21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Залатая мiна падпольшчыцы

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Залатая мiна падпольшчыцы

Да 100-годдзя Героя Савецкага Саюза Марыi Осiпавай.

У гады вайны Мiнск па частаце згадак у зводках з франтоў займаў чацвёртае месца пасля Масквы, Ленiнграда i Сталiнграда. Такiм вялiкiм быў рэзананс паспяховага правядзення ў вераснi 1943 года аперацыi па лiквiдацыi намеснiка Гiтлера, генеральнага камiсара Беларусi Вiльгельма Кубэ. Асобая роля ў выкананнi знакамiтай акцыi помсты належыць Марыi Барысаўне Осiпавай.

Яна нарадзiлася 27 снежня 1908 года ў вёсцы Серкавiца Талачынскага раёна. Бацькi, Барыс Цiтавiч i Агаф’я Іванаўна, назвалi яе Марыяй, што, на iх думку, азначала "святая". Марыя ў сям’i патомных рабочых была перадапошнiм дзiцем. Упершыню перамагла страх, калi аднойчы ў зiмовую начную сцюжу адолела васьмiкiламетровы шлях без суправаджэння дарослых. У няпоўныя 14 гадоў стала паўнапраўнай працаўнiцай мясцовага шклозавода. Аб гэтай старонцы свайго лёсу М.Б. Осiпава ў аўтабiяграфii пiша: "Шклозавод, якi стаяў амаль у цэнтры Серкавiц, быў нашым кармiцелем. Ад яго мы залежалi, ён быў адзiным сродкам iснавання жыхароў пасёлка. Мае старэйшыя браты Алёша i Федзя таксама з дзесяцi гадоў ужо былi на заводзе.

...Пераход да новага жыцця вельмi змянiў людзей. Настрой ва ўсiх быў прыўзняты. Змянiлiся, пасвятлелi твары, сталi iншымi адносiны да працы, да свайго жыцця. Роўнасць аб’ядноўвала людзей. Часта нас, маладых дзяўчат, рабочыя прасiлi пець песнi. А мы i рады былi. Бывала, пакуль працуем, перапяём усё — i беларускiя народныя, i абрадавыя, i рэвалюцыйныя песнi. За спевамi i час ляцеў непрыкметна".

У адным з архiўных фондаў Вiцебскай вобласцi знаходзiцца пратакол пасяджэння камiсii пры Полацкiм акругкаме КП(б)Б ад 13 верасня 1928 года. У iм запiс: "Сакаўцова-Осiпава (па мужу. — Аўт.) Марыя Барысаўна, рабочая, кандыдат ВКП(б) з 29 кастрычнiка 1926 года. Пастановай ячэйкi друкароў ад 23 лiпеня 1928 года пераведзена ў члены. Зацвярджаецца членам ВКП(б) ад 23 лiпеня 1928 года".

У 1933 годзе Марыя Барысаўна разам з мужам пераязджае ў Мiнск, дзе паступае ў Вышэйшую камунiстычную сельскагаспадарчую школу Беларусi. У 1935 годзе пераводзiцца ў Мiнскi юрыдычны iнстытут, якi паспяхова закончыла за год да нападу Германii на СССР.

У 1941 годзе М. Осiпава — дыпламаваны юрыст, член КП(б)Б з 12-гадовым стажам, член Вярхоўнага Суда Беларускай ССР, жонка i мацi дваiх дзяцей: Тамары (12 гадоў), Юрыя (хадзiў у дзiцячы садок). Муж, Якаў Осiпаў, з аб’яўленнем аб пачатку вайны атрымаў прадпiсанне з ваенкамата. З першых дзён акупацыi Мiнска нараджалася i супрацiўленне няпрошаным чужынцам. Сярод яго арганiзатараў i ўдзельнiкаў назаўсёды атрымала прапiску i iмя Марыi Барысаўны Осiпавай.

Осiпава здагадвалася аб iснаваннi ў немцаў спiсаў з прозвiшчамi даваенных савецкiх актывiстаў. Пацвярджэннем гэтаму стаў яе выклiк у нямецкую жандармерыю. Самавалоданне i ўмелыя адказы дазволiлi ёй i яе дачцэ Тамары пазбегнуць арышту, але прымусiлi перайсцi на нелегальнае становiшча. Пастаяннага месца кватаравання яна не мела, з канца 1942 г. часцей за ўсё гасцявала ў Лiпскiх (вул. Заслаўская, 35), Грыбоўскай Марыi (вул. Заслаўская, 35), Драздовых (вул. Заслаўская, 33). Уключэнне ў нелегальную антыфашысцкую дзейнасць было поўнасцю ўсвядомленым, без нiякiх знешнiх падштурхоўванняў. У 1941—1942 гг. яна з падпольшчыцы-адзiночкi становiцца кiраўнiком тэрытарыяльнай падпольнай групы, у якую ўваходзiлi Сакалова Антанiна, Малаковiч Марына, Лiпская Галя, Дрозд Мiкалай Пракоф’евiч, Дрозд Алёна Адамаўна, Дрозд Рэгiна, Кулiкоў Георгiй, браты Уладзiмiр i Канстанцiн Сянько, Грыбоўская Марыя, Тужыкаў Мiкалай, Алiсiёнак Мiхаiл i iнш. Усяго ў групе Осiпавай было каля 50 чалавек (звесткi на верасень 1943 г.), з iх загiнула 18.

Падпольная дзейнасць была рознай — ад напiсання i распаўсюджання антыфашысцкiх лiстовак да ўстанаўлення i падтрымання цеснай сувязi з шэрагам партызанскiх атрадаў, узброеных моцнымi радыёстанцыямi. У канцы 1941 г. падпольшчыца знаёмiцца з членам Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б А.А. Коцiкавым i праз яго з кiраўнiком мiнскага падпольнага супрацiўлення — I.К. Кавалёвым. Аб даверы да Осiпавай сведчыць i такi факт, як правядзенне некалькiх пасяджэнняў агульнагарадскога падпольнага цэнтра (Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б) на вул. Заслаўскай, у кватэры, якую часова здымала падпольшчыца. Свой уклад яна ўнесла ў аднаўленне выдання беларускамоўнай "Звязды" ў акупаваным немцамi Мiнску, зборы звестак аб лёсе арыштаваных немцамi падпольшчыкаў, у выратаванне i вывад у лес шэрагу савецкiх ваеннапалонных, вязняў гета. На жаль, у канцы 1942—пачатку 1943 г., у час зараджэння ганебнага абвiнаваўчага ўхiлу да Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б на чале з I.К. Кавалёвым, цень падазронасцi з боку НКУС СССР лягла i на М.Б. Осiпаву. Размова iшла не менш не больш як аб выдачы немцам актыўных падпольшчыкаў, супрацоўнiцтве з акупантамi... Потым гэтыя абвiнавачаннi былi цалкам адхiленыя як пабудаваныя на чутках, домыслах.

Вывучэнне перыпетый патрыятычнай дзейнасцi М.Б. Осiпавай iстотна пралiвае святло амаль на ўсе этапы аперацыi па знiшчэннi нямецкага гаўляйтэра Вiльгельма Кубэ. Сёння мы яшчэ раз звяртаемся да некаторых малавядомых падрабязнасцяў уручэння падпольшчыцы выбуховых рэчываў у сярэдзiне верасня 1943 г. у партызанскай брыгадзе "Дзiмы". Прыводзiм на гэты конт урывак з успамiнаў былога камандзiра разведвальна-дыверсiйнай групы гэтай брыгады Пятра Дзмiтрыевiча Трашкова: "Дэталi дыверсii над Кубэ мы абмяркоўвалi з Мiкалаем Пятровiчам Фёдаравым (камандзiр брыгады. — Аўт.) у хаце кармiцеляў партызан Пятра i Фёклы Вярбiцкiх (знаходзiлася на ўскраiне вёскi Янушкавiчы Лагойскага раёна, на беразе невялiчкага, але глыбокага возера, у 1984 г. па чыiмсьцi загадзе разбураная, нiбы з-за старасцi. — Аўт.). Тут быў наш штаб. Не ведаў обер-кат, што ёсць на беларускай зямлi хата-суддзя, якая вынесе i прывядзе ў выкананне свой справядлiвы народны прысуд. У самым пачатку адной вераснёўскай ранiцы 1943 г. я навучыў М.Б. Осiпаву, як ставiць мiну на баявы ўзвод, як надзейна замiнiраваць ложак ката. У гэтай хаце мы з памочнiкам М.П. Фёдарава Сяргеем Хрэнавым знайшлi надзейны спосаб дастаўкi мiны ў Мiнск. Спрабавалi ўкласцi ў бохан хлеба вясковай выпечкi. Не падышло. Вярбiцкая прынесла з агарода гарбуз. Выбралi месца ў гарбузе для мiны, уклалi, закрылi — прыметна. "А што, калi мiну ўкласцi ў маленькi кошык i засыпаць бруснiцамi", — прапанаваў я. Вярбiцкая прынесла набор кошыкаў. Я выбраў самы малы. Праз вулiцу дзяўчына Надзя Бялькевiч напярэдаднi з лесу прынесла шмат ягадаў. Я ў яе пазычыў кiлаграма паўтара бруснiцаў, уклаў мiну ў кошык i засыпаў ягадамi. Осiпава пагадзiлася на такi варыянт. Але сумненне ў яе ўзнiкла. "Ведаеш, — сказала яна, — гэта ж вiтамiны, адбяруць". "Не адбяруць, — запярэчыў я. — На ягады пакладзём паўдзясятка яек. Будзеш падыходзiць да кантрольна-прапускнога пункта, надбi пару яек i гэтым змесцiвам размаж па ягадах. Такiя ягады немчура есцi не захоча". "Мабыць, ты маеш рацыю". Осiпава пайшла з хаты на возеры радавой разведчыцай, а вярнулася Героем Савецкага Саюза".

