21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Транспланталогія не можа развiвацца без падтрымкi грамадства

26.08.2009 10:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Транспланталогія не можа развiвацца без падтрымкi грамадства

Вядучыя трансплантолагi з Беларусi, Расii, Германii, Лiтвы i Вялiкабрытанii сабралiся ўчора ў Мiнску, каб узяць удзел у мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi "Стан i перспектывы транспланталогii", якая адкрылася ў Нацыянальнай акадэмii навук.

Як заўважыў ў сваiм выступленнi галоўны пазаштатны трансплантолаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Анатоль Ус, транспланталогiя — своеасаблiвы iндыкатар узроўню развiцця сiстэмы аховы здароўя любой краiны. Фактычна гэта вяршыня тэхналагiчных дасягненняў у медыцыне. Пачатак эры транспланталогii быў пакладзены ў другой палове 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калi былi здзейсненыя першыя трансплантацыi ныркi. У 60-х гадах пачалi ажыццяўляцца аперацыi па трансплантацыi печанi, падстраўнiкавай залозы i сэрца. А сёння практычна не засталося сфераў у медыцыне, дзе б не прымянялiся трансплантацыйныя тэхналогii.

У Беларусi першая перасадка ныркi была здзейсненая яшчэ ў 1970 годзе на базе 4-й мiнскай клiнiчнай бальнiцы. У лепшыя часы ў нашай краiне трансплантавалiся да 100 нырак у год, але, напрыклад, у 2005 годзе было зроблена толькi 8 аперацый па перасадцы нырак. Сёння медыкi з жахам прыгадваюць "справу маскоўскiх трансплантолагаў", якая атрымала шырокi рэзананс у расiйскiх СМІ ў 2002 годзе i пацягнула за сабой рэзкi спад транспланталагiчнай актыўнасцi не толькi ў Расii, але i ў Беларусi. Прычынай заняпаду транспланталогii было ў пэўнай ступенi недасканалае заканадаўства, якое ўтрымлiвала двухсэнсоўныя фармулёўкi, а таксама негатыўнае стаўленне грамадства да праблем трансплантацыi на ўсёй постсавецкай прасторы.

Мiж iншым, кожнаму з нас зусiм не пашкодзiць задумацца, а цi застрахаваны мы ад таго, каб таксама не трапiць у лiст чакання людзей, жыццё якiх залежыць ад трансплантацыi i пошуку донарскага органа? Згодна з дадзенымi даследавання, праведзенага групай экспертаў у ЗША, разлiковая патрэба ў трансплантацыi органаў на 1 мiльён насельнiцтва выглядае наступным чынам: патрэба ў нырках — 74,5; сэрцы — 67,4; печанi — 59,1; падстраўнiкавай залозе — 13,7; лёгкiм — 13,7; комплекснай перасадцы сэрца i лёгкага — 18,5. Няцяжка падлiчыць, што ў Беларусi з насельнiцтвам каля 10 мiльёнаў чалавек трэба праводзiць не менш як 500 усiх арганных трансплантацый штогод. I беларуская медыцына знаходзiцца сёння яшчэ толькi ў самым пачатку вялiкага, але вельмi важнага шляху.

Калi ў 2006 годзе ў Беларусi было здзейснена толькi 20 перасадак ныркi, то ў 2007 годзе — 40 i 60 перасадак — сёлета. Таксама ў красавiку гэтага года былi праведзены першыя паспяховыя аперацыi па трансплантацыi печанi: на сёння iх зроблена ўжо шэсць. Цяпер рыхтуецца трансплантацыя падстраўнiкавай залозы i кiшэчнiка. А кардыёхiрургi актыўна рыхтуюцца да першай перасадкi сэрца.

У Беларусi на дыялiзатэрапii знаходзяцца 1780 хворых, з iх 424 чакаюць донарскi орган. А, напрыклад, ад цырозу печанi летась памерла больш як 2,5 тысячы беларусаў. Цi варта пасля гэтага сумнявацца ў неабходнасцi развiцця ў Беларусi такой высокатэхналагiчнай сферы медыцыны як транспланталогiя?

— Разважаючы аб высокiх тэхналогiях у медыцыне, многiя звяртаюць увагу на iх эканамiчную мэтазгоднасць. Сапраўды, транспланталогiя — вельмi дарагi вiд дапамогi, але перасадка ныркi ўжо на трэцi год жыцця пацыента эканамiчна сябе апраўдвае, таму што гемадыялiз каштуе дзяржаве значна даражэй. Да таго ж хворыя, якiя знаходзяцца на гемадыялiзе, да канца жыцця прыкаваныя да апарата, — падкрэслiў Анатоль Ус. — Лячэнне хранiчнага гепатыту з перыядычнымi абвастрэннямi i трасфармацыяй у цыроз печанi абыходзiцца даражэй, чым трансплантацыя печанi гэтаму ж пацыенту. У роўнай ступенi гэта датычыцца трансплантацыi коснага мозгу ў хворых са злаякаснымi новаўтварэннямi, трансплантацыi сэрца, падстраўнiкавай залозы, лёгкiх i iншых органаў. Можна таксама паспрабаваць палiчыць, колькi каштуе дзяржаве шматгадовае ўтрыманне iнвалiда, колькi каштуе сям’i страта кармiльца. А выратаванае жыццё i ўвогуле не мае цаны...

Дарэчы, эксперты Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя прыйшлi да высновы, што эфектыўнае асваенне фiнансавых сродкаў можа быць дасягнута пры выкарыстаннi ў цэнтры не менш як чатырох-пяцi трансплантацыйных тэхналогiй, а колькасць трансплантацый у клiнiцы павiнна быць не меншай за 100 у год. Iнакш спецыялiсты не змогуць набыць патрэбнага вопыту. Каб зменшыць выдаткi на трансплантацыю, неабходна iнвеставаць фiнансавыя сродкi ў развiццё донарскай службы для павелiчэння колькасцi трансплантацый. У прыватнасцi, добра аплачваць працу ўрачоў, якiя з-за спецыфiкi сваёй работы не маюць магчымасцi працаваць па сумяшчальнiцтве. Гэта больш эфектыўна, чым адкрыццё новых аддзяленняў гемадыялiзу, гастраэнтэралогii, кардыялогii, гематалогii i г.д. Прыкладам можа служыць Iспанiя, дзе праблема лячэння ныркавай, пячонкавай, лёгачнай i сардэчнай недастатковасцi вырашаецца галоўным чынам за кошт трансплантацыi органаў.

Як вядома, сёння на базе шматпрофiльнай клiнiчнай бальнiцы № 9 горада Мiнска ствараецца Рэспублiканскi цэнтр трансплантацыi органаў i тканак, якi ў поўнай ступенi будзе адпавядаць рэкамендацыям экспертаў ЕС i Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя. У лiпенi 2007 года ўступiў у сiлу новы Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб трансплантацыi органаў i тканак чалавека". Гэта адзiн з самых прагрэсiўных законаў не толькi ў СНД, але i ў Еўропе, дзякуючы якому беларуская транспланталогiя зможа выйсцi на новы, больш якасны ўзровень свайго развiцця. У аснову закона была пакладзена прэзумпцыя згоды, якая азначае, што калi чалавек пры жыццi не выказаў свайго стаўлення да выкарыстання сваiх органаў пасля смерцi для трансплантацыi iх хвораму чалавеку, значыць, ён дае згоду на донарства. Таму, хто не падтрымлiвае прэзумпцыю згоды i не хоча аддаваць свае органы пасля смерцi, прадастаўлецца магчымасць выказаць сваё жаданне пры жыццi, пры гэтым сваякi маюць права выказаць волю памерлага i забаранiць вымаць яго органы пасля наступлення смерцi. У шэрагу еўрапейскiх краiн (Аўстрыя, Бельгiя, Францыя, Польшча, Фiнляндыя, Венгрыя i г.д.), як i ў Беларусi практыкуецца абсалютная мадэль прэзумпцыi згоды. I менавiта ў гэтых краiнах актыўнасць транспланталогii значна вышэйшая.

Вiдавочна адно — патрэба ў донарскiх органах сёння намнога большая, чым колькасць здзейсненых перасадак. Трансплантацыя — надзвычай складаная праблема ў плане этыкi i маралi. Гэта фактычна адзiная галiна медыцыны, якая не можа развiвацца без удзелу грамадства, у прыватнасцi, без яго падтрымкi. У многiх краiнах узровень развiцця транспланталогii ў значнай ступенi залежыць ад рэлiгiйных поглядаў. Мiж iншым, усе вядучыя канфесii свету ў прынцыпе ўхваляюць гэты метад лячэння невылечных раней захворванняў. У Iспанii, напрыклад, на дзвярах кожнага касцёла вiсiць зварот да прыхаджан: "Не забiрайце свае органы на неба. Яны спатрэбяцца хворым людзям на зямлi". Цi не таму менавiта Iспанiя, дзе донарства разглядаецца як гуманны абавязак кожнага дарослага чалавека, з’яўляецца бясспрэчным лiдарам па колькасцi донараў i праведзеных трансплантацый у пералiку на колькасць насельнiцтва краiны.

З 1 красавiка 2008 года на базе 4-й мiнскай клiнiчнай бальнiцы пачало працаваць аддзяленне па каардынацыi забору донарскiх органаў для трансплантацыi. Яго спецыялiсты ажыццяўляюць кругласутачны манiторынг аддзяленняў рэанiмацыi i палат iнтэнсiўнай тэрапii аддзяленняў неўралогii ў Мiнску, каб не прапусцiць з’яўлення патэнцыяльнага донара, i менавiта дзякуючы iм быў знойдзены донарскi орган для правядзення першай ў Беларусi трансплантацыi печанi.

Паводле слоў Анатоля Уса, урачы-рэанiматолагi ў медыцынскiх установах па-ранейшаму вельмi рэдка ўстанаўлiваюць дыягназ смерцi мозгу. Пры гэтым менавiта гiбель мозгу ва ўсiм свеце разглядаецца як гiбель чалавека, пасля чаго рэанiмацыйныя мерапрыемствы могуць быць спыненыя, калi не паўстане пытанне аб выкарыстаннi для трансплантацыi здаровых органаў загiнулага. Для дыягностыкi гiбелi мозгу распрацаваны спецыяльны алгарытм дзеянняў, якi прадугледжвае выкарыстанне комплексу клiнiчных i апаратных метадаў дыягностыкi. Памылка цалкам выключаецца.

Згодна з данымi сусветнай статыстыкi, агульная колькасць рэгiструемых смерцяў мозгу складае 60 выпадкаў на 1 мiльён насельнiцтва, значыць, для Беларусi гэты паказчык павiнен быць каля 550—600 зафiксаваных смерцяў. А за 2007 год было пастаўлена ўсяго 18 такiх дыягназаў i 16 дыягназаў — за 6 месяцаў 2008 года. Толькi ад чэрапна-мазгавых траўмаў гiнуць штогод у краiне ад 300 да 500 чалавек. Многiя з iх маглi б пасля сваёй смерцi кагосьцi выратаваць...

У 2007 годзе ўзровень трупнага донарства склаў у Беларусi ўсяго 1,8 донара на 1 мiльён. I толькi ў сталiцы гэты паказчык складае 8,0 донараў на мiльён насельнiцтва. Асаблiвую насцярожанасць выклiкае той факт, што асноўнай донарскай базай у Беларусi застаецца Мiнск, у той час як 75 працэнтаў рыцыпiентаў пражываюць за яго межамi. Рэгiянальныя бальнiцы практычна не ўдзельнiчаюць у вырашэннi праблемы дэфiцыту донарскiх органаў...

Бясспрэчна, падмуркам для арганiзацыi службы трансплантацыi органаў i тканак з’яўляецца выдатная прафесiйная падрыхтоўка спецыялiстаў. Сёлета Беларусь была прынятая ў Еўрапейскую асацыяцыю трансплантолагаў. Гэта вельмi важны крок, таму што без мiжнародных зносiнаў з калегамi i замежных стажыровак наўрад цi можна рушыцца наперад. Ёсць i яшчэ адзiн вельмi важны бок справы — у трансплантолагаў, якiя займаюцца выратаваннем жыцця, павiнна быць упэўненасць, што грамадская думка — на iх баку. Вядомыя ўжо i задачы, якiя ставяцца перад Рэспублiканскiм цэнтрам трансплантацыi на 2010—2011 гады — гэта пастаноўка аперацый па трансплантацыi на паток, засваенне трансплантацыi лёгкiх i правядзенне мультыарганных трансплантацый.

Надзея НIКАЛАЕВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядучыя трансплантолагi з Беларусi, Расii, Германii, Лiтвы i Вялiкабрытанii сабралiся ўчора ў Мiнску, каб узяць удзел у мiжнароднай навукова-практычна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика