Летняе зацiшша арэнды жылля неўзабаве скончыцца
Сяргей КУРКАЧ
Яшчэ 3—4 гады таму менавiта з першых дзён летняга сезона цэны на рынку жыллёвай арэнды не толькi застывалi, але пачыналi нават памяншацца. У апошнiя гады гэтая тэндэнцыя ўжо не працуе.
Цэны спынiлiся на высокiм узроўнi Колькасць прапаноў на гэтым сегменце рынку нерухомасцi сезонна пачала павялiчвацца яшчэ ў сярэдзiне мая. Аднак гэта ўвогуле не паўплывала на даволi высокi цэннiк арэнды сталiчнага жылля. Паводле iнфармацыi начальнiка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасцi «Час-пiк» Сяргея Кадола, самая мiнiмальная цана прапановы арэнды аднапакаёвых кватэр iснуе сёння ў Мiнску ў Заводскiм раёне i Шабанах. Гаспадары такой нерухомасцi прапаноўваюць аднапакаёўкi за 180 долараў плюс аплата камунальных паслуг. Шмат невялiкiх кватэр прапаноўваецца ў арэнду ў новых мiкрараёнах: Малiнаўцы, Сухарава i Лошыцы, кошт арэнды якiх ад 200 долараў i вышэй. Элiтнымi раёнамi ў гэтым аспекце рынку лiчацца мiкрараёны Зялёны Луг i Уручча, якiя здаюцца ўжо не менш чым за 220 долараў у месяц. У Цэнтральным раёне сталiцы нават самыя слабенькiя па якасцi i плошчы аднапакаёвыя кватэры каштуюць ужо сама меней 250 долараў у месяц i больш, у залежнасцi ад стану жылля. Сёння ў сталiцы ўжо iснуюць аднапакаёўкi пасля еўрарамонту, дзе арэнда дасягае 600 долараў. Самыя танныя двухпакаёвыя кватэры прапаноўваюцца таксама ў Шабанах, кошт якiх пачынаецца з 230 долараў плюс камунальныя паслугi. У маладых раёнах «двушкi» прапаноўваюцца ўжо за 250 долараў. У цэнтры горада нават звычайныя стандартныя двухпакаёвыя кватэры здаюцца ў арэнду мiнiмум за 280—300 долараў. Трохпакаёвыя кватэры ў Заводскiм раёне i Шабанах каштуюць галоўным чынам у межах 260—270 долараў. У мiкрараёне Зялёны Луг такiя кватэры можна зняць не танней чым за 280—300 долараў плюс аплата камунальных паслуг. У новых мiкрараёнах сёння магчыма адшукаць даволi прасторныя сучасныя трохпакаёвыя кватэры ўвогуле без мэблi i тэлефона. Каштаваць такiя кватэры могуць нават не больш як 250—270 долараў. Ваганне цэн у гэтым выпадку амаль напрамую залежыць ад таго, хто здае жыллё i з якой мэтай. Калi ў гаспадароў нерухомасцi здача жылля з’яўляецца галоўнай крынiцай даходу, то шукаюцца больш дарагiя варыянты i багатыя кватаранты. Арэнда трохпакаёвых кватэр у Цэнтральным раёне i каля знакавых пунктаў сталiцы (буйныя гандлёвыя i забаўляльныя цэнтры, навучальныя ўстановы i г.д.) пачынаецца ўжо з 500 долараў i часам дасягае 1,5—2,5 тысячы долараў за месяц. Сезонны бум на дачы i хаткi ў зялёнай зоне Так, калi ў мегаполiсе сёння назiраецца сезоннае зацiшша, то, пачынаючы з мая, iснуе даволi вялiкi попыт на загараднае жыллё. Самая звычайная дача, амаль без выгод, за 40 кiламетраў i больш ад Мiнска каштуе 100—150 долараў. Калi шукаць летнiя домiкi i дачы ў 20-кiламетровай зоне ад сталiцы, то жыллё, напрыклад у Тарасаве цi Гарадзiшчах, будзе каштаваць ужо 300—400 долараў. Асобныя сучасныя домiкi з усiмi камунiкацыямi, а таксама прасторныя прыгожыя катэджы яшчэ магчыма зняць за тысячу долараў. Даволi высокi попыт на такое жыллё з боку жыхароў сталiцы працягнецца яшчэ 2—3 тыднi, а потым... Справа ў тым, што для тых адпускнiкоў, якiя не паклапацiлiся аб падобным жыллi загадзя, будзе прапаноўвацца або вельмi дарагi або не вельмi якасны тавар. Паводле слоў Сяргея Кадола, звычайна сярэднi клас сталiцы здымае не вельмi дарагое жыллё ў Раўбiчах, Ратамцы, Сiлiчах, Ждановiчах або побач з гэтымi мястэчкамi. Сем’i або кампанii здымаюць летняе жыллё мiнiмум на 2 або нават 4 месяцы. Абiтурыенты справакуюць чарговы ажыятаж? Наш эксперт ад агенцтва нерухомасцi «Час-пiк» Сяргей Кадол лiчыць, што зацiшша на гарадскiм рынку арэнды жылля працягнецца максiмум да другой дэкады лiпеня. Менавiта ў гэты час пачнуць актыўна «варушыцца» студэнты i абiтурыенты, якiя будуць шукаць сабе лепшае або новае жыллё. Згодна з мiнулагодняй практыкай, можна прадугледзець, што асобныя маладыя студэнты атрымаюць ад бацькоў нядрэнныя грашовыя бонусы на аплату жылля. З другога боку, добра вядома, што пакояў у iнтэрнатах для ўсiх першакурснiкаў катастрафiчна не хопiць. Таму спецыялiсты арэнды сталiчнага жылля прагназуюць значнае павелiчэнне попыту на кватэры менавiта ў лiпенi—жнiўнi. Гэта, у сваю чаргу, можа выклiкаць iстотнае кароткачасовае павелiчэнне кошту арэнды жылля. Сяргей Кадол лiчыць, што ў жнiўнi арэнда жылля можа падаражэць прыкладна на 10—15 працэнтаў па ўсiх тыпах кватэр. Прагназуецца, што мiнiмальная рыса кошту аднапакаёвых кватэр у гэты час будзе не менш як 230—250 долараў за месяц. Наш эксперт раiць усiм бескватэрным сямейным парам ужо зараз шукаць прымальныя варыянты кватэр, а не чакаць у жнiўнi арэнднага буму.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ 3—4 гады таму менавiта з першых дзён летняга сезона цэны на рынку жыллёвай арэнды не толькi застывалi, але пачыналi нават памяншацца. У апошнiя г
|
|