Какорыца — драгiчынская Венецыя
Какорыца — драгiчынская Венецыя
Месцічы ЦІ бачыў ты, шаноўны чытач, беларускую вёску, па якой можна плаваць на лодцы i не толькi падчас веснавой паводкi, а кожны дзень? Мне асабiста раней не даводзiлася. А ў Какорыцы лодка — найважнейшы вiд транспарту. Кiраваць лодкай умеюць усе вяскоўцы з дзяцiнства. З вёсламi ладна ўпраўляюцца жанчыны. Пенсiянерка Нiна Пратасевiч у сезон ледзь не штодня выходзiць на Спораўскае возера палавiць рыбку. Цяпер рыбная лоўля стала адным з галоўных хобi Нiны Іванаўны. А каналы ды разлiвы Какорыцы, якiя пададуцца любому турысту непараўнальнай экзотыкай, з’яўляюцца нагодай для таго, што Нiна Iванаўна называе адным словам: "Пагаравалi". Колькi ёй давялося вывезцi гэтай самай лодкай на сухiя мясцiны сена, збажыны, падлiчыць наўрад цi магчыма. Асаблiва пасля таго, як муж захварэў, i асноўны цяжар гаспадарчых клопатаў лёг на яе плечы. Але i сёння ў свае без малога семдзесят Нiна Iванаўна лiтаральна выпраменьвае аптымiзм, жыццёвую энергiю. Яна кажа, што ўсе какорыцкiя такiя: цягавiтыя, да працы прагныя. Жыццё прымушала вучыцца выжываць у экстрэмальных умовах. Былое i легенды Цiкава, што ў Какорыцы заўсёды былi ўсяго толькi два прозвiшчы — Пратасевiч i Зiновiч. Цяпер ёсць некалькi iншых, але гэта, як тут кажуць, прымакi. Здаралася, што з суседнiх вёсак хлопцы жанiлiся з мясцовымi дзяўчатамi, асядалi i разбаўлялi тутэйшую аднастайнасць. А легенда гаворыць, што ў гэтыя непраходныя балоты за часамi Кацярыны II выслалi за нейкую правiну двух непакорных сялян. Выслалi фактычна на згубу, у надзеi, што ў той дрыгве, на бездарожжы яны не выжывуць. Але моцнымi аказалiся Зiновiй i Пратас. Не толькi самi выжылi, сем’i стварылi, селiшча арганiзавалi. I павялiся з той пары ў Какорыцы моцныя духам людзi i заядлыя працаўнiкi. Прозвiшчы для Беларусi не сказаць, каб вельмi рэдкiя, але выпадкова апытала двух чалавек, абое аказалiся родам з Какорыцы. Расцiслаў Пратасевiч — былы рэдактар брэсцкай газеты "Народная трыбуна", зараз супрацоўнiк аблвыканкама, а Вадзiм Пратасевiч — дырэктар бiялагiчнага заказнiка "Спораўскi". Абодва расказвалi, як у школу ездзiлi на лодцы, якiя вясёлыя i шматлюдныя некалi былi танцы ў роднай вёсцы, як цiкава жылi, дружна працавалi. Даязджаць у вёску стала прасцей, калi пабудавалi дарогу з Бездзежа. Правiльней сказаць, рэканструявалi. Бо гэту дарогу, успамiнае 80-гадовая Дамiнiка Зiновiч, будавалi ўскладчыну ўсёй грамадой недзе ў 20—30 гадах мiнулага веку. Збiралi грошы, наймалi памочнiкаў нават з суседнiх вёсак i сыпалi дарогу. А без яе Какорыца заставалася адрэзанай ад усяго iншага свету па сушы, заставаўся толькi водны шлях. Па сутнасцi — востраў. Але дарогу перыядычна размывала. I толькi пасля правядзення мелiярацыi недзе ў канцы 60-х дарогу стала магчыма падтрымлiваць пастаянна. Едзем па той дарозе са старшынёй Бездзежскага сельсавета Iванам Янушчыкам, а паабапал усё залiта вадой. Раз-пораз сустракаюцца дрэвы, нават дубы, абточаныя бабрамi. Паважна плаваюць з малымi лебядзiныя сем’i — i так да самай Какорыцы. На ўездзе ў вёску дарога канчаецца, затое пачынаюцца каналы... Вайна не абышла горам вёску. I хоць немцы тут не стаялi, баялiся сунуцца ў такiя непраходныя мясцiны, але пасля аднаго з баёў з партызанамi наляцеў карны атрад, спалiў восем дамоў. Жыхары iх здолелi ўцячы, хутка схавацца, а вось жыллё давялося адбудоўваць наноў. 19 вяскоўцаў загiнулі на франтах Вялiкай Айчыннай. Калектывiзацыя: 120 гадоў на вёску... турмы Дзе працавалi многа, там, як вядома, i жылi заможна. Вяскоўцы вырошчвалi хлеб на кожным сухiм лапiку, вывозiлi на лодках. Зямля ў гэтых мясцiнах спрадвеку была не тое, што вельмi ўрадлiвая, але хапала яе, прасторы навокал — як вокам акiнуць. Вось i дайшлi рукi ва ўладаў да гэтых балотных аднаасобнiкаў. Паўлiна Iванаўна Дыцэвiч расказвала, як раскулачвалi яе мацi. У гаспадарцы было 20 вулляў, два гектары саду. Вось i запiсаў нейкi ўпаўнаважаны гаспадыню дома ў кулачкi, i забралi яе аж у Пiнск. На шчасце, прыйшоў з войска сын гаротнiцы, стаў хадзiць па розных калiдорах улады, хадайнiчаць за мацi. Ну i ўзялi да ўвагi, што дзевяць дзяцей гадавала, свае палi сям’я апрацоўвала толькi сваiмi сiламi. Адпусцiлi жанчыну, прасядзела ўсяго чатыры месяцы. "Па цяперашнiм часе мая мацi гераiняй была б, — сумна ўздыхае Паўлiна Iванаўна, — а тады кулачкай зрабiлi, ледзьве дабiлiся вызвалення". А потым пайшлi чуткi, што будзе прымусовая калектывiзацыя. Чуткi нейкiя дзiўныя, падобныя на правакацыю. Так, нехта "дасведчаны" прынёс навiну ў Какорыцу, што перад тым, як аб’яднаць усiх у калгас, абавязкова забяруць збожжа, якое кожны вырасцiў на сваiм палетку. Тады арганiзавалi нешта накшталт вясковай самаабароны. Па чарзе дзяжурылi, каб не пусцiць чужакоў у сяло. Паўлiна Дыцэвiч успамiнае, як хадзiла падлеткам на гэтыя калектыўныя дзяжурствы. Паўвеку прайшло, мала хто ўспомнiць падрабязнасцi, але амаль ва ўсiх на памяцi застаўся чалавек, немясцовы, якi меў цi то прозвiшча цi мянушку Дзеравенскi, у гэтай гiсторыi ён адыграў пэўную ролю. Вось ён i паведамiў какорынцам, што да iх накiроўваецца дэлегацыя з райцэнтра на чале з раённым начальствам, каб усiх загнаць у калгас, а ураджай забраць. Доўга вяскоўцаў угаворваць не давялося, насустрач выйшла сотня, а можа дзве чалавек. Сустрэлi няпрошаных гасцей на пад’ездзе, размова не ўдалася, а машыну, на якой прыбыў упаўнаважаны, перавярнулi. Праўда, неяк аўтамабiль потым паставiлi на месца i прадстаўнiк раёна вярнуўся назад. А вёскай, як няцяжка здагадацца, занялiся органы НКУС. Задалi задачу аператыўнiкам непакорныя какорынцы — яны нiкога не выдавалi, не давалi паказанняў адзiн супраць аднаго, не пасадзiш жа ўсю вёску. Кажуць, нехта з тых, хто займаўся расследаваннем справы, усклiкнуў аднойчы: "Не хочаце выдаваць завадатараў, то будзе вам 120 гадоў на ўсю вёску, самi выбiрайце, хто будзе сядзець!". Так яно i выйшла потым, пасадзiлi 12 чалавек, кожнаму быў прызначаны тэрмiн у 10 гадоў. Гiсторыя Дамiнiкi Зiновiч 82-гадовая Дамiнiка Антонаўна ажно ўстрапянулася: не хачу пра тое ўспамiнаць, нiчога не помню, усё забылася за паўвеку з гакам. Але аказалася, у бабулi вельмi добрая памяць. Проста той боль, хоць прытупiўся за дзесяцiгоддзi, але не пакiнуў зусiм... Пасля ўсяго, што апiсана вышэй, у Какорыцу прыйшоў "варанок" i забраў 12 чалавек. Па якiм прынцыпе адбiралi "арганiзатараў" непарадкаў, да гэтай пары нiхто не ведае. Тое, што сотняй мужыкоў камандавала маленькая кволая 25-гадовая Дамiнiка, у якой толькi-што нарадзiлася другое дзiця, уявiць немагчыма. Тады нiхто i не спадзяваўся на нейкую аб’ектыўнасць, кожны баяўся, што прыдуць за iм. А разам з Дамiнiкай у камеру папярэдняга зняволення трапiлi такiя ж маладыя, як яна, аднавяскоўкi. Узялi шэсць мужчын i шэсць жанчын. Ветэрана вайны Дзмiтрыя Барысавiча Пратасевiча не ўратавалi нi франтавыя ўзнагароды, нi баявыя заслугi, нi цяжкiя раненнi — пайшоў таксама па этапе. Нават цяпер праз столькi гадоў бабулька Дамiнiка з цяжкасцю стрымлiвае слёзы: "У Пiнску быў суд. Мы маўчалi як вады ў рот набраўшы, баялiся нейкiм словам пашкодзiць сабе. Сведка Дзеравенскi чытаў свае паказаннi з паперкi. Нават суддзя здзiвiўся, чаму сведка чытае гатовы тэкст. Прыгавор таксама, мусiць, быў гатовы загадзя." Усе пайшлi па сумнавядомым 58-м артыкуле. Спачатку быў валагодскi лесапавал, потым ташкенцкая прадзiльная фабрыка. На фабрыцы Дамiнiку адзначылi як лепшага працаўнiка, нават застацца прапаноўвалi пасля вызвалення, жыллё абяцалi. Але дзе там! Як толькi ў 55-м атрымала вестку, што справа перагледжаная, як на крылах панеслася ў Какорыцу. Чатыры гады дзяцей не бачыла, мужа. Пасля вызвалення нарадзiўся трэцi сынок. З iм i нявесткай жыве зараз мацi. "Калi на 80-годдзе сабралiся ўсе дзецi, унукi, — расказвае Дамiнiка Антонаўна, — я iм сказала, што многа на сваiм веку пабачыла гора i пакут, але галоўнае, каб на iх жыццё нiчога падобнага нiколi не выпала". У час хрушчоўскай адлiгi справу перагледзелi, i какорыцкiх гаротнiкаў адпусцiлi. Усе вярнулiся дадому. Першыя калгасныя гады былi галодныя, але няўрымслiвыя жыхары працавiтай вёскi прызвычаiлiся акрамя нарэзаных па самыя хлявы сотак засяваць для сябе лапiкi збажыны, бульбы амаль у непраходных мясцiнах. Ураджай вывозiлi лодкамi. Жыхары Какорыцы У пасляваенны час у вёсцы значылася больш за 300 жыхароў. Цяпер жыве 161 чалавек. З iх абсалютная большасць — пенсiянеры. Усяго пяць дзяцей забiрае ранкам школьны аўтобус. "Зараз для нас галоўны чалавек — фельчар Алена Зiновiч, — гаворыць знаёмая нам Нiна Пратасевiч. — Каму ўкол зрабiць, каму таблетку даць". Нiну Iванаўну падтрымлiвае суседка, маўляў i доктар, якi па графiку прыязджае з Бездзежа, таксама ўважлiвы да нас, старых i нямоглых. Нiна Iванаўна не толькi заядлая рыбачка, яна i працаўнiца, якой роўных цяжка знайсцi. Пасля таго, як 30 гадоў таму муж захварэў, навучылася i касiць, i араць. I цяпер iх падворак адзiн з самых прыгожых, добраўпарадкаваных i дагледжаных. Нават цяжка паверыць, што гаспадар вельмі хворы чалавек. Арсенiй Захаравiч можа памалу рухацца толькi пры дапамозе двух мыліцаў. Але пры сваiм амаль сядзячым ладзе жыцця ён асвоiў майстэрства пляцення рыбалоўных сетак. Столькi за гэты час сплёў, паводле ацэнкi самога гаспадара, самазвалам не вывезеш за раз. Цяпер яго заказчыкамi нярэдка выступаюць рыбгасы. А апошнiм часам з’явiлiся i спецыфiчныя заказы, сеткi як элемент iнтэр’ера выкарыстоўваюць гаспадары турыстычных сядзiбаў, так званых рыбацкiх домiкаў i дачаў. Так што майстар з Какорыцы без работы не застанецца. Яшчэ Арсенiй Захаравiч робiць граблi, тапарышчы... Яго цёзка па прозвiшчы Мiкалай Мiкалаевiч ператварыў свой падворак у аўтарскi ўзор ландшафтнага дызайну. На жаль, з гаспадаром сустрэцца не давялося, ён быў на рабоце. Але старшыня сельсавета звярнуў увагу на акуратныя, радок у радок, градкi i незвычайную альтанку, пакрытую чаротам з плеценай дэкаратыўнай агароджай, штучным вадаёмчыкам i рознымi дробнымi элементамi. Чысцiня i парадак на падворку так i гавораць аб прысутнасцi руплiвай гаспадынi. Аказалася, не, чалавек па волi лёсу застаўся адзiн, але сядзiбу падтрымлiвае ва ўзорным парадку. Вёска можа ганарыцца i працавiтай шматдзетнай сям’ёй Курыловiчаў, якiя на сваiм падворку нават абрыкосы вырошчваюць. I хоць па-ранейшаму пакуль што заселены кожны з трох былых хутароў — Герады, Папiчына, Кутасы, — пустых хат застаецца ўсё болей i болей. Адлегласцi памiж кожным з названых "мiкрараёнаў" вымяраюцца кiламетрам, а то i болей. Можна сабе ўявiць прасторы Какорыцы. Дарэчы, тут на вёску — двое могiлкаў. На адных, як няцяжка здагадацца, хавалi Пратасевiчаў, на другiх — Зiновiчаў. Цяпер, праўда, гэтай традыцыi не прытрымлiваюцца, i кожны выбiрае месца апошняга спакою па сваiх меркаваннях. Дзень сённяшнi Сёння ў Какорыцу, куды, здаралася, падчас паводак хлеб i iншыя прадукты дастаўлялi верталётам, два разы на тыдзень ходзiць аўтобус. У Бездзеж можна дабрацца i школьным аўтобусам. У былой школе размясцiлiся клуб i бiблiятэка... Зараз у вёсцы, дзе 92 двары, утрымлiваецца 40 коней i 40 кароў. Па-ранейшаму тыя, хто яшчэ ў сiле, галоўную стаўку робяць на асабiстую гаспадарку. А населены пункт увайшоў у склад бiялагiчнага заказнiка "Спораўскi". Возера Спораўскае ад хаты нашых герояў Нiны i Арсенiя Пратасевiчаў лiтаральна ў адным кiламетры. Раней яго з двара вiдно было, кажуць гаспадары. А цяпер балота не выкошваецца i хутка зарастае кустоўем. Паводле слоў дырэктара заказнiка Вадзiма Пратасевiча, гэта адна з бедаў ахоўваемага балота. Тэхнiка не ўсюды можа дайсцi. А тых палешукоў, якiя з маленькай сякеркай за поясам выкошвалi балотную раслiннасць, амаль не засталося. Сякера патрэбна была, каб ссячы тое, што каса не бярэ. Затое па прадстаўнiках флоры i фаўны, якiя сустракаюцца ў Какорыцы, можна вывяраць усю Чырвоную кнiгу. Тут заўважаны вяртлявая чаротаўка, вялiкая белая чапля, чорны бусел, арлан-белахвост, дупель, птушка-лунь, жыве чаротавая жаба, растуць архiдэi, рэдкiя гваздзiкi i шмат iншых красак, якiя мала дзе засталiся. Святлана ЯСКЕВIЧ. Драгiчынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЦІ бачыў ты, шаноўны чытач, беларускую вёску, па якой можна плаваць на лодцы i не толькi падчас веснавой паводкi, а кожны дзень? Мне асабiста раней не |
|