Святло і ценi нашых традыцый, або Перадкупальскiя страсцi
Святло і ценi нашых традыцый, або Перадкупальскiя страсцi
Забытае? Новае? Вечнае! Лiдзiя Яўгенаўна з Любанскага раёна задае пытанне, якое тычыцца вельмi далiкатнай сферы нашых традыцыйных абрадаў: "У час пахавання маёй мацi здарылася наступнае. Святар адпяваў нябожчыцу, а ўсе прысутныя ў гэты час трымалi ў руках запаленыя свечкi. Пасля завяршэння памiнальнай малiтвы да маёй дачкi падышла жанчына, забрала ў яе з рук свечку i палажыла ў труну. Тая ж самая жанчына пазней сабрала ўсе свечкi i таксама хацела пакласцi iх ў труну да нябожчыцы. Прысутныя пачалi пярэчыць i запатрабавалi, каб я забрала гэтыя свечкi. Непакоiць тое, што ў хуткiм часе дачка пачала хварэць. Што мне рабiць?" У каторы раз пераконваемся ў тым, што наша няведанне спрадвечных традыцый, асаблiва тых, якiя звязаны з жыццёвым колам чалавека (радзiнамi, вяселлем, пахаваннем), прыводзiць да шматлiкiх непаразуменняў падчас выканання абрадавых дзеянняў, а затым i да непрадказальных праблем з нашым фiзiчным i духоўным здароўем. Сямейна-родавыя абрады дакладна i строга рэгламентавалi месцы i ролю кожнага яго ўдзельнiка, акрэслiвалi сферу ўжывання таго цi iншага атрыбута, шмат у чым прадвызначалi лёс асноўных дзеючых асобаў на блiжэйшую перспектыву, а то i на ўсё жыццё. Якраз апошняя складовая — арыентаванасць на жыццёвую перспектыву — i прадвызначала недвухсэнсоўнае стаўленне нашчадкаў да абрадавай спадчыны сваiх продкаў. Штогадовае калектыўнае выкананне (паўтарэнне, замацаванне) абрадаў не толькi захоўвала-падтрымлiвала раўнавагу ва ўзаемаадносiнах памiж чалавекам i прыродай, але i зблiжала-знiтоўвала ўзаемаадносiны памiж людзьмi. Кожны новы вiток жыцця замацоўваўся абрадамi новага (с)тварэння свету, якiя не дапускалi практычна нiякiх адхiленняў ад даўно выпрацаванага i замацаванага алгарытму. Выконваючы тое або iншае абрадавае дзеянне, людзi ўкладвалi (свядома цi несвядома) у яго свае жыццёвыя веды, вопыт, энергетыку, думкi, наперад ведаючы контуры развiцця будучых падзей. А як толькi яны сутыкалiся з тым, што нехта з удзельнiкаў паводзiў сябе неадэкватна патрабаванням адвечнай традыцыi, адразу пачыналi меркаваць пра тое, што той чалавек, якi дапускаў парушэнне, фактычна парушаў гармонiю стварэння новага свету, тым самым правакаваў адкрытае процiстаянне багам, продкам, прынятаму парадку. Зразумела, тыя не маглi дараваць адкрытае процiстаянне, насылалi на сваiх нашчадкаў усялякiя беды i няшчасцi. У сваю чаргу, грамада магла вынесцi парушальнiку свой прысуд. Разам з тым iснаваў яшчэ адзiн варыянт наўмыснага парушэння традыцый, калi чалавек свядома правакаваў нейкае нелагiчнае дзеянне, але пры гэтым быў не сам у цэнтры правакуемай разбуральнай дзеi, а праз адпаведны атрыбут (рэч, абрадавы прадмет) пераадрасоўваў яе iншаму чалавеку — уладальнiку абрадавай рэчы. Мы наўмысна раскрываем для нашых чытачоў некаторыя аспекты (завуалiраваныя, не ўсiм вядомыя i зразумелыя) абрадавай практыкi, каб лiшнi раз перасцерагчы ад непрадуманых дзеянняў i непрадбачаных наступстваў. На адной з нядаўнiх сустрэч у Пухавiцкiм раёне адна з жанчын замахала рукамi i эмацыянальна залямантавала: "Нас жа гэтаму нiхто не вучыў, бабулi ў свой час не расказвалi, у ВНУ чыталi "навуковы атэiзм", а ўсё не так! Дзе ж я цяпер, на старасцi, ва ўсiм гэтым разбяруся?!" Дзiўна чуць ад нашых людзей бязвольнае прызнанне ў тым, што нашы вяселлi ператваралiся ў звычайную гулянку, а жалобныя сталы — нагоду выпiць лiшнюю чарку пад прыкрыццём вялiкiх пачуццяў. Вельмi хацелася б напiсаць кароткую iнструкцыю, напрыклад, для правядзення вяселля або памiнальных сталоў. Аднак у кожным раёне ёсць (абавязкова) свае нюансы, свае правiлы, якiя ў нечым адрознiваюцца ад правiлаў суседняга раёна. У такiм разе "iнструкцыi" трэба пiсаць для кожнага раёна, але на гэта не хопiць i пяцi зямных жыццяў, не тое што аднаго. Вось на гэтых "дробязях" i паразiтуюць многiя "знаўцы" традыцый. Разумеючы, што большасць людзей не столькi ведаюць, колькi чакаюць падказкi, як i што зрабiць, яны тут жа бяруць на сябе ролю лiдара i раздаюць парады, ад якiх потым у людзей пачынаюцца самыя розныя непрыемнасцi. Яшчэ на адной сустрэчы пачулi, як жанчына плакала: "Загiнуў малады пляменнiк, а яго iмя "перадалi" ўнуку, якi нарадзiўся на пачатку лета". Ну пра што тут можна гаварыць, калi ўжо тысячу разоў паўтаралi: не давайце сваiм дзецям iмёны заўчасна памерлых або трагiчна загiнулых сваякоў, таму што iмя самым непасрэдным чынам уплывае на долю чалавека. Вернемся да пытання, зададзенага ў лiсце чытачкi. Яшчэ раз прасачыце за логiкай разгортвання падзей. Пялюшкi, у якiя спавiвалi дзiця пасля першага рытуальнага купання, захоўвалi доўга-доўга, перадаючы наступным дзецям i пляменнiкам. Мала таго, што яны родныя па крывi, дык яшчэ i абрадавым атрыбутам-абярэгам павязалi-паядналi, каб век дружна пражылi. Гэтаксама ўсё жыццё жанiх i нявеста будуць захоўваць ручнiк, на якiм iх заручылi ў храме. А вось тое, што датычыцца абрадаў пахавання i атрыбутаў, якiя iх суправаджалi, то тут сiтуацыя прынцыпова iншая. Калi ваду, у якой купалi дзiця, вылiвалi пад пладовае дрэва (каб i ў яго свае дзецi-плады былi), то "мёртвую" ваду, у якой мылi памерлага, вылiвалi ў тое месца, дзе не ступiць нага хатняй жывёлы i дамачадцаў. Гэта значыць, яе iмкнуцца iзаляваць (утылiзаваць) ад усяго жывога, каб крыло смерцi-бяды не кранула нашчадкаў. Узгадайце: вы былi на могiлках i толькi кiнулi тры жменькi жвiру ў магiлу, аднак перад тым, як зайсцi ў хату i сесцi за жалобны стол, вы павiнны старанна вымыць рукi — змыць сляды "таго" свету, каб "не занесцi смерць", назад у свет жывых. Тады падумайце, якiмi правiламi кiравалася жанчына, якая ўздумала забраць у дзяўчыны-ўнучкi свечку i палажыць яе ў труну да бабулi. Яшчэ раз: задоўга да смерцi чалавек рыхтаваў сабе адзенне "на смерць". Людзi свядома рыхтавалiся да незямнога жыцця, выказвалi нейкiя пажаданнi аб месцы пахавання, аб тым, што пакласцi ў труну. І нiхто нiколi не пярэчыў гэтым пажаданням. Але ж тое адзенне, у якiм памiраў чалавек, звычайна знiшчалi — спальвалi, закопвалi, а на тым месцы, дзе ён памёр, 40 дзён нельга было начаваць або прылегчы адпачыць. Жывыя ўсялякiмi сродкамi i шляхамi дыстанцыравалi сябе ад памерлага. Iснавала цэлая разгорнутая сiстэма прадпiсанняў для вызначэння паводзiнаў (што можна, а чаго нельга) людзей рознага ўзросту i рознага сацыяльнага статусу. Асаблiвая ўвага надавалася моладзi i цяжарным жанчынам. Увогуле самая высокая дуга напружаннасцi ў кантэксце пахавальнага абраду была памiж цяжарнай жанчынай (яна мела ў сабе аж дзве душы) i нябожчыкам (у якога ўжо не было нi адной душы). Услед за ёй стаяла моладзь, якая не стварыла шлюбу i не прадоўжыла свой род: яе не дапускалi да выканання асноўных рытуальных дзеянняў i не пускалi за рытуальны стол. Спачатку распачнi дарослае жыццё вяселлем, затым нарадзi дзiця i толькi потым пасля гэтага паступова ўключайся (дапускайся) да пахавальных абрадаў. Як у кантэксце ўсяго сказанага можна ацэньваць дзеяннi жанчыны, якая наадварот, замест таго, каб узвесцi сiмвалiчную мяжу памiж памерлай i жывымi (найперш — дзяўчынай), разрывае гэтую мяжу i далучае жывых да царства мёртвых?! Нешта тут не тое, зусiм не так павiнен паводзiць сябе дарослы чалавек у такой сiтуацыi. Таму рэакцыя прысутных людзей на яе паводзiны была слушнай, заканамернай, лагiчнай. А вось тое, што свечка дзяўчыны так i знiкла невядома куды — гэта ўжо недагляд мацi (хоць зразумела, што ў момант пахавання сваёй мацi яна не магла кантраляваць паводзiны прысутных, ёй проста было не да гэтага). А ў адпаведнасцi з тым алгарытмам, пра якi мы гаварылi вышэй, агарак свечкi, схаваны пад нябожчыцай, мог стаць прычынай частых хваробаў той дзяўчыны. Аднак як змагацца з гэтай бядой — гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя, якая патрабуе грунтоўных ведаў у галiне народнай медыцыны. Зараз стаiць самая чароўная пара года, калi самы доўгi дзень i самая кароткая ноч. На зямлi пануе святло, Сонца. Падстаўце яму ранiцай свае далонi, напаўняйце яго жыватворнай энергiяй сваё цела, у думках прапускайце яго па ўсiх сасудах, суставах, унутраных органах. Назапашвайце сiлу i моц на доўгую зiму. Жывiце са святлом у думках, у душы i сэрцы — тады i вакол вас будзе светла i радасна! Аксана Катовiч, Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiдзiя Яўгенаўна з Любанскага раёна задае пытанне, якое тычыцца вельмi далiкатнай сферы нашых традыцыйных абрадаў: "У час пахавання маёй мацi зда |
|