Аляксандр Лукашэнка: "Дзецi павiнны расцi i выхоўвацца ў нармальным асяроддзi..."
Аляксандр Лукашэнка: "Дзецi павiнны расцi i выхоўвацца ў нармальным асяроддзi..."
На ўчарашняй нарадзе ў Прэзiдэнта па пытанні выканання Дэкрэта № 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях" з боку Аляксандра Лукашэнкi прагучалi жорсткiя ацэнкi ў адрас i Адмiнiстрацыi, i Саўмiна. У прыватнасцi, кiраўнiк Беларусi заўважыў, што нельга абараняць дзяцей, седзячы ў кабiнетах. Так, пасля выхаду Дэкрэта ў рэспублiцы сапраўды назiраюцца станоўчыя зрухi па вырашэннi згаданай праблемы, праведзены тут i пэўныя дзеяннi. Аднак, вiдаць, пасля зробленага некаторыя чыноўнiкi самазаспакоiлiся i пачалi фармальна падыходзiць да вельмi важнай для краiны справы. У беларускага лiдара падобныя адносiны выклiкаюць зразумелае абурэнне. І тлумачэнне гэтаму простае: за сухiмi для кагосьцi лiчбамi — лёс тысяч дзяцей, якiм не пашанцавала нарадзiцца i гадавацца ў нармальных сем’ях, i будучыня якiх напрамую залежыць менавiта ад своечасовага ўмяшання i дапамогi дзяржавы. На думку Аляксандра Лукашэнкi, сёння нiкому не трэба тлумачыць той факт, што ў нас вельмi шмат бацькоў, якiя нараджаюць дзяцей i кiдаюць iх на выжыванне, а дзяржава вымушана браць iх пад сваю апеку. Натуральна, разам з расходамi на ўтрыманне. "Мы своечасова прынялi найважнейшае рашэнне, таму што не можам пайсцi на тое, каб дзецi, якiя нарадзiлiся ў такiх сем’ях, знаходзiлiся на ўтрыманнi такiх бацькоў, — лiчыць Прэзiдэнт. — Таму мной было прынятае рашэнне прымусова забiраць дзяцей у нядбайных бацькоў: яны не павiнны расцi ў такiх умовах". Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што калi дзiця гадуецца ў няўдалай сям’i, то ў будучым дзяржава затрацiць на яго яшчэ больш сродкаў: злачынны свет у большасцi папаўняецца менавiта такiмi грамадзянамi. А таму, дадаў Аляксандр Лукашэнка, пакуль бацькi не прыйдуць у нармальны стан, гэтыя дзецi будуць выхоўвацца за кошт дзяржавы — у дзяржустановах. Калi ж гэтыя бацькi паразумнеюць, то не выключана магчымасць вяртання iм дзяцей. "Пытанне было пастаўлена сур’ёзна — дзецi павiнны расцi i выхоўвацца ў нармальным асяроддзi, — прадоўжыў Прэзiдэнт. — Калi бацькi гэтага забяспечыць не могуць, гэта зробiць дзяржава за кошт гора-бацькоў". Далей ён адзначыў, што за дзяцей апошнiя павiнны плацiць нават ва ўмовах форс-мажорных абставiнаў, а такiх — большасць. I форс-мажор, удакладнiў ён, заключаецца ў тым, што бацькi-п’янiцы, але яны нiколi не працавалi. "Мы любымi спосабамi павiнны нягоднiка (iнакш гора-бацькоў не назавеш) прымусiць працаваць, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Хто гэта павiнен зрабiць, — вызначана ў Дэкрэце". Пад Дэкрэт № 18, падкрэслiў беларускi лiдар, не трэба ствараць нiякiх дадатковых саветаў. Лепш за ўсiх гэтыя сем’i на месцах ведаюць старшынi райвыканкамаў i сельскiх выканкамаў, якiя кожны дзень павiнны бываць у такiх сем’ях i клапацiцца аб тым, каб забраць дзяцей з няўдалых сем’яў, а нядбайных бацькоў прымусiць працаваць, працаўладкаваць iх. "Якi яшчэ патрэбны каардынуючы орган? Што, грошай няма куды дзець? — запытаўся ў прысутных Прэзiдэнт. — Вiцэ-прэм’ер Аляксандр Косiнец мае дастатковыя паўнамоцтвы, вось ён асабiста i будзе прымаць неабходныя рашэннi, каардынаваць гэту работу". Аляксандр Лукашэнка таксама заў- важыў, што за выкананне Дэкрэта чыноўнiкi будуць несцi адказнасць "на поўную катушку". "Мы выпрацавалi на дзяржаўным узроўнi ўсе меры, як прымусiць нядбайных бацькоў, якiя кiнулi сваiх дзяцей на выжыванне, або адумацца i ўспомнiць аб сваiх мацярынскiх i бацькоўскiх абавязках, або адказаць у поўнай меры за тую шкоду, якую яны наносяць дзецям", — падкрэслiў Прэзiдэнт. Перад Саветам Мiнiстраў i iншымi дзяржорганамi была пастаўлена задача стварыць дзейсны механiзм рэалiзацыi Дэкрэта. Механiзм павiнен быў быць простым. З аднаго боку, неадкладна вырваць дзяцей са згубнага асяроддзя i ўзяць пад усебаковую дзяржаўную абарону, з другога — прымусiць псеўдабацькоў працаваць i на 100 працэнтаў аплачваць утрыманне гэтых дзяцей. Дарэчы, дакумент, адзначыў беларускi лiдар, быў пазiтыўна ўспрыняты ў грамадстве. I дадаў, што з яго з’яўленнем намецiлася тэндэнцыя стрымлiвання росту колькасцi дзяцей-сiрот, узрасла колькасць бацькоў, якiя вярнулiся да нармальнага жыцця i iм вярнулi дзяцей, часова змешчаных у прытулкi. Аднак Аляксандр Лукашэнка папярэдзiў, што ўжо з наступнага дня будзе наладжаны кантроль кожнага населенага пункта, кожнай вёскi з тым, каб высветлiць, цi засталiся нядбайныя бацькi, у якiх дзецi не павiнны быць нi дня. "I калi яны будуць выяўлены, — звярнуўся Прэзiдэнт да прысутных, — будзем лiчыць, што вы проста праiгнаравалi прынятае мной рашэнне". Як праiнфармавалi кiраўнiка краiны, у Беларусi ўсё яшчэ не створаны нядбайным бацькам такiя ўмовы, каб яны тысячу разоў пашкадавалi, што пачалi пiць i кiнулi сваiх дзяцей. Часта такiя людзi жывуць, як у пiянерскiх лагерах: камфортна, выходзячы на работу па жаданнi, ды яшчэ з водпускамi, калi iх працаўладкавалi. "Не дасягнута i галоўная мэта, — сказаў Прэзiдэнт, — да гэтага часу застаецца невысокiм працэнт кампенсацыi гора-бацькамi расходаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей — менш як 40 працэнтаў. Зразумела, што дадзеная катэгорыя людзей працаваць не мае намеру, але здаецца, што вы прымiрылiся з такой сiтуацыяй. I замест таго, каб прымусiць гэтых бацькоў працаваць, прапануеце ўвесцi дадатковую падставу для вызвалення iх ад работы. Яшчэ раз падкрэслiваю, ад работы вызвалiць нядбайных бацькоў, калi яны ўжо не ходзяць (па стане здароўя), можа толькi старшыня райвыканкама". Галоўнае ўпушчэнне, на думку беларускага лiдара, заключаецца ў тым, што так i не ўдалося дасягнуць зладжанага ўзаемадзеяння памiж усiмi дзяржаўнымi органамi, якiя ўдзельнiчаюць у рэалiзацыi Дэкрэта. "Дастаткова толькi паглядзець на тое, як вы спiхваеце адзiн на аднаго пытанне аб тым, хто стане каардынатарам гэтай дзейнасцi", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, на яго думку, ёсць крынiцы, за кошт якiх можна пагашаць запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей. У якасцi прыкладу Прэзiдэнт назваў больш рацыянальнае выкарыстанне часова свабодных жылых памяшканняў, з якiх выселены гора-бацькi. Мiж iншым, паводле агучанай на нарадзе iнфармацыi, у адпаведнасцi з Дэкрэтам у рэспублiцы на ўлiку знаходзяцца 29 415 асобаў, якiя абавязаныя кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi, на суму 101 780 000 тысяч рублёў. На 1 верасня спагнаная з iх сума склала 33 мiльярды 930 мiльёнаў рублёў. Сярод прычын, па якiх гора-бацькi не выконваюць сваiх абавязкаў па кампенсацыi расходаў дзяржавы, — iх нiзкi адукацыйны i квалiфiкацыйны ўзровень, адсутнасць працоўных навыкаў, прагулы i iншыя парушэннi працоўнай дысцыплiны, ухiленне абавязаных асобаў ад працаўладкавання. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ўчарашняй нарадзе ў Прэзiдэнта па пытанні выканання Дэкрэта № 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях" з б
|
|