21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Водар жывой ялiны

26.08.2009 09:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зазiрнуўшы цераз маё плячо на аркуш паперы, пазначаны толькi загалоўкам, унучка збянтэжана запытала: 

— А хiба ялiна бывае нежывой? 

I зараз жа сама сабе адказала: 

— Хоць не, бывае. Гэта калi яе ссякуць i прывязуць у горад на ёлачны базар. 

— Ды не, — кажу, — ссечаная перад Новым годам, яна яшчэ колькi дзён жывая. Толькi спiць i бачыць свае ялiныя сны. А як куранты б`юць поўнач, прачынаецца. I тады па хаце плывуць ледзь улоўны перазвон галiнак, якiя вызвалiлiся ад марозу, i вiльготны лясны водар... 

— Ну, гэта ўжо ты павярнуў на казку, — засмяялася ўнучка. – I пiсаць будзеш навагоднюю казку? 

У апошнiя днi снежня гарадскiя кватэры i сялянскiя хаты ўпрыгожваюцца ёлкамi. Вясковыя хаты — жывымi, з лесу. Гарадскiя – па-рознаму. Хто ставiць жывую, прыдбаную на ёлачным базары, хто – штучную. Штучных усё болей i болей. Таму i каляднай рамантыкi ўсё меней i меней. Адкуль будзе зарад рамантыкi, калi ёлку, як дзiцячы канструктар, складваеш з асобных дэталяў-лапак. 

Яшчэ нядаўна мiнчане бралi штурмам кожную машыну з елкамi. На ёлачных базарах вiравалi натоўпы дарослых i дзяцей. З вясёлым шумам i гамам вы­бiралi елку па росце, зграбнасцi i прывабнасцi. Каб увайшла яна ў дом, як цнатлiвая паненка. Цяпер няма таго ажыятажу. Многiя iдуць у розныя там ГУМы i ЦУМы, аддаюць свае заробленыя i за нятанныя штучныя елкi. Купляюць адну на многiя гады. Ды i елкамi iх назваць неяк неспадручна. Нi ляснога водару ад iх, нi вялiкай радасцi. Знешне яны таксама выглядаюць, як паненкi, але паненкi з сiнтэтычнымi пры­вабнасцямi. 

Можа, у мяне да ўсяго гэтага прадузятае стаўленне? Можа. Але ж яно склалася не на голым месцы, звязана з далёкiм-далёкiм успамiнам, якi дасюль саграе маю душу, i ўспамiнам блiжэйшага часу, якi абумоўлены тым далёкiм, першым – з дзяцiнства. 

Упершыню мяне, першакласнiка, мацi павяла ў саўгасны клуб, дзе паставiлi камунальную ёлку – для ўсiх. Гэта быў небывалы па тым часе цуд, лепшая за казку ява. Вялiкая, пад самую столь, ёлка, упрыгожаная хоць i самаробнымi, але прыгожымi цацкамi з кардону i ваты, аперазаная рознакаляровымi папяровымi ланцужкамi, пасыпаная падобнай на снег блiскаўкай, стаяла пасярод залы з сярэбранай зоркай на макавiн­цы. Яна паспела адтаяць ад крутога марозу i цяпер поўнiла залу пахам духмянай смолкi. 

Да таго навагодняя ёлка была пад забаронай. Як i калядныя забавы. Iх палiчылi буржуазным перажыткам, калядным шкодным рэлiктам. I нi-нi! Крый Божа, трапiць у непаслушэнцы. А тут раптам адпусцiлi. Радуйся, дзятва. Дый дарослыя радавалiся. Трэба было бачыць, якога гапака яны давалi разам з дзецьмi вакол ёлкi. 

Было надзвычай весела. Хорам адказвалi на просценькiя загадкi Дзеда Мароза, апранутага ў выбеленую свiтку, з кашлатай кучомкай на галаве i даўжэзнай кужэльнай барадой. Дадому я нёс папяровы кулёк са смачнейшымi “Ракавымi шыйкамi” i яблычнымi “падушачка­мi”. А ў кiшэнi ляжала ажно пяць “Мiшак на Поўначы”. Iх я зарабiў адрэпецiраваным выступленнем з падзякай таварышу Сталiну за наша шчаслiвае дзяцiнства. А яно i было-такi па-свойму шчаслiвым. 

Пасля кожны год мы ладзiлi ёлку дома, да самай вайны. Мо, за месяц пачыналiся вясёлыя клопаты. Рабiлi цацкi з ваты, мазалi iх клейстарам i пасыпалi дробна парэзанай фольгай. Абцiскалi каляровымi цуке­рачнымi фанцiкамi яловыя i сасновыя шышкi, iмi абгор­твалi валоскiя арэхi. Лепшага, здавалася, i не можа быць. З елкай жа клопату ўвогуле не было. Лес побач —  выбiрай любую. Толькi каб ладам, без шкоды. 

Цi ж такое забудзецца! I цi забудзецца змешаны пах лесу, самаробных вясковых свечак i антонаўскiх яблыкаў, якiя мы зберагалi на гарышчы да самага Новага года i марозных Калядаў. Яблыкi таксама вешалi на ёлку. 

Ды што там яблыкi. З суседняга саўгаса наязджаў дзед Павел i абавязкова вешаў на ёлку чвэртачку гарэлкi i кольца сялянскай кiлбасы. Даваў наказ: не чапаць да апошняга каляднага дня. 

А Каляды! Днём – на мароз з санкамi, самаробнымi лыжамi, канькамi-снягуркамi, на якiх можна было бегаць па заслiзганай палазамi санак дарозе. Увечары чакалi каляднi­каў. Шчодрык-лагоднiк, цётка гасцiнная, дзядзька багаты, запрашайце дахаты, дзякуй за ласку – за пiрагi i кiлбаску... Мы, дзецi, бегалi за калядой ад хаты да хаты, i нам нешта перападала з торбаў каляднiкаў. 

На мiнулыя Каляды хадзiлi па кватэрах нашага шматпавярховага дома сучасныя каляднiкi. Гвалту хапала, а калядных песень i прыгаворак не было чуваць. Не ведае iх наша моладзь. Затое гучна намякалi на паўлiтэрку i бутэрброд з iкрой. 

Новы год – сямейнае свята. Большасць беларусаў трымаецца завядзёнкi сустракаць яго дома, усёй сям’ёй – ад  дзеда да праўнукаў. Цяпер нiхто не майструе ватныя цацкi, не абгортвае яловыя шышкi фольгай i не клеiць папяровыя ланцужкi. Дзецi не з меншай радасцю, як некалi мы, упрыгожваюць ёлку вялiкiмi шклянымi шарамi, аблытваюць яе гiрляндамi з мiнiяцюрнымi лямпачкамi-мiгалкамi, а пад ёлку ставяць Дзеда Мароза са Снягуркаю. Вось толькi ёлка не лясная, а штучная, нежывая. 

Успамiны дзяцiнства, нас­тальгiя па былому ў свой час адкрылi мне пераднавагоднi рытуал. Напярэдаднi, упакаваўшы што-нiшто ў паходны рукзак, я рушыў у лес. Спачатку электрычкай да Крыжоўкi, потым пешкi па знаёмым маршруце. Вёрст пяць. I вось яна, запаветная, даўно нагледжаная паляна. Кожны год я пазнаваў яе, хоць лес настойлiва падступаў i падступаў да яе цэнтра. А ў цэнтры — густа-зялёная елка-пушынка ў атачэннi маленькiх ялiнак. Яна, бы тое дзiця, хутка расце. Вось была мне па грудзi, а вось ужо зраўнялася ў росце, праз год сягнула на паўметра вышэй. Ёй хочацца вырвацца да сонца, да аблокаў, да неба. Рост не замiнае маёй красунi быць густой i пушыстай. 

Крокаў за дзесяць нiбы спецыяльна прыгатавана круглае, з адшчэпленым краем сядзенне. Была бяроза – застаўся высакаваты пень. Ну чым не лясное зручнае крэсла? 

Але адразу садзiцца не хочацца. У такiм чароўным харастве трэба агледзецца, падыхаць як след чыстым лясным паветрам, абтупаць вакол пня снег, калi ён ёсць, а потым аздобiць упрыгажэннямi ёлку. У рукзаку нештачка прызапашана:  старыя ватныя цацкi, пара невялiкiх шкляных шарыкаў i паўдзесятка цукерак на нiтачках. Не хапае толькi дзедавай чвэртачкi i кольца сялянскай кiлбаскi. Яно i няблага б. Ды цi паступiшся дзелавым наказам не кранаць гэты прыпас да апошняга каляднага дня. 

Апошняя частка рытуалу — невялiкае цяпельца. На прамарожанай зямлi раскласцi яго вельмi i вельмi няпроста. Не лета ж. Але я налаўчыўся. Скрутачак бяросты, сучкi ад сухастоiны – i вось ужо заскакаў, зашамацеў агеньчык. На яго, як i на рачную плынь, можна незмiгутна глядзець гадзiну, а то i болей. 

Цiша. Не калышуцца вярша­лiны дрэў. Вятрыска недзе задра­маў за крутагорам. Лiлаваты снежаньскi паўзмрок. Вызвоньваюць тонкую мелодыю рэдкiя зорачкi-сняжынкi, абмiна­ючы струмень цёплага паветра ад майго цяпельца. I такое супакаенне агортвае душу, што хочацца сцiшана заспяваць дзiцячую песеньку пра ёлачку i шэранькага зайку. Толькi чаму ён узiмку шэранькi, а не беленькi? Ат, такi клопат – з песнi слоў не выкiнеш i не перайначыш. 

Мы шукаем iсцiну, мiтусiмся, мудрагелiм. Ды вось яна, iсцiна, — на лясной паляне, у вечных аблоках-тулягах, якiя плывуць, як iм хочацца, без межаў i загадзя вызначаных маршрутаў, у зорачках-сняжынках, узор якiх нiколi не паўтараецца, у вятрыску, якi гуллiва затаiўся за крутагорам i вось-вось вырвецца i пранясецца з посвiстам над палянай, у прывiдзе кольца сялянскай кiлбаскi на ёлачнай галiнцы. I ў прыязным шэпце самой ялiны. Варта прыслухацца: яна i сапраўды нешта цiхутка шэпча на сваёй загадкавай зялёнай мове. 

Хораша сядзелася побач з сяброўкай-ялiнай – у дрымотным задуменнi, у стане летуценняў i ласкавага замiлавання. Ды кожны раз трэба выходзiць з летуценняў i сцiраць з вачэй слязу сарамлiвага замiла­вання. Трэба ўставаць i вяртацца туды, дзе стаiць пышна ўпрыгожаная штучная ёлка. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнiя днi снежня гарадскiя кватэры i сялянскiя хаты ўпрыгожваюцца ёлкамi. Вясковыя хаты — жывымi, з лесу. Гарадскiя – па-рознаму. Хто
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика