21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Правiлы жыцця пасля аварыі

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Урокi радыяцыйнай бяспекi даюць дзецям i дарослым у Васькавiцкай сельскай школе Слаўгарадскага раёна

Вучэбна-кансультацыйны цэнтр па радыеэкалогii i радыяцыйнай бяспецы быў адкрыты ў Васькавiцкай школе восенню 2005 года. Ён быў створаны пры садзейнiчаннi праграмы ААН «Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi».

Найпершая мэта цэнтра — гэта навучанне дзяцей навыкам радыяцыйнай бяспекi. У вясковай школе займаюцца не толькi мясцовыя вучнi: правiлы бяспечнага жыцця ў раёне, якi моцна пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы, вывучаюць дзецi i з раённага цэнтра.

— Мы таксама прапагандуем радыяцыйную бяспеку сярод мясцовых жыхароў, — працягвае дырэктар Васькавiцкай школы Васiль Рыжкоў. — У нас тут усталяваны спецыяльныя прыборы, якiя дазваляюць вымяраць узровень радыяцыi ў розных харчах i дарах лесу. Людзi прыходзяць да нас праверыць на ўтрыманне радыенуклiдаў малако i мяса, а таксама i дары лесу.

У цэнтры праходзяць метадычную падрыхтоўку i настаўнiкi Слаўгарадскага раёна пад кiраўнiцтвам кафедры хiмii Белдзяржунiверсiтэта. Радыеэкалогiю i асновы бяспечнай жыццядзейнасцi на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях павiнны ведаць настаўнiкi асноў бяспекi жыцця, пачатковых класаў, хiмii, бiялогii i фiзiкi.

«ХОПIЦЬ АДСЯЛЕННЯЎ, ТРЭБА ВУЧЫЦЦА ЖЫЦЬ ТУТ»

Цэнтр радыяцыйнай бяспекi — гэта звычайны класны пакой, якi адрознiваецца ад iншых найперш сваiм тэхнiчным абсталяваннем. Настаўнiк Вiктар Гарэлiкаў паказвае радыеметр — унiкальны прыбор, якi вызначае ўзровень радыяцыi ў любых прадуктах. Дзецi ходзяць на вулiцу з дазiметрамi: iх вучаць карыстацца гэтымi прыборамi i разбiрацца ў камп’ютарнай апрацоўцы атрыманых даных. А з дапамогай сучаснага сепаратара, якi з малака робiць масла, вучням паказваюць, што пры перапрацоўцы харчоў узровень радыяцыi ў iх памяншаецца.

Метадычная лiтаратура ў шафах прысвечана, у прынцыпе, адной тэме: «Што такое радыяцыя?», «Жыццё на забруджаных тэрыторыях», «Як весцi гаспадарку», «Пра што трэба памятаць пры зборы грыбоў i ягад» i гэтак далей.

— Перыяд адсялення мы ўжо прайшлi, цяпер трэба вучыцца жыць на гэтых тэрыторыях, — каментуе Васiль Рыжкоў. — Адсяленне цяжка далося нашым людзям. I хто гэтага не перажыў, той, прабачце, i не зразумее. А я перажыў...

Назва роднай вёскi Васiля Пятровiча засталася толькi на каменi ў Слаўгарадзе — на Памятнай алеi пахаваных вёсак, якiя пацярпелi ад чарнобыльскай катастрофы. У Старынцы было да 40 кюры, вёску адсялiлi i закапалi. «А бацькi мае дасюль плачуць у пасёлку для перасяленцаў», — з горыччу гаворыць дырэктар.

Васiлю Пятровiчу ў год чарнобыльскай аварыi было толькi 29 гадоў. З 1 красавiка 1986 года ён стаў працаваць дырэктарам школы ў Старынцы i, як цяпер кажа, «хапiў лiха спаўна i не хутка на ўсё гэта забудзецца».

— Можа, усё трэба было рабiць не так? — гаворыць Васiль Пятровiч, хоць i разумее, што час назад не павярнуць. — Тады насiлiся, тузалiся ва ўсе бакi, а плёну так i не было... Можа, трэба было пакласцi ладны слой асфальту, каб людзi не глыталi радыяцыйны пыл. I даць iм навыкi радыяцыйнай бяспекi, якiя мы цяпер даём нашым дзецям.

Дарэчы, праект цэнтра радыяцыйнай бяспекi ў Васькавiцкай школе разлiчваўся толькi на тры гады. Аднак заняткi там аказалiся настолькi патрэбнай справай i для дзяцей, i для дарослых, што вырашана праект прадоўжыць. I больш за тое, гавораць, што хутка ў Слаўгарадскiм раёне адкрыецца яшчэ адзiн падобны цэнтр.

ДЗЕЦI ПОСТЧАРНОБЫЛЬСКIХ ЧАСОЎ

На ўроку радыяцыйнай бяспекi — вучнi 7 класа. Iм расказваюць пра крынiцы радыяцыйнага выпраменьвання ў навакольным асяроддзi, пра натуральную i штучную радыяцыю. Пра тое, як радыенуклiды з глебы праз раслiны трапляюць у ежу — хлеб, малако i мяса. I больш падрабязна з дапамогай маляўнiчых плакатаў — пра дары лесу. Напрыклад, польскiя грыбы, махавiкi i маслякi з’яўляюцца акумулятарамi радыяцэзiю i есцi iх небяспечна. Грыбы, якiя часцей за ўсё збiраюць у лясах Слаўгарадчыны — гэта белыя, падбярозавiкi i падасiнавiкi — назапашваюць радыенуклiды сярэдне, i трэба iх абавязкова правяраць перад ужываннем. А смела можна есцi розныя апенькi, лiсiчкi i парасонiкi.

— Мае бацькi грыбы правяраюць, — запэўнiвае Алена Ляўковiч з Церахоўкi. — I ягады таксама. Канешне, паводле правiлаў, лепш за ўсё есцi сунiцы i малiны. А мне якраз больш смачныя тыя, якiя бяруць з зямлi шмат радыяцыi: журавiны, чарнiцы, ажыны, бруснiцы, буякi. Але я ведаю, што гэта небяспечна. Ад радыяцыi можна моцна захварэць. Нас тут вучаць, як правiльна жыць i што есцi.

Сяргею Калiнiчэнку цяпер меней гадоў, чым на яго зямлi з’явiлася радыяцыя.

— Я ведаю, што быў вялiкi выбух i ад яго шмат зямлi было пашкоджана, — пераказвае 13-гадовы хлопчык. — I шмат людзей пераехалi адтуль, дзе была вялiкая радыяцыя. А ў нашым Зарэччы — сярэдняя. Так што нiчога, жыць можна. Калi ведаеш — як.

— Гэта была вельмi страшная катастрофа i шмат людзей заразiлiся ад радыяцыi, — нiбыта пераказвае фантастычны баявiк Саша Нiтаўскi. — Яна, канешне, не мае паху i колеру. Аднак калi вялiкая радыяцыя, то цяжка дыхаць i галава можа балець. Я думаю, што i далей для людзей яна будзе небяспечная.

— Мне падабаюцца ўрокi радыяцыйнай бяспекi за тое, што нам тлумачаць, як трэба берагчы сябе ва ўмовах радыяцыi, — дадае Сяргей. — Я, напрыклад, добра ведаю, што грыбы трэба гатаваць тры гадзiны, i бацькi мяне слухаюцца.

12-гадовая Люда Гарбачова пераехала разам з бацькамi з моцна забруджанага Сычына ў больш бяспечную Рудню. Асаблiва з гэтай нагоды не гаравала: дзяўчынцы было прасцей за бацькоў прыстасавацца да новага жыцця. Яна не вельмi любiць грыбы i ягады, але не забылася сказаць бацькам, каб часцей правяралi малако.

— Я, можа, усё ж застануся ў родных мясцiнах, — разважае сёння Люда. — I мне патрэбны практычныя веды, якiя дапамогуць у жыццi.

— Трэба ведаць, якiя харчы можна ўжываць, i часта правяраць здароўе ў медыкаў, — пераказвае правiлы Радыён Кавалёў. — Хоць я, калi вырасту, хутчэй за ўсё паеду адсюль у больш бяспечнае месца.

Калi выбухнуў Чарнобыль, бацькi гэтага хлопчыка i яго аднакласнiкаў былi не нашмат старэйшыя за iх: гадоў 16—17. Аднак яны сваiм дзецям расказваюць, пра падзею, якая змянiла лёсы тысяч людзей.

— Мне мамка расказала, што выбухнула станцыя i яна разышлася, гэта радыяцыя, — сказаў Саша Медвядкоў. — Таму i я цяпер езджу штогод на аздараўленне.

— Тады страшная бяда на Беларусь прыйшла, — працягвае Радыён. — Але перадалi пра яе толькi потым, а адразу нiхто нiчога не ведаў. А потым людзi сядзелi ў хатах i iм казалi нiкуды не выходзiць.

— А яшчэ казалi пiць ёдавыя таблеткi i выцiраць пыл з падваконняў, — кожны мае свае ўспамiны пра тыя днi.

«МАЯ РОДНАЯ ВЁСКА АМАЛЬ ПУСТАЯ...»

Насцi Флёрык — 13 гадоў, яна жыве ў Папоўцы. Яе бацька — перасяленец: яго роднай вёскi, дзе была моцная радыяцыя, ужо няма. Дзяўчынка перадае бацькам цiкавую iнфармацыю з урокаў радыяцыйнай бяспекi, i яны збiраюць толькi «правiльныя» грыбы.

Бабуля i мацi Насцi расказваюць дзяўчынцы пра Чарнобыль зрэдку — не хочуць кранаць балючую тэму. Але сама яна заўсёды памятае пра абмежаваннi, якiя наклала на яе жыццё радыяцыя.

«Дзецi Чарнобыля. Як шмат чаго нам нельга. А чаму? За што? Чым правiнiлiся нашы продкi, за што Бог пакараў нас? Колькi гадоў у зямлi будзе ляжаць цэзiй i стронцый? Колькi гадоў будуць прылятаць буслы ў адселеныя вёскi? Плача зямля Беларуская», — так напiсала Насця Флёрык у школьнай газеце.

Да чарговай чарнобыльскай гадавiны ў Васькавiцкай школе падрыхтавалi спецыяльны выпуск газеты «Натхненне», дзе вучнi i iх настаўнiк падзялiлiся сваiмi ўспамiнамi i думкамi пра Чарнобыль i яго наступствы.

Настаўнiца А. Цыганкова пiша пра лета i восень 1986 года: «Пачынаць навучальны год было цяжка. Мы баялiся радыяцыi, таму часта мылi рукi. Агароднiцтвам сталi займацца менш. Сяляне збывалi кароў, бо ўжываць малако было небяспечна. У лес наогул не заходзiлi. Многiя пачалi з’язджаць з родных мясцiн, i зразумець людзей можна...»

«Зараз мая родная вёска амаль пустая, — пiша пра Бязуевiчы вучанiца 9 класа Крысцiна Прыт. — На месцы былых дворышчаў стаяць вялiкiя прагалы, якiя павольна зарастаюць кустоўем. Калi тут яшчэ i жывуць людзi, то звычайна гэта старыя. А колькi яшчэ ёсць такiх вёсак на роднай зямлi?!»

Сямiкласнiк Павел Сукавенка калiсьцi вучыўся ў Бязуевiцкай сельскай школе.

— Спачатку ў нашым класе было 5 чалавек, а потым двое з’ехалi, i нас засталося толькi трое, — расказвае Паша. — Таму школу зачынiлi, i мы цяпер вучымся ў Васькавiцкай. Людзей, якiя бягуць ад радыяцыi, можна зразумець. Аднак я думаю, што i ў нас тут можна жыць — усё ж такi мы не ў тых страшных фiялетавых плямах, якiя ёсць на радыяцыйнай карце ў класе. Трэба толькi навучыцца правiлам жыцця.

ВЫЖЫЦЬ У РАДЫЯЦЫI I ЗАХАВАЦЬ ЗДАРОЎЕ

Вiктар Iванавiч Гарэлiкаў выкладае дзецям радыяцыйную бяспеку i вядзе радыялагiчны гурток.

— Я заўсёды кажу дзецям, што самае галоўнае ў нашым жыццi — гэта здароўе, — гаворыць настаўнiк. — I каб захаваць яго, жывучы ў нашых мясцiнах, трэба прытрымлiвацца хоць бы элементарных правiлаў гiгiены. Гэта значыць — дапамагчы самому сабе выжыць у гэтай сiтуацыi.

Сам настаўнiк — ураджэнец Слаўгарадчыны, i ў год трагедыi заканчваў педагагiчны iнстытут. 1 мая 1986 года разам з дзецьмi быў на дэманстрацыi ў раённым цэнтры.

— Тады яшчэ нiчога не ведалi, але многiя потым узгадвалi нейкiя непрыемныя адчуваннi, — расказвае Вiктар Iванавiч. — Што было цяжка дыхаць, людзi скардзiлiся на млявасць. Я гэта добра памятаю.

Настаўнiк лiчыць, што забыцца на радыяцыю, нават калi б i хацелася, людзям не дадуць хваробы: шмат дзяцей i маладых людзей маюць праблемы са шчытападобнай залозай. Ён лiчыць, што найбольш дасталася ад радыяцыi тым, каму ў 1986-м i ў наступныя гады было да 5 гадоў — дзецям, якiя былi каля забруджанай зямлi i гулялi на ёй.

— Канешне, лепш з гэтым разбiрацца навукоўцам, але я перакананы, што з цягам часу ўзровень радыяцыi змяншаецца, — гаворыць Гарэлiкаў. — Я мяркую, што праз адно пакаленне ўсё будзе нармальна. Мясцiны ў нас прыгожыя, i людзi будуць тут жыць. А пакуль крыўдна: едзеш i ўзгадваеш, што тут была прыгожая вёска, а цяпер усё роўненька i толькi старыя пладовыя дрэвы нагадваюць, што тут калiсьцi былi падворкi. Канешне, гэта сумна.

— На мой погляд, трэба ствараць для людзей нармальныя ўмовы жыцця, — лiчыць Васiль Рыжкоў. — Постчарнобыльскiя раёны, i наш Слаўгарадскi таксама, з прычыны радыяцыйнай забруджанасцi i эканамiчна больш слабыя. Хочацца, каб на нас не забывалiся i падтрымлiвалi.

Настаўнiкi мяркуюць, што хутка iх вучнi будуць успрымаць Чарнобыль як, напрыклад, Першую i Другую сусветныя войны — як нешта далёкае ў гiсторыi краiны. Але правiлы постчарнобыльскага жыцця, тым не менш, дзецi павiнны вывучыць, каб яны замацавалiся праз пакаленнi ў свядомасцi. Дарослыя мяркуюць, што дзяржава павiнна паклапацiцца пра здароўе дзяцей i, што не менш важна, даць iм магчымасць навучыцца прыстасавацца да жыцця ў радыяцыi.

Слаўгарадскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урокi радыяцыйнай бяспекi даюць дзецям i дарослым у Васькавiцкай сельскай школе Слаўгарадскага раёна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика