Сакрэтны план выкананы
Сакрэтны план выкананы
"Так, натварылi вы тут..." , — з усмешкай сказаў начальнiк упраўлення КДБ па Гомельскай вобласцi Іван Корж на адкрыццi музея прафесiйнай дзейнасцi чэкiстаў. Насамрэч, усё рабiлася, як i павiнна быць, у строгай сакрэтнасцi. На адной з нарадаў, дзе зацвярджалася канцэпцыя новага музея, кiраўнiк спытаў у члена саюзаў мастакоў i дызайнераў Святланы Наздрын-Платнiцкай: "Дзе вы гэта бачылi?" Я кажу, што самi прыдумалi. Тады ён кажа: з гэтай хвiлiны я папярэджваю ўсiх: пакуль не адкрыўся музей, калi хто-небудзь з супрацоўнiкаў раскажа аб тым, што тут будзе, паляцiце ўсе!" Сакрэтны план быў выкананы. Экспазiцыя стала сапраўдным адкрыццём для ўсiх запрошаных. Канцэпцыя музея сапраўды незвычайная — гэта панарама падзей ад 1917 года да нашых дзён. Для таго каб увасобiць праект у жыццё, давялося, па задуме мастакоў, поўнасцю змянiць геаметрыю памяшкання. Тут няма звычайных музейных вiтрын з дакументамi. Кругавая панарама з падсветленымi ўнутр нiшамi, а пасярэдзiне — масiўны стол з друкарскай машынкай i лямпай. Кожнаму перыяду адпавядае пэўнае колеравае рашэнне, якое перадае атмасферу таго цi iншага гiстарычнага перыяду. Заява ад супрацоўнiка ЧК у 1919 годзе: "Прашу выдаць адну пару падэшваў". Узоры крымiнальных i асабiстых справаў. Фотадакументальны расповед пра людзей, якiя атрымалi загартоўку менавiта ў гомельскiм аддзяленнi, а потым упiсалi сваё iмя ў сусветную гiсторыю разведкi i контрразведкi: В.П. Аляксееў-Жалязнякоў, Н.Л. Воленберг, Н.I. Эйцiнгон, П.I. Карнель... Вялiкая Айчынная — перакрыжаваныя дошкi з фотаздымкамi: ад палаючых хатаў да перамогi над фашыстамi. Тут ёсць лiстоўкi, якiя немцы раскiдвалi з самалётаў з заклiкамi да нашых салдатаў пераходзiць на iх бок. Вось дакументы аб праведзенай 5 чэрвеня 1943 года спецаперацыi. Пасля атрымання данясення, што на станцыi Чырвоны Бераг стаiць нейкi асаблiва ахоўны вагон, было прынята рашэнне даведацца, што ж немцы ахоўваюць. У ходзе дыверсii ўдалося здабыць балон з атрутнымi рэчывамi, супрацьiпрытную накiдку i нямецкi процiвагаз новага ўзору. Трафеi далi магчымасць прыйсцi да высновы, што немцы рыхтуюцца да прымянення на Усходнiм фронце хiмiчнай зброi. Па дыпламатычных каналах удалося зрабiць захады, каб гэтую акцыю папярэдзiць. Выканаўцы задання былi ўдастоены высокiх дзяржаўных узнагародаў. Схема сувязi агентуры жаночай разведчай рэзiдэнтуры, якая была складзена ў 41 годзе менавiта чэкiстамi i дзейнiчала паспяхова супраць немцаў, сведчыць аб тым, як была арганiзавана падпольная работа. Пасля вызвалення Гомеля супрацоўнiкi самай патаемнай службы займалiся выяўленнем варожай агентуры. У першыя тры пасляваенныя гады было знойдзена больш за 400 агентаў нямецкiх разведвальных органаў. Выяўленне карнiкаў працягвалася шмат часу пасля вайны. Апошнi з тых хто забiваў мiрных жыхароў падчас вайны на тэрыторыi Гомельшчыны, быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў 1979 годзе. У 50-я гады iшла актыўная барацьба з бандытамi. Вядомы факт: Жыткавiцкая банда Юхневiча трымала ў жаху ўсё Палессе. Лiхадзеi тады падарвалi будынак раённага аддзела мiлiцыi разам з людзьмi. Дакументы аб барацьбе з гэтымi зладзеямi таксама ёсць у Гомельскiм музеi КДБ. Цiкавыя факты распавёў былы начальнiк упраўлення КДБ па Гомельскай вобласцi Мiкалай Гудзень. Ён быў кiраўнiком упраўлення з 1975 па 1990 год. — Калi ў Светлагорску будавалася другая чарга завода "Хiмвалакно", шмат было тэхналагiчных парушэнняў. Вытворчасць пусцiлi — iдзе трэць прадукцыi ў брак. Не ведалi, што рабiць. Абсталяванне закуплялi ў Францыi. I тады правялi шэраг мерапрыемстваў, каб здабыць пратакол нарады ў Парыжы, дзе iшла размова аб парушэннях i лiтаральна было сказана: "галоўнае, каб пакупнiк не даведаўся". Пры будаўнiцтве Жлобiнскага металургiчнага завода на першай стадыi мы атрымалi звесткi, што фундаменты пад сталеплавiльныя печы не вытрымаюць нагрузкi. Мы дамовiлiся аб экспертызе i даказалi, што наўмысна парушаецца тэхналогiя. Сённяшнi музей упраўлення КДБ па Гомельскай вобласцi — своеасаблiвая данiна памяцi ўсiм, хто тут працаваў i хто сёння кожны дзень займаецца нябачнай небяспечнай справай па ахове iнтарэсаў дзяржавы. Ён будзе папаўняцца, кажуць стваральнiкi. Бо праходзiць час i становiцца магчымым расказаць пра тое, што пакуль не павiнен ведаць нiхто. Iрына Асташкевiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Так, натварылi вы тут..." , — з усмешкай сказаў начальнiк упраўлення КДБ па Гомельскай вобласцi Іван Корж на адкрыццi музея прафесiйнай дзе
|
|