Сучасны фiламат гатовы жыць у глыбiнцы
Сучасны фiламат гатовы жыць у глыбiнцы
Вучню школы № 56 горада Мiнска Андрэю Жбанаву куды больш за весялушак-аднакласнiц падабалася настаўнiца беларускай лiтаратуры. Ён, сам таго не заўважаючы, нават пераняў яе адмысловы почырк, а яшчэ — непадробную цiкавасць да прадмета. У хуткiм часе настаўнiца пакiнула школу, а любоў да мовы засталася з Андрэем, цяпер ужо дарослым мужчынам, работнiкам Мiнiстэрства замежных спраў Беларусi, на ўсё жыццё. За тры гады работы ў беларускiм пасольстве ў Германii ён пры кожным зручным выпадку ўстаўляў у размову роднае слова, так што пад канец яго вiзiту немцы вiталiся з iм не iнакш як "прывiтанне" i добра ведалi песню пра "аксамiтны летнi вечар". Гэтая кампазiцыя стала развiтальнай на лiтаратурна-музычнай вечарыне Андрэя Жбанава, якая адбылася ў Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы. Бадай, гэта адзiная песня сярод тых, што прагучалi на творчай сустрэчы, да якой Андрэй не мае дачынення як аўтар. Да ўсiх астатнiх словы i музыку ён напiсаў сам, альбо толькi музыку, узяўшы за аснову творы вядомых беларускiх паэтаў. Так, мелодыю да верша Адама Мiцкевiча "Хай радасць з вачэй нашых блiсне", якi ў свой час быў гiмнам таварыства фiламатаў, Андрэй напiсаў ад... зайздрасцi. У гады вучобы на факультэце мiжнародных адносiнаў Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта ён даведаўся, як многа ў расiян студэнцкiх песень, i вельмi бедаваў, што ў беларусаў — анiводнай. Вось i вырашыў выправiць становiшча. Дарэчы, дакладна вядома, што ў дзевятнаццатым стагоддзi студэнты часта зацягвалi на вячорках песнi на словы Мiцкевiча, але iх ноты, як раней лiчылася, да нас не дайшлi. А зусiм нядаўна гiсторык Аляксей Фралоў знайшоў у архiве сшытак з запiсам мелодыi на верш "Хай радасць з вачэй нашых блiсне". Так што цяпер Андрэю Жбанаву карцiць даведацца, цi падобны яго варыянт гэтай песнi да арыгiнала. Гiмн таварыства фiламатаў невыпадкова стаў кропкай адлiку на творчым шляху паэта-барда. — Калi б я жыў два стагоддзi таму, то, пэўна, быў бы сярод iх, — прызнаецца Андрэй Жбанаў. — Мне блiзкая цяга фiламатаў да навук i iх шчырая цiкавасць да гiсторыi нашай краiны, любоў да роднай мовы i лiтаратуры. З лiтаратараў ён аддае перавагу Уладзiмiру Караткевiчу: у канцэрце прагучала дзве песнi на яго словы. Андрэй не пакiнуў без сваёй увагi i верш Францiшка Багушэвiча "Хмаркi цёмныя, мае братанькi", якi запаў яму ў душу яшчэ ў школьныя гады. — На маё разуменне, гэта верш пра беларусаў, якiя з’язджаюць за мяжу, — падзялiўся сваiмi думкамi паэт i кампазiтар. Сам жа Андрэй Жбанаў за мяжу не збiраецца. Больш за тое, ён быў бы зусiм не супраць памяняць Мiнск на маляўнiчую беларускую глыбiнку, напрыклад, на горад Браслаў, якому ён таксама прысвяцiў нямала вершаў i песень. — Я зусiм нядаўна зразумеў, што можна жыць у закiнутым ад сталiцы месцы i адчуваць сябе не горш, чым сярод машын, магазiнаў i кiнатэатраў. Бо i тут i там — Бацькаўшчына. А на Бацькаўшчыне не можа быць дрэнна. Вiкторыя Крупянькова. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучню школы № 56 горада Мiнска Андрэю Жбанаву куды больш за весялушак-аднакласнiц падабалася настаўнiца беларускай лiтаратуры. Ён, сам таго не заўважа
|
|