Здаць тэлевізар у рамонт i... не атрымаць яго назад
Здаць тэлевізар у рамонт i... не атрымаць яго назад
Рэйд Дзяржкантролю са "Звяздой" I нават не знайсцi канцоў — такая небяспека тэарэтычна маецца. Чарговы рэйд Камiтэта дзяржкантролю, на якi была запрошаная карэспандэнт "Звязды", быў накiраваны на тое, каб папярэдзiць падобныя выпадкi.Ранiцай аўторка ад дома № 3 па вулiцы Карла Маркса ў Мiнску ад’язджаюць тры аўтамабiлi. На адным з iх — супрацоўнiкi Камiтэта дзяржкантролю, на другiм — супрацоўнiкi фiнансавай мiлiцыi, на трэцяй — прэса. Пачынаецца рэйд па прыватных рамонтных майстэрнях тэлерадыёапаратуры. Яго мэта — вызначыць адрасы, па якiх так цi iнакш парушаецца закон Беларусi аб абароне спажыўцоў. Адзiн з супрацоўнiкаў дзяржкантролю трымае ў руках красавiцкi нумар бясплатнай рэкламнай газеты з абведзенымi аб’явамi i кароткiмi каментарыямi, якiя зроблены алоўкам на палях. Начальнiк аддзела кантролю сферы паслуг Павел Крэмень дастае з кiшэнi аркушык паперы, на якiм тыя ж самыя аб’явы ўжо змешчаныя ў таблiцу, астатнiя калонкi якой запоўнены папярэдне сабранай iнфармацыяй. — Падобныя рэкламныя газеты мы называем вокнамi ў ценявую эканомiку, — тлумачыць Павел Крэмень. — Спачатку мы вылучаем з рэкламных аб’яў тыя, дзе прапанаваныя паслугi не сертыфiкаваныя, хоць падлягаюць абавязковай сертыфiкацыi. Напрыклад, рамантаваць тэлевiзар не можа чалавек, якi не мае адпаведнай прафесiйнай падрыхтоўкi. Iнакш тэлевiзар можа не проста аказацца канчаткова сапсаваным, але i стаць прычынай трагедыi ў доме. Яшчэ адзiн важны пункт праверкi — адрас майстэрнi. Нярэдка майстэрнi размяшчаюцца ў звычайнай кватэры, што з’яўляецца грубым парушэннем Жыллёвага кодэкса. З гэтага i пачынаецца наш рэйд — мы едзем па адным з адрасоў на праспект Ракасоўскага. Супрацоўнiкi Камiтэта дзяржкантролю папярэджваюць журналiстаў, што выезд можа аказацца "няўдалым". У гэтым i захоўваецца iнтрыга нашага першага вiзiту падчас рэйду. — У мiнулы раз кватэра на вулiцы Прытыцкага, у якую прыйшлi нашы спецыялiсты, не мела нiякiх прымет жылля, з мэблi, акрамя вялiзнай колькасцi тэлевiзараў розных марак i iншай апаратуры, былi толькi крэсла, тры сталы з iнструментамi i дыягнастычным абсталяваннем. Нашы супрацоўнiкi ўвайшлi туды як звычайныя клiенты, але як толькi ўбачылi, што ў кватэры — адразу адрэкамендавалiся, — расказвае прэс-сакратар Камiтэта Кiрыл Данiлаў. — У ходзе далейшай праверкi высветлiлася, што майстар гэты выкарыстоўваў у аб’явах назву фiрмы, але працаваў цалкам на сябе. Ён працаваў у фiрме i адначасова з’яўляўся прыватным прадпрымальнiкам. Праверка выявiла, што за тры з паловай месяцы ён выканаў каля 700 заказаў на рамонт бытавой радыёэлектроннай апаратуры, электра-бытавых машын i тэлефонных апаратаў. Аказанне паслуг па рамонту гэтай тэхнiкi магчыма толькi пры наяўнасцi сертыфiката, якога ў прадпрымальнiка не было. Грашовыя сродкi ад спажыўцоў ён клаў сабе ў кiшэню. Толькi пасля з’яўлення ў майстэрнi прадстаўнiкоў Дзяржаўнага кантролю ён упершыню за тры апошнiя месяцы выпiсаў дакумент, якi пацвярджаў прыём грошай. На гэты раз двое супрацоўнiкаў, мужчына i жанчына, паднiмаюцца з невялiкiм старым тэлевiзарам маркi "Юность" на восьмы паверх жылога панэльнага дома. Аднак дамовiцца з гаспадаром "майстэрнi" адрамантаваць тэлевiзар не ўдалося. Мы з’язджаем з праспекта Ракасоўскага з пустымi рукамi. Праверыць, наколькi гэты чалавек парушае закон, пакуль не атрымалася. Супрацоўнiкi Дзяржкантролю набiраюць другi тэлефон i дамаўляюцца аб сустрэчы на гэты раз у двары дома па вулiцы Заслаўскай. Цяпер падзеi разгортваюцца на вачах ва ўсiх. Мы загадзя выйшлi з машыны, у якой застаўся "клiент" з няспраўным тэлевiзарам. Аляксандр Паўлавiч пазванiў з сотавага тэлефона яшчэ раз майстру, i той выйшаў з блiжэйшага пад’езда. Зiрнуў на тэлевiзар i перанёс яго ў сваю машыну. — А якое вы мне пакiнеце пацвярджэнне, што мой тэлевiзар сапраўды ў вас? — спытаўся Аляксандр Паўлавiч. — У вас жа ёсць нумар майго тэлефона, — адказаў майстар, — вы можаце пакiнуць мне свой. Адрамантую i пазваню вам. Гэта была ўжо нагода для таго, каб супрацоўнiкам дзяржкантролю i фiнансавай мiлiцыi адрэкамендавацца i патлумачыць сапраўдную мэту сустрэчы. Бо просты абмен тэлефонамi — недапушчальнае парушэнне правоў спажыўца. Дзе гарантыя, што гаспадар тэлевiзара дазвонiцца да чалавека, якому ён гэты тэлевiзар аддаў з мэтай рамонту? У дадзеным выпадку, як аказалася пасля праверкi дакументаў, такога не адбылося б. Сяргей Барысавiч — зарэгiстраваны прыватны прадпрымальнiк, якi мае сертыфiкат на сваю дзейнасць, адпаведную адукацыю, плацiць адзiны падатак i сапраўды, напэўна, сумленна рамантуе тэлевiзары i вяртае iх гаспадарам. Але на яго месцы можа аказацца i зламыснiк, якi скарыстаецца даверам спажыўца. — Безумоўна, я вiнаваты, — пракаментаваў для журналiстаў невясёлую сустрэчу з удзельнiкамi рэйду тэлемайстар Сяргей Барысавiч. — Я не маю права браць да сябе тэлевiзары. Мой сертыфiкат дазваляе мне рамантаваць iх па месцы эксплуатацыi — дома ў клiента. Да таго ж, я павiнен выдаць гарантыйны талон, дзе ёсць усе мае дакладныя каардынаты. Спадзяюся, што мая вiна акажацца не настолькi цяжкай, каб мне забаранiлi займацца гэтай дзейнасцю, бо гэта — значная крынiца даходу маёй сям’i. Iншым прадпрымальнiкам скажу толькi — не парушайце закон нават у дробязях. Сяргей Барысавiч напiсаў тлумачальную запiску i атрымаў з рук супрацоўнiкаў дзяржкантролю пералiк дакументаў, з якiмi ён павiнен будзе прыйсцi да iх. Бо тое, што адбылося на вулiцы Заслаўскай, — толькi нагода для праверкi яго дзейнасцi як прадпрымальнiка. Пасведчанне прадпрымальнiка, сертыфiкат, дыплом, квiтанцыi, якiя сведчаць пра плату адзiнага падатку, Кнiга скаргаў i прапаноў, пералiк тарыфаў на паслугi, бланкi для гарантыйных талонаў пэўнай формы, Кнiгу рэгiстрацыi праверак, правiлы бытавога абслугоўвання — усё гэта ён павiнен будзе прадаставiць у аддзел кантролю сферы паслуг Камiтэта дзяржкантролю. Наступным адрасам у рэйдзе стала стацыянарная майстэрня ў Доме быта на адной з невялiкiх вулiц у цэнтры сталiцы. Падазрэнне кантралёраў выклiкала тое, што сертыфiкат быццам бы мае адзiн майстар, а тэлевiзары прымае — iншы. Супрацоўнiкi камiтэта здалi тэлевiзар у рамонт i дачакалiся, калi ён будзе адрамантаваны, каб праверыць, якiя дакументы будуць выдадзены на рукi спажыўцу пасля завяршэння работы. Пры прыёме тэлевiзараў у рамонт тут не быў аформлены бланк заказу ўсталяванага ўзору. На наступны дзень супрацоўнiкi аддзела кантролю сферы паслуг пры атрыманнi адрамантаванай тэхнiкi ўпэўнiлiся ў тым, што ўладальнiк майстэрнi прыняў грошы за выкананую работу з парушэннем заканадаўства. — Такiя рэйдавыя праверкi — адна з формаў работы нашага падраздзялення, — рэзюмаваў праведзеную ў гэты дзень работу Павел Крэмень. — Калi мы падчас рэйда бачым, што сапраўды ёсць нейкiя парушэннi заканадаўства, то робiм паўнамаштабную праверку фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi дадзенага прадпрыемства альбо прадпрымальнiка. Па вынiках праверак Камiтэт дзяржкантролю iнфармуе адпаведныя органы: Урад, у асобных выпадках — Прэзiдэнта, для таго, каб распрацаваць заканадаўчыя меры па прадухiленні такiх парушэнняў. Наша мэта — прывесцi работу прыватных прадпрымальнiкаў у адпаведнасць з патрабаваннямi закона, каб спажыўцы не былi ўшчэмленыя ў сваiх правах. Прадпрымальнiкi павiнны працаваць у межах дзеючага гаспадарчага заканадаўства, прадстаўляць свае паслугi якасна i бяспечна. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
I нават не знайсцi канцоў — такая небяспека тэарэтычна маецца. Чарговы рэйд Камiтэта дзяржкантролю, на якi была запрошаная карэспандэнт "Звязды&q
|
|