11 лiстапада 1967 г. дырэкцыя партыйнага архiва КПБ накiравала першаму сакратару ЦК КПБ П.М. Машэраву пераклад даклада кiраўнiка Асобай нямецкай следчай камiсii Бендорфа аб забойстве В. Кубэ ў ноч на 22 верасня 1943 г., выяўлены архiвiстамi ў Кiеве сярод мiкрафiльмаў, купленых у ЗША. З матэрыялам у будынку ЦК КПБ азнаёмiлi ў лiку першых М.Б. Осiпаву i А.Р. Мазанiк. Абедзве былыя падпольшчыцы назвалi толькi некалькi нязначных разыходжанняў з iх заявай у Маскве ў кастрычнiку 1943 г. Параўнанне поглядаў яшчэ раз пацвердзiла выснову аб тым, што генеральны камiсар Беларусi, намеснiк Гiтлера ў генеральнай акрузе Беларусь Вiльгельм Кубэ быў падарваны ў сваёй спальнi агульнымi намаганнямi мiнскiх падпольшчыц Марыi Осiпавай, Алены Мазанiк i Надзеi Траян. Сярод недастаткова даследаванага — уклад разведвальнай i дыверсiйнай дзейнасцi Мiнскага падпольнага ГК КП(б)Б, пачынаючы з вясны 1942 г. i да моманту здзяйснення знакамiтай аперацыi. Але гэта нiяк не ўплывала на заслужанае прысваенне патрыёткам высокага ганаровага звання Героя Савецкага Саюза.

Марыя Барысаўна Осiпава заняла сваё месца ў напiсаннi гiсторыi Мiнскага антыфашысцкага падполля. Але рабiла яна гэта не алоўкам цi ручкаю, а ўкладам у барацьбу за вяртанне годнага iмя дзясяткаў, соцень мiнскiх падпольшчыкаў. Доўгi час, амаль 15 гадоў, над гiсторыяй Мiнскага падполля з лiпеня 1941 па верасень 1943 г., вiселi ярлыкi рознага роду абвiнавачанняў. Перагляд iх, пачынаючы з 1945—1946 гг., вёўся шляхам стварэння больш як 10 спiсаў удзельнiкаў патрыятычнага руху. Пад самым вялiкiм з iх (каля 300 прозвiшчаў) стаiць подпiс Осiпавай як даверанай, адказнай асобы. Дзякуючы такiм намаганням у канцы 50-х гадоў вызвалена ад паклёпаў больш за 100 удзельнiкаў падпольнай барацьбы, створана першая дакументальная база для напiсання навуковых прац.

Пасля вайны М.Б. Осiпава зноў працуе на пасадзе члена Вярхоўнага Суда БССР, выбiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яна правяла мноства сустрэч з рознымi катэгорыямi насельнiцтва, асаблiва з моладдзю, у тым лiку нямецкай. Патрабавала аднаго: права разгляду любога пытання ў кантэксце часу. Супраць былi толькi невялiчкiя групкi запраграмаваных працiўнiкаў. Сэрца слаўнай дачкi беларускага народа Марыi Барысаўны Осiпавай перастала бiцца 5 лютага 1999 года, але памяць аб ёй застанецца назаўсёды.

Яўген БАРАНОЎСКI, кандыдат гiстарычных навук.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 100-годдзя Героя Савецкага Саюза Марыi Осiпавай. У гады вайны Мiнск па частаце згадак у зводках з франтоў займаў чацвёртае месца пасля Масквы, Лен
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика