Запрашаем на чаёк
Запрашаем на чаёк
Здароўе на талерцы
У хатнiх гаспадыняў цяпер напружаны час — разгар нарыхтовак. Яны вараць варэннi, робяць кампоты i джэмы. Аднак, на жаль, многiя забываюць, а некаторыя проста не ведаюць, якiм цудоўным, надзвычай карысным дадаткам да стала могуць стаць засушаныя кветкi i лiсце звычайных раслiн з саду. А вось нашым продкам гэта было добра вядома. Свежую i засушаную траву, лiсце розных дрэў яны ўжывалi ў ежу не толькi ў цяжкiя гады неўраджаю — зелянiна была важным кампанентам iх штодзённага харчавання. Уключаныя ў рацыён раслiны абагачаюць яго такiмi неабходнымi чалавеку бiялагiчна актыўнымi рэчывамi (вiтамiнамi, ферментамi, фiтанцыдамi, эфiрным алеем), павышаюць устойлiвасць арганiзма да рознай немачы. Запасаючыся на зiму засушанымi травамi, кветкамi i лiсцем, вы забяспечыце сабе здароўе i бадзёрасць у халодную пару года. Здзiвiце, напрыклад, сваiх хатнiх або гасцей <І>сунiчным чаем з мёдам . Для гэтага заварыце ў фарфоравым чайнiку здробнены збор сухога лiсця сунiчнiку, пялёсткаў шыпшыны, кветак верасу з разлiку 2 ч. лыжкi сумесi на шклянку вады, залiце кiпенем, дайце настояцца 8—10 хвiлiн. Разлiце ў кубкi i асобна падайце мёд. Добра праганяе смагу, паляпшае абмен рэчываў, кроваўтварэнне, павышае ахоўныя сiлы арганiзма, аказвае гарачкапанiжальнае дзеянне напой з чорных парэчак. Вазьмiце 1 ст. лыжку сухой здробненай сыравiны (лiсце чорных парэчак — 40 г, лiсце малiны — 30 г, лiсце ажыны — 30 г), залiце 0,5 л вады, дайце настояцца 10—12 хвiлiн. А вось чай з лiсця i пладоў шыпшыны (40 г), сунiчнiку i лiсця чорных парэчак (па 30 г) аказвае процiсклератычнае дзеянне, садзейнiчае вывядзенню таксiнаў i ачышчэнню арганiзма. Гатуецца ён гэтаксама, як у папярэднiм рэцэпце. Для прафiлактыкi прастудных захворванняў падыдзе чайны бальзам. Да 250 г чорнага чаю дадайце 2 ст. лыжкi зверабою, 2 ст. лыжкi мяты, 1 ст. лыжку чабору, 1 ст. лыжку валяр’яну. Заварваюць чайны бальзам як звычайны чай: засыпаюць сумесь з разлiку 2 г на 1 шклянку кiпеню. Праз 8—10 хвiлiн напой гатовы. Пры праблемах з жоўцевыдзяленнем заварваюць сумесь шыпшыны i рабiны (1:1), настойваюць гадзiну, п’юць па паўшклянкi 3 разы на дзень. Фiтачай з лiсця крапiвы, сушаных пладоў шыпшыны i разынак валодае танiзуючымi i процiзапаленчымi ўласцiвасцямi. Акрамя таго, крапiва яшчэ i кроваачышчальны сродак, што дабратворна адаб’ецца i на стане вашай скуры. Надзвычай багаты па ўтрыманнi вiтамiну С чай з ягадаў шыпшыны, травы спарышу i валадушкi (сыравiну бяруць роўнымi часткамi). Напой настойваюць 40 хвiлiн, п’юць цёплым, дадаючы ў кожны кубак па палове чайнай лыжкi лiмоннага соку. У паўднёвых краiнах папулярны чай з пялёсткамi суданскай ружы (каркадэ). Лiчыцца, што ён стабiлiзуе цiск, праганяе смагу. Добра спалучаецца каркадэ з ягадамi шыпшыны, глогу i лiсцем чорных парэчак (1:3:3:2). Чай асаблiва карысны для сардэчнiкаў з арытмiяй. Вельмi пахкi i смачны напой атрымлiваецца, калi змяшаць ягады рабiны, лiсце малiны i чорных парэчак (3:1:2). Настойваюць яго 30—40 хвiлiн. П’юць гарачым. Гэта патагон, таму на вулiцу лепш выходзiць толькi праз пару гадзiн. Лiсце малiны ў спалучэннi з парэчкамi стымулюе функцыю яечнiкаў, таму такi чай карысны жанчынам з дысфункцыяй гэтага органа. Калi вы аматары лазнi, то вам па душы прыйдзецца напой з бузiны чорнай, дакладней, з яе кветак. Ён аказвае добрае патагоннае, мачагоннае, бактэрыцыднае дзеянне. Калi ж бузiну прыгатаваць у сумесi з бруснiчнiкам i верасам, то ў вынiку вы атрымаеце цудоўны ўралагiчны сродак. Спачатку вам варта пракiпяцiць бруснiчнiк на працягу 5 хвiлiн, а затым дадаць астатнiя траўкi. Калi ж да кветак бузiны чорнай вы дабавiце лiпавы цвет, мацярдушку i рамонак, то такi напой будзе карысным пры захворваннях дыхальнай сiстэмы. Пасля працы ў садзе—агародзе знiме стомленасць i ўзбадзёрыць чай "Дачны". Вазьмiце па 1 ч. лыжцы чорнага i зялёнага чаю, туды ж кiньце па некалькi лiсцiкаў лiмоннiку, мяты, мелiсы, вiшнi i — абавязкова — чорных парэчак. Увесь збор залiце кiпенем i дайце крыху настояцца. Пазбавiцца ад нервовага ўзбуджэння дапаможа напой з мелiсы (1 ч. лыжка) i лупiны апельсiна (1 ч. лыжка). Сумесь заварваюць шклянкай кiпеню i настойваюць пад накрыўкай 10 хвiлiн. П’юць гэты чай з мёдам. (Пры жаданнi ў збор можна дадаваць валяр’ян.) Дабратворна ўздзейнiчае на нервовую сiстэму i вiтамiнны чай з ягадаў шыпшыны i бруснiцаў, лiсця крапiвы (1:1:2). Прымаюць яго па паўшклянкi 3—4 разы на дзень. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У хатнiх гаспадыняў цяпер напружаны час — разгар нарыхтовак. Яны вараць варэннi, робяць кампоты i джэмы. Аднак, на жаль, многiя забываюць, а некаторыя
|
|