21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Па Новы год у вёску

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па Новы год у вёску

Блудныя дзецi каля лiмоннай ёлкi

Навагоднюю ёлку ў Нясяцкiм сельсавеце ўсталявалi i ўпрыгожылi даўно: каб у лiтаральным сэнсе адчуваць пах свята, прасякацца адпаведным настроем i рыхтавацца да Новага года.

— Усе нашы сем’i настроеныя на тое, каб прыняць дадому сваiх "блудных" сыноў i дачок, якiя жывуць i працуюць у гарадах, — усмiхаецца старшыня сельсавета Анатоль Гертман. — І годна iх сустрэць. Для гэтага на кожным вясковым стале будзе скварка i чарка.

Сустрэча самога Анатоля Барысавiча са сваякамi адбудзецца на глебе не толькi багатага застолля. Сапраўдны вясковы гаспадар лiчыць, што для добрага свята мала паесцi i папiць разам, а трэба зрабiць агульную справу. Сёлета гэтай справай будзе свiння кiлаграмаў на 150. Прыгатаванне талакой традыцыйных мясных далiкатэсаў дадасць Новаму году адценне сямейнай еднасцi. "Толькi агульны iнтарэс трымае людзей разам!" — кажа Гертман i пра сваю сям’ю, i пра вёску ўвогуле.

Пра планы на Новы год старшыня сельсавета распавядае ў кабiнеце, дзе мае асабiстае навагодняе дрэва. Яго ролю выконвае лiмон, якi ўпiраецца ў столь. Дрэва ўпрыгожылi штучнымi лiмонамi i гiрляндай з лямпачкамi. На стале ў Анатоля Барысавiча — каляндар ужо новага, 2009-га года.

— Мы вельмi чакаем наступнага года, таму што ён у нас будзе выбiтным, — тлумачыць ён. — Паводле праграмы адраджэння вёскi, Нясята зменiць сваё аблiчча i стане аграгарадком.

Добрае сэрца i пальцам пханая каўбаса

— У маiм дзяцiнстве так бедна было, што на ёлкi мы выразалi ўпрыгажэннi з газеты. Потым, калi пажанiлiся i дзяцей нарадзiлi, не ведалi, ува што апрануць малых. А цяпер кажуць, што гора. Якое гора? Толькi жыць! Добра жыць.

Так разважае жыхарка вёскi Вiркаў Ганна Iванаўна Лапацiна — гаспадыня тыповага беларускага сялянскага падворка. Працалюбiвая жанчына сама спраўляецца з каровай, цялём, трыма свiннямi, цэлай чарадой курэй i пеўняў.

У яе на двары i ў хаце — iдэальны парадак. I нават дымчатыя каты на платах i аранжавыя гарбузы ўтвараюць разам маляўнiчую карцiнку. Да арганiзацыi навагодняга застолля Ганна Iванаўна, як i да ўсяго, падыходзiць па старых звычаях — адказна i старанна. Рэпетыцыя напярэдаднi свята выявiла наступную традыцыю: стол павiнен быць "скрозь устаўлены" стравамi, каб нiводны госць не меў шанцу застацца галодным.

Як i кожны свядомы вясковец, Лапацiна дастане з лядоўнi мяса ад забiтага кабанчыка, салёнае сала ды найсмачнейшыя свiныя каўбасы. Ганна Iванаўна аддае перавагу "пальцам пханай" i кансерваванай у слоiку. Потым саленнi i квашаннi: кiслая капуста, таматы i агуркi.

Сёлета на Клiчаўшчыне выдаўся грыбны год, таму дарункi лесу ў розных варыяцыях — абавязковы пункт у святочным меню. Без салатаў таксама не абыдзецца: у вёсцы савецкi "алiўе" папросту называюць "гарошкам" паводле аднаго са складнiкаў. А таксама бульба, мёд, вiно, хлебная гарэлка...

Усё гэта паставiць на стол Ганна Iванаўна, калi да яе прыедуць яе пяцёра дзяцей i прыйдуць суседзi. Яны будуць вiншаваць яе не толькi з Новым годам, але i з днём нараджэння, якое прыпадае акурат на 1 студзеня. У якасцi падарункаў яна просiць дзяцей прывезцi ёй гарадскiх ласункаў.

— Мне з маёй гаспадаркай можна за харчамi ў краму не хадзiць, але мандарыны на агародзе ў нас не растуць, i шакаладныя цукеркi ў печы рабiць я не ўмею, — усмiхаецца Лапацiна.

Няхай будзе снег!

Абапал дарог цягнуцца зусiм не па-зiмоваму зялёныя палi. У клiчаўскай глыбiнцы, дзе цяпер зусiм няма снегу, часам падаецца, што пахне не Новым годам, а вясной.

— Снег нам абяцаюць, — упэўнена пярэчыць старшыня Вiркаўскага сельсавета Iван Гушчын. — Старыя людзi вядуць размову, што паводле народных прыкметаў сняжок павiнен легчы на Новы год.

