Новае ў фармацыi
Новае ў фармацыi
Рэалiзацыя iнавацыйных праектаў дазволiць замясцiць iмпарт 1 тысячы найменняў медпрэпаратаў Сёння 10 арганiзацый канцэрна "Белбiяфарм" удзельнiчаюць у рэалiзацыi 16 iнавацыйных праектаў, праiнфармаваў прысутных на ўчарашнiм пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi старшыня канцэрна Мiхаiл Чарапок. Паводле яго слоў, канцэрн, каб зменшыць iмпартную залежнасць краiны ў лекавым забеспячэннi, рэалiзуе сем праектаў першага ўзроўню (новыя прадпрыемствы i найважнейшыя вытворчасцi), два — другога (новыя вытворчасцi на прадпрыемствах, якiя дзейнiчаюць) i сем — трэцяга (мадэрнiзацыя дзеючых вытворчасцяў на падставе ўкаранення новых i высокiх тэхналогiй). Падрабязна спынiўшыся на праблемных момантах рэалiзацыi праектаў, Мiхаiл Чарапок, у прыватнасцi, узгадаў пра тое, што зрываюцца графiкi па стварэннi сумесных прадпрыемстваў па вытворчасцi палiўнага этанолу ў Мазыры i Бабруйску. Прычым адбываецца гэта не па вiне беларускага боку, а менавiта замежнага iнвестара. Апошнi — кампанiя "Грынфiлд" — прапануе, напрыклад, акрамя вытворчасцi толькi бiяэтанолу, як было запланавана, выпускаць яшчэ i бiядызель, бiягаз i шэраг iншых хiмiчных прадуктаў. Разам з тым, каб рэалiзаваць гэтыя прапановы, патрабуецца падрыхтаваць адпаведны бiзнэс-план, ацэнку якога павiнны зрабiць i беларускiя навукоўцы. Старшыня канцэрна нагадаў i пра тое, што пасля таго, як расiйскi iнвестар не праявiў зацiкаўленасцi ў стварэннi новай фармацэўтычнай вытворчасцi ў Вiцебску, было вырашана рэалiзаваць гэты праект у два этапы. Першы — арганiзацыя фасоўкi i ўпакоўкi таблетачных лекавых формаў на пляцоўцы адмiнiстрацыйна-бытавога корпуса прадпрыемства "Мегом": рэалiзаваць яго плануецца ўжо ў снежнi гэтага года. У ходзе другога этапа будзе арганiзавана вытворчасць лекавых сродкаў па поўным цыкле з уводам у дзеянне ў чэрвенi 2010 года. Мiхаiл Чарапок таксама паведамiў, што зараз вядуцца перамовы з латвiйскiм iнвестарам, кампанiяй "Грындэкс", аб стварэннi сумеснага прадпрыемства з Барысаўскiм заводам медпрэпаратаў. Праўда, i тут не абышлося без нечаканасцяў: кампанiя вылучае шэраг умоў, каб удзельнiчаць у праекце. Так, да прыкладу, латвiйскi iнвестар заяўляе пра тое, што не зацiкаўлены ў выпуску стратных медпрэпаратаў. I прапануе вывесцi са складу завода сельскую гаспадарку, якая была далучана да прадпрыемства раней. Аднак, упэўнены кiраўнiк канцэрна, за непрацяглы тэрмiн гэтыя пытаннi будуць адпрацаваны i бакi знойдуць выйсце з сiтуацыi. Дакладваючы аб выкананнi iншых праектаў, Мiхаiл Чарапок зазначыў, што iх рэалiзацыя iдзе паспяхова. Так, у адпаведнасцi з планам ствараецца мазевая вытворчасць на РУП "Белмедпрэпараты". На гэтым жа прадпрыемстве на фiнiшнай стадыi знаходзiцца рэалiзацыя праекта па тэхнiчным пераўзбраеннi таблетачнай вытворчасцi, што дазволiць павялiчыць магутнасцi па выпуску прадукцыi i пашырыць яе наменклатуру. Акрамя таго, у адпаведнасцi з графiкам рэалiзуецца праект па стварэннi вытворчасцi новых лекавых формаў у Драгiчыне, а ўвод у эксплуатацыю новай вытворчасцi лекаў у Лiдзе адбудзецца на год раней запланаванага — да снежня гэтага года. Што, дарэчы, дасць магчымасць павялiчыць аб’ём вытворчасцi ў 1,6 раза. Як падкрэслiў Мiхаiл Чарапок, рэалiзацыя 16 iнавацыйных праектаў дазволiць замянiць iмпарт 1 тысячы найменняў медпрэпаратаў. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння 10 арганiзацый канцэрна "Белбiяфарм" удзельнiчаюць у рэалiзацыi 16 iнавацыйных праектаў, праiнфармаваў прысутных на ўчарашнiм пасяджэн
|
|