Ахова — рухавiк бяспекi
Ахова — рухавiк бяспекi
"Дастойная ахова страхуе ад вялiкiх непрыемнасцяў", — сцвярджае кiраўнiк Магiлёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусi Аляксандр Ракусаў 47-гадовы палкоўнiк — прадстаўнiк мiлiцэйскай дынастыi. Бацька Аляксандра Іванавiча працаваў у следстве, i сыны Ракусава таксама вырашылi прысвяцiць сябе службе ў органах правапарадку. — Аляксандр Iванавiч, а чаму ваш рабочы стол упрыгожвае выява Мiкалая II? — Гэта данiна памяцi. Паглядзiце: у мяне ёсць партрэты рускiх iмператараў, якiя за сваiм часам зрабiлi значны ўклад ў развiццё органаў унутраных спраў. Пётр I — гэта зразумела. Екацярына II першая ўвяла тэрмiн "прафiлактыка злачынстваў". А Мiкалай II меў дачыненне да Магiлёва i аб’яўлены праваслаўнай царквой святым. А я — хрысцiянiн, iмкнуся прытрымлiвацца ўсiх запаведзяў. — Гавораць, што "грашовае дрэва" прыносiць удачу ў матэрыяльных справах. Я нiдзе не бачыла такога, як у вас: вялiзная раслiна згiнаецца пад цяжкасцю галiнаў. Дрэва як сiмвал сведчыць пра поспехi абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, якое вы ўзначальваеце? — Гэта "грашовае дрэва" расце роўна столькi, колькi я працую ў органах унутраных спраў. Мне нават двойчы ўдалося назiраць такую рэдкую з’яву, як цвiценне "грашовага дрэва"! Я ўвогуле люблю раслiны. А колькасць клiентаў аховы няўхiльна павялiчваецца: прыкладна на 2 тысячы ў год. Людзi ўжо саспелi да таго, што можна застрахаваць сябе ад непрыемнасцяў. Да таго ж значная колькасць беларусаў стала жыць дастойна, i ёсць што ахоўваць. У Магiлёўскай вобласцi пад нашай аховай знаходзiцца больш за 18 тысяч аб’ектаў, з iх больш за 14 тысяч кватэр, дамоў, катэджаў i гаражоў. — А ваша кватэра стаiць на ахоўнай сiгналiзацыi? — Абавязкова. Праўда, здарылася гэта толькi тады, калi я перайшоў з органаў следства ў ахову 12 гадоў таму. Я заўсёды лiчыў, што ў мяне ахоўваць няма чаго. Аднак калi выязджаў за горад цi ў камандзiроўку, пры вяртаннi дадому мроiлiся ўзламаныя дзверы. Цяпер я спакойны. — I можаце на ўласным прыкладзе рэкламаваць паслугi аховы. — Шчыра кажучы, прынцыпова не рэкламую. Таму што лiчу: сёння ўжо столькi рэкламы, што ў людзей узнiкае адваротнае пачуцце. Рэальнае жыццё — лепшая рэклама нашых паслуг. Не дай Божа, каб вам альбо суседзям, сваякам давялося зведаць пачуццё горычы, калi злодзей пранiкае ў кватэру i крадзе асабiстыя рэчы. Я не скажу, што ў нас вялiкiя чэргi, але людзi iдуць, каб здаць сваё жыллё пад ахову. — I гэта ёсць гарантыя захаванасцi маёмасцi? — Так. За апошнiя гады мы ўвогуле не дапускалi крадзяжоў з ахоўных кватэр. Злачынцы затрымлiваюцца, як правiла, у той момант, калi яны з сабраным чужым дабром збiраюцца пакiнуць кватэру. А ў адной краме мы i на вiдэа знялi, як злодзей збiрае клункi. — Якая сёння зона адказнасцi вашай службы? — Спiс вялiкi. Мы ахоўваем такiя прамысловыя гiганты, як "Белшына" i "Магiлёўхiмвалакно". Цяпер вельмi шмат здаюць пад ахову катэджаў у прыгарадах. Не хапае месцаў на аўтастаянках, таму гараджане зноў сталi трымаць свае аўтамабiлi ў гаражах, якiя ставяць на ахову. Мы не хаваем сваёй працы. Месца, куды трэба прыкладаць чып пры адкрыццi дзвярэй, асвятляецца. Гэта ўжо прафiлактыка крадзяжоў. — А колькi сёння каштуюць паслугi аховы? — Штомесячная плата складае палову базавай велiчынi, незалежна ад месца жыхарства. Праўда, калi катэдж мае два ўзроўнi альбо болей, давядзецца плацiць асобна за кожны. А вось сярэднi кошт абсталявання, якое патрабуецца, немалы. Для аднапакаёвай кватэры — каля 400 тысяч рублёў, двухпакаёвай — каля 500 тысяч, трохпакаёвай — каля 600 тысяч. Гараж — больш за 900 тысяч рублёў. — Прыстойныя сумы! Тут яшчэ памеркаваць трэба, цi варта плацiць такiя грошы, каб захаваць сваю даволi сцiплую маёмасць. — Давайце памяркуем разам. Што ёсць у вашай кватэры? Напэўна, тэлевiзар, плэер, бытавая тэхнiка. Далей адзенне — дублёнка цi пухавая куртка. Яшчэ абутак. I якая-небудзь схованка на чорны дзень. Калi ўсё гэта падлiчыць, то тысяч на 5-6 долараў будзе. I так у кожнага, хто адносiць сябе да сярэдняга класа. За тое, каб не страцiць гэта, трэба аднойчы заплацiць некалькi соцень тысяч рублёў, у залежнасцi ад маштабу кватэры. Гэта будзе аднаразовая страта для сямейнага бюджэту, ды яшчэ штомесяц, на сёння, 17 500 рублёў. — Няўжо зладзеi паквапяцца на мой стары пухавiк? — Паслухайце, злачынны свет абмяльчэў. I зладзей цяпер не цураецца нiчога. У маёй практыцы былi такiя крадзяжы, што з кватэры на першым паверсе, дзе жылi старыя людзi, злачынцы забiралi бялiзну. Два заслужаныя ветэраны вайны паехалi на лячэнне ў шпiталь i нiбыта браць у iх не было чаго. Нават тэлевiзар ледзь не з першых мадэляў. Тады забралi бялiзну. Дарэчы, усе ветэраны маюць у нас растэрмiноўку плацяжоў да 6 месяцаў. I штомесячная плата для iх сiмвалiчная — 350 рублёў. — А як можна зэканомiць на пастаноўцы на ахову? Можа, усталяваць датчыкi не ва ўсiх пакоях? — Скажу вам проста: сквапны плацiць двойчы. Калi ўжо здаваць кватэру пад ахову, то поўнасцю. Напрыклад, клiент жыве на 7-м паверсе i просiць заблакаваць толькi ўваходныя дзверы. Усталёўваецца магнiт, дзверы расчыняюцца — i адразу iдзе сiгнал. Але былi прыклады, калi з даха зладзеi спускалiся па канатах да патрэбнага паверха, разбiвалi акно i ўсё скрадзенае дабро цягнулi наверх, а потым унiз па лесвiцы i ў аўтамабiль. Але дзверы нiхто не расчыняў, i за такi крадзеж мы адказнасць не можам несцi. Былi выпадкi, калi блакуюцца дзверы i аб’ёмны датчык ставiцца толькi ў тым пакоi, дзе ёсць балкон. Але каштоўнасцi ёсць у iншых пакоях, i зладзеi разбiвалi акно, пранiкалi i забiралi ўсё, што было там... Няўжо шкада не так ужо i шмат грошай на яшчэ адзiн датчык, каб захаваць нажытае? — А як выглядае сучасны дамушнiк? — У маёй практыцы быў кiшэнны зладзей па мянушцы "Iнтэлiгент". Яму было 65 гадоў, апранаўся як прафесар: касцюм-тройка светла-кафейнага колеру, белая кашуля, прыгожы гальштук, мадэльныя туфлi i "дыпламат". Яго затрымалi, калi ён палез у кiшэню студэнткi. Так што сённяшнi дамушнiк можа выглядаць як кожны з нас, звычайным чалавекам. Акрамя гэтага, дамушнiкi могуць быць ўзброеныя сучаснымi тэхналогiямi. Гадоў пяць таму ў Магiлёве дзейнiчала злачынная група, якая спецыялiзавалася на кватэрах. Жыхары першых паверхаў ставiлi на вокны жалезныя краты i не хвалявалiся за сваю маёмасць. А дарэмна, таму што зладзеi мелi нажнiцы, якiя ў адну секунду перакусвалi арматуру, i злачынцы вычышчалi кватэры поўнасцю. — Але i сiстэмы аховы з цягам часу павiнны ўдасканальвацца. — Так i ёсць. Цяпер ёсць ахова, заснаваная не толькi на тэлефонных лiнiях, але i на радыёантэнах, на GSM. Датчыкi дазваляюць ставiць на ахову кватэру, дзе ёсць хатнiя жывёлы — каты i сабакi. Можна ўсталяваць трывожную кнопку, каб выклiкаць мiлiцыю ў любы час. Колькi гадоў таму, калi была хваля разбойных нападаў на кватэры, трывожныя кнопкi ўсталёўвалi ў прыбiральнях. Таму што менавiта туды закрывалi разбойнiкi няшчасных гаспадароў кватэры. — А з крамаў цяпер крадуць альбо не? — Ёсць выпадкi. Звычайна зладзеi хаваюцца ў падсобных памяшканнях, прыбiральнях i за стэлажамi да закрыцця. Але мы iх затрымлiваем на выхадзе. Праўда, цяпер нас вельмi непакояць крадзяжы "на рывок". Гэта значыць, што злачынца загадзя вывучае аб’ект i месца самых дарагiх тавараў на палiцах. Уначы ён бярэ вялiзны камень, разбiвае вiтрыну, за лiчаныя секунды змахвае тавар у кайстру i збягае. Нядаўна мы такога затрымалi ў Бабруйску. Мы працуем — гэта наш абавязак. — Колькi сёння людзей працуе ў сiстэме аховы ў Магiлёўскай вобласцi? — Больш за 3 тысячы чалавек. I яшчэ больш за сотню службовых сабак, якiя дапамагаюць раскрываць злачынствы. Быў выпадак на Новы год, калi магiляўчанка пайшла святкаваць да сваякоў, а ў гэты час зладзеi разбiлi акно i вынеслi з дома пральную машыну, тэлевiзар, музычны цэнтр, ды нават алюмiнiевы бiдон. А наша сабака Хонда ўзяла след i прывяла мiлiцыянераў да дома, якi быў на той жа вулiцы. Злачынцаў затрымалi, а маёмасць вярнулi жанчыне. — Тая жанчына, верагодна, пасля такога выпадку адразу паставiла дом на ахоўную сiгналiзацыю? — I правiльна зрабiла. Таму што, як паказала практыка, гэта абарона не толькi ад зладзеяў, але i ад непрыемных выпадкаў. Задымленне, затапленне... Не так даўно быў такi выпадак: наш клiент адпачываў з сям’ёй у замежжы, а ў вынiку аварыi з водаправодам у яго кватэры залiвала суседзяў. Яны i патэлефанававалi ў ахову з просьбай аб дапамозе. Мы адкрылi кватэру i выратавалi клiента ад непрыемнасцяў. I акрамя ўсяго iншага, наша ахова — гэта вялiкая псiхалагiчная страхоўка. Вы зачынiлi дзверы, здалi на ахову кватэру i думаць забылiся пра сваю маёмасць, бо яна пад надзейнай аховай. I дзецi вашы ў кватэры ў бяспецы, таму што там ёсць трывожная кнопка. А вы спакойна займаецеся сваiмi справамi. — Аляксандр Iванавiч, што вы пажадаеце чытачам "Звязды"? — Безумоўна, скарыстацца нашымi паслугамi, каб захаваць сваю маёмасць, на якую зараблялi ўсё жыццё. Страцiць нажытае за гады працы ў адзiн дзень — гэта горка i цяжка.Таму здайце пад ахову i жывiце спакойна! I яшчэ хачу загадзя павiншаваць усiх супрацоўнiкаў Дэпартамента аховы з надыходзячым прафесiйным святам. 29 кастрычнiка ў Беларусi адзначаецца Дзень аховы. У гэты дзень мы шануем сваiх ветэранаў. 56 гадоў таму яны заклалi каласальны падмурак: пачыналi з простых вартаўнiкоў, якiя ў сцюжу i спякоту ахоўвалi будынкi, перасоўвалiся на веласiпедах ды матацыклах. А сёння нашы супрацоўнiкi маюць добрыя ўмовы працы i забяспечаны камп’ютарамi, сродкамi сувязi i аховы, аўтамабiлямi. Усiм неабходным, каб працаваць на дастойным узроўнi. Гутарыла Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Дастойная ахова страхуе ад вялiкiх непрыемнасцяў", — сцвярджае кiраўнiк Магiлёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусi А
|
|