Самаабследаванне для жанчын
Святлана БАРЫСЕНКА
У абсалютнай большасцi выпадкаў жанчыны самi выяўляюць у сябе рак малочнай залозы. Дзякуючы своечасоваму самаабследаванню — выяўленню гэтага захворвання на першай i другой стадыях, смяротнасць за апошняе дзесяцiгоддзе крыху знiзiлася.
Разам з тым у Беларусi адзначаецца пастаянны рост анкалагiчных захворванняў. Яны знаходзяцца на другiм па распаўсюджанасцi месцы пасля кардыялагiчных i на першым — сярод прычын атрымання iнвалiднасцi. Паводле даных Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, да трох найбольш частых формаў раку адносяцца злаякасныя пухлiны страўнiка, лёгкiх i малочнай залозы. Гэта фактычна азначае, што ў жанчын рак малочнай залозы знаходзiцца на першым па распаўсюджанасцi месцы. — Сёння назiраецца амаладжэнне гэтага захворвання, — тлумачыць клiнiчны ардынатар кафедры анкалогii Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Вольга НЕЙМАН. — Звычайна iмклiвы рост захворванняў на рак малочнай залозы мае месца ў жанчын ва ўзросце пасля 40 гадоў. Зараз жа падобныя выпадкi выяўляюцца i ў жанчын 30-гадовага ўзросту. Зразумела, жанчынам цяжка бывае пераадолець страх перад страшным дыягназам i паверыць у магчымасцi сучаснай медыцыны. Аднак трэба мець на ўвазе, што не ўсе пухлiны з’яўляюцца злаякаснымi, i нават злаякасныя ўтварэннi бываць рознымi, большасць з iх паддаюцца лячэнню. Таму пры выяўленнi шчыльных месцаў у малочнай залозе неабходна правесцi ўсе неабходныя дыягнастычныя i лячэбныя мерапрыемствы... На сёння нельга адназначна сказаць, чаму ў канкрэтнага пацыента ўзнiкла пухлiна. Тым не менш, вядомы абставiны, пры якiх захворванне развiваецца часцей. Такiя абставiны i лiчацца фактарамi рызыкi. Сярод iх — наяўнасць раку малочнай залозы ў асабiстым анамнезе (у хворай ужо была пухлiна або пухлiна была ў яе сваякоў), бясплоднасць, познi тэрмiн наступлення цяжарнасцi (пасля 30 гадоў), лiшняя вага, асацыяльны лад жыцця. — Галоўную ролю ў своечасовасцi дыягностыкi i паспяховасцi лячэння iграе стаўленне жанчыны да свайго здароўя, — удакладняе Вольга Iванаўна. — Звяртайце ўвагу на выдзяленнi з малочных залоз, змяненне iх формы, сiметрычнасць, уцягванне скуры. Праводзьце самаабследаванне ў гарызантальным i вертыкальным становiшчы, паколькi так можна дэталёва даследаваць усе ўчасткi малочнай залозы. Праяўляць такi клопат пра сябе неабходна раз на месяц, а жанчынам пасля 40 гадоў яшчэ i рабiць ультрагукавое даследаванне цi мамаграфiю па паказаннях. У маладым узросце мэтазгодна праводзiць першае. Атрымаць адказ на пытанне, цi з’яўляецца падазроны ўчастак пухлiнай i якi характар яна мае, можна з дапамогай бiяпсii — дыягнастычнай працэдуры, падчас якой з падазронага ўчастка бярэцца тканка для далейшага даследавання. Бiяпсiя ажыццяўляецца шляхам пункцыi. Па вынiках прымаецца канчатковае рашэнне адносна далейшай тактыкi... Калi бiяпсiя дала адмоўны вынiк, неабходна працягваць сачыць за станам свайго здароўя, выконваць парады спецыялiста, перыядычна кансультавацца ў анколага i праходзiць адпаведныя дыягнастычныя мерапрыемствы. Калi ж вынiк бiяпсii пацвердзiць падазрэннi, то з улiкам iндывiдуальных асаблiвасцяў арганiзма ўрач падбярэ лячэнне — аператыўнае, прамянёвае цi хiмiятэрапеўтычнае.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У абсалютнай большасцi выпадкаў жанчыны самi выяўляюць у сябе рак малочнай залозы. Дзякуючы своечасоваму самаабследаванню — выяўленню гэтага захворван
|
|