Зноў лясныя блуканні
Зноў лясныя блуканні
На мiнулым тыднi мы расказвалi пра тое, што мелi месца ў Лельчыцкiм i Жыткавiцкiм раёне выпадкi, калi людзi, адпраўляючыся ў лес за дарамi прыроды, падоўгу не могуць выбрацца адтуль i на пошукi iх выходзяць тады i выязджаюць работнiкi службаў МНС, мiлiцыi, лясгасаў, насельнiцтва. І на гэты раз — тое ж самае. Так, пятнаццацiгадовы школьнiк з вёскi Курыцiчы паехаў на веласiпедзе ў лес па грыбы i нават ноччу не вярнуўся дадому. Жыхара Светлагорска 1953 года нараджэння, якi адправiўся па грыбы на дызель-цягнiку, праз некаторы час знайшлi. Знайшлася і жанчына з Брагiна, якая ў кампанii з родзiчамi шукала ў лоеўскiх лясах грыбы, адстала ад усіх. Вядома ж, нi ў кога з названых жадання заблудзiцца не было. Але ўсё ж кожны павiнен памятаць, што лес — гэта не парк. Тут патрэбна быць вельмi абачлiвым. Мы вырашылi даведацца больш падрабязна, чым закончылiся пошукi людзей, якiя заблыталiся ў лесе. Як паведамiлi нам з Жыткавiцкага райаддзела ўнутраных спраў, яшчэ 16 верасня 70-гадовы пенсiянер з вёскi Беражцы ў сем гадзiн ранiцы паехаў на матацыкле на балота збiраць журавiны. На другi дзень родзiчы занервавалiся яго адсутнасцю дома, аб чым паведамiлi ў мiлiцыю. У пошукi чалавека некалькi дзён уключалiся работнiкi райаддзела па надзвычайных сiтуацыях, мiлiцыi, лясгаса, жыхары населеных пунктаў. У паветра ўзнiмаўся верталёт. У вынiку ўдалося знайсцi толькi матацыкл, а пенсiянер нiбы скрозь зямлю правалiўся. Пошукi працягваюцца. А вось што расказаў нам намеснiк начальнiка РАУС Петрыкаўскага раёна Васiль Белакур. У мiнулую нядзелю ў 13 гадзiн 15-гадовы Iгар Бокаў з Курыцiч вырашыў паехаць у лес у грыбы. Колькi мацi не адгаворвала яго, сын яе не паслухаў, асядлаўшы веласiпед. Ноччу дадому ён не з’явiўся, i тады ў пошукi вучня ўключылася насельніцтва, работнiкi вышэйпамянёных арганiзацый. Хлопца знайшлi пад хвойкай. Пад дажджом, якi iшоў амаль усю ноч, ён прамок да нiткi i расказаў, што ездзiў на веласiпедзе, каб сагрэцца. Яго хутчэй даставiлi дадому, у цёплае памяшканне, выклiкалi ўрача. У той жа дзень заблудзiлiся ў лесе i два пенсiянеры-равеснiкi, 1937 года нараджэння — Аляксандр Фёдараў з Мiхедавiч i Аляксандр Ракiцкi з Навасёлак. Да апошняга з Мазыра ў госцi прыехалi на легкавушцы дачка з зяцем i адправiлiся ў грыбы за 20 кiламетраў ад населенага пункта. Набраўшы кошыкi, высыпалi iх у машыне. Зноў разышлiся, i да вечара, колькi яго нi клiкалi, ён не адгукаўся. У панядзелак ранiцай звярнулiся ў мiлiцыю. Каля сарака чалавек шукалi яго. Аказваецца, пенсiянер даў такога кругаля ў лесе, што апынуўся на тэрыторыi Жыткавiцкага раёна, дзе яго падабраў вадзiцель лесавоза. Во было колькi слёз радасцi, калi яго прывезлi дадому. Падчас пошукавых работ удалося выявіць 48-гадовага жыхара пасёлка Вазнясенскі Чачэрскага раёна, які быў знойдзены ў лясным масіве без прытомнасці. Ён быў дастаўлен у раённую бальніцу, дзе памёр. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мiнулым тыднi мы расказвалi пра тое, што мелi месца ў Лельчыцкiм i Жыткавiцкiм раёне выпадкi, калi людзi, адпраўляючыся ў лес за дарамi прыроды, па
|
|