Вiртуальны архiў князёў Радзiвiлаў набыў «рэальныя абрысы»
Надзея НIКАЛАЕВА
Адразу дзве юбiлейныя даты збiраецца адзначыць сёлета беларуская архiўная служба: 85-годдзе з дня свайго заснавання i 80-годдзе Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь.
Летась дарэчы выйшла ў свет першая беларуская архiўная энцыклапедыя «Архiвiсты Беларусi», якая аб’яднала iнфармацыю пра ўсiх, хто рухаў наперад айчынную архiўную справу, пачынаючы з часоў Вялiкага княства Лiтоўскага. Аналагiчнымi выданнямi могуць пахвалiцца толькi Польшча i Украiна. Усяго ў беларускiх архiвах захоўваюцца на сёння 12 мiльёнаў дакументаў на папяровых носьбiтах, з iх 300 тысяч — асаблiва каштоўныя. Самы старажытны дакумент датаваны 1391 годам — гэта «Подтвердительный привилей князей Федора и Константина Корьятовичей пану Гринько на город Соколец. За верную службу». Паводле слоў дырэктара Дэпартамента па архiвах i справаводству Мiнiстэрства юстыцыi Уладзiмiра Адамушкi, усяго ў Беларусi дзейнiчаюць 6 рэспублiканскiх, 6 абласных, 16 занальных i 3 абласныя архiвы грамадскiх арганiзацый, а ў архiўную галiну ўваходзяць 162 падведамасныя арганiзацыi. Толькi за два апошнiя гады рэканструкцыя цi рамонт былi праведзеныя ў 18 архiвах. Аднак галоўная праблема заключаецца ў тым, што архiўная галiна пастаянна патрабуе выдзялення ёй новых памяшканняў. Напрыклад, у ведамасных архiвах зараз знаходзяцца 6 мiльёнаў адзiнак дакументаў, якiя таксама будуць перададзеныя ў дзяржаўныя архiвы. Сёння вельмi блiзкiя да свайго 100-працэнтнага запаўнення Беларускi дзяржаўны архiў навукова-тэхнiчнай дакументацыi i Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва, якiя размяшчаюцца ў прыстасаваных памяшканнях. А вось Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь хутка пераедзе ў новы будынак Нацыянальнай бiблiятэкi. — Усяго ў Нацыянальным архiве захоўваецца 960 тысяч дакументаў, якiя ахоплiваюць перыяд развiцця нашай краiны пачынаючы з 1917 года i да цяперашняга часу. На жаль, у гады Вялiкай Айчыннай вайны былi страчаны 700 тысяч адзiнак дакументаў, — паведамiў дырэктар архiва Вячаслаў Селяменеў. — Я лiчу нашым дасягненнем, што 99 працэнтаў усёй дакументацыi адкрыта для даследчыкаў i толькi 1 працэнт пакуль знаходзiцца на сакрэтным захоўваннi. Але хачу вас запэўнiць, што закрытыя для агульнага доступу дакументы не ўяўляюць навуковай каштоўнасцi. Проста яшчэ не прыйшоў час. Мы ў сваёй рабоце кiруемся Законам «Аб нацыянальным архiўным фондзе i архiвах у Рэспублiцы Беларусь», дзе ўстаноўлены 30-гадовы тэрмiн абмежавання доступу да дакументаў, што ўтрымлiваюць дзяржаўную тайну. Напрыклад, на сакрэтным захоўваннi ў нас зараз знаходзiцца дакументацыя дзеючых дзяржаўных устаноў, i яна не ўяўляе асаблiвай цiкавасцi. А вось у Расii апошнiм часам да рассакрэчвання архiўных дакументаў пачалi ставiцца ўсё больш жорстка... Другая, не менш актуальная для архiвiстаў праблема — гэта пошук даўгавечных сродкаў захавання архiўных дакументаў. Дарэчы, старажытныя дакументы захаваць, аказваецца, прасцей, чым сучасныя, паколькi папера на кiслотнай аснове захоўваецца менш за паперу, што выраблялася ў ХVII—ХIХ стагоддзях. Архiвiсты ўжо ўшчыльную сутыкнулiся з цяжкасцямi захавання дакументаў 20—30-х гадоў, для якiх нярэдка выкарыстоўвалiся шпалеры цi абгортачная папера, а таксама дакументаў, якiя асвятляюць партызанскi рух на Беларусi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Увогуле, чым часцей выкарыстоўваецца той цi iншы дакумент, тым менш у яго шанцаў захавацца. Менавiта таму сёння ва ўсiм свеце робiцца стаўка на стварэнне электронных версiй архiваў. — Мы пераводзiм на электронныя носьбiты найбольш запатрабаваныя ў наведвальнiкаў архiваў дакументы, — тлумачыць Уладзiмiр Адамушка. — Аднак пытаннi ў нас усё роўна застаюцца. Напрыклад, нiхто не ведае, колькi яшчэ гадоў будуць у карыстаннi СD-дыскi, паколькi дыскеты ўжо практычна выйшлi з карыстання. Вытворцы сцвярджаюць, што мiкрафiльмы на плёнцы «Кодак» могуць захоўвацца да 100 гадоў, а колькi, цiкава, зможа захоўвацца iнфармацыя на электронных носьбiтах? Сёння нiхто з упэўненасцю не зможа адказаць на гэтае пытанне... У недалёкай будучынi даступным для беларусаў стане вiртуальны архiў князёў Радзiвiлаў. У Беларусi знаходзiцца толькi 32 працэнты дакументаў з фонду Радзiвiлаў. Часткай дакументаў валодаюць Польшча, Расiя, Украiна i Лiтва. Зразумела, вярнуць арыгiналы дакументаў на Беларусь не ўяўляецца магчымым, затое дасягнута дамоўленасць аб пераводзе iх на электронныя носьбiты. 27 красавiка ў Мiнску адбылося першае пасяджэнне Мiжнароднага савета па стварэнню вiртуальнага архiва Радзiвiлаў. Беларускi бок, якi выступае iнiцыятарам, падрыхтаваў пакет дакументаў для перадачы ў ЮНЕСКА з мэтай атрымання фiнансавай падтрымкi гэтага праекта. Усё ж такi архiў Радзiвiлаў — гэта сусветная спадчына i яна не павiнна быць «уласнасцю» нейкай адной краiны... Паводле слоў Уладзiмiра Адамушкi, летась беларускiя архiвы выдалi грамадзянам 65 тысяч даведак сацыяльна-прававога характару. Найбольш часта беларусы звяртаюцца ў архiвы па даведкi аб пацвярджэннi працоўнага стажу, памеру заработнай платы, прысваеннi званняў, знаходжаннi ў канцлагерах, на прымусовых работах у Германii падчас Другой сусветнай вайны i ўдзеле ў партызанскiм руху. — Хачу звярнуць увагу, што ўсе даведкi сацыяльна-прававога характару выдаюцца беларускiм грамадзянам бясплатна. Да таго ж архiўная служба працуе па прынцыпу «аднаго акна». Усю патрэбную клiенту iнфармацыю мы шукаем самастойна, — падкрэслiў спецыялiст. — А вось устанаўленне радаслоўнай — паслуга платная. I яе кошт залежыць напрамую ад паўнаты прадастаўленай клiенту iнфармацыi i аб’ёму здзейсненых даследчых работ. Тым, хто хоча самастойна працаваць у архiвах над сваiм генеалагiчным дрэвам, я параiў бы ўсё ж такi даверыцца прафесiяналам у гэтай справе. Нават нашы работнiкi не заўсёды могуць выканаць пастаўленую задачу па розных прычынах: бывае, што клiенты зусiм мала ведаюць аб сваiх сваяках, цi патрэбная iнфармацыя была згубленая падчас шматлiкiх войнаў. Але прыкладна ў 70 працэнтах зваротаў нам усё ж такi ўдаецца задаволiць iнтарэс беларусаў да сваiх продкаў. Даволi часта з гэтай мэтай да нас звяртаюцца беларусы, якiя зараз жывуць у замежжы. Не буду хаваць, але для замежных грамадзян у нас дзейнiчаюць крыху iншыя расцэнкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу дзве юбiлейныя даты збiраецца адзначыць сёлета беларуская архiўная служба: 85-годдзе з дня свайго заснавання i 80-годдзе Нацыянальнага архiва Р
|
|