21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дом з мохавым дахам

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дом з мохавым дахам

Грамадскае аб’яднанне "Чарнобыльскi бусел" разам са студэнтамi Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта i выдавецтвам "Траско" правяло дабрачынны дзень у Барысаўскiм псiханеўралагiчным доме-iнтэнаце, што ў вёсцы Тарасiкi.

..."Чарнобыльскi бусел" даўно займаецца дабрачыннасцю, падтрымкай самых розных людзей i арганiзацый, аднак iнтэрнату ў Тарасiках — асобны клопат. Старшыня аб’яднання Наталля Парукава не адзiн год дапамагае тутэйшым жыхарам. Многае з таго, што апошнiя бачаць i чым карыстаюцца кожны дзень, забяспечана, як кажуць, з яе ўдзелам. На жаль, карыстальнiкi не ў стане ацанiць парыў iншай душы — па прычыне няпростых захворванняў уласнай. Затое саму Наталлю Мiкалаеўну тут добра ведаюць i пазнаюць. Як толькi яна выйшла з машыны, некалькi насельнiкаў кiнулiся да яе з радасным узбуджэннем — абняць, пацiскаць за рукi. У мяне, прызнацца, перахапiла дыханне: раптам гэтым людзям захочацца абняць i мяне? Хоць я i ведала, куды ехала, але ж да цеснага братання была не гатовая. Шчырыя людзi, напэўна, нейкiм чынам адчулi маю "закрытасць", i дакраналiся да мяне з пэўнай асцярожнасцю... Пазней я даведалася, што тут ёсць i такiя хворыя, з якiмi асцярожнай варта быць мне...

Наталля Мiкалаеўна не прыязджае сюды з пустымi рукамi. На гэты раз падарункi былi арганiзаваныя студэнтамi перакладчыцкага факультэта лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта, дзе на працягу двух месяцаў збiралася адзенне, абутак, гiгiенiчныя наборы, нават магнiтафоны i грошы, на якiя былi набыты прысмакi. Выдавецтва "Траско" перадало друкаваныя падарункi — кнiгi, буклеты, часопiсы. Наогул частка падарункаў была сфармiравана паводле пажаданняў жыхароў iнтэрната. Студэнты паспрабавалi не адступаць ад замоўленага. А ў дадатак прывезлi ў тутэйшы дом культуры лялечны спектакль ды спевы. Пасля вiдовiшча была сумесная творчасць: насельнiкi iнтэрната выраблялi разам са студэнтамi арыгамi — маленькiх журавоў, знак сяброўства i мiласэрнасцi. Жаночай палове яшчэ i прыгожы манiкюр зрабiлi. Нiколi не думала, што гэта працэдура можа быць такой кранальнай.

...У Мiнскай вобласцi пяць iнтэрнатаў псiханеўралагiчнага профiлю. Але толькi адзiн — У Тарасiках — мае такую доўгую гiсторыю, такое няўдалае геаграфiчнае размяшчэнне i, бадай, самыя сцiплыя ўмовы для пражывання. Будынкi, на якiх любiць сялiцца мох, былi ўзведзеныя яшчэ ў 1949-м — для прадпрыемства па здабычы торфу. Адным словам, тут — балота. Месца, для жыцця, мякка кажучы, непрыдатнае. Але ж тым не менш, у 1965 годзе, калi торфаздабыча скончылася, пабудовам не далi прапасцi. Адкрылi спецыялiзаваны iнтэрнат. Не думаю, што варта ўяўляць, як жылi тут раней i без таго адрэзаныя ад свету хворыя людзi.

Доўгi час месца было Богам забытае. Пад нагамi чвякала i распаўзалася непрыемная жыжа. Цяпер — цвёрдая зямля, асфальт. Для ўпрыгажэння — альпiйскiя горкi. Усе будынкi размешчаны кругам, так што з цэнтра добра вiдаць кожны. Вось галоўны стратэгiчны корпус — сталоўка. Сцiплая, немаладая, але чыстая, дагледжаная. Абсталяванне мяняецца па меры сiл i магчымасцей спонсараў (перш-наперш iрландскiх, галандскiх, англiйскiх, амерыканскiх, хоць нельга сказаць, што дапамога гэта рэгулярная i вызначальная ў кантэксце незлiчонай колькасцi патрэб). Не так даўно спонсары падарылi сталоўцы халадзiльную шафу, кацёл для варкi.

Сталаванне адбываецца чатыры разы на дзень, у дзве змены. Сталоўка быццам i немалая, але адразу ўсе не сядуць. Пакуль адны распраўляюцца са сваiмi порцыямi, нехта абавязкова "тусуецца" ля дзвярэй, назiрае за працэсам.

— Лёня ў нас хоць i малы, а тры порцыi праглыне — не заўважыць, — кажа дырэктар iнтэрната Вiктар Тумакоў. — Гэта не таму, што порцыi недастатковыя... Проста ў некаторых хворых, так бы мовiць, не працуе "механiзм насычэння". Але ж хто просiць дабаўкi, заўсёды атрымлiвае. Харчаванне ды яшчэ заробак персаналу — вось галоўныя пункты, на якiя мы атрымлiваем дзяржаўныя грошы. Акрамя таго, у нас ёсць свая падсобная гаспадарка. Трымаем кароў i свiней. Таму малако i мяса амаль цалкам свае. З раслiнаводствам — iншая сiтуацыя. На балоце ж нiчога не расце. А калi вырошчваць па-за iм, дык дзе сельгастэхнiку ўзяць? Гароднiну набываем у гаспадарак... Фрукты даём рэгулярна, згодна з нормамi... Цукеркi — гэта толькi калi спонсары прывязуць...

Асобны корпус — пральня, у якой (дзякуючы ўсё таму ж спонсарству), з’явiлася новая пральная машына. Асобна стаяць кацельная i склад (што важна, не пусты). Чатыры карпусы — для пражывання. Два — для 136 жанчын i два — для 134 мужчын ва ўзросце ад 18-цi. У пакоях — мiнiмалiзм. Па чатыры ложкi, шафа або тумбачкi. На вокнах — прыстойны цюль i фiранкi. Сцены, паводле вызначаных правiлаў бяспекi, не абклееныя, а пафарбаваныя. Дзе-нiдзе новы лiнолеўм... Вiктар Іванавiч кажа, што такi годны выгляд ва многiм забяспечаны Наталляй Мiкалаеўнай.

У кожным жылым корпусе прыбiральня — адна на паверх. Цесната — не развярнуцца, але ж чыста... I адзiн на паверх пакой для назiрання. Назву сваю ён атрымаў з-за адсутнасцi дзвярэй. Замест iх — рашотка. У такiм пакоi можа знаходзiцца адразу некалькi агрэсiўных, узрушаных чалавек. На момант майго вiзiту насельнiкi пакоя паводзiлi сябе цiха. Але ж мяне на ўсякi выпадак папярэдзiлi: "Асцярожна, блiзка не падыходзьце — яны i кiнуцца могуць, i плюнуць...".

...У такiя ўстановы як гэта людзi трапляюць двума шляхамi. "Вырастаюць" з адпаведнай дзiцячай установы. Гэта — iнвалiды ад нараджэння. Другая катэгорыя — са звычайнага жыцця.

Вользе — 28 гадоў. У Барысаўскiм iнтэрнаце яна жыве з 1995 года. Аднойчы, у момант моцнага абвастрэння шызафрэнii, яна забiла родную бабулю. Мацi давялося змiрыцца з працяглым лячэннем дзяўчынкi ў Рэспублiканскай клiнiчнай псiхiятрычнай бальнiцы, адкуль яна ўжо не вярнулася дадому. Жыхары дома ў Тарасiках сталi для яе сваякамi... А немаладую ўжо Таццяну калiсьцi кiнуў хлопец. Нешта ў дзяўчыне тады зламалася. У Барысаве жыве яе родная сястра, часам наведвае, але забраць Таццяну ў хатнiя ўмовы не ўяўляецца магчымым.

Iвану — 24, шэсць з якiх ён жыве ў iнтэрнаце. Бацькi ў яго цудоўныя... Але ж ад няшчасця аказалiся неабароненыя. Пасля перанесенага менiнгiту ў хлопца развiлася шызафрэнiя, параноiдная форма... У момант абвастрэння Iван кiнуўся на блiзкiх з нажом... А 58-гадовы Мiхаiл — у мiнулым архiтэктар, атрымлiваў другую вышэйшую адукацыю. Днём вучыўся, ноччу працаваў, каб забяспечыць сям’ю — жонку i дзвюх дачок. Праз некалькi месяцаў такога напружання "ўзнiкла" ўсё тая ж злашчасная шызафрэнiя. Мiхаiла i накiравалi... да людзей на балоце...

— Усе нашы пацыенты — псiхахронiкi, — тлумачыць урач-псiхiятр Надзея Маслоўская. — Iх дыягназы — прыроджаная разумовая адсталасць, шызафрэнiя, дэменцыi, хвароба Даўна, хвароба Альцгеймера... Гэтыя дыягназы iм былi выстаўленыя ў Рэспублiканскай псiхiятрычнай бальнiцы, дзе выдалi адпаведныя накiраваннi ў медыка-рэабiлiтацыйныя экспертныя камiсii. Камiсiя i прымае рашэнне аб своеасаблiвай iзаляцыi... Для таго, каб падтрымлiваць хворых у стане, калi яны могуць хоць нейкiм чынам кантактаваць з навакольнымi, iм патрэбна медыкаментозная карэкцыя асноўнага захворвання. Яны не заўсёды могуць сказаць, што iх турбуе, таму мы праводзiм рэгулярныя агляды. Раз на год — паглыбленыя, з падключэннем вузкiх спецыялiстаў. Лор-урача, афтальмолага, неўрапатолага, хiрурга i iншых, якiя прыязджаюць з раённай бальнiцы...

Асноўная група прэпаратаў, неабходных для хворых такога профiлю, — нейралептыкi. Iх наогул вельмi шмат, i нiводзiн з вiдаў не вырабляецца ў нашай рэспублiцы. Закупляюцца за мяжой. Прэпараты высокай эфектыўнасцi каштуюць вельмi i вельмi дорага. Па зразумелых прычынах iнтэрнат не мае магчымасцi набываць шырокi спектр дарагiх лекаў.

...Паколькi дыягназы розныя, то немагчыма i разлiчыць агульную для ўсiх пацыентаў колькасць грошай, патрэбных для набыцця лекавых прэпаратаў. Але сёе-тое з параметраў рэгламентавана. На кожнага пацыента — не менш за 7 кв. метраў жыллёвай плошчы. Агульная сума, у якую абыходзiцца пражыванне аднаго чалавека — 654 тысячы рублёў. Можна меркаваць, што далёка не кожны "аплачвае" сваё знаходжанне ў iнтэрнаце.

Кожны пацыент, як вядома, атрымлiвае пенсiю па iнвалiднасцi, з якой 90 працэнтаў застаецца ў дзяржавы, а 10 працэнтаў належыць непасрэдна самому хвораму. Зразумела, што распараджацца грашыма тутэйшае насельнiцтва не здольнае. Таму па меры неабходнасцi iнтэрнат набывае кожнаму на яго сцiплую суму што-небудзь з ежы, напрыклад.

— Фактычна я з’яўляюся апекуном для ўсiх жыхароў iнтэрната, — кажа Вiктар Iванавiч. — Ахоўваю iх правы, расход асабiстых грошай, а таксама не дазваляю сваякам хворых пазбавiць апошнiх той жа жыллёвай плошчы. Здараецца, прыязджаюць сваякi, просяць, каб мы выдалi даведку, якая дапаможа iм прадаць кватэру, дзе прапiсаны хворы. Мы такiх даведак, безумоўна, не выдаём... Быў выпадак, 74-гадовую бабулю завочна "выдалi замуж" за 30-гадовага мужчыну. Маёмасць перапiсалi на "мужа". Падман быў выкрыты, i сiтуацыя выпраўленая... Але што хаваць, ёсць сваякi, якiя проста чакаюць смерцi блiзкага чалавека. Каб свабодна прыбраць да рук яго долю. Бывае i такое, што сваякi адмаўляюцца пахаваць памерлага. Тады iнтэрнат бярэ гэта на сябе. У нас ёсць свае могiлкi. Усё ж такi частка пацыентаў не мае родных...

Як толькi хто памiрае, на яго месца тут жа прысылаюць навiчка. А навiчкоў гэтых на чарзе не так i мала. Жыццё на балоце працягваецца. У гэта балота ўкладзена шмат грошай. Бягучы рамонт фактычна не спыняецца, а паступова пераходзiць з аднаго корпуса ў наступны. Вырашана на сёння i пытанне пажарнай бяспекi — на забеспячэнне належнай супрацьпажарнай сiстэмы Камiтэт па працы i сацыяльнай абароне Мiнаблвыканкама выдаткаваў сур’ёзную суму.

Паводле слоў дырэктара iнтэрната, калiсьцi, гадоў восем таму, у iнтэрната былi шэфы — прадпрыемства абласнога падпарадкавання Мiнскi лiкёра-гарэлачны завод. Аднак раптам прадпрыемства перадалi ў рэспублiканскую ўласнасць, i адсутнасць яго падтрымкi стала вельмi адчувальнай. Сёння дом-iнтэрнат разлiчвае пераважна на сваю падсобную гаспадарку, мясцовы калгас, абласны камiтэт па працы i сацыяльнай абароне ды... спонсараў.

...Наталля Мiкалаеўна пакiдала Тарасiкi з лёгкiм сэрцам i думкамi пра наступную паездку... Студэнткi прыйшлi да высновы, што людзi, з якiмi яны рабiлi папяровых журавоў — зусiм не страшныя... Мне думалася: як прыемна назiраць за работай людзей, якiя не спадзяюцца атрымаць штосьцi ўзамен. Пакiдала я Тарасiкi без абяцання абавязкова вярнуцца.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Фота Канстанцiна НЕТЫЛЁВА.

Барысаўскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Грамадскае аб’яднанне "Чарнобыльскi бусел" разам са студэнтамi Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта i выдавецтвам "Траско&q
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика