21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Крылцы для зяця

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Крылцы для зяця

Алё, народ на провадзе!

Крылцы для зяця

Кажуць, што людзi (асаблiва добрыя) вельмi любяць слухаць гiсторыi, у якiх некаму было дужа дрэнна — спачатку, а тады ўзяло ды раптам палепшала. Спецыяльна для iх i пiшу.

Значыць так. У панядзелак 14 красавiка я атрымала пенсiю. У аўторак ранiцай паехала на рынак, каб купiць тое-сёе з прадуктаў — разынак да кулiчоў, агароднiны, рыбы, алею... Сумкi ўжо досыць цяжкiя былi, але па дарозе я яшчэ ў свой гастраномчык зайшла, па хлеб.

Дадому ж — ледзь прыпаўзла: ногi, чую, як сабакi рвуць. Думка адна — легчы, але ж перш — трэба падаставаць усё, разлажыць па палiчках.

Зрабiла, значыць, упала, ляжу, а мазгi працуюць — прыкiдваю, што з прадуктаў падаражэла, колькi грошай на рынку пакiнула... Закарцела палiчыць, колькi ж засталося. Устала, зiрнула ў сумачку, дзе зазвычай кашалёк ляжаў, а яго... нямашака. Я давай па кiшэнях — таксама няма... Прычым — нiдзе: нi на стале, нi пад сталом, нi на ўслончыку, нi пад...

Але ж за хлеб я плацiла? Значыць, кашалёк быў пры мне? Дай, думаю, схаджу ў гастраном. Дзяўчаты там харошыя, калi знайшлi, конча аддадуць. Прыйшла, пытаюся. "Не, — спачуваюць, — не бачылi... Нiхто не аддаваў".

І так мне прыкра ад гэтага, так горка: за кватэру не плачана, Вялiкдзень на носе, госцi, мо, прыйдуць... Да таго ж i самога кашалька шкада: фотакарткi там — дочак, унучак...

Толькi пра iх падумала, — зяць пазванiў, сказаў, што вечарам забяжыць. Во, думаю, добра. У яго i пазычу. Ды, каб яшчэ i без аддачы...

Як жа, думаю, гаворку завесцi, як жа задобрыць яго? Успомнiла — ён курыныя крылцы любiць. Трэба размарозiць, насмажыць.

Я ў маразiлку — выцягваю iх, чую — штось падае. Зiрк пад ногi...

Правiльна, мой кашалёк — я яго туды разам з рыбай засунула.

...Камень з душы.

Але ж крылцаў зяцю ўсёроўна насмажыла — на ўсялякi пажарны.

С. Драздоўская,

г. Мiнск.

Жонку слухаць трэба

"Звязда" нядаўна пiсала, што косцi (рукi-ногi...) у чалавека ломяцца тады, калi ў арганiзме не хапае кальцыю. Гэта праўда, вiдаць, але не заўсёды, бо вось у Каляна — не хапала... веры.

Дружбан у яго быў. Не сказаць, каб бомж, але як людзi — жыць не хацеў: то некаму дроў насячэ, то комiн пачысцiць, то плот паправiць... Глядзiш — пакармiлi (хоць гады ў рады), глядзiш — у чарку налiлi. Калi ж фартуна ўсмiхалася i "гаручку" яму давалi з сабой, ён да Каляна iшоў — разам пiлi... Хоць гаспадыня i сварылася. Прычым не толькi за тое, што мужык намурзаўся. У кухнi пасля гэтых бясед то кiля-другая круп-макароны прападзе, то слоiк цукру.

— Не браў ён! Не мог! Галаву на адсячэнне! — аж вар’яцеў ад злосцi Калян. — Ён не такi, разумееш?!.

Неяк не на жарт пакрыўдзiўся, жонцы хацеў у вуха заехаць. Замахнуўся... Тая — увярнулася. А ён — кулаком у вушак. Зламаў кiсць.

Што рабiць? Павезла жонка ў бальнiцу, руку загiпсавалi. А пара ж гарачая, гной выкiдваць трэба. Хто дапаможа? Ну, зразумела ж, сябра.

Той тут як тут: вiлы узяў, пайшоў у хлеў. Гаспадар — адпаведна — у краму, па "гаручку". Прынёс, хацеў на закусь сала парэзаць, а яго — няма. I галоўнае ж — было. Досыць ладны кавалак. Кiлi на тры.

Падумаў, мо, жонка прыхавала куды, падаўся ў хлеў — сказаць сябруку, што яшчэ раз у краму зганяе, па закусь.

Прыходзiць. Той, бачыць, распрануўся, працуе, фуфайка ля дзвярэй вiсiць i з кiшэнi адтуль... знаёмы шмат тырчыць. У газетку загорнуты.

— Ах ты!.. — зароў Калян (астатнiя словы "Звязда" не друкуе. — Аўт.). I здаровай рукой як гахне яму...

Карацей, i левая яго ў гiпсе цяпер.

А вось раны ў душы — не гiпсуюцца. Ён жа паважаў свайго дружбака, верыў яму. А верыць, як высветлiлася, трэба было жонцы. Тады б i здароўя болей было, i парадку.

С.Л.,

Рагачоўскi раён.

Артыстка рускага тэатра

Мая мацi ўсё жыццё прымала ўдзел у драматычных гуртках, на рэпетыцыi брала мяне. Гады ў чатыры я нават мела вялiкую ролю: мяне апранулi ў вывернуты кажушок i я ўсю дзею прастаяла на сцэне замест сабачкi. Потым ужо чытала вершы, танчыла гапака.

Але цяпер не пра тое. Недзе ў пяцiдзесятых гадах у наш Дом афiцэраў прыехаў рускi тэатр iмя Коласа з драмай... Назву яе, шкада, не прыпомню, але распавядалася ў ёй пра вязняў жаночага лагера, з якога ўцяклi дзве дзяўчыны.

Iгралi iх прафесiйныя, вядомыя артысткi. А вось для так званых масавых сцэн, у спектакль запрасiлi аматараў. У тым лiку — i мяне: апранулi ў нейкае рыззё, паставiлi на сцэне...

Як цяпер бачу: заслона павольна падымаецца, у зале, як кажуць, яблык не ўпадзе...

Але расхвалявацца я не паспела, бо на сцэну, лiчы тут жа, выскачыла цётка-наглядчыца. Яна стала размахваць бiзуном i дапытвацца, як збеглi палонныя.

Нiхто ёй нiчога не казаў. I тады яна падскочыла да мяне i як зараве:

— Можа ты ведаеш?

Я не на жарт спужалася, але прамовiла:

— Не!.. Не, я не ведаю. Далiбог!

Ад рогату плечы ў наглядчыцы аж затрэслiся, яна мусiла збегчы са сцэны. Заслону адразу закрылi...

Пасля спектакля адзiн з артыстаў казаў i маме, i мне, што палонную я сыграла вельмi натуральна...

Хоць артысткай потым так i не стала.

М.К. Любаскiна,

г. Бабруйск.

Любiш браць, любi i аддаваць

Раён наш густанаселены, рабочай сiлы хапала i хапае, а вось заробкаў — не. Таму мужыкi ў нас здавён збiралiся ў брыгады шабашнiкаў i ехалi... Ехалi ва ўсе куткi былога Савецкага, але ж называлася гэта — "ехаць на Алтай". Альбо — прыехаць адтуль. I, вядома ж, прывезцi добрую капейку, за якую потым жонкi i дочкi, на зайздрасць iншым, накупляюць модных абноваў...

Здаралiся, аднак, i казусы.

Прынамсi, на тым Алтаi адна з брыгад падрадзiлася выкапаць студню: дамову падпiсала, а шчасцю паверыць не можа:

— Гэта ж трэба — такiя грошы! За што? За нейкi калодзеж...

Думалi, бедныя, што зямелька там, як у нас, на Палессi.

А там — камень, саланчакi...

Прыязджаюць на месца, бачаць — 20 кругоў ляжыць.

— Усе, — супакоiў прараб, — укопваць можа i не прыйдзецца. Вады са свайго калодзежа пап’яце, — значыць, справа зроблена...

Першы круг палешукам даўся лёгка, другi — цяжэй, трэцi — яшчэ цяжэй. Месяц працуюць, а да вады, як да неба: рыдлёўка ўжо не патрэбна, толькi кiрка. I чым больш паглыбляюцца, тым страшней.

Забаялiся мужыкi, стамiлiся, вырашылi на хiтрасць пайсцi: "лiшнiя" кругi закацiлi ў яр, прысыпалi зямлёй, заказалi ўпотай цыстэрну вады, вылiлi ў калодзеж. А самi — паслалi па старшыню, каб работу прымаў.

Той прыехаў, паглядзеў, вады i праўда напiўся, загадаў, каб касiрка грошы выдала — па 600 рублёў "на нос".

З гэтым нашы мужыкi i дадому прыехалi, перазiмавалi. А пад вясну ў вёску тэлеграма прыходзiць — ад таго ж старшынi. Прыязджайце, маўляў. Ёсць работа.

Засумнявалiся хлопцы, але ж паехалi.

Сустрэў iх сам старшыня, пра калодзеж — нi слова. Кароўнiк, кажа, трэба ўзвесцi. Нашы i рады — гэта ж не студню капаць: хутка справiлiся. Прараб з дырэктарам пахвалiлi iх, пасадзiлi ў машыну, вязуць... Хлопцы думалi ў кантору, па разлiк. А не — да студнi старшыня прывёз. Кажа:

— Ну... Цяпер папiце вады са свайго калодзежа... I скажыце, дзе астатнiя кругi?

Прыйшлося паказаць. А потым атрымаць у касе грошы за будаўнiцтва кароўнiка, якiх (за вылiкам калодзежа!) хапiла... на дарогу — дамоў. Бо яно ж i старшыня не цяля...

Ангелiна Зелянкевiч,

в. Мачуль, Столiнскi раён.

Добрая работа

У народзе кажуць, што адзiн, але добры сусед, даражэй чым сем далёкiх родзiчаў. Чыстая праўда, але ж бывалiца мая пра суседа дрэннага.

Некалi непадалёк ад нас два ворагi жылi — Iгнат i Архiп. Гаспадаркi добрыя мелi, хлеба i сала — ад пуза, а зайздрасцi яшчэ больш. Так i цiкавалi, што ў каго на падворку робiцца, так i "дакладалi, куды трэба", калi нешта, крый бог, крамольнае.

Вось i ў чарговы раз... У Iгната сынок з’явiўся. Трэба ж хрэсьбiны справiць, а, значыць, добрай самагонкi нагнаць?

Спецыяльна, з вечара, ён усё падрыхтаваў, устаў на золаку, вокны завесiў так, што камар носа не ўваб’е... Нацiснуў, як кажуць. Адразу ж апарат у схованку, брагу — карове, каб i смуроду не было... Толькi сам у хату, каб самагонку схаваць, — сабака забрахаў. Ён зiрк у акно — мiлiцыя ў двары. Жонка за гарэлку (яна ў грэлкi паразлiваная была) i бегае па хаце — што рабiць, куды схаваць?

А ў люльцы ў гэты час малы закрактаў. Яна, як за саломiнку — тыц прадукт яму пад матрасiк.

I ўчастковы на парозе ўжо, па хаце ходзiць, ва ўсе куткi зазiрае. Да ложка падышоў, дзе большыя дзецi сядзелi. Пытаецца:

— Ну, кажыце, што татка ноччу рабiў?

— А тое, — сумленна адказвае трохгадовы Ванечка, — што ў калысцы ляжыць.

Падышоў участковы да той люлькi, полаг адхiнуў, бачыць — немаўлятка там: кругленькае, ружовенькае, як тое сонейка. Заўсмiхаўся, падумаў: "А нядрэнная работа ў мужыка... Не тое, што ў мяне".

I з гэтымi думкамi — да суседа... Ад злосцi, што той i сам абы чым займаецца i другiх вымушае, пратакол на яго склаў — за падманны выклiк.

Н.С.,

г. Беразiно.

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кажуць, што людзi (асаблiва добрыя) вельмi любяць слухаць гiсторыi, у якiх некаму было дужа дрэнна — спачатку, а тады ўзяло ды раптам палепшала. Спецы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика