Адам Глобус. PLAY.BY. ХлебАдам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. Бог мой, як я люблю пах свежага хлеба! І люблю я яго з дзяцінства. Там, у маім далёка-далёкім дзяцінстве, па хлеб выстройваліся даўжэзныя чэргі. Мы стаялі пад хлебнай крамаю і чакалі фургон. З чорнага неба сыпаўся дробны снег. Пара з роту асядала на шаліку карункамі шэраню. Каб не застудзіць горла, дзецям забаранялася гаварыць. Дарослыя таксама маўчалі. Маўклівая чарга чакала машыну з надпісам «Хлеб». Чакалі мы доўга, пакуль нарэшце на местачковым пляцы не з’яўляўся няўклюдны фургон, поўны хлеба. Ён заязджаў за краму, і мужчыны ішлі яго разгружаць. Чарга радавалася. Людзі загаворвалі. Хлеб давалі па аднаму бохану ў рукі, таму ўсе прыводзілі дзяцей. Я выходзіў з крамы з кілаграмовым яшчэ цёплым боханам, прыціснутым да грудзей. Я нюхаў хлебную скарынку і не мог ніяк ёю нанюхацца. Мы ішлі па засыпанай снегам вуліцы. Мы неслі дадому хлеб. З боханам у руках я ў свае пяць гадоў адчуваў сябе дарослым і патрэбным. У нашым мястэчку галоўная хлебная крама стаяла насупраць царквы. Там можна было схавацца ад ветру і снегу. Калі на пляцы збіралася чарга за хлебам, святар заўсёды трымаў царкву адчыненай. У царкве было зімна, амаль як і на той жа ж вуліцы, але там не было ледзяністага ветру, там гарэлі танюткія свечкі, і ў полымі тых свечак я бачыў залацістасць хлебнай скарынкі. Твары намалёваных святых для мяне таксама былі хлебнага колеру. Так склалася, што мае самыя моцныя ўражанні ад царквы знітаваліся з бясконцай чаргою па чорны хлеб. Пазней я любіў маляваць хлебазавод. У абрысах і канструкцыях хлебазавода мне бачылася болей саборнасці і святасці, чым у пазалочаных крыжаносных купалах ды снежна-белых сценах царкоўнай архітэктуры. Каб нехта мне замовіў праект сабору, я б зрабіў сабор, падобны да хлебзавода. Толькі ніхто мне такі праект не замовіць, праз што я не буду пераймацца, бо ідэальная архітэктура заўсёды існавала адно ў праектах напісаных і намаляваных. У рэальнасці ўсё вельмі далёкае ад ідэалаў. У рэальнасці вакол мяне была бясконцая пачварная імперыя. У маладосці я захапіўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Разам з сябрамі я змагаўся супраць атэістычнай імперыі, якая выстройвала людзей у даўжэзныя чэргі. Імперыю я ненавідзеў усёй душою і верыў, што яшчэ паспею пабачыць на свае вочы, як гэтая імперыя знікне, як горкі дым. Прыкладам мужнасці ў рэвалюцыйным змаганні для мяне былі ірландскія паэты. Тыя паэты, што ў вязніцы абвясцілі галадоўку. Дзённік аднаго з іх — Роберта Сэндса — я перачытваў па шмат разоў. Мяне зусім не здзіўляла тое, што ў галоднага чалавека ўсе жаданні зводзяцца да самых простых рэчаў, што з бяскоцага спісу прадуктаў засталіся толькі мёд, сыр і шэры пшанічны хлеб. Я нават перакананы: каб у паэтау хапіла сілы пісаць дзённік далей, там было б напісана адно пра хлеб. Але сілы хутка пакінулі іх. На вадзе і саляных таблетках ён пратрымаўся шэсьдзесят шэсьць дзён. Сэндс, а за ім яшчэ дзевяць ірландскіх паэтаў пакінулі гэты свет. Яны памерлі ў вязніцы, але яны не скарыліся, яны не адракліся ад сваіх ідэалаў. Замест рабства яны выбралі смерць. Каменныя крыжы стаяць на магілах ірландскіх паэтаў, якія загінулі, змагаючыся за свабоду Радзімы. Каменныя крыжы на магілах тых, хто адмовіўся ад хлеба. Мая павага да іх бязмерная. «Брат». Малюнак Адама Глобуса, 1982 год. Думаючы пра ірландскіх паэтаў, я згадваю чаргу па хлеб у сваім беларускім мястэчку. Згадваю халодную царкву, поўную маўклівых, зацятых і злых ад голаду людзей. Хлебнаколерны твар Ісуса Хрыста, убачаны ў дзяцінстве, праз усё жыццё дапамагае мне быць мужным. Таму я не люблю тых, хто, абвяшчаючы безтэрміновую галадоўку, не дамагаецца перамогі і не даходзіць да смерці. Калі ты вырашыў ахвяраваць жыццё дзеля выратавання Бацькаўшчыны, калі ты адмовіўся ад хлеба, ты больш не маеш права вярнуцца, бо ты вернешся нікчэмнай істотаю без гонару, без веры і без ягамосці. Каб уваскрэснуць, варта памерці. Зрэшты, не дзеля папракання слабых і нікчэмных, не дзеля сквапных і баязлівых я вырашыў распавесці табе ўспамін пра доўгую чаргу ў маленькую хлебную краму. Я расказваю сваю гісторыю пра хлеб дзеля тых, хто стаіць на скрыжаванні і не ведае, у які бок пайсці. У які? У бок хлебазавода. Няма ў свеце лепшага водару за водар свежавыпечанага хлеба. Ён верне цябе да паўнавартаснага жыцця, ён цябе абнадзеіць, павер. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус.
|
|