У Вiркаве i ў яго акрузе святочныя ёлкi ставяць за некалькi дзён да 31 снежня, бо натуральныя лясныя прыгажунi павiнны дастаяць да Старога Новага года.

— Раней ёлкi ставiлi толькi на свята Нараджэння Хрыстова, — тлумачыць Iван Iванавiч. — А потым iх увогуле забаранялi, пакуль Сталiн не паставiў ёлку на Новы год. А што Новы год не адчуваецца, дык гэта няпраўда. Я ўжо мяркую, як мне сыноў сустракаць.

На Новы год дадому прыедзе магiлёўскi лiцэiст Мiша Гушчын. Юны фiзiк сёлета атрымаў дыплом першай ступенi на мiжнароднай алiмпiядзе ў Маскве.

— Гэта вялiкi гонар для мяне, — гаворыць шчаслiвы бацька. — Прыедзе сын, як мужыкi павiтаемся i абдымемся.

Мiша — прыхiльнiк здаровага ладу жыцця, прынцыпова не ўжывае алкаголь i аддае перавагу гароднiне. Таму на святочным стале ў Гушчыных, дзе будзе традыцыйная сельская ежа, улiчаць i гастранамiчныя iнтарэсы маладога пакалення. Тым больш што Гушчын-старэйшы вельмi любiць свой агарод (раслiны адказваюць яму тым жа) i забяспечвае сям’ю ўсёй неабходнай вiтамiннай прадукцыяй.

А што насуперак сучасным павевам давядзецца шчыльна паесцi ўначы — гэта ў Вiркаве нiкога не палохае. Кажуць, што iх продкi елi два разы на дзень: ранiцай перад працай i калi ўжо сонца садзiлася. I яшчэ старыя тут кажуць, што калi класцiся ў ложак на галодны страўнiк — то слабыя дзецi будуць нараджацца.

Чырвоныя ягады — навагоднi дэсерт

Растрэсцi ўсе, што паелi, у навагоднюю ноч у вяскоўцаў прынята ў клубе. У Нясяце першыя разведчыкi з моладзi iдуць на галоўную плошчу яшчэ да надыходу Новага года, а ўжо пасля 12 гадзiн клуб iмклiва запаўняецца радасным народам, каб да 5 ранiцы весялiцца на дыскатэцы пад вiншаваннi Дзеда Мароза i Снягуркi.

Стараста Нясяты Святлана Паўлаўна Мароз — загадчыца клуба i адказная за навагоднюю весялосць у вёсцы. Таму жанчына больш за 20 гадоў мае аднолькавы сцэнар сустрэчы Новага года: пiльны нагляд за дзеяй каля галоўнай вясковай ёлкi ў спалучэннi з кароткачасовымi прабежкамi да сямейнага святочнага стала. Надыход наступнага года выпадае адзначаць толькi маленькiм глытком шампанскага, бо ўсе гуляюць на свяце, а адказная Мароз — на працы.

— Муж ужо прызвычаiўся, — усмiхаецца Святлана Паўлаўна. — Хаця i бурчыць часам на маю працу, што мяне вечна няма дома — нi ў святы, нi ў буднi.

Вiдаць, гэта ўсё ж такi перабольшанне. Пакуль жонка рыхтуе святочную праграму, муж дома смажыць дранiкi. Супругi чакаюць на свята дзяцей i ўнукаў: для iх Святлана Паўлаўна запоўнiла маразiльнiк рознымi ягадамi. Асарцi з працёртых чырвоных ягад з цукрам — як напамiн пра цёплае лета.

— Я Новы год люблю, — упэўнена сказала Мароз. — Нават нягледзячы на ўсе клопаты. Таму што гэта чыстае i светлае свята, у чаканнi радасцi.

На пагорку старая сасна i новая царква

Славутасцi Вiркава — два курганы. Адзiн за дзесятак гадоў насыпаў франтавiк Iван Радзько, каб пакiнуць памяць пра сябе i стварыць помнiк усiм вяскоўцам, якiя загiнулi ў час вайны.

Другi — прыродны, на якiм яшчэ ў XVIII стагоддзi пабудавалi прыгожую драўляную царкву. Праз дзве сотнi гадоў за савецкiм часам сюды падагналi трактары, зачапiлi званiцу, разбурылi i спалiлi будынак. Засталася стаяць сiмвалам непахiснасцi толькi векавая сасна. Некалькi гадоў таму жыхары Вiркава адрадзiлi царкву. I няхай яна створана з сялянскай хаты, але курган зноў стаў святым месцам.

За мiнулым часам менавiта на гэтым пагорку клаўся першы снег, i вясёлая дзятва бегла катацца на санках, i ў Новы год таксама. Каля сасны прызначалi сустрэчы i спатканнi.

Сёння на вулiцы ля царквы жыве толькi адзiн жыхар. Але сустракаць Новы год у гордай адзiноце 82-гадовы Уладзiмiр Емяльянавiч Карнушэнка не будзе — ён чакае дзяцей у госцi.

— Набуду ў краме бутэльку шампанскага, а закуска ёсць свая, — аптымiстычна настроены стары. — У маёй гаспадарцы нiякi крызiс, пра якi ў тэлевiзары распавядаюць, не адчуваецца. Конь ёсць, агарод апрацую, мяса нарыхтаваў, куры нясуць яйкi, пенсiю прыносяць своечасова. Так што ўсё ў нас тут добра!

Вясковы гаспадар крызiсу не баiцца

Новы 2009-ты год надыходзiць ў час сусветнага фiнансавага крызiсу. Не трэба хлусiць, што нашу краiну ён не закрануў. I не толькi прамысловыя прадпрыемствы, якiя адчуваюць цяжкасцi са збытам прадукцыi, але i сельскiя гаспадаркi.

— Вядома, крызiс зачапiў i глыбiнку, — пацвярджае Анатоль Гертман. — Гарадскiя сваякi распавядаюць пра свае праблемы, а ў нашых сельскiх гаспадарак таксама ёсць цяжкасцi з рэалiзацыяй прадукцыi.

Кажуць, што цяпер складана прадаць вырашчаны рапс, а цана на кукурузу меншая за папярэдне меркаваную. Але вопытныя гаспадары не губляюцца i шукаюць выйсце. Напрыклад, плануюць набыць мiнi-завод i вырабляць з рапсу бiядызель.

З любых крызiсаў заўсёды ёсць выйсце, лiчаць у беларускiх вёсках. I сёння выйсце для сялян — развiццё падсобных гаспадарак.

— Паглядзiце, у пасляваенныя гады людзi, лiчы, бясплатна працавалi ў калгасах, але жылi, — пераконвае Iван Гушчын. — Трымалi жывёлу i працавалi на сваiх гаспадарках. Так i выжывалi.

Сёння, кажа старшыня сельсавета, нават калi ў вяскоўца ёсць толькi карова, то i пры самым сцiплым даходзе можна пражыць. Лiтр малака каштуе ў краме больш за тысячу рублёў, а са сваёй каровы можна мець дзесяць лiтраў штодзень i рабiць сваю смятану, тварог, сыр i масла. Калi частку малака здаваць дзяржаве, то будуць i дадатковыя грошы.

— А калi яшчэ парася ў хляве стаiць i куры па двары бегаюць, то чалавек пры любых катаклiзмах не памрэ з голаду, — запэўнiвае Гушчын. — А перспектыва развiцця падсобных гаспадарак далей залежыць ад дзяржавы. Мы, сяляне, спадзяёмся на павелiчэнне ў наступным годзе закупачных цэнаў на малако. I калi гэта спраўдзiцца, то нам тут крызiс не страшны! У Вiркаве пражывуць!

Здароўе, дабрыня, праца, ураджай i добрыя думкi

— Не бяды! Добры быў год! — так падводзiць вынiкi 2008-га года Ганна Iванаўна Лапацiна. — Самая мая галоўная надзея на год наступны — каб было здароўе i нiхто не хварэў. Каб была дабрыня i менш злосцi ў людзях. Каб цiха было i не было вайны. Каб жылi дзецi, унукi i праўнукi.

— Мы верым, што Новы год прынясе новыя надзеi, што спраўдзяцца мары i ажыццявяцца планы, — сказала Святлана Паўлаўна Мароз. — Мне найбольш хочацца для сябе i сваякоў здароўя. Ну i, вядома ж, ад усяго астатняга мы таксама не адмовiмся.

— Я хачу, каб наш Клiчаўскi раён развiваўся, каб захавалiся нашы прадпрыемствы ды стваралiся новыя i давалi людзям працу, — выказаў агульную надзею старшыня Вiркаўскага сельсавета Iван Гушчын. — Каб у Расii прымалi нашу прадукцыю. Каб у наступным годзе было добрае надвор’е i каб на нашых палях вырас ураджай не меншы за сёлетнi.

— Светлае i добрае заўсёды павiнна быць у галаве i ў душы чалавека, — нагадаў пра вечныя каштоўнасцi старшыня Нясяцкага сельсавета Анатоль Гертман. — А калi гэтага няма, то i рэчаiснасць, якой бы цудоўнай i добрай яна нi была, падасца цёмнай i шэрай. Таму, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасцi, трэба ўсмiхацца i спадзявацца на лепшае. З такiмi пачуццямi я i жадаю ўсiм сустрэць Новы 2009 год!

Iлона Iванова.

Клiчаўскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навагоднюю ёлку ў Нясяцкiм сельсавеце ўсталявалi i ўпрыгожылi даўно: каб у лiтаральным сэнсе адчуваць пах свята, прасякацца адпаведным настроем i рыхт
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика