Міхаiл Кавалёў: атлант i карыятыда
Міхаiл Кавалёў: атлант i карыятыда
Лёс цесна знiтаваў Мiхаiла Кавалёва з Мiнскам: у вайну вызваляў горад, пасля адбудоўваў, потым стаў яго кiраўнiком... Побач заўсёды была Марыя, жонка-сябар i аднадумца. Ужо год, як не стала Мiхаiла Васiльевiча Кавалёва — грамадскага i палiтычнага дзеяча, заслужанага будаўнiка Беларусi, былога старшынi Савета Мiнiстраў БССР. Марыя Цiмафееўна паказвае фотаздымкi сямейнага архiва. Перш-наперш — партрэт зусiм маладзенькага байца... Вайна — У 1945 годзе 19-гадовы Мiхаiл Кавалёў атрымаў ордэн Чырвонай Зоркi — i якраз прыехаў фотакарэспандэнт сфатаграфаваць узнагароджаных. Гэты здымак ён прыслаў мацi, — расказвае Марыя Цiмафееўна. — А дзе гэта было? — У Германii... Ён дайшоў да Эльбы. — На здымку — проста хлапчанё!.. — А ваяваў ён ужо з 1943 года. Пехатой прайшоў Беларусь, Польшчу, Германiю ў складзе 1-га i 2-га Беларускiх франтоў. Ён удзельнiчаў у вызваленнi Мiнска, 3 лiпеня 1944 года ўвайшоў у горад з боку аэрапорта. Страшна гарэў увесь Мiнск, асаблiва аэрадром. Гарэлi самалёты, гаручае, мазут... Спёка такая была — што фарба на танках падымалася пухiрамi i лопалася. ...Аднойчы ў час бою ў Польшчы Кавалёва кантузiла i зусiм завалiла зямлёй ад выбуху снарада. Косця Чуйкоў, яго сябра, адкапаў Мiшу i паклiкаў санiтараў, гэтым i выратаваў. Мiхаiл Васiльевiч з усмешкай расказваў i пра такi выпадак. Неяк позняй восенню спынiлiся на начлег у польскай вёсцы. У гумне, дзе яны начавалi, ляжала многа саломы. Спаць было мякка, цёпла, але ранiцай, калi паступiла каманда рухацца ўперад, выявiлася, што ў Мiшы згубiўся медаль "За адвагу". Гэты медаль высока цанiўся ў вайскоўцаў, хлопец ледзь не плакаў ад шкадавання. На шчасце, камандзiр дазволiў яму затрымацца i пашукаць, потым дагнаць часць. Амаль усю салому ператрос салдат, але знайшоў. — Мiхаiл Кавалёў 1925 года нараджэння — як ён паспеў прызвацца ў армiю? — Ён трохi прыбавiў сабе ўзросту: дакументаў жа не было. Мiша Кавалёў быў камсамолец, патрыёт. Вельмi хацеў змагацца з ворагам. — А з якой ён сям’i? — З сялянскай, у бацькоў было 11 дзяцей, з iх сталi дарослымi толькi чацвёра (дзiцячыя хваробы, iспанка...). Тата быў удзельнiкам абедзвюх сусветных войнаў. Ён не меў нi сярэдняй, нi вышэйшай адукацыi, але па прыродзе быў чалавек адораны, кемлiвы. Закончыў розныя курсы i працаваў у раённых установах у Клiмавiчах. У 1935 годзе Васiля Георгiевiча накiравалi на працу ў Бягомль. Пражыў бацька 87 гадоў. Мацi — Матрона Iванаўна — пражыла 86 гадоў. Гэта была непiсьменная, але па-народнаму разумная, мудрая жанчына. Мiша да вайны закончыў 9 класаў Бягомльскай СШ. Мы былi суседзямi, жылi на вулiцы Кiрава. У Бягомлi знаходзiлася пагранiчная часць, i гэта дадатна адбiвалася на культурным жыццi мястэчка. Помняцца даваенныя святочныя дэманстрацыi, калi Мiша Кавалёў узначальваў школьную калону ў якасцi барабаншчыка. Iграў у аркестры раённага Дома культуры i за гэта меў права бясплатна глядзець кiнафiльмы. ...Немцы прыйшлi зусiм нечакана. Памятаю: мама атрымала зарплату i стала адлiчваць грошы, каб я схадзiла ў раймаг купiць сабе туфлi. Яна помнiла Першую сусветную i ведала, што з адзеннем, абуткам будуць праблемы. Раптам пачулiся стрэлы-выбухi танкаў-разведчыкаў... Людзi, спужаныя, разгубленыя, беглi далей ад гэтых стрэлаў у бок Ленiнскай вулiцы, Маргавiцы, за якiмi быў лес. Сярод уцекачоў была i сям’я Кавалёвых. Неўзабаве танкi знiклi, i наступiла паўза. Што рабiць? Хутка сабралася каля двух дзесяткаў мужчын, пераважна раённыя служачыя, i рушылi на ўсход. У iх лiку — i Мiша з бацькам. Аднойчы пасля бамбёжкi Мiша не знайшоў бацьку. Як высветлiлася пазней, частка мужчын змагла адарвацца ад немцаў i ўлiцца ў рады Чырвонай Армii. Група, у якой быў i Мiша, куды нi пойдзе — усюды немцы. Давялося вярнуцца ў Бягомль. У мястэчку ледзь не на кожным слупе былi расклеены загады, пагрозы смяротнай кары. Сям’i камунiста нельга было тут заставацца. Таму мацi з дзецьмi выправiлiся пехатой у далёкую дарогу — на радзiму бацькоў у вёску Дубравiца Клiмавiцкага раёна. Дарэчы, менавiта там у дзеда Iвана, матчынага бацькi, Мiша праходзiў сялянскую навуку: вучыўся араць, сеяць, касiць, плесцi лапцi... У вёсцы была радня, якая памагала выжыць. Пасля вызвалення Клiмавiцкага раёна Кавалёў, яшчэ зялёны невысокi юнак, адразу трапiў на фронт, якi быў недалёка. Пры фарсiраваннi Пронi быў паранены. Калi мацi прыйшла ў шпiталь наведаць сына, здзiвiлася: "Як жа ты хутка вырас, сынок. Шынель табе ўжо стаў зусiм кароткi". Мацi атрымлiвала доўгачаканыя пiсьмы ад сына, а аднаго разу атрымала незвычайны лiст, у якiм была падзяка — за сына. Жанчына з гонарам паказвала вяскоўцам гэтае пiсьмо, каментуючы: "Я ж казала, што Мiшка ў мяне самы лепшы — на сто сот". Гэта ў яе была найвышэйшая мера пахвалы. Праца — Адразу пасля вайны Мiхаiл Васiльевiч паступiў у iнстытут? — Не адразу. Дэмабiлiзаваўся ён у 1948-м i прыехаў у Мiнск. Працаваў на мотарамонтным заводзе i заканчваў 10-годку ў вячэрняй школе. Ён скончыў будаўнiчы факультэт Ленiнградскага горнага iнстытута ў 1954 годзе i быў накiраваны ў Мiнск. Працаваў майстрам, прарабам, начальнiкам будаўнiчага ўпраўлення. Сярод лепшых яго будоўляў — Беларускi iнстытут механiзацыi сельскай гаспадаркi. Быў прыгожы праект. Але акурат у гэты час, пры Хрушчове, пачалася жорсткая барацьба з "излишествами" ў архiтэктуры i будаўнiцтве, i праект абкарналi, спрасцiлi. Мiхаiл Васiльевiч вельмi перажываў. Ён вучыўся ў Ленiнградзе i быў выхаваны на архiтэктурных шэдэўрах гэтага горада. Гаварыў: "Такiя адзiнкавыя грамадскiя будынкi павiнны мець адметнае аблiчча, каб нашчадкi любавалiся i ганарылiся iмi". У 1962 годзе М. Кавалёва накiравалi ў Салiгорск будаваць калiйны камбiнат i горад... — На працягу 10 гадоў Мiхаiл Кавалёў узначальваў Мiнскi гарвыканкам. Якраз у той час вырашалася, цi з’явiцца ў Мiнску метро. — Быць цi не быць метро ў Мiнску, вырашалася з перашкодамi. Мiхаiл Васiльевiч часта ездзiў у Маскву "прабiваць пытаннi". П.М. Машэраў i Ц.Я. Кiсялёў мелi вялiкi аўтарытэт ва ўрадавых i партыйных колах краiны, таму лягчэй было вырашаць праблемы. Па тагачасных правiлах, метро дазвалялася будаваць у горадзе з мiльённым насельнiцтвам. — I ў Мiнску нарадзiўся мiльённы жыхар! — Нарадзiўся. — Можа, трошкi "прыпiсалi"? — Наўрад. Урэшце, гэта не так важна. Горад атрымаў неабходнае метро, з прыгожымi, адметнымi станцыямi, сцены якiх аблiцаваны цудоўным мармурам, з якiм таксама былi праблемы. Працуючы ў гарвыканкаме, Мiхаiл Васiльевiч з неверагоднай адказнасцю ставiўся да прыёму грамадзян. Яны давалiся яму даволi цяжка. Таму што ён не быў абыякавым слухачом, а прапускаў праз сябе, праз сваё сэрца чужое гора, бяду. Пасля такiх прыёмаў прыязджаў зусiм знясiлены. Маючы здаровыя спадчынныя каранi (бацькi яго нiколi сур’ёзна не хварэлi), ён атрымаў язву страўнiка i гiпертанiю. Аднойчы прыйшоў з якогасьцi пасяджэння i расказаў: на перапынку падышоў да гурту пiсьменнiкаў i ў час размовы прапанаваў даць назву новаму рэстарану — але каб яна была выразная, беларуская. Сталi ўголас прапаноўваць, ды ўсё было не тое. Нарэшце I. Шамякiн прапанаваў — "Журавiнка". Згадзiлiся, што гэта хораша. Кавалёў быў iнiцыятарам устанаўлення сувязяў Мiнска з замежнымi гарадамi, калi ўзначальваў гарвыканкам. Гарадамi-пабрацiмамi Мiнска сталi Нотынгем (Англiя), Лiон (Францыя), Бангалор (Iндыя), Сендай (Японiя), iншыя. — Мiхаiл Кавалёў займаў высокiя адказныя пасады, у тым лiку i старшынi Саўмiна БССР — прычым у досыць няпростыя 1986—1990 гады? — Час быў сапраўды складаны. Перш за ўсё — Чарнобыль. Нечакана ўзнiкла процьма найскладанейшых праблем. Кiраўнiцтва ледзь не цэлымi суткамi працавала, каб як мага хутчэй арганiзаваць эвакуацыю i ўсё, што звязана з гэтым. На забруджанай тэрыторыi апынулася такая вялiкая колькасць людзей, якую "адным махам" не выхапiш. Тым не менш было зроблена неверагоднае... Чарнобыль — гэта боль для ўсiх нас. Гэта былi i нялёгкiя, няпростыя гады перабудовы... Дзе б нi працаваў Мiхаiл Васiльевiч, побач з iм заўсёды былi працавiтыя сумленныя людзi — прафесiяналы, разам з якiмi ўдалося зрабiць многае. Гэтыя блiзкiя i дарагiя людзi не пакiдалi яго без увагi, калi ён ужо быў на пенсii, яны праводзiлi яго i ў апошнi шлях. Каханне Сярод фотаздымкаў — канверт з надпiсам па-беларуску: "Дарагая Марыйка! Гэта мая першая пенсiя! Цалую. Мiша". — Вы ў сям’i размаўлялi на роднай мове? — I на беларускай, i на рускай. Пераважала беларуская, асаблiва з майго боку. Мiхаiл Васiльевiч доўга не быў у Беларусi (5 гадоў у армii, вучоба ў Ленiнградзе) i гаварыў па-руску. Але калi ў нас пачалося каханне, у Мiхаiла Васiльевiча з’явiлася большая цiкавасць i любоў да роднай мовы. Са мной стараўся гаварыць па-беларуску, бо ведаў, што мне гэта прыемна. Ён ведаў i любiў беларускую лiтаратуру, быў блiзка знаёмы з многiмi пiсьменнiкамi, дзеячамi культуры. Чытаў не толькi рускiя, але i беларускiя газеты i часопiсы, якiя мы выпiсвалi, калi працавалi. Дарэчы, з 1954 года — больш як паўстагоддзя! — бесперапынна, нязменна выпiсваю "Звязду". Калiсьцi газета апублiкавала нашу з Iрынай Шчарбаковай рэцэнзiю на першую кнiгу Фёдара Янкоўскага "Прыказкi, прымаўкi, фразеалагiзмы". Мне вельмi падабаецца "Звязда", апошнiм часам газета стала яшчэ лепшай. Тут працуе таленавiты журналiсцкi калектыў. Вы звяртаеце пiльную ўвагу на мову, гэта радуе. — А як вы пазнаёмiлiся з Кавалёвым? — Мы з Мiхаiлам Васiльевiчам у Бягомлi былi суседзямi, але асаблiва не звярталi ўвагi адзiн на аднаго. Страла Купiдона дагнала нас у студзенi 1951 г., калi Мiша, студэнт Ленiнградскага горнага iнстытута, а я, студэнтка Мiнскага педiнстытута, прыехалi разам на канiкулы ў Бягомль. Спакутаваным вайной i пасляваеннымi нягодамi юнаку i дзяўчыне было падаравана каханне — шчырае, чыстае, светлае. Гэта былi самыя шчаслiвыя канiкулы, канiкулы-казка, канiкулы-мара, песня. У 1952 годзе я закончыла iнстытут, i мяне пакiнулi на кафедры беларускай мовы (52 гады адпрацавала там). У студзенi 1953-га Мiша датэрмiнова здаў экзамены, каб наша чарговая сустрэча была даўжэйшай. У гэты час мы i пажанiлiся. Пры тагачасным сцiплым жыццi, безумоўна, не маглi справiць вяселля, але ўвечары рэгiстрацыю шлюбу адзначылi з блiзкiмi людзьмi. У нас вялiкая сям’я: два сыны — Сяргей (будаўнiк) i Андрэй (фiзiк), нявесткi Лена i Таня, пяцёра цудоўных унукаў — Максiм (юрыст), Юра (салiст, майстар сцэны Вялiкага тэатра балета), Мiша (скончыў Белдзяржунiверсiтэт iнфарматыкi i радыёэлектронiкi), Волечка (студэнтка БДУ), Алесь (студэнт медунiверсiтэта). — Вы пражылi разам амаль 55 гадоў. Залатое вяселле спраўлялi? — Сваёй сям’ёй сабралiся: муж ужо хварэў... Затое як адзначылi сярэбранае вяселле! Былi i сваты, сябры прыдумалi, што трэба ўкрасцi нявесту. I мяне ўкралi, i выкуп патрабавалi — па ўсiх правiлах! Да 80-гадовага юбiлею мужа Марыя Цiмафееўна зрабiла некалькi вялiкiх насценных газет: цiкавыя фотаздымкi, адмысловыя подпiсы. Гэта быў яе падарунак-сюрпрыз. — Наш шлюб быў шчаслiвы, — прызнаецца Марыя Цiмафееўна. — Цяпер глядзяць на гараскопы, вераць у розныя прыметы. Мы нiколi не звярталi на гэта ўвагi. Усё залежыць ад самiх мужа i жонкi, як яны змогуць захаваць сваё каханне, узаемаразуменне, павагу адзiн да аднаго. А каханне — рознае ў розныя перыяды сумеснага жыцця. Але яно, калi сапраўднае, то да скону. Мiша для мяне быў усiм: мужам, сябрам, аднадумцам, i я для яго была тым жа. Ён быў чымсьцi большым — святлом, сонцам, якое закацiлася.. Ён быў Чалавек. Гутарыла Таццяна ПАДАЛЯК. Здымакiз сямейнага архiва Марыi Кавалёвай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс цесна знiтаваў Мiхаiла Кавалёва з Мiнскам: у вайну вызваляў горад, пасля адбудоўваў, потым стаў яго кiраўнiком... Побач заўсёды была Марыя, жонка-
|
|