Прафесiяналы, псiхолагi i проста прыгажунi!
Прафесiяналы, псiхолагi i проста прыгажунi!
Учора ў надзвычай урачыстай атмасферы падведзены вынiкi 12-га, конкурсу прафесiйнага майстэрства сярод начальнiкаў гарадскiх i сельскiх аддзяленняў паштовай сувязi. На яго, як i трэба было чакаць, з’ехалiся лепшыя з лепшых з усёй краiны, бо гэтаму, рэспублiканскаму, конкурсу папярэднiчалi аналагiчныя спачатку на раённых узроўнях, потым — на абласных. І ўжо iх пераможцы абаранялi гонар сваiх фiлiялаў, спаборнiчалi за званне лепшых. Некаму яно далося лягчэй, некаму... — Тут, як на Алiмпiйскiх гульнях, — прызнала начальнiк 14-га аддзялення паштовай сувязi (далей — АПС) Святлана Дынкiна, — спартсменаў з’язджаецца шмат. I ўсе яны моцныя. А золата — выйграюць адзiнкi. На шляху да яго былi два цяжкiя конкурсныя днi з дэманстрацыяй хатнiх заданняў i экалагiчных куткоў, з "прад’яўленнем" вiзiтных картак i камандных прэзентацый "Пошта i iнфармацыйныя тэхналогii", з больш чым строгай праверкай тэарэтычных ведаў i практычных навыкаў. Вось на iх якраз (недзе ад хвалявання, недзе — ад разгубленасцi) i "правальвалася" большасць канкурсантаў. Але ж былi i тыя, хто дэманстраваў проста блiскучую падрыхтоўку. — Наша Таццяна Лушчык адказала на 85 пытанняў з 95. Гэта рэкорд! — хвалiла дзяўчыну намеснiк дырэктара Брэсцкага фiлiяла РУП "Белпошта" Вольга Мiхайлаўна Юрашэвiч. — Яна ўзначальвае самае буйное ў Баранавiчах аддзяленне сувязi, мае вышэйшую адукацыю. I, дарэчы, не першы раз удзельнае ў конкурсах. У мiнулы раз заваявала трэцяе месца, у гэты — першае! Перамогай, ну безумоўна ж, трэба было пахвалiцца! I гучала гэта так: — Саша, уяўляеш, я — першая! Саша — гэта муж. Днямi ў iх першая гадавiна вяселля, i падарункам да яе стане сумленна выйграны тэлевiзар "Гарызонт". Сярод iншых прызоў былi лiчбавыя фотаапараты i мабiльныя тэлефоны, электрачайнiкi, гадзiннiкi. Яны, як i трэба было чакаць, уручаны пераможцам. Сярод начальнiкаў гарадскiх АПС Таццяне Лушчык (Баранавiчы), Вользе Дударчык (Мiнск), Iрыне Фёдаравай (Слонiм). Сярод сельскiх — Святлане Алесiюк (в. Высока-Лiтоўск Камянецкага раёна), Iрыне Бялько (в. Азарычы Калiнкавiцкага раёна) i Кацярыне Будай (в. Азярцо Мiнскага...). У камандным першынстве ўжо ў другi раз перамогу заваяваў Брэсцкi фiлiял РУП "Белпошта". Дыпломамi адзначаны лепшае хатняе заданне (вытворчасць "Мiнская пошта"), лепшы "Экалагiчны куток" паштавiкоў Гродзеншчыны, лепшы дызайн фiрменнага касцюма — Магiлёўшчыны, натхненне i артыстызм — Вiцебшчыны... Здаецца, нiводная з камандаў, нiводны з удзельнікаў не застаўся без узнагародаў, без, хай дробных, але памятных прызоў. Уручалi iх i прадстаўнiкi рэдакцый, што выглядала цалкам лагiчна, бо каму ж яшчэ, як не паштавікам (тым больш — лепшым з лепшых)! I калi, як не на конкурсе, яны збяруцца зноў? Гадзiннiкi з лагатыпам газеты "Звязда" ўручаны, можна сказаць, ветэрану пошты Святлане Дынкiнай (АПС 14, г. Мiнск) i... навiчку — Наталлi Старавойтавай (АПС 1, г. Гарадок), фiрменныя блакноты i ручкi ўсiм удзельнiкам урачыстасцяў, якiя выпiсваюць газету не толькi iншым, але i сабе дамоў. Што вельмi прыемна — высветлiлася, што сярод iх i тая самая Наталля Старавойтава, i намеснiк начальнiка аддзела паштовай сувязi Мiнiстэрства iнфарматызацыi краiны Раiса Аляксандраўна Жыгалка, намеснiк дырэктара Мiнскага фiлiяла РУП "Белпошта" Алена Уладзiмiраўна Трубач, Брэсцкага — Вольга Мiхайлаўна Юрашкевiч, мацi пераможцы Таццяны Лушчык, бацька старшынi журы, намеснiка генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Iрыны Iгнацьеўны Саксонавай... У якой i спыталi: хто ён — начальнiк аддзялення паштовай сувязi сёння — якiмi якасцямi павiнен валодаць?.. А яшчэ — чым гэты конкурс прафесiйнага майстэрства адрознiваўся, ну напрыклад, ад першага? Пра пасаду начальнiка Iрына Iгнацьеўна сказала так: — Ён павiнен бездакорна ведаць справу i гэтак жа бездакорна валодаць камп’ютарам, быць прыгожым, абаяльным чалавекам i вельмi добрым псiхолагам. Бо трэба ж знайсцi падыход не толькi да сваiх супрацоўнiкаў, але i да кожнага клiента, для таго, каб максiмальна хутка i якасна абслужыць... А яшчэ — зрабiць так, каб яму хацелася прыходзiць да нас зноў i зноў — афармляць падпiску, купляць паштоўкi, плацiць за камунальныя паслугi, пагашаць крэдыты... Што датычыцца самiх конкурсаў, на першыя — удзельнiкi, каб паказаць свае хатнiя заданнi везлi цэлыя "вагоны рэквiзiту" — пасылачныя скрынкi, клейкую ленту, сургуч, шпагат... Цяпер усё гэта ў мiнулым — бо работа хоць гарадскога, хоць сельскага аддзялення сувязi поўнасцю камп’ютарызавана... Мы далей пайшлi: у Рэчыцкiм раёне ў нас ужо працуюць мабiльныя пошты. Гэта значыць, што ў пэўны час нават у самую з аддаленых вёсак прыязджае наш аўтамабiль. I работнiк аказвае абсалютна ўсе паслугi. А таму можна, вiдаць, прызнаць, што пошта не проста iдзе ў нагу з часам, яна... едзе. Не адмаўляючыся пры гэтым ад добра забытага старога — конкурсаў прафесiйнага майстэрства, спаборнiцтва памiж вузламi сувязi, спартыўных спартакiяд, аглядаў самадзейнасцi... Бо яно ж i насамрэч не працай адзiнай... Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў надзвычай урачыстай атмасферы падведзены вынiкi 12-га, конкурсу прафесiйнага майстэрства сярод начальнiкаў гарадскiх i сельскiх аддзяленняў па
|
|