Мікалай ФЯСЬКОЎ: "У тэстах не было нiводнага задання, якое б выходзiла за межы школьнай праграм
Мікалай ФЯСЬКОЎ: "У тэстах не было нiводнага задання, якое б выходзiла за межы школьнай праграмы"
"Сённяшнiя абiтурыенты не разумеюць, што такое АБЕЛІСК i ТЭЛЕГРАМА"
Абiтурыенты могуць уздыхнуць з палёгкай. Самае страшнае — цэнтралiзаванае тэсцiраванне — ужо за плячыма. 3 лiпеня Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў паставiў апошнюю пячатку ў апошнiм сертыфiкаце, а 7 лiпеня ўсе сертыфiкаты (у тым лiку тых абiтурыентаў, якiя ўдзельнiчалi ў тэсцiраваннi ў рэзервовы дзень) былi перададзены ў пункты правядзення тэсцiравання. Як паведамiў учора дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў, для ўдзелу ў выпрабаваннях зарэгiстравалася 179 264 абiтурыенты, што на 86 тысяч менш, чым летась. Сярод iх толькi 44,8 працэнта — выпускнiкi адукацыйных устаноў 2008 года, астатнiя 17,8 працэнта — выпускнiкi ПТВ i ССНУ 2008 года i 37,4 працэнта — выпускнiкi мiнулых гадоў. Не з’явiлiся ў асноўны дзень 3,8 працэнта абiтурыентаў ад лiку тых, якiя зарэгiстравалiся. У рэзервовы дзень выпрабаваннi праiгнаравалi 284 чалавекi. — Яшчэ раз паўтараю, што ў тэстах не было нiводнага задання, якое б выходзiла за межы школьнай праграмы, — падкрэслiў Мiкалай Сцяпанавiч. — Пакуль што рэктары ўнiверсiтэтаў у цэлым задаволеныя якасным складам сваiх студэнтаў. Калi ж якасць будзе знiжацца, то гэта не вiна тэсцiравання, прычыну трэба будзе шукаць ва ўзроўнi падрыхтоўкi абiтурыентаў. Вынiкi ж сёлетняга тэсцiравання паказалi, што найбольш падрыхтаваныя — выпускнiкi гiмназiй i лiцэяў. Яны маюць перавагi над iншымi катэгорыямi абiтурыентаў у сярэднiм на 15—20 тэставых балаў. — А чаму б тады не распрацаваць тэставыя заданнi асобна для розных катэгорый абiтурыентаў?.. — Тады б трэба было распрацоўваць тэсты i для абiтурыентаў, улiчваючы iх тэмпераменты (для флегматыкаў — адзiн тэст, для сангвiнiкаў — iншы). Як тут быць аб’ектыўным, як вызначыць мяжу складанасцi?.. Я лiчу, што вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання ў дастатковай ступенi дазваляюць дыферэнцыяваць абiтурыентаў у адпаведнасцi з узроўнем iх падрыхтоўкi i правесцi якасны конкурсны адбор людзей, якiя хочуць прадоўжыць навучанне ў ВНУ. Адна мацi сказала, што каб яе дачцэ далi больш часу на выкананне тэста па бiялогii, дык яна б магла стаць студэнткай медыцынскага ўнiверсiтэта, а так давядзецца падаваць дакументы на бiялагiчны факультэт. Калi дзяўчына па тэмпераменце флегматык, магчыма, ёй i лепш разглядаць клеткi пад мiкраскопам на ўроках бiялогii са школьнiкамi, а не адказваць за жыццё iншых людзей, дзе часам патрэбна iмгненная рэакцыя. Мiкалай Сцяпанавiч акрэслiў таксама i асаблiвасцi цэнтралiзаванага тэсцiравання гэтага года. — Па-першае, конкурсны адбор у ВНУ (за выключэннем Мiнiстэрства культуры, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, Мiнiстэрства ўнутраных спраў, Мiнiстэрства абароны) ажыццяўляецца толькi па вынiках трох выпрабаванняў цэнтралiзаванага тэсцiравання. Па-другое, сертыфiкаты мы афармлялi толькi тым абiтурыентам, якiя маюць тэставы бал, што адпавядае адзнацы вышэй за два балы па дзесяцiбальнай сiстэме адзнакi. Па-трэцяе, мы вярнулiся да агульнапрынятай практыкi ўстанаўлення пераведзенай шкалы (асобна па кожным прадмеце i толькi пасля правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання). I, нарэшце, уведзена плата за прыём i афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Што тычыцца структуры i зместу тэстаў, то з улiкам прапаноў Дзяржаўнай камiсii па кантролi за правядзеннем уступных выпрабаванняў у ВНУ i ССНУ была праведзена ўнiфiкацыя тэставых заданняў. У структуры тэстаў павялiчылася доля заданняў у частцы В i скарацiлася ў частцы А. — Гэта змена дазваляе больш аб’ектыўна ацанiць веды кожнага абiтурыента. Бо нярэдка пры праверцы тэстаў мы сутыкаемся з тым, што абiтурыенты ставяць "крыжыкi", нават папярэдне не чытаючы заданне. Напрыклад, пасля таго, як абвясцiлi вынiкi па рускай мове, нам патэлефанаваў мужчына з Вiцебска, якi заявiў, што яго сын не мог здаць мову, на якой размаўляе, на два балы. Калi мы ўзялi ў рукi тэст, то ўсё адразу стала на свае месцы: малады чалавек ставiў адказы па сваёй "дыяганальнай" тэхналогii. Як бачыце, такiя хiтрыкi не спрацоўваюць. Абсалютны вынiк (100 балаў) маюць 77 удзельнiкаў ( летась — 18), сярод iх па матэматыцы — 55. — Гэтыя лiчбы пацвярджаюць рэальнасць тых патрабаванняў, якiя мы прад’яўляем да ведаў абiтурыентаў i ўказваюць на iстотнае спрашчэнне педагагiчных тэстаў сёлета. Напрыклад, аналiзуючы вынiкi рэпетыцыйнага тэсцiравання, заўважылi, што школьнiкi не ведаюць, што такое тэлеграма цi абе-лiск, таму падобныя словы не ўключалi ў тэсты. Сёлета тэст па дзяржаўнай мове здавалi мацi з дачкой. Дачка набрала 28 балаў, а мацi — звыш 50. Калi спыталi ў мацi, у чым прычына, яна сказала, што "чытаць трэба больш". Залатыя словы, бо сапраўды, што тут гаварыць, калi замест "мастацкi стыль", многiя пiшуць "художны"... Да лiку ж абiтурыентаў, якiя набралi дзесяць i менш тэставых балаў адносяцца ў асноўным выпускнiкi мiнулых гадоў, якiя не прайшлi раней па конкурсе, i выпускнiкi ПТВ (70 працэнтаў). У ходзе тэсцiравання 37 абiтурыентаў былi пазбаўленыя магчымасцi стаць студэнтамi, бо парушылi ўстаноўленыя правiлы (карысталiся шпаргалкамi, выдавалi сваякоў замест сябе, нават спрабавалi зарэгiстравацца двойчы). Дарэчы, для таго, каб пазбавiцца такiх "двайнiкоў", у будучым плануем распрацаваць новую камп’ютарную праграму, якая дазволiць абiтурыентам праходзiць рэгiстрацыю на цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў рэжыме "оn-linе". Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Сённяшнiя абiтурыенты не разумеюць, што такое АБЕЛІСК i ТЭЛЕГРАМА. Вынiкi ж сёлетняга тэсцiравання паказалi, што найбольш падрыхтаваныя — выпус
|
|