Плыць па небе — сінiм бродам
Плыць па небе — сінiм бродам
Пасля заканчэння сярэдняй школы ён збiраўся паступаць у мараходку, але аднойчы
пайшоў з братам купацца на Шчару, i здарылася бяда
У вёску Магiлiцы я прыехаў, каб сустрэцца не з iнвалiдам, а з мастаком i паэтам. Ужо тое, што чалавеку даводзiцца маляваць, трымаючы пэндзаль у зубах цi ўстаўляць яго памiж здранцвелымi пальцамi, сведчыць пра моц духу i цэльнасць натуры гэтага 45-гадовага чалавека. Убачыўшы жывапiс i пачытаўшы вершы Анатоля Галушкi, я прыйшоў да высновы, што ён дасягнуў пэўнай вышынi ў сваёй творчасцi. Некаторыя свае карцiны Анатоль Мiкалаевiч суправаджае кароткiм вершам. I на мой погляд, гэтыя чатыры радкi цудоўныя. На чыстым аркушы пяску Маiх слядоў не засталося, Як мала шчасця на вяку, Як многа мараў не збылося!Раней ён вершаў не пiсаў, але вярнуўшыся пасля сваёй выставы ў Мiнску, напiсаў першыя чатыры радкi. Цяпер у раёнцы яго вершы друкуюцца пастаянна. Калi такая бяда здараецца на самым пачатку жыцця, у семнаццаць гадоў, то змiрыцца з рэчаiснасцю нялёгка. — Першыя гады ў маральным плане былi цяжкiмi. А цяпер найперш даймае тое, што не магу сесцi на каляску i праехацца, ды вось каб рукi рабiлi, то зусiм iншае жыццё было б, — расказвае мастак. — Другi пачынае плакацца, што ў яго нешта не так, а я думаю — вось мне б твае праблемы. А сёння я дапазна гляджу тэлевiзар i сплю добра. Паганае ў галаву не лезе. I творы сведчаць, што ў чалавека светлыя думкi i ясныя намеры. Гэта яснага дня пачатак I пачатак новых надзей, Маладога жыцця зачатак, Адчуванне добрых падзей.Карцiны i вершы ў Анатоля Галушкi — адно цэлае, i калi ён пiша карцiну пра лебедзя, якi застаўся адзiн, то i з’яўляюцца адпаведныя радкi. А можа, напачатку нарадзiўся верш, а затым ужо карцiна. Хоць гэта ўжо чыста творчы працэс i нас цiкавiць канчатковы вынiк. Самотны лебедзь Глядзiць з вышынi ў пацямнелую гладзь Хмара вячэрняй парою, Там лебедзь самотны стамiўся шукаць Каханай сляды над вадою.Карцiны i вершы даўно сталi лёсам творцы, як i ложак, на якiм нараджаюцца новыя радкi i палотны. А свет вялiкi, хоць i бачны праз акно. Калыханка для чаромхi Расчыню акно — уздыхну i адчую, Як сэрца з грудзей iрвецца ў нябёсы, А значыць, жыву i яшчэ раз пачую, Як будзе зязюлька лiчыць мае вёсны.Можа, чытачу i здаецца, што ў гэтым артыкуле вершаў мнагавата, але iх нiколi многа не бывае, калi яны сапраўдныя, як i карцiны. — Мне i самому хочацца разнастайнасцi i бывае сумнавата працаваць у адным жанры. I я стараюся займацца не толькi пейзажам, але i маляваць людзей i звяроў. Вось для паляўнiчай гаспадаркi намаляваў 20 карцiн, а аднойчы знаёмая папрасiла напiсаць яе бацькоў на фоне роднай хаты, — расказаў А. Галушка. Падрамнiкi для карцiн робiць сябра — Iван Ляшко, а ўвесь клопат кладзецца на мацi — Лiдзiю Iванаўну. Яна не толькi дапамагае, але i з’яўляецца самым строгiм крытыкам. Ёй сын прысвяцiў вялiкi вершаваны твор "Наша каляда". А яшчэ ў Анатоля Мiкалаевiча ёсць сястра i тры браты i ўсе ўжо дарослыя. Iх падымала на ногi мацi, бо бацька памёр вельмi рана. Я зразумеў, што сям’я дружная. Калi здарылася тая трагедыя, то Лiдзiя Iванаўна моцна перажывала, а з часам убачыла, што сын хоць i прыкаваны да ложка, але хiба яго можна параўнаць з тымi, хто шлындаецца ды п’е гарэлку? Яна сваiм сынам ганарыцца. Хоць, напэўна ж, у яго было б зусiм iншае жыццё, калi б не тое купанне ў рэчцы. Жыццё пайшло б другiм накiрункам, але цi было б яно такiм духоўна багатым? Многае, што прапусцiў за гэтыя гады праз сябе Анатоль Мiкалаевiч, у iншых абставiнах нават не прыйшло б у галаву. Верагодна, пра карцiны i вершы ён i не падумаў бы, ды i мой суразмоўца з гэтым быў згодзен. За што такое пакаранне выпала ўчарашняму вучню? — У мяне рэлiгiйнага фанатызму няма. Але каб усвядомiць Усявышняга, неабходна найперш зразумець сябе ў гэтым жыццi, у прасторы..., — разважае мастак. Стаўленне да Прыроды ў яго вельмi цнатлiвае ды i ўся ягоная творчасць працятая ёю. Мроi дзяцiнства Каб адчуць сябе часцiнкай Любай матухны-Прыроды, Белым воблакам-хусцiнкай Плыць па небе — сiнiм бродам.* * * Мэтай гэтага артыкула не з’яўляецца крытычны аналiз творчасцi Анатоля Галушкi. Найперш было жаданне пазнаёмiць чытача з гэтым стойкiм i таленавiтым чалавекам. Сапраўды, як важна ўсвядомiць сваё месца ў гэтым жыццi i як iншым разам мала трэба чалавеку для шчасця. Вось наш герой меў бы яго, калi б мог на iнвалiднай калясцы праехацца хоць бы каля сваёй хаты. Часта мы маем у жыццi вельмi многа, а нам здаецца, што нас незаслужана пакрыўдзiлi, абышлi i абдзялiлi... Анатоль Галушка не выказаў нараканняў на лёс, магчыма, ён сапраўды адчувае сябе часцiнкай Бязмежнасцi, а можа, прамаўчаў... Сымон Свiстуновiч, Iвацэвiцкi раён. Iвацэвiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёску Магiлiцы я прыехаў, каб сустрэцца не з iнвалiдам, а з мастаком i паэтам. Ужо тое, што чалавеку даводзiцца маляваць, трымаючы пэндзаль у зубах
|
|