Прыпынак даўжынёй у жыццё
Прыпынак даўжынёй у жыццё
Забытая трагедыя? Памяць аб загiнулых у самай буйной аварыi за ўсю гiсторыю Беларускай чыгункi дагэтуль не ўшанаваная30 з лiшкам гадоў таму на станцыi Крыжоўка адбылася найбуйнейшая аварыя за ўвесь час iснавання Беларускай чыгункi (параўноўвацца з ёю, паводле слоў Iвана Грыбанава, галоўнага рэвiзора па бяспецы руху мiнскага аддзялення чыгункi, можа хiба што трагедыя ў Мiханавiчах, якая здарылася ў 1968 годзе). Найбуйнейшая i па колькасцi ахвяраў, i па нанесеным уроне. Пасажырскi цягнiк сутыкнуўся з электрычкай, якая ўсё яшчэ стаяла на пероне. Паводле афiцыйных даных, звыш 80 чалавек атрымалi больш цi менш цяжкiя цялесныя пашкоджаннi, 22 — загiнулi. А вось паводле меркаванняў сведкаў, ахвяраў было куды больш: два апошнiя вагоны фактычна змяла моцным ударам, а пасажыраў яны змяшчалi далёка не некалькi дзесяткаў. Рух цягнiкоў быў затрыманы больш чым на 10 гадзiн, урон, нанесены Беларускай чыгунцы, ацанiлi ў 122 850 рублёў — велiзарныя па тых часах грошы. Вiною таму — надвор’е i... чацвёра супрацоўнiкаў чыгункi: электрамеханiк, дарожны майстар, дзяжурная па пуцявому пасту i машынiст пасажырскага цягнiка (ва ўсякiм выпадку гэтых людзей абвiнавацiлi паводле рашэння суда). Кожны з iх на сваiм участку працы мог паўплываць на ход развiцця падзей, не дапусцiць аварыi, аднак... не зрабiў гэтага. Ланцуг выпадковасцяў? Мы апiшам вам ланцужок акалiчнасцяў, якiя прывялi да трагедыi. Ён адноўлены па матэрыялах крымiнальнай справы, што захоўваецца ў архiвах Вярхоўнага Суда Беларусi i на пачатак падрыхтоўкi публiкацыi была накiравана на знiшчэнне — так што яшчэ крыху i нават тая iнфармацыя канула б у Лету. А вось выпадковасцi гэта былi цi "заканамернасцi", рашаць вам. У дзень аварыi — 2 мая 1977 года — сонца прыпякло не па-веснавому: сiноптыкi абяцалi ажно 30 градусаў цяпла, i прагнозы iх спраўдзiлiся. Вы спытаецеся, якое гэта мае дачыненне да абставiнаў аварыi? Самае непасрэднае. Рэйкi пры такой спякоце моцна награваюцца, i гэта можа ўплываць на працу аўтаматычнай блакiроўкi, якой абсталяваны i ўчастак "Маладзечна — Мiнск" (у тым лiку — пункт прыпынку "Крыжоўка"). Аднак 2 мая на пачатку трэцяй гадзiны электрычны ланцуг замкнуўся (а значыць, святлафор загарэўся чырвоным) не з-за праезду цягнiка, а таму што самкнулiся самi рэйкi ў месцы iзалюючых стыкаў — так моцна яны нагрэлiся. Напярэдаднi геафiзiчная станцыя Беларускай чыгункi прагназавала, што рэйкi нагрэюцца да 43 градусаў. Тэлеграмай з такiм паведамленнем былi папярэджаны ўсе супрацоўнiкi службы руху, у тым лiку i дарожны майстар Зянон Петрык, якi ў той дзень дзяжурыў на перагоне "Беларусь — Крыжоўка" i адказваў за бяспеку руху пры выкананнi рамонтных работ. Аднак, як потым было адзначана ў судовым прыгаворы, "дарожны майстар Петрык належных мераў па забеспячэннi спраўнасцi iзалюючага стыку ля перадуваходнага святлафора № 7702 не прыняў". Наступным у ланцужку падзей сталi дзеяннi (цi бяздзеянне?) дзяжурнай па пуцявому пасту "Крыжоўка" Алены Бруйло. Адразу ж пасля змыкання рэек на пуцях з’явiўся сiгнал на пульце-табло ў дзяжурнай — загарэлiся дзве лямпачкi ўчасткаў наблiжэння цягнiкоў. Паколькi ў той час цягнiкi да станцыi не пад’язджалi, вынік быў адзiн — аўтаблакiроўка дала збой. Дзяжурная абавязана была паведамiць пра гэта дыспетчару Маладзечанскага накiрунку, аднак яна гэтага не зрабiла. Адзiнае, што зрабiла Алена Бруйло, — запрасiла электрамеханiка Мiкалая Кухарава. Той папрасiў выклiкаць для рамонту iзастыку працаўнiкоў службы пуцi. Каля трох гадзiн на месца прыбыў Зянон Петрык разам з брыгадзiрам пуцi Шаховiчам, кiраваў працай Петрык — рамонтнiкi спiльвалi нажоўкай наплыў рэйкi. На сваiм участку працы электрамеханiк Мiкалай Кухараў мог i абавязаны быў паступiць па iнструкцыi, аднак тады рух цягнiкоў затрымлiваўся б. На чыгунцы гэта сур’ёзная правiннасць, за такое маглi пазбавiць прэмiяльных. Каб пазбегнуць гэтага, Мiкалай Кухараў насуперак iнструкцыям яшчэ да прыезду майстроў рэгуляваў працу святлафора № 7702 уручную — пераварочваў рэле так, каб запальваўся дазваляльны зялёны агонь, тым самым iмiтуючы спраўнасць гэтай сiгнальнай кропкi... Забароненым спосабам чыгуначнiкi прапусцiлi 12 саставаў (у тым лiку i электрычку № 548 Аляхновiчы — Мiнск), а значыць, пасажырскi цягнiк Гродна — Орша, якi i сутыкнуўся з электрычкай, быў 13-м па лiку! Менавiта на iм, як сказана ў прыгаворы, "Кухараў забыў паставiць рэле ў нармальнае становiшча", — каб гарэў чырвоны — i цягнiк накiраваўся на ўчастак, якi, на бяду, усё яшчэ быў заняты электрычкай... Электрычка не магла адправiцца, таму што не зачынялiся дзверы ў вагонах (як гэта звычайна бывае пры наплыве людзей — спякота, гараджане выехалi на летнiкi, а цяпер спяшалiся дадому). У 17.14 у электрычку ўрэзаўся цягнiк... Сутыкнення мог не дапусцiць i машынiст цягнiка Антон Якубоўскi — ахвяра эксперыменту з вядзеннем саставу "ў адну асобу": дагэтуль разам з машынiстам у кабiне знаходзiўся памочнiк, Антону Якубоўскаму пасля новаўвядзення давялося весцi цягнiк у адзiночку. У судзе машынiст не адмаўляў, што "бачыў электрычку на сваiм пуцi з адлегласцi каля 300 метраў". Аднак затармазiў ён несвоечасова, i ацанiўшы, што сутыкненне непазбежнае, машынiст... уцёк! Пакiнуўшы кабiну цеплавоза, Якубоўскi перабег у дызельнае памяшканне i захаваў сабе жыццё. Цеплавоз урэзаўся ў электрычку i разам з двума яе апошнiмi вагонамi быў фактычна разбiты ўшчэнт. Каб вызвалiць пацярпелых з пакарабачаных вагонаў i дастаць тых, каго ўжо нельга было выратаваць, давялося разразаць абшыўку аўтагенам. Паводле слоў вiдавочцаў, людзi, якiя ў момант аварыi апынулiся непадалёку — звычайныя пасажыры — гераiчна дапамагалi пацярпелым... Адразу ж занялiся i высвятленнем прычын катастрофы. Мiкалай Апанасевiч у 1977 годзе быў галоўным iнжынерам Маладзечанскай дыстанцыi сiгналiзацыi i сувязi Мiнскага аддзялення чыгункi. — Я прыбыў на месца аварыi гадзiны праз чатыры пасля таго, як усё здарылася, — успамiнае Мiкалай Iванавiч. — Даехаў да станцыi "Беларусь", а адтуль — пешшу, перагоны ж зачынiлi. Крушэнне было жудаснае, два вагоны электрычкi — ледзь не гармошкай, цеплавоз перакулiўся i ляжаў на баку... Разам з акалiчнасцямi высветлiлiся i вiнаватыя. Пры вызначэннi меры пакарання суд улiчваў "цяжар наступстваў, ступень вiны кожнага, станоўчыя характарыстыкi, а таксама малады ўзрост i цяжарнасць падсудзiмай Бруйло". З чатырох абвiнавачваных вiну сваю на судзе прызнаў толькi Кухараў. Паводле прыгавора суда, акрамя грашовага спагнання на карысць Мiнскага аддзялення чыгункi, Кухарава чакала 12 гадоў у калонii агульнага рэжыму, Петрыка — 10, Якубоўскага — сем, Бруйло — чатыры гады ў калонii-пасяленнi. Аднак абвiнавачваныя падпалi пад амнiстыю i тэрмiны iх пакарання былi iстотна скарочаныя... Тыя, каго абвiнавацiлi Наўрад цi можна сказаць адназначна, для каго гэта аварыя стала большым душэўным грузам — для пацярпелых цi для тых, каго ў трагедыi абвiнавацiлi. Як склалася жыццё тых, хто тады памылiўся? Зянона Петрыка ўжо няма, ён памёр праз 17 гадоў пасля аварыi. Пра тое, якiм быў яго лёс, расказвае дачка — Галiна Львова: — Бацьку пасадзiлi, калi яму было 54 гады, аднак калi нам дазволiлi спатканне, я ўбачыла ўжо глыбокага старога. Ён правёў паўтара года ў турме, столькi ж — на пасяленнi, i тое дзякуючы амнiстыi. З заключэння вярнуўся хворым, аднак яшчэ некаторы час працаваў на чыгунцы — спачатку дарожным майстрам, а потым ужо больш у будаўнiцтве. У 60 гадоў выйшаў на пенсiю, пастаянна хварэў, сэрца ў яго слабое было, таму i памёр. Сама Галiна Зянонаўна таксама працуе на чыгунцы, на наступны дзень пасля той жудаснай аварыi яна была на пасту дзяжурнай па станцыi ў Ратамцы, сёння Галiна Львова — вядучы iнжынер аддзела перавозак Мiнскага аддзялення чыгункi. — На судзе было невыносна цяжка, сваякi пацярпелых i загiнулых крычалi... У iх вачах мой бацька i iншыя абвiнавачваныя былi забойцамi. Нiхто ж не хацеў... Да той аварыi бацька прапрацаваў на новым месцы толькi шэсць месяцаў — яго перавялi з Баранавiцкага аддзялення як найлепшага майстра. Ён не ведаў, што рабiў электрамеханiк Кухараў, да таго ж, на яго былым працоўным месцы была не аўтаматычная, а паўаўтаматычная блакiроўка. Я лiчу, што большая вiна — на тых, хто эксперыментаваў з вядзеннем саставаў у адну асобу, быў бы ў Антона Якубоўскага памочнiк, можа, той бы звярнуў увагу i затармазiць удалося б раней. Памятаю, у яго ў самога быў у Крыжоўцы летнiк, можа, пакуль ехаў, заглядзеўся ды i не заўважыў... Пасля аварыi праводзiлася растлумачальная праца з супрацоўнiкамi чыгункi, а саставы адразу перавялi на вядзенне ў дзве асобы... Вiнаватыя пакараныя, аднак наша задача сёння не ў тым, каб асуджаць iх i аналiзаваць, цi дастатковым было пакаранне. Наша задача — прыцягнуць увагу да таго факта, што пры наяўнасцi такой колькасцi ахвяраў усё яшчэ няма нiякага мемарыяльнага знака ў памяць аб iх i ў гонар тых, хто самааддана дапамагаў пацярпелым. Тады, больш чым трыццаць гадоў таму, iнфармацыя пра жудасную аварыю замоўчвалася, вакол яе не было галоснасцi — якi ўжо тут памятны знак. Цяпер, калi пра тую аварыю можна гаварыць адкрыта, варта завесцi размову i пра ўшанаванне памяцi яе ахвяраў, прыспеў час. Лепш паставiць гэты помнiк цяпер, праз трыццаць гадоў пасля здарэння, чым не зрабiць гэтага нiколi... Адна з нямногiх выжыўшых За трыццаць гадоў шмат вады сплыло, змянiлiся прозвiшчы i адрасы ўдзельнiкаў тых падзей, кагосьцi з тых, хто ацалеў тады, жыццё забрала пасля... Аднак нам удалося адшукаць людзей, так цi iнакш звязаных з трагедыяй. Пацярпелая Клаўдзiя Бармiна — з тых людзей, пра каго кажуць "нарадзiўся ў кашулi". 59-гадовая жанчына ехала ў самым канцы хваставога вагона электрычкi № 548 — менавiта па iм прыйшоўся сакрушальны ўдар у час сутыкнення з цягнiком. Тым не менш, жанчына — адна з нямногiх выжыўшых у тым злашчасным вагоне i адзiная, хто атрымаў "лёгкiя" траўмы: сатрасенне мозга, удары i рваныя раны, пры гэтым нiводнага пералому. Многiя пасажыры апошнiх вагонаў тады памерлi на месцы, астатнiя — у бальнiцы ад атрыманых пры аварыi траўмаў, за выключэннем некаторых "шчаслiўчыкаў" — народжаных "у кашулi", якiя працягвалi жыць пасля жахлiвай аварыi... Клаўдзiя Бармiна нядаўна перанесла аперацыю пасля пералому шыйкi сцягна, i была негатовая да гутаркi з намi. Па ўспамiнах мацi сёе-тое расказаў нам сын Клаўдзii Фёдараўны: — Мама сядзела ў самым канцы вагона, калi адбылося сутыкненне, жудасным ударам яе неяк вынесла ў сярэдзiну вагона, яна казала, што чула галасы тых, хто распiлоўваў вагон, каб дастаць людзей — жывых цi мёртвых. Мацi ўзгадвала адчуванне, што нешта моцна цiснула на грудзi — як высветлiлася, яе прыцiснула лаўкай. Як у яе не аказалася нiводнага пералому, невядома — гэта нейкi цуд! Тады, у маi 1977-га, ёй сапраўды пашанцавала... Верым, што i з цяперашнiмi цяжкасцямi Клаўдзiя Фёдараўна справiцца, мы жадаем ёй здароўя на доўгiя гады! Хоць пагутарыць з намi яна i не змагла, аднак праз сына папрасiла перадаць свой голас "за" ўстаноўку помнiка. Натуральна, што людзi, звязаныя з аварыяй, дамагаюцца ўстаноўкi памятнага знака на месцы трагедыi — за выключэннем тых, чыё гора робiць iх далёкiмi нават ад гэтага... Сваякi загiнулых i сёння не могуць без слёз гаварыць пра тыя падзеi: iх лёсы назаўсёды адзначаны пячаткай напаткаўшага iх гора, для iх тая аварыя стала асабiстай трагедыяй. Няўжо не варта, каб памяталi не толькi адказныя за аварыю i яе ахвяры, але i ўсе мы, беларусы, каб не паўтараць памылак, не быць абыякавымi... Цi справядлiва, што многiя з сучаснiкаў не тое, што не маюць уяўлення пра гэту трагедыю, нават не чулi пра яе? Цi нармальна, што сотнi пасажыраў электрычак, якiя спыняюцца на станцыi "Крыжоўка", нават не здагадваюцца, што мноства людзей аднойчы гэтаксама ехалi ў электрычцы, пакуль тая не спынiлася... назаўсёды? Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памяць аб загiнулых у самай буйной аварыi за ўсю гiсторыю Беларускай чыгункi дагэтуль не ўшанаваная |
|