi думаюць, што калi гэта добраахвотна i бясплатна, яны могуць хадзiць цераз раз — як уздумаецца — такое стаўленне не дысцыплiнуе i не спрыяе эфектыўнасцi гуртка;

— тое, у якiм рэчышчы будзе працаваць група, у многiм залежыць ад лiдара, а ў яго можа аказацца недастаткова вопыту працы з групай.

Сама Алена не толькi вядзе ўласныя гурткi, але i наведвае чужыя, у прыватнасцi, зараз яна займаецца... вулiчнай iмправiзацыяй.

— Гэта гурток з тэатральным ухiлам, — расказвае Алена, — спроба працаваць з тымi ж тэмамi «мужчына i жанчына», «бацькi — дзецi» толькi праз тэатр. Проста на вулiцы разыгрываюцца нейкiя сiтуацыi, удзельнiку гуртка даецца пэўная роля, напрыклад iншаземкi, ты падыходзiш да мужчыны, а потым да жанчыны, твая сцэнка будзе аднолькавая для абодвух, а вось iх рэакцыя — рознай. Наша задача — прааналiзаваць адрозненнi. Аналагiчнае робiцца з людзьмi пажылога ўзросту i моладдзю. Мы разглядаем ролевыя стэрэатыпы. Лiдар гуртка, Саша, — рэжысёр студэнцкага тэатра, ён будзе даваць нам практыкаваннi, дапамагаць ужыцца ў ролю, мы атрымаем азы акцёрскага майстэрства. Ён валодае рэжысурай, але вулiчная iмправiзацыя для яго нешта новае: гурток — гэта эксперыментальная пляцоўка i для ўдзельнiкаў, i для лiдара.

У якасцi лiдара Алена ўдзельнiчае ў гуртках па чайнай цырымонii (Алена, мiж iншым, майстра чайнай цырымонii, гэтаму яна навучылася ў Маскве) i жаночаму лiдарству.

— Жаночы гурток нас з удзельнiцамi вельмi натхняе, — прызнаецца Алена. — Мы адчуваем, як развiваемся, ды не ў адзiночку, а разам. Аб’ядноўвае маiх удзельнiц толькi адно — унутраны пошук, а ўзросты ва ўсiх розныя — ад 20 да 60, сярод iх ёсць беспрацоўныя i бiзнэс-лэдзi. Ёсць дзiўнае адчуванне, што ўсе яны — адно цэлае, нам удалося аб’яднаць мудрасць, вопыт i маладосць, свежасць. Гэта неверагоднае спалучэнне.

УДЗЕЛЬНIКI ГУРТКА

— Для лiдара самае важнае — мець хоць бы невялiкi вопыт працы з групай i гарэць нейкай iдэяй, — тлумачыць Алена. — У яго/яе павiнна быць не матэрыяльная, а маральная матывацыя — калi цiкава самiм разабрацца ў той цi iншай тэме, паэксперыментаваць, пашукаць адказы сумесна з аднадумцамi. Гэта вымагае наяўнасцi ў лiдара пэўных мэтаў, каштоўнасцяў. Яны не прагнуць лёгкага заробку i працуюць па тых тэмах, што цiкавяць iх самiх.

Як расшавялiць гурткоўцаў?

— Тут дапаможа цiкавая iнфармацыя i прыклад — асабiсты вопыт i ўласная адкрытасць, трэба ствараць нестандартныя сiтуацыi — танец, творчасць, гульнi — гэта вельмi натхняе людзей, яны раскрываюцца самi, — раiць Алена Вялiчка. — Разняволiць удзельнiкаў дазваляюць разнастайныя нестандартныя творчыя заданнi, напрыклад такое: кожнаму ўдзельнiку даецца мноства малюнкаў, з iх трэба адабраць патрэбныя, зрабiць калаж на адпаведную тэму i лiтаральна за хвiлiнку прэзентаваць астатнiм удзельнiкам. Людзi праяўляюцца ў такiх заданнях, атрымлiваецца цiкавая i займальная самапрэзентацыя. Мне вельмi дапамагае мой трэнерскi i выкладчыцкi вопыт, — дадае Алена, — але таксама я бяру нейкiя тэхнiкi з танцавальна-рухальнай тэрапii, якою захапляюся. Можна маляваць разам, ляпiць — на чайным гуртку, напрыклад, па меры вывучэння iнструментаў для чайнай цырымонii, мы лепiм iх з глiны. Наогул у гуртку ўсталёўваюцца прыязныя, добразычлiвыя адносiны, людзi сядзяць на кругу, п’юць гарбату — гэта расслабляе, яднае.

ПРАГРАМА ГУРТКА

Навучанне ў гуртковай форме прадугледжвае 10 сустрэч (прыблiзна па 1 на тыдзень) на працягу некалькiх месяцаў. У структуры абавязкова павiнны быць уступ i заключэнне. Кожная сустрэча доўжыцца па 2 —3 гадзiны. Менш — недастаткова, толькi пачнеш, а тут i заканчваць трэба. А больш... ва ўсiх ёсць сем’i, больш працяглыя заняткi адрывалi б ад сям’i. Аптымальная колькасць удзельнiкаў — 10, галоўнае, каб не менш за 8 чалавек i не больш за 15: тады ўсе змогуць выказацца, на ўсiх хопiць часу, ды i памяшканне знайсцi не так складана, як на 20—30 чалавек.

Абавязковая наяўнасць структуры, плана, сiстэмы. На ўступыным занятку план абмяркоўваецца ўсiмi ўдзельнiкамi, прымаюцца тыя палажэннi, якiя задавальняюць усiх.

Наколькi эфектыўныя такiя заняткi?

— Пакуль даследаваннi эфектыўнасцi мы не праводзiлi, — зазначае Алена, — хоць такое ёсць у планах i гэта было б выдатна. На сёння галоўны паказчык эфектыўнасцi — гэта калi людзi кажуць «мы хочам яшчэ» i калi з’яўляюцца новыя гурткi, яны гатовы ўдзельнiчаць.

ЗНАЙСЦI СВАЮ ЗГРАЮ

— Знайсцi сваю зграю, — кажа Алена Вялiчка, — вось, пэўна, самае важнае з таго, што даюць гурткi. Iх наведвальнiкi знаходзяць людзей з аднолькавымi iнтарэсамi, аб’ядноўваюцца — i адчуваюць сваю зграю, а для многiх гэта вельмi важна ў плане маральнай падтрымкi.

* * *

Час бяжыць, ляцiць, i мы за iм не паспяваем. Тэхналогii камунiкацыi iнтэнсiўна развiваюцца, а чалавечыя стасункi становяцца апасродкаванымi. У гэткiх умовах такiя астраўкi «чалавечнасцi», як гурткi, заслугоўваюць нашай увагi.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзям, якiя прагнуць ведаў, у наша шпаркае стагоддзе недастаткова адной толькi вышэйшай адукацыi — сёння ледзь не кожны другi малады чалавек iмкнецца
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика