Добрасумленных кiроўцаў узнагародзяць прызамi
Добрасумленных кiроўцаў узнагародзяць прызамi
Увага, вадзіцелi! Учора ў нашай краiне распачалася першая рэспублiканская сацыяльная акцыя "Выхаваны вадзiцель", якая працягнецца да 31 жнiўня. Самым добрасумленным кiроўцам з кожнай вобласцi ўручаць прызы, якiя дазволяць адчуваць сябе за рулём камфортна. Сярод падарункаў, якiя разыграе "Ваша лато" (беларускiя латарэi выступiлi суарганiзатарам праекта ДАI) — аўтасiгналiзацыя, аўтамабiльнае абсталяванне гучнай сувязi, маторнае масла i антыфрыз, аўтакасметыка i iншыя прэзенты ад партнёраў акцыi. Першы розыгрыш адбудзецца ў Вiцебску ў рамках "Славянскага базару".Удзельнiкамi акцыi могуць стаць усе вадзiцелi, за выключэннем тых, хто сёлета стаў вiноўнiкам ДТЗ, парушыў ПДР. Каб спаборнiчаць у конкурсе сярод культурных кiроўцаў, недастаткова толькi лiчыць сябе выхаваным, варта яшчэ i пацвердзiць сваё права на гэта, а значыць, быць дапушчанымi да ўдзелу ў акцыi. Толькi ўзорным вадзiцелям iнспектары ДАI ўручаць спецыяльны талон выхаванасцi (яго патрэбна запоўнiць i выслаць па пазначаным адрасе ў сваiм рэгiёне) i наклейку. Яе, паводле рэкамендацыi ДАI, варта размясцiць у правым нiжнiм кутку задняга ветравога шкла, каб большасць удзельнiкаў дарожнага руху цiкавiлася, а што гэта за наклейка, i таксама далучалася да карыснай акцыi. "Талон выхаванасцi — не iндульгенцыя, — папярэдзiў намеснiк начальнiка УДАI МУС Беларусi Iгар Ванiцкi. — Калi нехта з удзельнiкаў акцыi парушыць правiлы дарожнага руху, то супрацоўнiкi ДАI не звернуць увагi, што гэта, быццам бы, выхаваны вадзiцель. Такога кiроўцу адразу выкрасляць са спiса канкурсантаў". Акцыя "Выхаваны вадзiцель", вядома ж, не панацэя ад ДТЗ, але супрацоўнiкi ДАI перакананыя, што яна ўсё ж стане добрым стымулам для вадзiцеляў мець павышаную культуру за рулём. "Я штодня чытаю зводкi i бачу, колькi людзей развiтваецца са сваiмi жыццямi, — кажа Iгар Ванiцкi. — Сёлета адбылося звыш 2770 ДТЗ, 284 з iх па вiне нецвярозых вадзiцеляў. 602 чалавекi загiнулi, 2922 параненыя". Паводле параўнання сёлетнiх паказчыкаў са статыстыкай мiнулага года, колькасць загiнулых на дарогах пастаянна расце, прычым цяпер часцей людзi памiраюць у светлы час сутак у бяскрыўдных сiтуацыях. Асноўныя "смяротныя" фактары не мяняюцца — вадзiцелi i пасажыры не прышпiльваюцца, таму пры аварыi ў iх большая верагоднасць атрымаць цялесныя пашкоджаннi; кiроўцы парушаюць хуткасны рэжым цi няправiльна выбiраюць хуткасць на пэўным участку шляху, у прыватнасцi на гравiйных дарогах. Як вынiк — перакульванне, вылет у кювет. Першымi ўдзельнiкамi акцыi сталi беларускiя "зоркi", якiя ўчора прысутнiчалi на прэзентацыi "Выхаванага вадзiцеля" ў Нацыянальным прэс-цэнтры — тэлевядучая Першага канала Святлана Бароўская, спевакi Аляксей Хлястоў i Нiна Багданава, салiсты гурта "Тяни-толкай", песня якiх, прынамсi, прэтэндуе стаць гiмнам ДАI МУС Беларусi. Нягледзячы на "зорны" статус, iх усiх праверылi па базе ДАI, цi маюць яны парушэннi ПДР. Святлана Бароўская, якая мае вопыт ваджэння больш за 10 гадоў, прапанавала далучыць да акцыi i самiх дзяржаўтаiнспектараў, нават спецыяльна ўзяла больш талонаў, каб асабiста ўручыць таму супрацоўнiку ДАI, хто спынiць яе на дарозе i будзе ветлiва сябе паводзiць пры гэтым. Тэлевядучая таксама падзялiлася ўласным сродкам барацьбы з нявыхаванымi вадзiцелямi: "Раней я лаялася, але зразумела, што мяне вiнаватыя не чуюць. Дапамог муж. Ён зрабiў спецыяльную таблiчку, на якой намалявана пэўная жывёла з рагамi, ну вы разумееце. Вось яе я i паказваю, калi трэба". А Нiна Багданава, спявачка гурта "РIN СОDЕ" i дыджэй радыё "Пiлот FM" паведамiла свой спосаб: "Я малады вадзiцель, таму езджу не вельмi хутка. Калi мне сiгналяць мачо, якiя хочуць прашмыгнуць на жоўты, маўляў, я iм перашкаджаю, я проста ўсмiхаюся iм у адказ". Нiна таксама падзялiлася цiкавымi паведамленнямi ад слухачоў радыё "Пiлот FM": "Часта нас просяць перадаць прывiтанне таму, хто на фуры i можа кагосьцi забiць, калi не збавiць хуткасць", цi "таму вадзiцелю, якi толькi што падрэзаў". Дарэчы, Нiна Багданава супакоiла, што заўжды заклiкае вадзiцеляў спынiцца, калi яны звоняць на радыё. "У руках кiроўцаў не толькi руль, але i жыццi людзей i свая асабiстая", — тлумачыць такую палiтыку радыё яна. Аляксей Хлястоў прыгадаў выпадак, калi бачыў наступствы аварыi ля Лепеля: "Я быў у шоку, калi даведаўся аб прычыне ДТЗ. Аварыя адбылася з-за таго, што адзiн вадзiцель пайшоў на абгон, а другi, што на сустрэчнай паласе, замест таго, каб нацiснуць на тормаз, дачакацца завяршэння манеўра, наадварот, нацiснуў на газ, бо гэта ж яго паласа. Гэта адсутнасць узаемаветлiвасцi, а без яе на дарозе не абысцiся". Са спеваком пагадзiўся намеснiк начальнiка УДАI. "Часам вадзiцель мае перавагу руху, але прапускае другога кiроўцу, якi iмчыцца на вялiкай хуткасцi, — кажа Iгар Ванiцкi. — Гэта i ёсць культура ваджэння, бо на дарозе галоўнае — пазбегнуць аварыйнай сiтуацыi, а значыць, захаваць жыццi людзей". Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў нашай краiне распачалася першая рэспублiканская сацыяльная акцыя "Выхаваны вадзiцель", якая працягнецца да 31 жнiўня. Самым добрасум
|
|