21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Старшыня Хойнiцкага райвыканкама Аляксандр Бiчан: "Наш раён жыве, будзе жыць i развiвацца далей

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня Хойнiцкага райвыканкама Аляксандр Бiчан: "Наш раён жыве, будзе жыць i развiвацца далей"

У той дзень, калi мы прыехалi ў Хойнiкi, рабочы час старшынi райвыканкама быў распiсаны, не перабольшваючы, па хвiлiнах. З самай ранiцы ён правёў апаратную нараду з упаўнаважанымi, якiя замацаваны за сельгаспрадпрыемствамi. І гэта тлумачылася тым, што вясна ўжо заявiла аб сваiм прыходзе, што наперадзе — пасяўная кампанiя i, вядома ж, неабходна актывiзаваць падрыхтоўчыя работы. А iх многа: дакладная арганiзацыя вывазкi арганiчных угнаенняў на палi, ачыстка насення, тэхнiчны агляд трактароў, аўтамабiляў, iх рамонт i г.д. Не сыходзяць з парадку дня i пытаннi павелiчэння вытворчасцi малака.

Затым Аляксандр Васiльевiч вёў прыём грамадзян па асабiстых пытаннях, пасля чаго — новыя клопаты: удзел у рабоце выязной балансавай камiсii ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання на базе КСУП "Веляцiн". Там сабралiся кiраўнiкi ўсiх прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна, галоўныя спецыялiсты, ад якiх залежыць арганiзацыя ўсяго вытворчага працэсу як у раслiнаводстве, так i ў жывёлагадоўлi.

Адным словам, была зроблена работа над памылкамi. Вялася канкрэтная размова аб тым, як лепш выйсцi на большую рэнтабельнасць, палепшыць эфектыўнасць работы ва ўсiх звёнах вытворчасцi. У прыватнасцi, было вырашана распрацаваць умовы стымулявання па вынiках працы за год сярод кiраўнiкоў усiх рангаў.

Затым — зноў райвыканкам i мноства бягучых пытанняў па рабоце эканамiчных службаў, прадпрыемстваў гандлю, прамысловасцi, транспарту, па выкананнi прагнозных паказчыкаў. I калi ўжо ўсё закончылася, пасля васьмi гадзiн вечара старшыня райвыканкама запрасiў нас на гутарку.

— Аляксандр Васiльевiч, Хойнiцкi раён вядомы ўсёй нашай рэспублiцы i далёка за яе межамi як тэрыторыя, якая ў лiку яшчэ некалькiх раёнаў Гомельшчыны найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Як сёння развiваецца раён?

— Ён прадстаўлены райцэнтрам i сямю сельскiмi Саветамi. Яго геаграфiчная плошча складае 202 952 гектары, у тым лiку ворыва — 22 948, лугавых зямель — 21 416 i лясоў — 133 341 гектар. На тэрыторыi раёна размешчаны Палескi дзяржаўны радыяцыйна-экалагiчны запаведнiк, куды ўвайшлi землi, выведзеныя з абароту. Гэта — унiкальны палiгон для вывучэння праблем радыёэкалогii, радыёбiялогii, трансфармацыi экасiстэм ва ўмовах прыпынення гаспадарчай дзейнасцi. Плошча яго складае 215 тысяч гектараў.

Калi раней у нас налiчвалася 99 населеных пунктаў, дык iх засталося толькi 59. Знiкла 6 сельсаветаў, было лiквiдавана 7 калгасаў i саўгасаў, кормазавод "Майдан", свiнакомплекс i малочны комплекс на 800 галоў кароў. З выкарыстання было выведзена 88 тысяч гектараў зямлi, у тым лiку 34 тысячы га сельгасугоддзяў. Быў закрыты цэлы шэраг навучальных устаноў, медыцынскiх i культурна-асветных, 5 будаўнiчых арганiзацый.

— Са сказанага вынiкае, што чарнобыльскi атам нанёс велiзарны ўрон раёну. Але ўсiм вядома, якiя вялiкiя намаганнi давялося прыкласцi дзяржаве, каб раён захаваўся, каб жыццё тут працягвалася. Давайце вось аб гэтым пагаворым, зыходзячы з таго, што мы бачылi, калi наведвалi прадпрыемствы, былi ў вёсках, гутарылi з людзьмi. Наша меркаванне такое: у раёне iдзе стабiлiзацыя. Сюды нават пераязджаюць жыць з iншых рэспублiк былога Савецкага Саюза, сюды вярнулася i частка мясцовых жыхароў, якiя некуды ад’язджалi...

— Так, раёну, яго жыхарам было несалодка, але ён жыве, будзе жыць, будзе развiвацца. Сёння ў нас дзейнiчае 13 прадпрыемстваў, якiя прадстаўляюць самыя розныя галiны гаспадарання: машынабудаванне, металаапрацоўку, вытворчасць будаўнiчых матэрыялаў, палiўную, дрэваапрацоўчую, лясную, лёгкую i харчовую прамысловасцi. У структуры апошняй вядучае месца займае прыватнае ўнiтарнае прадпрыемства "Палескiя сыры", на долю якога прыпадае 75 працэнтаў прадукцыi, што iдзе на экспарт. Казеiн, сыр i масла адпраўляюцца ў Расiю, Германiю, Мексiку i iншыя краiны, што яскрава сведчыць аб канкурэнтаздольнасцi прадукцыi. Для забеспячэння кантролю за яе якасцю на прадпрыемстве шмат што робiцца. Лабараторыя радыяцыйных вымярэнняў атрымала адпаведную лiцэнзiю, i ў 2004 годзе з удзелам намеснiка генеральнага дырэктара МАГАТЭ тут быў запушчаны ў строй цэх па вытворчасцi высакаякаснай мукi. Прадукцыя прадпрыемства на выстаўцы ў Санкт-Пецярбургу "Аграрусь-2007" была ўдастоена залатога i сярэбранага медалёў.

Другое месца ў аб’еме прамысловай выторчасцi належыць заводу жалезабетонных вырабаў, якi выпускае будаўнiчыя матэрыялы высокага класа. Шырока вядома за межамi вобласцi i прадукцыя торфабрыкетнага, камбiкормавага, рамонтнага заводаў. Працоўным калектывам "Хойнiцкая фабрыка мастацкiх вырабаў" захоўваюцца i развiваюцца лепшыя традыцыi беларускiх народных промысаў па выпуску сувенiрных вырабаў з саломкi, лёну i ткацтва. Пералiк гэты можна працягваць i далей.

— Мы ведаем, Аляксандр Васiльевiч, што летась раён наведаў першы намеснiк прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Сямашка i добра адгукнуўся аб рабоце завода "Гiдраапаратура".

— Гэта так. Уладзiмiр Iльiч цiкавiўся, як выконваецца Дзяржаўная комплексная праграма развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх пасяленняў на 2006—2010 гады i ўпэўнiўся, што гэтае прадпрыемства працуе зладжана i рытмiчна. Поспех у многiм звязаны з тым, што завод увайшоў у склад канцэрна "Мiнскi трактарны завод". Ён пастаўляе на сталiчнае прадпрыемства камплектуючыя дэталi па 18 пазiцыях i за апошнiя гады аб’ёмы вытворчасцi тут павялiчылiся ў пяць разоў.

З’явiлася перспектыва i ў рамонтнага завода, якi пачаў цесна супрацоўнiчаць з "Гомсельмашам", пастаўляючы яму па кааперацыi патрэбную прадукцыю. Мяркуецца, што ён увойдзе ў яго склад. Ёсць даручэнне ўрада краiны пабудаваць на базе торфабрыкетнага завода мiнi-ЦЭЦ, якая будзе працаваць на фрэзерным торфе, а сёння ён падключаны да такой буйной арганiзацыi, як "Гомельаблгаз".

— А што можна сказаць аб рабоце прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу?

— Ён уключае ў сябе дзесяць КСУПаў, ААТ "Аграсэрвiс", чатыры прадпрыемствы абслуговай i перапрацоўчай галiны, пяць сялянскiх (фермерскiх) гаспадарак. У iх было занята летась 2019 чалавек. Раён спецыялiзуецца на вытворчасцi мяса, малака, збожжа, бульбы, цукровых буракоў, вырошчваннi рапсу. Пашыраюцца пасевы гароднiны.

— Нядаўна ў раёне на злёце перадавiкоў вытворчасцi былi падведзены вынiкi работы працоўных калектываў за мiнулы год. Што яны паказалi?

— Нам удалося дасягнуць пэўных поспехаў у эканамiчным развiццi. Так, на 50 працэнтаў павялiчаны аб’ём вытворчасцi спажывецкiх тавараў, на 55,8 працэнта — iх экспарт. Прычым тэмп росту экспарту паслуг павялiчаны ў тры разы, прырост рознiчнага таваразвароту забяспечаны на 11,9 працэнтнага пункта, бытавых паслуг — на 26,6. Больш чым у 5 разоў перавыкананы прагнозныя паказчыкi па iнвестыцыях у асноўны капiтал i на 7 працэнтаў — па энергазберажэннi.

Станоўча ацэнена выкананне прагнозных паказчыкаў завода "Гiдраапаратура", рамонтнага завода, структурнага падраздзялення "Каапзагатпрам" раённага спажывецкага таварыства, фiлiяла "Палескi" i г.д.

Сельгаспрадпрыемствамi за мiнулы год атрымана валавой прадукцыi на 28,5 мiльярда рублёў. Нядрэнныя вынiкi атрыманы ў галiне раслiнаводства, намалочана 25,7 тысячы тон збожжа пры яго ўраджайнасцi 25,7 цэнтнера з гектара. Валавы збор бульбы склаў больш за 5 тысяч тон. Адбылiся пазiтыўныя змены ў вытворчасцi i рэалiзацыi рапсу. Было вырашчана таксама 33 тысячы тон цукровых буракоў.

— Дарэчы, Аляксандр Васiльевiч, збожжа ў раёне з-за яго чарнобыльскiх фактараў у асноўным прызначана для фуражных мэтаў. Можа, iм не варта займацца раёну ўвогуле?

— Пытанне так не стаiць, бо i жывёлу кармiць трэба, i спiрт з яго здабываць. Вось у Стралiчаве заканчваецца рэканструкцыя спiртзавода, i там будзе магчымасць перапрацоўваць 6 тысяч тон збожжа на спiрт, а адходы вытворчасцi пойдуць на корм буйной рагатай жывёле. Плошчы пад збожжа мы адводзiм не такiя вялiкiя, як раней. Летась павялiчылi iх удвая пад рапс i дасягнулi добрых вынiкаў, прадаўшы 2531 тону, у вынiку чаго рэнтабельнасць склала 30 працэнтаў. Сёлета пастаўлена задача павялiчыць пасевы кукурузы, якая не накоплiвае радыенуклiды, на плошчы 6 тысяч гектараў.

— А што робiцца ў iншых калектывах?

Ва ўстановах культуры працуюць 15 калектываў мастацкай самадзейнасцi. У раёне функцыянiруе 26 устаноў адукацыi, у якiх навучаецца 3477 хлопчыкаў i дзяўчынак, i выхоўваецца 855 дашкольнiкаў. Арганiзавана работа 220 гурткоў i секцый, у якiх займаецца 87 працэнтаў вучняў. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступiла 26,5 працэнта выпускнiкоў школ.

Пастаянная ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнiчнай базы медыцынскiх устаноў, папаўненню iх кадрамi, аснашчэнню сучасным абсталяваннем. Знайшлi сваё прымяненне выязныя формы медыцынскага абслугоўвання насельнiцтва. Уся работа па развiццi эканомiкi будзе дарэмнай, калi нашы людзi не будуць прытрымлiвацца здаровага ладу жыцця. I адзiны шлях да гэтага — масавы фiзкультурна-спартыўны рух. Для гэтага ў нас маюцца спартыўныя i футбольныя пляцоўкi, працуе спецыялiзаваная дзiцячая школа алiмпiйскага рэзерву. Аддзелам фiзкультуры, спорту i турызму райвыканкама ў мiнулым годзе было праведзена 19 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якiх узяло ўдзел больш за 2 тысячы чалавек.

— А якiя планы на гэты год?

— Трэба сказаць, што нам патрэбна яшчэ многа працаваць над павышэннем эфектыўнасцi вытворчасцi. Мы ведаем, у якiм напрамку. А ў гэтым годзе неабходна давесцi прадукцыю прамысловасцi да 108—109 працэнтаў, iмпарт тавараў — да 116—117, рознiчны таваразварот — да 110—111, прадукцыю сельскай гаспадаркi — да 107—108 працэнтаў. Задачы напружаныя, але рэальныя. I мы будзем працаваць над гэтым.

Працаваць — зладжана

Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна — рамонтны завод. Асноўны занятак яго калектыву — надаваць сiлу рухавiкам такiх аўтамабiляў, як УАЗ, ГАЗ-53, "Волга", ЗМЗ-53, ГАЗ-52 пасля таго, як "сэрцы" гэтай тэхнiкi адолела так званая "арытмiя" i яны пачалi даваць перабоi. I ў той час, калi мы прыехалi на прадпрыемства i яго дырэктар Уладзiмiр Хорсун знаёмiў нас з вытворчасцю, калектыў займаўся рамонтам рухавiкоў, якiя былi дастаўлены з Вiцебскай, Магiлёўскай, Мiнскай, Гродзенскай i Гомельскай абласцей.

— Вясна на дварэ, — кажа Уладзiмiр Аляксандравiч, — i вось-вось гэта тэхнiка будзе запатрабавана. Гэтак жа, як i плугi, якiя мы рамантуем для аграпрамысловага комплексу. Стараемся вытрымаць графiкi заканчэння работ. Вырабляем мы таксама нестандартнае абсталяванне, рамы для экскаватараў.

— А якiя ў вас цяжкасцi?

— Трэба, каб заказчыкi разлiчвалiся з намi своечасова.

Як сказаў Уладзiмiр Хорсун, асваенне новых вiдаў прадукцыi, павышэнне яе канкурэнтаздольнасцi за кошт мадэрнiзацыi вытворчасцi — сёння галоўная задача прадпрыемства. У апошнi час яно ўкаранiла высокаэфектыўную плазменную рэзку металу, асвоiла выпуск гiдрацылiндраў. Вялiкiя спадзяваннi яго калектыў ускладае на супрацоўнiцтва з такiм прамысловым гiгантам, як "Гомсельмаш", i гэта з’яўляецца новым напрамкам яго дзейнасцi. Завод вырабляе аб’яднанню жгуты для камбайнаў i ўжо цяпер рыхтуе першую прадукцыю для выпрабавання. А гэта азначае: аб’ёмы работ павялiчацца i павялiчыцца заработная плата завадчан.

Бягуць, бягуць шляхi-дарогi...

Задачы калектыву Хойнiцкага ДЭУ-45 на гэты год пастаўлены даволi сур’ёзныя: трэба выканаць аб’емы работ на 4275 мiльёнаў рублёў. У тым лiку на ўтрыманне дарог, iх бягучы рамонт, работы на субпатрадзе i iншыя вiды дзейнасцi.

— Нам трэба будзе прыкласцi нямала намаганняў, каб справiцца з усiмi паказчыкамi сацыяльна-эканамiчнага развiцця, — кажа начальнiк ДЭУ-45 Анатоль Гура, — але сумненняў няма: намечаныя рубяжы будуць узятыя, як, напрыклад, летась.

Прадпрыемства абслугоўвае 240 кiламетраў дарог рэспублiканскага значэння на тэрыторыях Хойнiцкага, Брагiнскага, Рэчыцкага i Лоеўскага раёнаў i сваёй работай спрыяе бяспечнаму руху транспарту па iх. Тут выконваецца цэлы комплекс работ.

Мiнулагодняе заданне па прыбытках было выканана на 105,9 працэнта, рэнтабельнасць вытворчасцi — на 105,2, прадукцыйнасцi працы — на 114,1 працэнта. Сярэднямесячная зарплата склала 740 тысяч рублёў. Гэтыя i iншыя паказчыкi сведчаць, што калектыў умее працаваць, i адмiнiстрацыя прадпрыемства клапоцiцца аб тым, каб нялёгкая праца людзей кампенсавалася добрым адпачынкам.

Работнiкi знаходзяць час, каб наведаць спартыўную залу, пагуляць у футбол, валейбол, настольны тэнiс. Летась ДЭУ ўдзельнiчала ў дзвюх спартакiядах сярод калектываў "Гомельаўтадара", дзе яго спартсмены занялi першае месца па армрэстлiнгу i трэцяе — па футболе i гiравым спорце. На прадпрыемстве працуе лазня з парылкай, для работнiкаў i iх сем’яў былi арганiзаваны паездкi ў Гомель у цырк i лялечны тэатр. А сёлета запланавана экскурсiя на лiнiю Сталiна.

Тавары — на любы густ

Калi заходзiш у гандлёвы цэнтр аграгарадка "Судкова", не можаш не звярнуць увагу на наступныя абставiны. Першая: дызайн гандлёвай залы — самы сучасны. Другая: цэнтр працуе па метадзе самаабслугоўвання, што вельмi зручна i людзям, i работнiкам магазiна. Трэцяе: вельмi багаты i разнастайны выбар тавараў.

Гутарым з загадчыцай магазiна Соф’яй Базулька, якая працуе тут ужо дзевяць гадоў. Яна кажа, што чалавек можа купiць практычна ўсё, што яму неабходна. Адных толькi вiдаў каўбас — да сарака i больш, рыбы — да дзесяцi. На любы густ i iншыя прадукты харчавання. У магазiне ёсць куток школьнiка, прадаюцца складаная бытавая тэхнiка, буйнагабарытныя тавары. Калi чаго няма, дык пакупнiк можа пакiнуць заяўку i па ёй яму прывязуць указаны тавар дадому з райцэнтра.

Тут усяго за 600 рублёў можаш узяць напракат тэлевiзар на суткi i за 900 — пыласос (але ўжо на гадзiну). А вось i сярпы, косы, хамуты, iншы рыштунак для сялянскiх падворкаў. Хочаш, каб табе распiлавалi дровы цi затачылi нажы, або завезлi грунт для расады — i такую паслугу акажуць тут.

Калi прайшла рэканструкцыя магазiна i яго работа была арганiзавана па метадзе самаабслугоўвання, месячная выручка дасягнула 60 мiльёнаў рублёў.

А старшыня раённага спажывецкага таварыства Нэля Тараева дадала, што раён добра забяспечваецца ўсiмi неабходнымi таварамi. Прэтэнзiй да работнiкаў гандлю ў насельнiцтва няма. Нават у жыхароў тых пасёлачкаў, дзе адсутнiчаюць стацыянарныя гандлёвыя пункты. Туды тавары дастаўляюць аўтамагазiны.

Звiнiць школа дзiцячымi галасамi

Некалькi гадоў таму давялося пабываць у камандзiроўцы ў вёсцы Стралiчава. Шмат пустых дамоў было тут, зачынена школа: мясцовы люд, асцерагаючыся шкоднага ўздзеяння "мiрнага" атама, у вялiкай колькасцi пераехаў жыць у iншыя мясцiны рэспублiкi. Але жыццё iшло наперад, пераадольвалiся нявырашаныя раней пытаннi i праблемы, i сёння Стралiчава ўжо не просто вёска, а аграгарадок. Вышэйпамянёная навучальная ўстанова атрымала статус дзяржаўнага вучэбна-педагагiчнага комплексу дзiцячы садок—сярэдняя школа. Дырэктарам тут Дзмiтрый Данiлавiч Быстрык, настаўнiк першай катэгорыi, з вялiкiм стажам работы (30 гадоў).

Шмат клопатаў выпала на долю гэтага чалавека. Бо ў той час якраз заканчвалася рэканструкцыя будынка школы, якая трынаццаць гадоў была зачынена i ў якой не чуваць было дзiцячых галасоў. Дзмiтрыю Данiлавiчу даводзiлася сачыць, каб усё тут было даведзена будаўнiкамi да ладу. I няма сумнення ў тым, што школа, якая зноў адчынiла дзверы 31 снежня 2003 года i сёння выглядае дастойна i выклiкае захапленне нават iншаземных дэлегацый, ёсць i яго заслуга, i заслуга ўсяго калектыву.

За чатыры гады з часу яе аднаўлення педагогi сваiм стараннем i ўменнем так аформiлi ўсе памяшканнi, што люба-дорага глядзець. Прыемна ўражваюць мноства кветак, куткi прыроды, здароўя, з густам аформленая сталовая на 120 месцаў, дзе вучнi харчуюцца бясплатна. А пра этнаграфiчны музей "Спадчына" i гаварыць нельга без захаплення. Да яго стварэння самае непасрэднае дачыненне мелi не толькi педагогi i вучнi, але i іх бацькi.

У школе працуюць 28 педагогаў, пераважная большасць якiх мае вышэйшую адукацыю. Гэта як ураджэнцы Беларусi, так i iншых рэспублiк былога Савецкага Саюза, якiя прыехалi сюды з Прыбалтыкi, Расii, Украiны, Узбекiстана, Кiргiзii. Дарэчы, у аграгарадку цяпер пражываюць людзi больш як дзесяцi нацыянальнасцяў, дзецi якiх вучацца ў школе разам з хлопчыкамi i дзяўчынкамi Стралiчава, Рудакова, Высокага, Губарэвiч.

Стралiчаўскi комплекс дзiцячы садок—сярэдняя школа — гэта сучасная педагагiчна-навучальная ўстанова, якая мае два кабiнеты-лабараторыi, выдатную спартыўную залу, камп’ютарны клас, дзве вучэбныя майстэрнi, 10 вучэбных класаў-кабiнетаў, бiблiятэку. Нездарма тут праводзiўся абласны семiнар упраўлення адукацыi па арганiзацыi навучання па кабiнетнай сiстэме.

Паўнакроўным жыццём жыве комплекс. Тут працуе восем розных гурткоў, фiлiял раённай школы мастацтваў, секцыя цяжкай атлетыкi, праводзiцца даследчая работа. Гонарам педкалектыву з’яўляецца тое, што выпускнiкi школы вучацца ў вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных установах рэспублiкi, што яны арыентаваныя на вечныя агульначалавечыя каштоўнасцi.

Матэрыял падрыхтавалi Алена Даўжанок, Уладзiмiр Пернiкаў. Фота Марыi Жылiнскай.

 

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той дзень, калi мы прыехалi ў Хойнiкi, рабочы час старшынi райвыканкама быў распiсаны, не перабольшваючы, па хвiлiнах. З самай ранiцы ён правёў апар
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика